16:45 22.02.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
КОЛЬКІ СЛОЎ ПРА ТАВАРЫША. Леаніду Гаравому – 50
Ірына Вештард, Міхась Варанец, Міхась Гіль, Віктар Ярашук... Вось цяпер і Леанід Гаравы. І яму спаўняецца пяцьдзесят. І ў яго юбілей.
Меўся я паехаць у гэты дзень на паўночны ўсход Беларусі, каб пабачыць былы павятовы горад Гарадок, а ў Гарадку – помнік Тарасу на Парнасе.
Вядома, вядома, маім павадыром па Гарадку быў бы знаўца гісторыі гэтага краю, даўні таварыш па Грамадзе Леанід Гаравы.
Я назваў Леаніда ў шэрагу таварышаў. Бо ён, як і Ірына Вештард, і Міхась Варанец, і Міхась Гіль, і Віктар Ярашук, прыйшоў у беларускую сацыял-дэмакратыю ад яе пачаткаў. Дзякуючы яму, у Гарадку, як і ў Смаргоні, Слоніме, Паставах і Пінску, склалася партыйнае ядро.
Дырэктар школы, Леанід не збаяўся за сваю кар’еру і пасля дзяржаўнага перавароту 1996 года не здаў партыйнае пасведчанне. Тым больш не перайшоў ён на паслугі рэжыму.
Памятаю, як у студзені 2004 года Леанід Гаравы прапанаваў з’езду БСДГ праект рэзалюцыі аб кантрактнай сістэме найму на працу і як Станіслаў Шушкевіч – мабыць, каб не раздражняць уладу – гэты праект “загаварыў”. Тады маўчаў не толькі Шушкевіч. Ні слова ў абарону працоўных не прамовілі ні Мікалай Статкевіч, ні Аляксандр Бухвостаў. З тых, хто называе сябе сацыял-дэмакратамі, левацэнтрыстамі, у друку (на старонках «Нашай Нівы») супраць новай нормы працоўнага права першы выступіў Леанід Гаравы.
Нядаўна самы галоўны ў Беларусі заявіў, што дэмакартычную апазіцыю не ўбачыш і праз мікраскоп. Нічога новага ён не прыдумаў. Бо ўжо каторы месяц у электронных і друкаваных СМІ з вядома чыёй падачы пра слабасць дэмакратычнай апазіцыі лялякае гэтак званая “экспертная супольнасць” – розныя журналісты і палітолагі. Але якраз прыклад Леаніда Гаравога абвяргае іхнія разважанні. Леанід Гаравы – адзін з паспяховых мясцовых дзеячаў дэмакратычнай апазіцыі. Дзеячаў, якія маюць у сваіх гарадах і раёнах немалы аўтарытэт. Як і Ірыну Вештард, Міхася Варанца, Міхася Гіля, Віктара Ярашука, грамадзяне выбіралі яго дэпутатам мясцовага Савета. І, я упэўнены, выбралі б яшчэ, калі б улада не дзейнічала напралом, парушаючы ёю ж пісаныя законы. Леаніда Гаравога, дэпутата Гарадоцкага раённага Савета, за яго актыўную грамадзянскую пазіцыю несуперак усім законам не толькі звольнілі з пасады дырэктара школы. Яго, як і Ірыну Вештард, і Міхася Варанца, і Міхася Гіля, і Віктара Ярашука, пазбавілі права на працу.
...Збіраўся я паехаць у Гарадок, каб павіншаваць Леаніда з ягоным юбілеем асабіста. Не толькі яго, але й ягоную жонку Таццяну і ягоную маці, таксама таварышаў па партыі. Але, як вядома, чалавек плануе, а Бог смяецца. Таму пасылаю яму віншаванне па электроннай пошце. Да віншавання я далучаю самыя шчырыя пажаданні. Думаю, лішне казаць, што я жадаю Леаніду Гаравому моцнага здароўя, так патрэбнай усім нам моцы духу і ўпэўненасці, што ідэалы сацыял-дэмакратыі – ідэалы свабоды, справядлівасці і салідарнасці – перамогуць
Анатоль Сідарэвіч
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме