09:45 07.10.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Караткевіч патраціла ў «Цэнтральным» тыднёвы пражытковы мінімум беларуса
Кандыдатка ў прэзыдэнты патраціла на ежу 315 тысяч беларускіх рублёў у суправаджэньні натоўпу замежных журналістаў пад прыцэлам некалькіх тэлекамэр.
На пікеце «Эканоміка на падSOSе» Тацяна Караткевіч вырашыла спраўдзіць, што можа сабе дазволіць беларус на грошы, якія дзяржава вызначыла як пражытковы мінімум. Дзеля экспэрымэнту абралі самы цэнтральны і ня самы танны ўнівэрсам, які так і завецца — «Цэнтральны». Пакуль ахова ўнівэрсаму вырашала, ці можна журналістам здымаць, Тацяна патлумачыла, навошта гэта ўсё.
«У нас ёсьць лічба, на якую арыентуецца дзяржава і з дапамогай якой яна ацэньвае якасьць жыцьця. Ёсьць такі бюджэт пражытковага мінімуму. Сёньня ён на дарослага чалавека 1 мільён 700 тысяч. І ёсьць мінімальны заробак, які ў нас 2 мільёны 100 тысяч.
„Мы падзялілі гэты мільён семсот на чатыры тыдні“, — распавядае Караткевіч. Зь іх 50 тысяч адклалі „на праезд“ і 50 тысяч — „на камунальныя паслугі“. Засталося 300 тысяч.
„Паглядзім, што я змагу купіць“, — сказала Караткевіч, калі начальнік аховы ўнівэрсаму паведаміў, што здымаць можна, толькі „спакойна і без палітыкі“. І Караткевіч разам з даверанай асобай Алегам Мяцеліцам узялі кошык на колах і пайшлі жыць жыцьцём сярэдняга беларуса.
Спачатку рушылі па хлеб і малако. „Гэта асноўныя прадукты, — патлумачыла кандыдатка. — Я люблю хлеб зь семкамі. Ёсьць вось за 9600, а ёсьць за 12 тысяч“, — Тацяна выбрала за 9600. Узялі яшчэ батон за 4900. Караткевіч заўважыла, што ў яе сям’і батоны не ядуць, але яна ведае, што шмат для якіх сем’яў гэта традыцыйная ежа. У малочным узялі па літровым пакеце малака і біякефіру.
Паўзь вітрыны з вэнджанай рыбай прайшлі, нічога не беручы. Далей — мясны аддзел. Там Тацяна ўзяла два кавалкі ялавічыны бяз костак — каля 145 тысяч і 700 грамаў курыных сьцёгнаў на 36 000.
У ня надта прасторных праходах найстарэйшай менскай крамы за натоўпам, які суправаджаў Караткевіч, пабачыць рэакцыю простых пакупнікоў было складана. Прадаўцы ж трымаліся стойка, толькі касірка вельмі прасіла яе не здымаць.
„Гэта такі піяр у межах выбарчай кампаніі“, — выказалася маладая пакупніца, якая не захацела фатаграфавацца. — Хоць, вядома, за 300 тысяч у тыдзень пражыць немагчыма».
Такім чынам яшчэ ў кошыку Караткевіч — бананы (22 700), ёгурт «Аптымаль» бяз цукру (10 800), сыр «Пікавая дама з водарам грэцкага арэха» (24 600), дзясятак яек (21 000), два памідоры і чатыры гуркі і сьлівы. Усяго на 315 200 беларускіх рублёў. 15 тысяч — гэта ўжо перарасход, але, як патлумачыла кандыдатка, яна надта любіць сьлівы.
«Давайце зьвернем увагу на тое, чаго я не купіла, — патлумачыла Караткевіч, выйшаўшы з крамы. — Я не змагу купіць дастаткова садавіны. Я ўжо наўрад ці пайду ў кіно на гэтым тыдні. Я не змагу купіць кнігу ці якія рэчы першай неабходнасьці».
«Гэтыя разьлікі састарэлі, іх трэба пералічыць. Сёньня трэба, каб мінімальны заробак складаў палову сярэдняга заробку. У чэрвені ў нас былі зьвесткі, што сярэдні заробак аднаго беларуса — 7 900 000. А калі ў мяне сям’я 3 чалавекі? Бюджэт пражытковага мінімуму — 5 200 000 (на трох чалавек. — РС). А калі паглядзець, у нас столькі людзі і атрымліваюць. І мы жывем на гэты пражытковы мінімум і выжываем!» — патлумачыла Караткевіч свой экспэрымэнт пасьля яго заканчэньня.
На пікеце раздалі больш за тысячу ўлётак. Хоць людзей спынялася ня надта шмат. Найбольш часу ў пікеце правёў 78-гадовы пэнсіянэр Ігнат Аляксандравіч. Жывуць яны разам з жонкай, у абаіх немалыя па беларускіх мерках пэнсіі. Абедзьве дачкі і ўнукі — за мяжой. Самім старым грошай хапае, кажа Ігнат Аляксандравіч.
Ігнат Александравіч
Распавядае, што 50 год працаваў кіроўцам, у тым ліку ва ўрадавай бальніцы.
«Абслугоўваў усіх нашых чыноў. З Машэравым быў у добрых стасунках. Кожны дзень езьдзіў да яго з доктарам, з мэдсястрой. Мне яго вельмі шкада было. І калі ён разьбіўся, я на трэці дзень з урачом і мэдсястрой паехалі на дачу. Забралі жонку зь дачкой Тацянай, на могілкі прыехалі. З могілак ехалі, яна сказала: „Завернем у ЦК. Хачу паглядзець, дзе ён працаваў. Я ні разу за сваё жыцьцё не была ў яго кабінэце“. Пасьля адвезьлі мы яе на дачу, прыехаў я дахаты, машыну паставіў. Неяк на душы трывожна, я сеў яшчэ накатаў старшыні Вярхоўнага савету Палякову, цяпер ягоная дачка замужам за Макеем, пісьмо, каб Паркавую магістраль перайменавалі ў праспэкт Машэрава. Каб пакінуць у памяць пра яго. Праз тыдзень мяне выклікалі, падзякавалі за гэты ліст. І ўказ праз два тыдні выйшаў. Я быў такі рады.
А цяпер узялі, выкінулі гэты праспэкт і зрабілі Пераможцаў. А што такое Пераможцаў? Гэта нуль. Гэта пустое месца. Лукашэнка сабе гэтую вуліцу падрыхтаваў».
«Галасаваць буду толькі за Караткевіч, — кажа пэнсіянэр. — Надакучыў Лукашэнка. Мне падабаецца тое, што яна напісала. Ці зможа гэта зрабіць, гэта ўжо на яе сумленьні. Але шкада, што голас за яе аддам, але яна ім не скарыстаецца. Бо яе не прапусьцяць».
Паміж інтэрвію, якія кандыдатка ў прэзыдэнты раздавала замежным журналістам, да яе падышла працаўніца Макдональдса Лілія Анатольеўна. Сама яна настаўніца музыкі. Але ў мінулым лістападзе атрымала 1 мільён 670 тысяч. «Сорамна сказаць», — спачатку Лілія Анатольеўна прызнавацца ў сваім настаўніцкім заробку не хацела. У Макдональдсе яна атрымлівае 7 мільёнаў 300 тысяч. Звыкнуцца з новай працай пасьля настаўніцкай было няпроста. «Вучні пазнаюць мяне, — уздыхае Лілія Анатольеўна. — Кажуць, вось наша настаўніца музыкі».
Лілія Анатолеўна
«Я была вымушаная. У мяне была няпоўная стаўка — 11 гадзін, і нічога больш мне не давалі. Проста давялося, узрост пэнсійны. Тут годны заробак. Працаваць цяжка, але я адчуваю ўпэўненасьць у будучым. А калі я была настаўнікам, я гэтага не адчувала», — кажа Лілія Анатольеўна.
За Караткевіч яна прагаласаваць таксама гатовая, але пры адной умове. «Калі яна будзе падтрымліваць узьняцьцё культуры ў Беларусі, — кажа былая настаўніца. — Каб дзеці ня слухалі рознае абы-што, а слухалі клясычную музыку».
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме