09:45 31.01.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
КРЫТЫЧНАЯ ЗАЛЕЖНАСЦЬ. УЛАДЫ БАЯЦЦА ЗА НАФТАХІМІЮ І ХІМІЮ
20 студзеня Еўрапарламент прыняў рэзалюцыі наконт Беларусі. У ёй нечакана для многіх усё ж прагучылі словы наконт эканамічных санкцый супраць лукашэнкаўцаў. Еўрапарламент «заклікае Раду, Камісію высокіх прадстаўніцтваў перагледзець палітыку Еўрасаюза адносна Беларусі, у тым ліку прымяніць эканамічныя санкцыі і замарозіць усю макрафінансавую дапамогу».
Уяўную пагрозу з боку парламентарыяў Лукашэнка ўспрыняў як сапраўдную абразу: «Калі хто-небудзь паспрабуе ўвесці супраць краіны эканамічныя або іншыя санкцыі, мы павінны неадкладна адрэагаваць, падрыхтаваць меры ў адказ, аж да самых жорсткіх. І датычыць гэта павінна абсалютна ўсіх, асобная гэта будзе група краін ці нават Еўрасаюз у цэлым».
Нервовая рэакцыя кіраўніка дзяржавы сведчыць пра тое, што ўлада ўсё ж занепакоена. Але ці рэальна ацэньваецца небяспека санкцый? Наколькі беларуская эканоміка залежыць ад Еўрасаюза?
Правал у імпарце, але не ў экспарце
За апошнія гады ўтварылася гіганцкае адмоўнае сальда беларускага замежнага гандлю — $18,6 мільярда за 2007—2009 гады. Імпарт расійскіх тавараў перавысіў экспарт на $31,3 млрд. З Еўрасаюзам сітуацыя адваротная: як відаць з табліцы, Беларусь няблага зарабляе на еўрапейцах. Удакладнім, што аналізаваліся статыстычныя падлікі Белстата за 2007—2009 гады, бо леташнія паказчыкі пакуль яшчэ не падсумаваныя.
Нафтапрадукты, нафта, калійныя ўгнаненні і сталь — вось асноўныя крыніцы прыбытку для беларускай эканомікі. Кожная з гэтых галінаў прынесла краіне з Еўрасаюза больш за мільярд даляраў за тры гады.
Нафтавая залежнасць
Беларусь мае адразу дзве залежнасці, звязаныя з нафтай. 90% сыравіны паступае з Расіі, але яшчэ больш перапрацаваных нафтапрадуктаў — ажно 85%! — прадаецца ў Еўрасаюз. Эканоміка краіны трымаецца на абавязковасці і першай, і другой умоў.
Найбольш актыўныя купцы беларускіх нафтапрадуктаў — Нідэрланды, Вялікабрытанія і Латвія. На трох яны выплацілі Беларусі амаль $20 мільярдаў за тры гады. Зразумела, што латвійцы, эканоміка якіх шмат у чым трымаецца на беларускай прадукцыі, не змогуць зусім адмовіцца ад гандлю з Лукашэнкам. Але калі пастарацца, альтэрнатыву можна знайсці заўсёды. Найлепшы прыклад таму — венесуэльская нафта, якая разбавіла расійскую на нафтаперацоўчых заводах у Мазыры і Наваполацку.
Калійная абыякавасць Расіі
Калійныя ўгнаенні — яшчэ адзін «мільярдны» артыкул прыбытку беларускай эканомікі, які зусім не цікавіць Расію. Там хапае і свайго калію. Усходнія суседзі купілі тавару ўсяго на $26 мільёнаў. Найбольш зацікаўленымі ў салігорскім тавары з’яўляюцца Эстонія і Польшча — «арганізатар рэвалюцыі», па меркаванні «Советской Белорусіі». Разам яны пералічылі ў беларускі бю¬джэт $720 мільёнаў.
Сталёвы выбар
Прадукцыя Беларускага металургічнага завода не так моцна прывязаная да Захаду, але доля Еўропы зноў-такі пераважвае экспарт у Расію. $1,12 мільярда супраць $0,94 мільярда. Ратаванне беларускіх сталявараў у тым, што сярод асноўных пакупнікоў знаходзіцца Італія, кіраўніцтва якой мае больш лаяльнае стаўленне да Беларусі, і ўсё тая ж Латвія.
Слабыя месцы
Самая адчувальная пазіцыя для мажлівага эканамічнага ўдару Еўрасаюза — беларуская нафтаперапрацоўка. Год за годам прыбытак ад яе складае больш за траціну ад агульнага экспарту краіны. Яшчэ адно балючае месца — беларуская хімічная прамысловасць (18% экспарту).
На машынабудаванне (16%) і харчовую прамысловасць Еўропа наўрад ці паўплывае. Тэхнікай, ежай і харчовай сыравінай цікавіцца перадусім Расія.
Іншыя ж галіны беларускай гаспадаркі не маюць значнага ўплыву на дзейнасць эканомікі краіны ў цэлым.
Наш адказ Рампею
Колькі б прадстаўнікі ўладаў не казалі, што санкцыі не будуць мець ніякага эфекту, але вымушаныя на іх рэагаваць. Прычым, на самым высокім узроўні.
Першым пра магчымыя санкцыі загаварыў сам Лукашэнка. Ён даручыў ураду падрыхтаваць захады ў адказ у выпадку ўвядзення супраць Беларусі якіх-небудзь санкцый. «У выпадку, калі хто-небудзь паспрабуе ўвесці супраць краіны эканамічныя або іншыя санкцыі, мы павінныя неадкладна адрэагаваць, падрыхтаваць меры ў адказ, аж да самых жорсткіх, — падкрэсліў Лукашэнка. — І датычыць гэта павінна абсалютна ўсіх, хто паспрабуе ціснуць і блакаваць краіну, — асобная гэта будзе група краін ці нават Еўрасаюз у цэлым».
Таксама ён публічна абвінаваціў Польшчу і Расію ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту ў Беларусі.
Праблеме магчымых санкцый былі прысвечаныя амаль напалову выніковыя навіновыя перадачы на беларускіх тэлеканалах.
Памочнік намесніка дзяржсакратара ЗША Томас Меліа заяўляў, што Еўрасаюз і ЗША будуць дзейнічаць узгоднена. Прычым, будуць яны кропкавымі, скіраванымі на «адказных за палітычныя рэпрэсіі і задушэнне свабоды» ў Беларусі. ЗША таксама адзначылі, што могуць ізноў забараніць бізнэс з «Белнафтахімам».
Колькі б лукашэнкаўцы ні пераконвалі ў тым, што санкцыі не маюць абсалютна ніякага на іх уплыву, але выглядае, што цяпер яны знаходзяцца ў разгубленасці, не ведаючы, якія крокі рабіць у такой сітуацыі. Яны самі сабе перарэзалі дарогу ў Еўропу.Яўген Васількоў | 21:24, 30 студзеня 2011
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |