13:45 28.01.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Каланіяльны сіндром: д’ябал хаваецца ў дэталях
— бліскучы загаловак-кручок, асабліва калі ў тэксце няма скразнога сюжэту. Ды і зроблены матэрыял дыхтоўна, ў фірмавым інтымным стылі “Салідарнасці” (асаблівы каларыт надаюць фоты з сямейных альбомаў). Аднак для такога прыдзіры, як аўтар гэтых радкоў, знайшлася і лыжка дзёгцю.
Інфармацыйнай нагодай, каб сабраць успаміны вядомых людзей пра іх студэнцтва, аўтарка (ці рэдакцыя) выбрала… Тацянін дзень.
Зашмат царквы і Расіі
Каб лепей адчуць, наколькі гэта свята не арганічнае для незалежнай Беларусі, дам без перакладу пачатак расійскай агенцыі ў той самы дзень.
МОСКВА, 25 янв — РИА Новости, Ольга Самсонова, Ольга Липич. Патриарх Московский и всея Руси Кирилл в День российского студенчества совершит богослужение в домовом храме святой мученицы Татианы приМГУ имени М.В.Ломоносова.
Русская православная церковь 25 января отмечает , покровительницы высшей школы России, астуденты ипреподаватели вузов — День российского студенчества.
Яшчэ цікавы штрых: — так называецца праваслаўнае вэб-выданне Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта.
Карацей, у самой назве ды гісторыі свята (25 студзеня 1755 года імператрыца Лізавета Пятроўна падпісала ўказ аб стварэнні Маскоўскага універсітэта) зашмат царквы і зашмат Расіі.
Асабліва пасля таго як Пуцін у 2005 годзе сваім указам афіцыйна зрабіў гэту дату расійскім агульнадзяржаўным святам — Днём расійскага студэнцтва. А ў 2007 годзе гэты дзень стаў яшчэ і адной з сямі памятных дат Расіі (!).
Спадчына імперыі, пячатка саўка
Дарэчы, у афіцыйным беларускім календары, адрозна ад расійскага, падобнага свята няма. Дзякуй богу, хоць гэта не змалпавалі. Так што медыі шчыруюць на ўласную ініцыятыву.
Тутэйшыя FM-станцыі ўвогуле можна вынесці за дужкі. Па-першае, іх цяжка назваць сродкамі масавай інфармацыі (калі не ўважаць за інфу плёткі, хто з кім спіць у Галівудзе). Па-другое, яшчэ цяжэй выявіць у іх вяшчанні прыкметы нацыянальнай самасвядомасці. Паводле манкуртызаваных эфірных гаваруноў ды гаварух, расійская папса — “отечественная музыка”, “гэты дзень у гісторыі” азначае “у гісторыі Расіі”, а навагоднія ёлкі нам даў, канечне ж, Пётр Першы.
Беларуская дзяржаўная прэса таксама з года ў год дзяўбе, што студэнты сінявокай рэспублікі ўсе як адзін святкуюць дату 25 студзеня.
Менавіта ўсе як адзін! “Каля 450 тысяч маладых людзей 25 студзеня адзначаюць Дзень студэнта ў Беларусі”, — “Знамя юности”. То бок да адэптаў Тацянінага дня аўтаматам прылічаны ўсе, хто вучыцца ў нашых ВНУ. Яшчэ больш, назва свята пададзена так, нібыта яно ў нашай дзяржаве ўзаконена. Ды і ўвогуле вельмі падобна на тое, што адпраўным пунктам надзвычай “крэатыўнага” тэксту стала леташняя БЕЛТА.
Традыцыйна ваюе супраць замацавання свята з расійскімі каранямі ў свядомасці беларусаў “Радыё Свабода”. Гэтым разам у эфіры выказаўся Алег Трусаў: “Калі людзі не ведаюць гісторыі, то тады яны трапляюць у смешныя сітуацыі. Калі ствараўся Маскоўскі універсітэт, Беларусь не ўваходзіла ў Расійскую імперыю. Таму ніякага дачынення Тацянін дзень да Беларусі не мае ні з якога боку”.
Не, усё ж з нейкага боку мае. Нельга адкідаць той факт, што беларускія землі дзвесце гадоў (уключна з камуністычным перыядам) уваходзілі ў згаданую імперыю. Так што гэта тыповы прыклад савецкай ментальнай спадчыны.
На побытавым узроўні адзначаць ці не — асабістая справа (лішні раз узняць чарку, тым болей акурат пры канцы зімовай сесіі, шмат хто са студэнтаў не супраць). А вось на ўзроўні рэдакцыйнай палітыкі варта добра падумаць, ці трэба па інерцыі штогод выцягваць на публіку такую спадчыну з чужога куфра.
Бітва за Каліноўскага: кардонныя мячы пафасу
Не хачу выглядаць вузкалобым нацыяналістам, нудным дагматыкам. Мы адзначаем мноства запазычаных святаў, не надта пераймаючыся, адкуль яны прыйшлі. Той самы дзень святога Валянціна пры вялікім жаданні таксама можна трактаваць як чужы і штучны.
Таму тут варта сказаць адкрытым тэкстам: для незалежнай Беларусі архіважным пытаннем ёсць пераадоленне менавіта імперскай расійска-савецкай спадчыны. У пэўным сэнсе гэта пытанне выжывання маладой і, трэба казаць без сораму, недафармаванай нацыі, па якой бязлітасна прайшоўся каток русіфікацыі ды саветызацыі.
Тым болей што і сёння ў афіцыёзе шчыруюць прыхільнікі заходнерусізму, праімперскай гістарычнай школы, якія спрабуюць перакрэсліць, напрыклад, фігуру Кастуся Каліноўскага.
Дарэчы, незалежныя вэб-медыі нацыянальна-дэмакратычнага кірунку ахвотна выдатны Алеся Пілецкага з “Еўрарадыё” пра канферэнцыю, на якой тутэйшыя заходнерусісты пляжылі Каліноўскага. Гэтым перадрукам рэдакцыі, канечне, кінулі ласы кавалак форумным змагарам. А вось на канцэптуальны, прафесійны адлуп па поўнай праграме пораху не стала.
Так, нешта прагучала: “Радыё Свабода” дало кароткія каментары гісторыкаў нацыянальнага крыла; там жа адгукнуўся палымянай — у духу “Каліноўскага нельга не любіць, калі ты беларус” — Сяргей Дубавец; Алег Трусаў на zautra.by: “Там, дзе Сталін стаяў, паставім Каліноўскага” (маецца на ўвазе сталічная Кастрычніцкая плошча).
Але гэта толькі асобныя спарадычныя стрэлы ў адказ. Між тым адзін з завадатараў “развянчання міфу аб Каліноўскім” Вадзім Гігін надрукаваў на сайце БЕЛТА вялікі, можна сказаць праграмны, з мноствам факталагічнага матэрыялу. І асабіста мне як неспецыялісту ў гістарычных пытаннях было б цікавей зараз прачытаць не эмацыйныя павярхоўныя водпаведзі, а грунтоўны адказ па сутнасці “прад’явы” Гігіна.
Гэта той выпадак, калі рэдакцыям медыяў, што падкрэсліваюць свае нацыянальныя пазіцыі, варта было б тэрмінова замовіць артыкул масцітаму знаўцу таго перыяду ці зрабіць глыбокае інтэрв’ю з аргументаваным адказам развянчальнікам Каліноўскага.
Лепей спрачацца пра свае даты, чым малпаваць чужыя
Дарэчы, “Салідарнасць” акурат шмат робіць дзеля ўмацавання нацыянальнай самасвядомасці. І ў згаданую вышэй тэму ўнесла лепту, надрукаваўшы . Так што з інфармацыйнай нагодай для матэрыялу пра стылягу Някляева ды Кє відавочна атрымаўся выпадковы пракол. Аднак гэта акурат той выпадак, калі д’ябал хаваецца ў дэталях.
Натуральна, рэдакцыйная палітыка — унутраная справа кожнай рэдакцыі. Але ёсць рэчы падставовыя для лёсу нацыі. Дэрусіфікацыя, дэсаветызацыя — гэта тое, без чаго не будзе паўнавартаснай Беларусі. І д’ябла каланіяльнай свядомасці трэба выціскаць па кроплях штодня.
А Тацянін дзень ігнараваць не варта. Для айчынных медыяў гэта добрая нагода, каб, напрыклад, раскачагарыць дыскусію: калі найлепей святкаваць свой дзень беларускім студэнтам?
Дарэчы той самы Трусаў прапануе ўзяць 30 кастрычніка— дзень стварэння Віленскага ўнівэрсітэта, які, паводле “Радыё Свабода”, “да Лізавецінскага ўказа налічваў ужо амаль 200-гадовую гісторыю і быў найстарэйшым ва ўсёй Усходняй Еўропе”.
Зрэшты, на форуме сайта nn.by, які матэрыял “Свабоды”, Трусаву паспелі ўжо закінуць, што “гэты віленскі ўніверсітэт быў рассаднікам каталіцызму і пальшчызны”. Во, халера, беларусу куды ні ткніся — усюды сляды іншаземнага прыгнёту!
Але ж лепей спрачацца пра свае даты, чым малпаваць чужыя.
Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.
Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).
Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.
Зараз — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер, выкладчык майстар-класа сучаснай журналістыкі ў ЕГУ (Вільня).
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме