22:00 03.01.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Крызіс даверу
Рысу пад вынікамі 2013 году падвялі сацыёлягі. Інфармацыя НІСЭПД пра вынікі сьнежаньскага апытаньня грамадзкай думкі ня выявіла ніякіх сэнсацыяў, але дала падставы для пэўных высноваў.
Самая галоўная зь іх палягае ў тым, што ў краіне назіраецца трэнд да пагаршэньня сацыяльнага самаадчуваньня і росту недаверу да ўлады. Насуперак запэўніваньням афіцыйных асобаў, амаль 69% насельніцтва лічаць, што эканоміка Беларусі ў крызісе. 54% апытаных адзначаюць, што краіна разьвіваецца ў няправільным кірунку. Гэта значыць, што крызіс, на думку большасьці рэспандэнтаў, — вынік няправільнай палітыкі ўладаў. А Лукашэнка ж запэўнівае, што ўва ўсім вінаватыя вонкавыя прычыны (усясьветны крызіс і інш.) Упершыню ў мінулым годзе колькасьць тых, хто не давярае прэзыдэнту, значна перавысіла колькасьць тых, хто давярае — 47,5% супраць 37,7%. Высновы незалежных экспэртаў і адчуваньні насельніцтва супалі.
Прычыны гэтага трэнду відавочныя, і яны ляжаць на паверхні. Па-першае, падвышэньне рэйтынгу Лукашэнкі ў верасьні тлумачыцца ў значнай ступені «калійнай вайной». Да сьнежня яна скончылася без станоўчых эканамічных вынікаў для Беларусі.
Па-другое, увосень рост заробкаў ня толькі спыніўся, але і пачалося рэальнае зьніжэньне даходаў.
Па-трэцяе, у апошнія два месяцы мінулага году заўважна паскорылася аслабленьне абменнага курсу беларускага рубля. І, адпаведна, вырасьлі дэвальвацыйныя чаканьні грамадзян.
Па-чацьвёртае, насельніцтва незадаволенае прапановамі ўладаў наконт увядзеньня новых, прычым экзатычных, падаткаў (на аўтамабілі, на «дармаедаў»).
Па-пятае, тэлекарцінкі пра сытуацыю ў дрэваапрацоўчай галіне, у будаўніцтве выявілі няздольнасьць улады вырашаць эканамічныя пытаньні.
За мінулыя гады беларусы прывыклі, што рэальныя даходы павольна, але стабільна растуць. Людзі прызвычаіліся да пэўнага ўзроўню даходаў, будавалі новае жытло, набывалі іншамаркі, езьдзілі адпачываць да мора. Рэжым мала-памалу пачалі падтрымліваць ня толькі сацыяльныя аўтсайдэры, як у сярэдзіне 1990-х, але і сярэдняя кляса, якая толькі пачала нараджацца. І спыненьне гэтага трэнду стала даволі нечаканым і псыхалягічна балючым для грамадзтва. Што і адбіваецца на ўзроўні даверу да ўлады.
Але беларуская сацыяльная мадэль ня здольная прадукаваць прыбытак. Яе існаваньне ва ўсё большай ступені залежыць ад расейскай падтрымкі. Лукашэнка стаў закладнікам ранейшага эканамічнага росту, у пэўным сэнсе трапіў у пастку.
Ці сьведчаць згаданыя вышэй лічбы, што большасьць беларусаў бачаць прычыну ўсіх праблемаў у неэфэктыўнасьці самой беларускай сацыяльнай мадэлі? У падтрымку гэтай вэрсіі можна прывесьці яшчэ адзін паказьнік: амаль 60% рэспандэнтаў лічаць, што «ў Беларусі трэба праводзіць рынкавыя рэформы».
Экспэрт НІСЭПД Сяргей Нікалюк аспрэчвае гэтую тэзу. Ён лічыць, што ніякай «новай большасьці» не зьявілася, расчараваньне пэрсанальна ў Лукашэнку не азначае расчараваньня ў беларускай сацыяльнай мадэлі. І як толькі заробкі падвышаюцца, то ўсё вяртаецца назад. Так, напрыклад, у верасьні рэйтынг Лукашэнкі вырас да 43%, а давер да яго ўзьняўся да 47%.
Але на гэта можна запярэчыць, што ўва ўсіх краінах, нават самых рынкавых, народ любіць «халяву». Глядзіце, у Эўропе, як толькі ўрад спрабуе скараціць нейкія сацыяльныя ільготы, то з пратэстам на вуліцы выходзяць мільёны.
Тут цікава тое, што за студзень-жнівень рэальныя заробкі насельніцтва вырасьлі амаль на 20%. Прыкладна такі самы рост быў у 2012 годзе. Гэта фантастычны паказьнік для любой краіны. У іншай дзяржаве ўраду, які б забясьпечыў такі рост дабрабыту, была б гарантаваная доўгая і трывалая грамадзкая падтрымка. А ў Беларусі гэтага аказалася мала, каб утрымаць высокі рэйтынг Лукашэнкі хоць бы да канца году. Бо людзі адчувалі, што гэты рост адбываецца на нездаровай аснове. І ўлетку, адначасова з падвышэньнем заробкаў, пачалі расьці дэвальвацыйныя чаканьні.
Сьнежаньскае апытаньне НІСЭПД зафіксавала зьніжэньне даверу ня толькі да Лукашэнкі, але і да ўсіх дзяржаўных інстытутаў. Ёсьць падстава гаварыць пра сымптомы крызісу легітымнасьці ўлады. Можна сказаць, што падобныя тэндэнцыі існуюць і ў іншых краінах сьвету. У шмат якіх дэмакратычных дзяржавах на выбары прыходзіць менш за палову насельніцтва. Але ў Беларусі роля дзяржавы зусім іншая, яна непараўнальная, напрыклад, з эўрапейскімі краінамі. Тут мы маем справу з патэрналісцкай дзяржавай, якая цалкам дамінуе над грамадзтвам і пераразьмяркоўвае львіную долю рэсурсаў. Крызіс легітымнасьці такой дзяржавы нагадвае сытуацыю, якая існавала ў СССР напярэдадні перабудовы.
І што з гэтага вынікае? Пакуль нічога. Бо, па-першае, падзеньню даверу да ўлады не спадарожнічае сацыяльны крызіс. Зьвярніце ўвагу, што яшчэ ў 2012 годзе ў розных месцах Беларусі ўзьнікалі нейкія канфлікты ў працоўных калектывах, людзі патрабавалі падвышэньня заробкаў. А ў 2013 годзе ўсё было ціха. Як пісаў клясык, «народ безмолвствует». Бурленьне ў сацыяльных сетках ня ў лік.
Па-другое, няма альтэрнатывы. Бо давер да апазыцыі — удвая меншы, чым давер да дзяржаўных інстытутаў. І адказу на культавае беларускае пытаньне — а хто замест Лукашэнкі? — пакуль няма.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме