13:00 20.02.2018 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

“Калі б не БНР, кола беларускай гісторыі магло спыніцца на аўтаноміі ў складзе Расіі”

Міхась СКОБЛА – Анатоль СІДАРЭВІЧ

“Калі б не БНР, кола беларускай гісторыі магло спыніцца на аўтаноміі ў складзе Расіі”

25 сакавіка беларускае грамадства збіраецца адзначыць 100-я ўгодкі з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтая гістарычная падзея абмяркоўваецца ў СМІ (у тым ліку ў дзяржаўных), у навуковых асяродках. Якая роля БНР у станаўленні беларускай дзяржаўнасці? Чыёй рукой напісаны Акт аб Незалежнасці? Як склаліся лёсы бацькоў БНР? Пра гэта – дыялог з гісторыкам Анатолем Сідарэвічам.

“Урэшце да нашых вярхоў дайшло, што трэба будаваць сваю дзяржаву”

– Спадар Анатоль, апошнім часам чыноўнікі высокіх рангаў сталі прыхільна выказвацца пра Беларускую Народную Рэспубліку, пра неабходнасць супольнага адзначэння яе 100-х угодкаў. Газета “Звязда” 17 студзеня амаль тры паласы аддала пад дыскусію “1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты”, у якой прынялі ўдзел тры акадэмікі, дырэктар акадэмічнага Інстытута гісторыі, дактары навук – усе людзі дзяржаўныя. Падобныя дыскусіі ў кантраляваных дзяржавай СМІ ў нас адбываліся хіба на пачатку 1990-х. Што змянілася, чаму вецер зноў падзьмуў у ветразі БНР?

– Гісторыкі, якія працуюць у дзяржаўных ці калядзяржаўных структурах, вымушаныя улічваць павевы. І недзе на мяжы стагоддзяў у Беларусі было дасягнута пагадненне – пытанне аб БНР не з’яўляецца канчаткова вырашаным, яно дыскусійнае. Яшчэ адзін момант: паколькі мы жывем у незалежнай дзяржаве, то нягожа казаць кепска пра тых, хто выступаў за незалежнасць Беларусі. Што ж датычыць апошніх заяваў на самым высокім узроўні, думаю, што галоўным штуршком тут былі ўкраінскія падзеі. Урэшце да нашых вярхоў дайшло, што трэба будаваць сваю дзяржаву са сваёй гісторыяй. Не бывае бязродных людзей, у кожнага ёсць дзед, прадзед і г.д. Значыць, трэба шукаць свае карані. І вось адзін з удзельнікаў згаданай вамі “звяздоўскай” дыскусіі, дырэктар Інстытута гісторыі Вячаслаў Даніловіч, гаворыць, што гістарычны ланцужок БНР – ССРБ – БССР – Рэспубліка Беларусь выглядае ў яго вачах абсалютна лагічным.

– За савецкім часам галоўным козырам у руках непрыяцеляў БНР было тое, што яна быццам бы абвяшчалася пад нямецкай акупацыяй і са згоды немцаў. Пра гэта ўвесь час пісаў Мікалай Сташкевіч, які спецыялізаваўся на гэтай тэме. Узнік нямецкі чыннік і на старонках “Звязды”. Дык ці не пара ў гэтым далікатным пытанні паставіць кропку?

– Агучаная за тым “круглым сталом” тэза, што БНР створана пад нямецкай акупацыяй і з ласкі немцаў, там жа была і абвергнута Сяргеем Траццяком, які сказаў: “БНР нельга абвяшчаць чужой інтрыгай. Гэта была з’ява гістарычнага развіцця Беларусі”. Для каго мы толькі не былі інтрыгай! У часы БНР Беларусь для палякаў была нямецкай інтрыгай. А да Першай сусветнай вайны тыя ж палякі называлі Беларусь расійскай інтрыгай. А расійскія шавіністы абвяшчалі Беларусь польскай інтрыгай. Згаданы вамі Сташкевіч, помніцца, аб’явіў БНР нямецкай марыянеткай. Але краіна-марыянетка, як правіла, прызнаецца (хоць бы фармальна) і субсідзіруецца тымі, хто яе стварае. Немцы незалежнасць БНР не прызналі і грошай не давалі. Наадварот, прыйшоўшы ў Мінск, яны выгналі Народны Сакратарыят Беларусі з Губернатарскага дома, захапілі яго касу і скінулі бел-чырвона-белы сцяг. Немцы глядзелі на БНР не варожа, але і не спрыяльна. На культурна-асветніцкай і гаспадарчай дзялянцы яны не перашкаджалі беларусам, але катэгарычна не дазвалялі ствараць беларускія вайсковыя часці. Дарэчы, падчас “звяздоўскай” дыскусіі Ігар Марзалюк памылкова даводзіў, што пры немцах у зоне Обер-Ост (землі, захопленыя ў 1915-м) было адчынена 89 беларускіх школ. Школ насамрэч было 153. І ў самым канцы нямецкай акупацыі была падрыхтавана база для адкрыцця гімназіі ў Вільні, а ў Мінску пачаў працаваць Мінскі беларускі педагагічны інстытут.

“Тэзіс аб незалежнай Беларусі з’явіўся яшчэ ў 1903 годзе”

– Прыгадваю, была такая кніжка “Айцы БССР і іхні лёс” Аўгена Калубовіча. А калі ўзгадваць айцоў БНР ды іхніх прадвеснікаў, хто з іх мае найвялікшую заслугу ў тым, што ў 1918 годзе быў прагалошаны Акт аб Незалежнасці? Гісторык Алесь Смалянчук у сваёй публічнай лекцыі ў Гродне першым і галоўным назваў Мітрафана Доўнар-Запольскага.

– А я назаву Уладзіміра Антановіча – бацьку ўкраінскай гістарыяграфіі, які выхаваў для Украіны Міхайлу Грушэўскага, а для Беларусі – Доўнар-Запольскага, які яшчэ ў 1890 і 1891 гадах выдаў кніжкі з гісторыі Беларусі. Яшчэ два вучні Антановіча – Пётр Галубоўскі і Васіль Данілевіч – выпусцілі кнігі з гісторыі Смаленскай і Полацкай земляў. Гэтыя кнігі, я больш чым упэўнены, чыталі і Вацлаў Іваноўскі, і браты Луцкевічы – прамотары беларускай ідэі на пачатку ХХ стагоддзя. Заслугу перад Беларуссю меў і акадэмік Яўхім Карскі. Значэнне яго манументальнай працы “Беларусы” ў станаўленні нацыянальнай самасвядомасці цяжка перабольшыць. Нездарма ж у снежні 1917-га яго абралі ганаровым старшынёй Усебеларускага з’езда, а ўвосень 1918-га – ганаровым старшынёю Рады БНР. Бальшавікі Беларусі люта ненавідзелі Доўнар-Запольскага і Карскага. Першага яны выжылі з БССР, а другога ў 1930-м падшывалі да справы “Саюза вызвалення Беларусі” і “Акадэмічнай справы”. Як і іншых вучоных, Карскага маглі адправіць у ссылку, але ў 1931 годзе ён памёр.

– Вы назвалі прадвеснікаў. А хто непасрэдна рыхтаваў Акт 25 Сакавіка?

– Тэкст 3-й Устаўнай граматы пісаў Антон Луцкевіч. Ён сам пісаў пра гэта, і ніхто з сучаснікаў яго не аспрэчыў – ні Макар Краўцоў, ні Аляксандр Уласаў, ні Васіль Захарка, ні іншыя сябры Рады БНР. Што да ідэалагічнай падрыхтоўкі Акту 25 Сакавіка, то гэта быў працяглы працэс. І быў такі калектыўны розум – Беларуская Сацыялістычная Грамада, у праграме якой тэзіс аб незалежнай Беларусі з’явіўся яшчэ ў 1903 годзе. Але маладыя беларускія сацыялісты ў 1906-м зрабілі ў той праграме папраўку – яны ўжо змагаліся не за незалежнасць, а за аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі. Чаму такі крок назад? Каб абвясціць незалежнасць, трэба мець магутны пласт нацыянальнай інтэлігенцыі (у А. Луцкевіча ёсць пра гэта артыкул “Крышталізацыя нацыі”). Значыць, патрэбна культурна-нацыянальная аўтаномія – дамагчыся правоў мовы, школьніцтва і г.д. Калі нарасце гэты пласт, можна ўжо гаварыць пра тэрытарыяльную аўтаномію. І нарэшце, калі ўсё гэта дасягнута, можна абвяшчаць незалежнасць. І хоць беларускія сацыялісты выступалі за аўтаномію, ідэя незалежнасці нікуды не знікла. Разагнаўшы ў студзені 1918-га Усерасійскі ўстаноўчы сход і расстраляўшы мірную дэманстрацыю, якая выйшла падтрымаць народных прадстаўнікоў, бальшавікі паставілі шлагбаўм на шляху дэмакратычнага развіцця Расіі. Членам Рады Усебеларускага з’езду аўтаноміі ў складзе недэмакратычнай Расіі не захацелася. Да таго ж палякі лічылі, што з бальшавікамі можна будзе дамовіцца аб падзеле тэрыторыі на ўсход ад Буга. З другога боку, немцы хацелі захаваць у складзе Прусіі заходнія польскія землі. Узнікла пагроза польска-нямецкай змовы “Беларусь за Познаншчыну”. І ўрэшце Літва пасля Лютаўскай рэвалюцыі заявіла прэтэнзіі на ўсю Віленскую губерню – з Вілейкай і Маладзечнам.

– Нішто сабе апетыты ў літоўцаў былі!..

– Апетыты былі яшчэ тыя! І вось, каб адстаяць права Беларусі на гэтую зямлю, уратаваць яе ад магчымых падзелаў паміж Польшчай і Расіяй, паміж Нямеччынай і Польшчай, паміж Расіяй і Літвой, і была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Было заяўлена, што БНР абдымае тэрыторыю, на якой беларусы складаюць большасць.

“Рада БНР – правапераемніца Усебеларускага з’езда”

– А ці магла быць абвешчана незалежнасць на 1-м Усебеларускім з’ездзе, калі б яго не разагналі бальшавікі? Дарэчы, гісторык і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк падчас “звяздоўскай” дыскусіі заявіў, што “разгон з’езду быў самавольствам Мяснікова, Кнорына і Ландэра, іх за гэта крытыкавалі ў Петраградзе”.

– На з’ездзе незалежнасць не магла быць абвешчана. Там рэй вялі дзве партыі – Беларуская сацыялістычная грамада і Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Каб дасягнуць кампрамісу, трэба было спыніцца на ідэі аўтаноміі. Хоць незалежнікі на з’ездзе былі – Язэп Варонка, Аркадзь Смоліч, Язэп Лёсік… Агучваць ідэю незалежнасці ў той час было можна, але выпадала спадзявацца, што яна атрымае падтрымку большасці. Што да разгону Усебеларускага з’езда, то з гэтай акцыі, як слушна адзначыў Лёсік у газеце “Вольная Беларусь”, пачалася Беларуская рэвалюцыя. Бальшавікі разагналі Усебеларускі з’езд, потым Усерасійскі з’езд і склікалі свой – ІІІ Усерасійскі з’езд Саветаў. На ім выступілі і беларускія сацыялісты Грыб і Зміцер Жылуновіч, якія наракалі на разгон дэмакратычна абранага Усебеларускага з’езда. Там жа выступіў ініцыятар разгону Карл Ландэр. Але больш цікавы выступ-адказ Леніна, які заявіў, што дэмакратыя “ёсць адна з формаў буржуазнага грамадства, за якую стаяць ўсе здраднікі сапраўднага сацыялізму”. Такім чынам кіраўнік Савецкай Расіі апраўдаў і разгон Усебеларускага з’езду.

– Ці можна Раду БНР лічыць правапераемніцай Усебеларускага з’езда – першага прадстаўнічага беларускага форуму?

– Дык яна і была правапераемніцай. На Усебеларускім з’ездзе была абрана Рада з’езда. Калі бальшавікі разагналі з’езд, адбыўся сход дэлегатаў у дэпо Лібава-Роменскай чыгункі – рабочыя далі прытулак. І там Рада была абвешчана органам краёвай улады ў Беларусі. Праз тры дні пасля разгону быў створаны Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда на чале з Язэпам Варонкам. Дэлегаты З’езду на сходзе даручылі Радзе папоўніць свой склад за кошт прадстаўнікоў сацыялістычных партый іншых нацыянальнасцяў. І ў Раду былі кааптаваны прадстаўнікі яўрэяў, літоўцаў, палякаў, украінцаў. 19 сакавіка 1918 года Рада Усебеларускага з’езда абвясціла сябе Радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта і ёсць самая сапраўдная пераемнасць.

– Як ставіліся адзін да аднаго беларускія прыхільнікі БНР і прыхільнікі Беларускага нацыянальнага камісарыята, дзякуючы якому праз год будзе абвешчана БССР?

– Як маглі ставіцца былыя старшыні БСГ Зміцер Жылуновіч і Язэп Дыла да сваіх былых таварышаў па партыі – Аляксандра Прушынскага, Язэпа Лёсіка, Аркадзя Смоліча ды іншых? Праўда, былі ў Жылуновіча сутычкі з Варонкам, але гэта хутчэй асабістыя антыпатыі. Вы чыталі газету “Дзянніца”?

– Орган Белнацкама, які рэдагаваў у Маскве Жылуновіч (Гартны)?

– Так, разам з Янкам Пятровічам (Нёманскім). Гэта крыніца па гісторыі БНР: там апублікаваны не адзін яе дакумент. І я разумею Жылуновіча. Публікуючы інфармацыю аб школьніцтве, аб культурніцкай справе, паведамляючы пра адкрытыя ў БНР настаўніцкія ды беларусазнаўчыя курсы, ён паказваў бальшавікам: глядзіце, што робяць там, а вы не хочаце гэтага рабіць тут. Паказваў бальшавікам, якія ўцяклі з Мінска і аселі ў Смаленску, – Мяснікову, Кнорыну і кампаніі, што ўваходзілі ў гэтак званы Аблвыкамзах.

“Калі б не БНР, мы маглі апынуцца ў статусе Татарстана ці Чувашыі”

– Калі вярнуцца да таго агучанага дырэктарам Інстытута гісторыі лагічнага ланцужка БНР – ССРБ – БССР – Рэспубліка Беларусь, то відавочна: без БНР не было б незалежнай Беларусі. Гісторыя не прызнае ўмоўнага ладу, і ўсё ж уявім, што 25 сакавіка 1918 года нічога не адбылося. У які бок магло б закруціцца кола беларускай гісторыі?

– Кола беларускай гісторыі магло спыніцца на аўтаноміі ў складзе Расіі. А абвяшчэннем незалежнасці БНР была пастаўленая тая вешка, за якую назад не адступіш. І беларускія камуністы з поўным правам ставілі пытанне пра самастойную (няхай сабе савецкую, падбальшавіцкую) Беларускую Рэспубліку. І яна была створана. Разумееце, ад 25 сакавіка 1918 года Беларусь ужо не з’яўлялася часткай Расіі. Бальшавікі змушаны былі фармальна прызнаць права Беларусі на самастойнасць. Сталін у 1922 годзе спрабаваў зрабіць савецкія рэспублікі аўтаноміямі, але на абарону іх няхай квазінезалежнасці выступіў Ленін. І фармальна яны засталіся самастойнымі, і з іх быў створаны СССР. Калі б не БНР і не ССРБ, мы маглі апынуцца ў 1991 годзе ў статусе Башкартастана, Татарстана ці Чувашыі. Такая логіка гісторыі. 22 студзеня 1919 года на пасяджэнні Цэнтральнага бюро Кампартыі бальшавікоў Беларусі Ісак Рэйнгальд, першы савецкі камісар фінансаў Беларусі гаварыў: «Существование Белорусской Рады заставило [большевиков] выдвинуть Белорусскую [Советскую] Республику”. Думаю, гэта красамоўнае сведчанне.

– У свой час вы пазнаёмілі мяне з Зоськай Верас, за што я вам да гэтай пары ўдзячны. А ці ведалі вы тады, у канцы 1980-х, пра яе ролю ў гісторыі БНР? Ці ўсведамлялі, што седзіце і размаўляеце з сябрам Рады БНР?

– Я нічога гэтага не ведаў, і дзякуй Богу! Калі б я запытаў у Зоські Верас пра Раду БНР, то, пэўна, яна западозрыла б, што я падасланы адпаведнымі службамі. Ці калі б я пачаў распытваць у яе пра дзейнасць Мінскага камітэта Беларускай сацыялістычнай грамады, дзе яна была разам з Аркадзем Смолічам (ён быў старшынёй, а яна – сакратаркай). Як цяпер высвятляецца з перапіскі Зоські Верас, яна старанна зацяняла сваю палітычную дзейнасць. І яе трэба зразумець. Сын Людвікі Антонаўны Антон Шантыр і яе зяць Лявон Антонавіч Луцкевіч прайшлі праз ГУЛаг. Таму яна проста мусіла сцерагчыся.

– Мусіла сцерагчыся, але дакументы не знішчыла, захавала і перадала ў верныя рукі. Я маю на ўвазе пратаколы беларускіх з’ездаў 1917 года. Цягам мінулага года вы на сайце радыё “Свабода” апублікавалі цыкл артыкулаў пра дзеячаў БНР пад агульнай назвай “Яны былі першыя”. Давайце прыгадаем, як склаліся лёсы кіраўнікоў Беларускай Народнай Рэспублікі?

– У асноўным трагічна. Давайце возьмем прэм’ер-міністраў і старшыняў Рады БНР. Першы старшыня Рады Янка Серада быў арыштаваны ў 1930-м і бясследна згінуў. Прэм’ер-міністр Раман Скірмунт – забіты рэвалюцыйна настроенымі сялянамі ў 1939-м. Прэм’ер-міністр Антон Луцкевіч – памёр у савецкай турме. Прэм’ер-міністр Вацлаў Ластоўскі – расстраляны ў 1938-м. Прэм’ер-міністр Аляксандр Цвікевіч – расстраляны ў 1937-м... Гэта толькі першыя асобы, не кажучы пра віцэ-прэм’ераў, як, скажам, Аркадзь Смоліч, які таксама быў расстраляны. Сёй-той выехаў за мяжу і там ацалеў. Мы ведаем, што ў Празе на Альшанскіх могілках пахаваны старшыні Рады БНР Пятро Крачэўскі і Васіль Захарка. На жаль, я да гэтай пары не магу знайсці магілу Язэпа Варонкі – старшыні першага ўрада БНР. Ён пахаваны на праваслаўных могілках у Чыкага, але дзе – ніхто не ведае. З пэўнай асцярогай трэба ставіцца да ранейшых даведнікаў, дзе, напрыклад, паведамляецца, што старшыня Рады БНР Язэп Лёсік памёр ад сухотаў у турме, а ў расійскамоўнай Вікіпедыі – што ад голаду, таксама ў турме. Гэта цікава, бо я памятаю, як органы дзяржбяспекі паведамлялі, што ксёндз Адам Станкевіч (сябра Рады БНР) памёр у Тайшэтлагу “от ожирения сердца”. Мы цяпер ведаем абставіны смерці айца Адама. Хутчэй за ўсё, пад эўфемізмамі “памёр ад сухотаў”, “памёр ад голаду” хаваецца расстрэл. Імёны і даты можна пералічваць доўга. Гэта наша нацыянальная трагедыя.

“Акт 25 Сакавіка можна было б выставіць у Нацыянальнай бібліятэцы”

– У Вільнюсе нядаўна быў выстаўлены на ўсеагульны агляд Акт аб Незалежнасці Літвы, прычым у будынку, дзе быў прагалошаны 16 лютага 1918 года. Ці магчыма тое самае зрабіць у Мінску?

– Магчыма. У Нацыянальным архіве ляжыць тэкст 3-й Устаўнай граматы, падпісаны народнымі сакратарамі БНР. Праўда, Юбілейны дом, дзе засядаў Народны Сакратарыят БНР, мінскія ўлады аддалі Праваслаўнай царкве. Будаўнік дома Андрэй Снітка, цесць Браніслава Тарашкевіча, наколькі мне вядома, царкве яго не ахвяроўваў. Акт 25 Сакавіка можна было б выставіць там. А калі Царква будзе супраць – у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры ці ў Нацыянальнай бібліятэцы, дзе ёсць адпаведныя ўмовы.

– І апошняе пытанне. Як айцы БНР маглі б ацаніць палітычны лад і тую нацыянальную палітыку, якая праводзіцца ў Рэспубліцы Беларусь?

– Думаю, няўхвальна. Нагадаю, Актам 25 Сакавіка былі заяўлены тры пастулаты. Першы: Беларусь не ўваходзіць у склад Расіі. Другі: Беларусь незалежная. І трэці: Беларусь дэмакратычная. Я маю сумненні наконт незалежнасці Беларусі. Гэта ж факт, што кіраўнік Рэспублікі Беларусь не можа без згоды маскоўскага патрыярха запрасіць у сваю краіну кіраўніка дзяржавы Ватыкан. І бясспрэчна тое, што Беларусь не стала дэмакратычнаю. Ідэал бацькоў БНР не дасягнуты. У Беларусі, як ні ў адной еўрапейскай краіне, створаны ідэальныя ўмовы для эксплуатацыі працоўных – кантрактная сістэма і падаўленне вольных прафсаюзаў. Як паглядзелі б на гэта сацыял-дэмакраты Прушынскі, Луцкевіч, Лёсік, Тарашкевіч? Я ўжо маўчу аб правах чалавека, якія былі абвешчаны ў 2-й Устаўнай грамаце. Сённяшняя недэмакратычная Беларусь, дзе занядбанае беларускае школьніцтва, дзе ў заняпадзе беларускамоўнае дзяржаўнае кнігавыданне, дзе электронныя СМІ вяшчаюць пераважна на мове ўсходняга суседа, – гэта не той ідэал, які быў у айцоў БНР. Мяркую, непрымальна для іх было б і тое, што ўлада мае намер адзначаць 25 Сакавіка не пад бел-чырвона-белым сцягам і не пад гербам “Пагоня”, а пад нейкімі незразумелымі для іх сімваламі.

“Народная Воля”. 2018, 6 лютага. № 11.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме