09:30 23.04.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Карняенка: Лішніх людзей, Уладзімір Пракопавіч, у апазіцыі няма, ёсць выпадковыя!
Сыход Някляева “з апазіцыйных структур” моцна ўскалыхнуў наш палітычны вадаём, і кругі па вадзе працягваюць разыходзіцца ў сацыяльных сетках, артыкуламі, інтэрв’ю, спрэчкамі на форумах…
Унесці і свае “пяць капеек” у тэму мяне справакавала 16 красавіка. Бо там падрабязны разбор сітуацыі ва усёй апазіцыі, да якой і я сябе добраахвотна запісаў, падаўшы ў адстаўку з пасады намесніка старшыні гомельскага гарсавету ў далекім 94 годзе.
Адказы на многія пытанні прагучалі як крыўда чалавека, які ўсё што мог зрабіў, але няўдзячныя сябры па няшчасцю не ацанілі. Разам з тым у шчырых словах раскрываецца шмат ягоных уласных памылак, якія прывялі да сённяшняга выніку. Не збіраюсь аналізаваць увесь палітычны шлях Паэта (так называюць Някляева ў палітычным асяроддзі), спынюсь толькі на праблемах узнятых у інтэрв’ю, дзе адны разважанні супярэчаць другім.
Возьмем, напрыклад, выказванне аб прапановах па Кангрэсу, што былі зроблены “процілегламу боку” АГП і “Справядліваму свету” і якія быццам бы, прынялі іх пазнавата. Тут якраз справа ў тым, что на гэтых самых прапановах ад пачатку і настоўваў “процілеглы бок”, а менавіта: адмовіцца ад такога рудыменту вызначэння палітычнай вагі той ці іншай арганізацыі, як збор подпісаў, што ніжэй сам жа Някляеў справядліва называе метадам “тэлефонных кніг”. То можа і не трэба было чакаць “спазнення” АГП, а з год таму назад падтрымаць сваю сённяшняю пазіцыю, і, напэўна, Кангрэс-2015 па “адзінаму” ўжо быў бы рэальнасцю.
Пасля 2010 года тэма “збору подпісаў” яшчэ доўга будзе выклікаць пытанне ў грамадстве: а ці трэба ўвогуле адных жулікаў мяняць на іншых? У звязку з гэтым і спадару Някляеву трэба было быць больш абачлівым з так званымі “падпіснымі кампаніямі”, якіх ягоныя былыя партнёры упарта вядуць і сёння. Толькі дзе хто гэта бачыў, акрамя адзінкавых выпадкаў?
Шмат словаў сказана пра імкнення да адзінства і яго вострую неабходнасць. Але ставіцца з вялікім даверам да заклікаў перашкаджае перыяд “крэдытнай гісторыі” палітыка ў 2010 годзе. Цытата: “Мы ў “Гавары праўду” акумулявалі ўсе сродкі. Мы дамовіліся пра гэта з людзьмі, якія спрыялі фінансаванню кампанію — каб больш сродкаў… нікому не давалі. І ўвесь сэнс той кампаніі быў у валявым аб’яднанні апазіцыі”. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, то метад аб’яднаць апазіцыю такім дзіўным спосабам правільна назваць спробай усю яе купіць.
Адразу ўзгадваецца той выпадак, які патрапіў у публічную прастору: гісторыя гандлю за адмову ад удзелу ў кампаніі з прадстаўніком аднаго з сённяшніх каліцыянтаў – БНФ. Калі ўлічыць, што тая хітрамудрая стратэгія (“Аўтара ў студыю!”) правалілася, то ці не дапускае сам Уладзімір Пракопавіч, што гэткі сродак “яднання” быў для часткі каманды і самой мэтай?
Думаю, спадар Някляеў так і не зразумеў сапраўднай матывацыі тых апазіцыянераў, якія ў большасці сваёй прышлі ў палітыку не зарабляць. Хутчэй за ўсё, мае парады яму не патрэбны, тым не менш, “экспертаў”, якія падказалі такі шлях “кансалідацыі”, трэба як мага далей гнаць ад сябе ў будучым, калі, канешне, яно будзе звязана з палітыкай.
Праблема каманды неаднаразова гучала ў розных варыяцыях у звязку з шакуючымі паводзінамі бліжэйшых паплечнікаў пасля разгону плошчы 2010. Менавіта таму недарэчнымі ўспрымаюцца прапанаваныя Някляевым паводзіны ў выпадку ўздзеяння на таго ці іншага палітыка спецслужбаў. Маўляў, дастаткова ведаць, хто ёсць хто, і весці сябе з ім належным чынам – як з завербаваным. У такім выпадку, Уладзімір Пракопавіч, чыпы ва ўзгаданых вамі кампутарах (і не толькі!) прыйдзецца правяраць штодзенна.
Даволі смелае, толькі ж галаслоўнае, абвінавачванне пра тое, “што большасць з тых, каго яны (спецслужбы) хацелі завербаваць, завербавалі. І так у любой структуры”. Магчыма, выснову пра 95% завербаваных Някляеў зрабіў, арыентуючыся на свае атачэнне, але ў дачыненні да ўсіх апазіцыянераў, мякка кажучы, перабольшванне. Так ці інакш, “пачыналі працу” з усімі больш менш актыўнымі апазіцыянерамі.
Мяне, напрыклад, выклікалі позвай на допыты ў КДБ па факту нейкай крымінальнай справы, да якой я не меў абсалютна ніякага дачынення. Але спрабавалі пагаварыць і ласкава, што я адразу прыпыніў і параіў перавесці размову ў рэчышча “двух юрыдычных асоб”, што і было адразу зроблена. Ведаю не адзін дзясятак такіх выпадкаў, таму нельга раскідвацца нічым не падмацаванымі лічбамі і працэнтамі. Тым не менш, тое, што Уладзімір Пракопавіч пабачыў і яшчэ раз падняў актуальную для апазіцыіі праблему, – факт станоўчы.
Тэма каманды, па-мойму, застаецца дамінуючай пры абмеркаванні сыходу Паэта і ў сацыяльных сетках. Таксама і ў палітычным асяроддзі даводзілася нярэдка пачуць, што ён сам і “ягоная” каманда – гэта, як кажуць у Адэсе, дзве вялікія розніцы. Вяртаючыся да Кангрэса, які пасварыў палітыкаў, прызгадваю і такі момант, калі лідары шасці структур, у тым ліку і Някляеў, у рэшце рэшт пагадзіліся па ўсіх працэдурах фармавання Кангрэса. Гэтага было дастаткова, каб распачынаць практычную працу па арганізацыі так патрэбнага (на словах) усім форуму. Але праз дзень ці два паплечнікі Паэта яго “паправілі” і згоду адмянілі толькі на той падставе, што яна не была замацавана свяшчэннай працэдурай падняцця рук. Смех і годзе!
Здзівілі і спантанныя разважанні пра магчымае стварэння нейкай новай структуры. З аднаго боку – канстатацыя, што любая новая арганізацыя будзе толькі іншай канфігурацыяй тых самых людзей, што пацвердзіў досвед “За свабоду” і “Гавары праўду”. Тут я згодзен і нічога страшнага ў гэтым не бачу, калі не дублююцца мэты такіх утварэнняў. Але, маючы амаль трыццацігадовы досвед грамадзка-палітычнай дзейнасці, не магу лічыць сур’ёзнай ідэю стварэння за некалькі месяцаў новай каманды са звольненых рабочых прадпрымальнікаў і моладзі, якія і патрапілі ў складаную сітуацыю.
Пры параўнанні механізмаў стварэння руха “За свабоду” і “Гавары праўду”, нельга не заўважаць вялікай розніцы. Рух ствараўся практычнай працай па вылучэнню і падтрымцы Мілінкевіча як агульна нацыянальнага лідара. Гэта арганізацыя сходаў у большасці раёнаў Беларусі, правядзенне Кангрэсу па ўзгодненых з усімі працэдурах і абранне Аляксандра Уладзіміравіча “адзіным”. І толькі потым была прэзідэнцкая кампанія 2006 года!
Затраціўшы столькі высілкаў на раскрутку палітыка, многія не пагадзіліся з тым, што яго трэба спісваць пасля кампаніі 2006 года, і згодны былі падтрымліваць далей. Але не гатовы да гэтага аказаўся ён сам, не адчуўшы сваёй адказнасці і не разумеючы місіі, таму і зышоў у цень.
У выпадку з “ГП” сітуацыя зусім іншая. Як падаецца, група менеджараў падрыхтавала палітычны праект, куды як на працу быў запрошаны спадар Някляеў. Праз нейкі час “кантракт” скончыўся, бо з’явілася новая ідэя, якая можа зноўку дапамагчы “акумуляваць” сродкі.
Агульная праблема Руха і “ГП” у тым, што яны пачалі пераўтварацца ў партыі без ідэалогіі, доўгатэрміновых праграм і сябраў (бо нельга ж уваходзіць у дзве партыі адначасова). Як аднойчы мне сказаў адзін былы калега з Руха: “Не горш за іншых”. Некалі прачытаў жартаўлівы вершык пра стан беларускага грамадзка-палітычнага асяроддзя, які дапамагае раскрыць сакрэт:
Тут у кожнага свой сектар,
Ніша, поле, рэгіён,
Ёсць класічны трэці сектар
І партыйны бастыён.
Толькі класікі нам мала
Вынайшлі мясцовы від –
NGO-універсала,
Альбо партыю-гібрыд.
Маюць гэныя “гібрыдцы”,
Чым у іншых, – лепшы нос,
Як на выбары – партыйцы!
А па гранты – NGOs.
Можна па-чалавечы зразумець крыўду спадара Някляева. Спадзяюся, ягоная выснова пра тое, што “ад пачатку я быў у апазіцыі лішнім чалавекам, не з іх асяродку, не з іх матэрыялу злеплены. І ўсе выбары 2010 года яны спрабавалі выцесніць мяне з гэтага поля”, некалі канкрэтызуецца ў імёны і не будзе адрасавацца ўсёй апазіцыі. Тут, Уладзімір Пракопавіч, лішніх людзей няма, хаця нямала выпадковых. Хачу верыць, што Вы, таленавіты чалавек з багатым жыццёвым досведам, яшчэ скажаце сваё гучнае слова і ў палітыцы.
* * *
Някляеў: Трэба ствараць народны рух без структураў і фэйкавых з’ездаў
Уладзімір Някляеў, які нядаўна заявіў пра выхад з апазіцыйных структураў, шукае хаўруснікаў для стварэння народнага руху за дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі. Пра гэта ён заявіў у студыі .
Беларускае пытанне ў польскім сейме. У Варшаве адбыліся чарговыя беларуска-польскія міжпартыйныя кансультацыі. Іх удзельнік – Уладзімір Някляеў – у стыдыі «Гарачага каментара».
«Белсат»: Уладзімір Пракопавіч, чаго вы чакалі на сённяшіх кансультацыях?
Уладзімір Някляеў:Я ўвесь час чакаю ўсведамлення беларускай апазіцыяй, ды ўвогуле грамадствам, той сітуацыі, у якой сёння знаходзіцца Беларусь. Ведаеце, я зусім нядаўна вярнуўся з Украіны. Сустракаўся з двума афіцэрамі батальёну «Азоў». Адзін з іх, які мае дачыненне да выведкі, сказаў, што па іх меркаваннях, рыхтуецца летні наступ на Марыўпаль. Але зубы яны зламаюць, кажа афіцэр, бо ўкраінская армія падрыхтаваная. І кажа, што агрэсараў, магчыма, выкінуць за межы Украіны. Далей гаворка такая: у звязку з сітуацыяй з Расеяй, з «пад’ёмам патрыятызму», могуць узнікнуць складанасці. Трэба будзе суцяшальын прыз. Якім ён можа быць, пытаецца ў мяне афіцэр. Нават не буду казаць якім, але ён сказаў, што на яго думку, такім прызам можа быць Беларусь.
«Белсат»: Ці ў Беларусі ўсведамляюць гэтую пагрозу?
Уладзімір Някляеў:У нас робіцца выгляд, што наогул нічога не адбываецца. У адной краіне побач з намі вайна, у другой – глыбінны крызіс, які невядома як яшчэ вырашыцца. Паміж гэтымі дзвюма гісторыямі няма сваёй небяспечнай гісторыі? Гэта што за логіка?
«Белсат»: Іншыя прадстаўнікі апазіцыі разумеюць гэта ўсё? І што яны гатовыя зрабіць, каб супрацьстаяць гэтаму?
Уладзімі Някляеў:Усе ўсё нібыта ўсведамляюць. Я два гады затраціў, каб выйсці на адзіную праграму і кандыдата. Я бачыў кангрэс. Месэдж павінен быць адзін, неабходна згуртаваць усё грамадства. Абсалютная мана, што ў нас ёсць нейкае войска, якое можа супрацьстаяць расейскай. Ды ў нас расейскае войска, усе генералы расейскія амаль што. Увесь час кажуць: «Някляеў супакойся». Трэба падымаць беларускі дух. Я лічу, што трэба ствараць народны рух за дзяржаўнсць і незалежнасць. Народны, не трэба ніякіх структураў, не трэба ніякіх фэйкавых з’ездаў. Я зараз пачаў шукаць хаўруснікаў, аднаму гэта не асіліць.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме