10:01 11.05.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
КАНСЭРВАТЫЗМ ФРАЕРА ПАГУБІЎ
31 год левая Францыя чакала гэтага дня – 6 траўня 2012. Пасьля Франсуа Мітэрана новы Франсуа – гэтым разам Алянд, другі сацыяліст ачольвае краіну. Перамога сымбалічная, эпахальная, але якую ня трэба рамантызаваць.
Бо перамога заслужаная, годная, дасягнутая коштам рацыянальнай працы і кампрамісаў, часам коштам паразаў і трансфармацыяў ранейшых ідэалаў. Француская лявіца тэхнакратызавалася, абуржуілася, але не адарвалася ад электарату, бо і ён стаўся іншым - заможнім і стабільным. Сацыялісцкая лявіца пайшла на кампрамісы, чаго не зрабіла правіца, а таму апошняя і прайграла. Даруйце за жарганізм, але выраз “фраера пагубіў” якраз дамесца тут, калі перад ім паставіць слова “кансэрватызм”. Менавіта вяртаньне да кансэрватыўнага дыскурсу і ўпартая праграма не зыначвацца ў пэўных пытаньнях (іміграцыя, бясьпека, правы мяньшыняў – моўных, рэлігійных, сэксуальных) абумовілі крызу ўмеркаванай правіцы і прывялі да таго, што ёй якраз і не хапіла той каліўкі галасоў, якія звычайна вызначаюць усё. Менавіта праз упартую адданасьць кансэрватызму і праз гэта адцёк часткі галасоў на карысьць іншых – абы не Сарказі – афіцыйная правіца прайграла. Кансэрватызм, такім чынам, фраера пагубіў.
Варта адзначыць, што ў параўнаньні з праграмай Н. Сарказі 2007 году цяперашняя ягоная праграма значна саступае, хварэе на слабасьці і дэмагогію. У параўнаньні з 2007 годам Сарказі не пайшоў наперад, а нават ступіў на пару крокаў назад (і ня толькі ў пытаньні гей-шлюбу, дэбатаў вакол сьвецкасьці, а перадусім ў пытаньні іміграцыі і будучыні Эўропы). Дзіўна, але ў 2007 годзе спадар Сарказі і ягоны Хаўрус былі куды сьмялейшыя. Праграма сёлетняга Сарказі была відавочна стрыманай, што да будучыні эўраінтэграцыі, бо замест сапраўднага эўрапеізму бяз межаў, ані прымхаў, ён прапанаваў новыя абмежаваньні, пэўную рэвізыю Шэнгена, афарбаваў палітыку ў расісцкія адценьні, то бок, стварыў хутчэй антыэўрапейскі дыскурс. У дадатак, звычайна зладжаная эканамічная палітыка правацэнтрыстаў сталася, на дзіва, меньш рацыянальнай і ў час эканамічнай крызы левая моцная сацыяльная праграма (прынамсі задэкляраваная афіцыйна) сталася больш прываблівай для выбарнікаў.
Адзінае што павінна цешыць былога ўжо прэзыдэнта – гэта тое, што ён не здрадзіў сваім адвечным каштоўнасьцям і ідэалам, ягонае сумленьне, так бы мовіць, чыстае. Прыгадаем, што Н. Сарказі набраў 48 з гакам %, а Ф. Алянд каля 52%. Бачна, што разьбежка не радыкальная, зразумела таксама, што саступкі правіцы ў пытаньнях іміграцыі, бясьпекі і правоў мяньшыняў маглі перакруціць сытуацыю і абумовіць яе новую перамогу. Тым ня менш, правіца Сарказі не саступіла. У выніку ня толькі прайграла, але значна паслабіла пазыцыі сваёй партыі – Хаўрусу за народны рух (ХЗН/UMP) – і, між іншым, паслабіла ня толькі на карысьць лявіцы, але і радыкальнай правіцы (Народны Фронт). А таму варта разумець, што чаканая лявіцай перамога – зьява хоць і прагрэсісцкая, бо перамог, дадушы, праект прагрэсу, нават радыкальнага прагрэсу, як на думку кансэрватараў, але і рызыкоўная, бо прыгэтым радыкалізавалася правае палітычнае крыло, сфарамавліся новыя імпульсы для ўзмацьненьня і так моцнай ўльтра-правіцы. Расчараваныя паразай Хаўрусу Сарказі ягоныя многія радыкальныя правыя прыхільнікі скіравалі свае позіркі і сымпатыі ў бок Народага Фронту (НФ) на чале з Марынай Лё Пэн. Аналізуючы эвалюцыю росту папулярнасьці НФ за апошнія пятнаццаць год, можна прадбачыць, што па хуткім часе Марына Лё Пэн стане будучай прэзыдэнткай Францыі. Але ж гэта толькі няўдзячныя прагнозы, бо цяпер прэзыдэнтам стаў адзін з сацыялісцкіх лідараў.
На працягу пяці год Францыю чакаюць істотныя, сымбалічна рэвалюцыйныя зьмены, якія зьдзяйсьняцца толькі пры ўмове перамогі лявіцы ўлетку 2012 году на парлямэнцкіх выбарах. Але ўжо цяпер зразумела, што Францыя вяртае сабе левае лідарства ў Эўропе і слаўна гуляецца з сымбалямі і рыторкай, натхнённымі Францускай рэвалюцыяй і сацыяльнымі дасягненьнямі французаў за апошнія дзесяцігодзьдзі.
Часткова перамога Ф. Алянда абумоўлена інтэнсіўным пераўтварэньнем лявіцы ў многіх актуальных пытаньнях, абумоўленая прынцыповай асучасьненасьцю. Навізна францускай лявіцы якраз у тым, што яна дала рады – прынамсі тэарэтычна – разьвязаць вузлы і праблемы, зьвязаныя з унівэрсалізмам і крайнім абстрактным рэспубліканізмам: так, упершыню сацыялісцкая лявіца выказалася за падтрымку рэгіянальных моваў Францыі. Спадар Алянд паабяцаў падпісаць Хартыю аб рэгіянальных мовах. У пытаньні сьвецкасьці пазыцыя сацыялістаў засталася нязьменнай, адданай ідэалу 1905 году, прыгэтым падчас дэбатаў яны не ўваліліся ў нацыяналізм і антыісламізм правіцы. Канечне, шмат вузлоў і праблемаў застаюцца: перадусім варта захаваць хаўрусныя зносіны з калегамі па лявіцы – камуністамі, зялёнымі, радыкальнай лявіцай, бо тут хапае прынцыповых разыходжаньняў (пытаньне атамнай энэргетыкі, эканоміка, сьвецкасьць і пад.). І, канечне, застаюцца праблемы паглябальней – агульнаэўрапейская ці сусьветная эканамічная крыза перадусім.
Трэба разумець, што ў бліжэйшыя пяць год Францыя стане іншай – сапраўднай Шостай Рэспублікай. Як бы ні трактавалі, ні баяліся правыя ці цэнтрысты, але краіну чакае хваля новаўводаў: на позьве дня ўвод выбарчага мясцовага права для імігрантаў, легалізацыя гей-шлюбу, інтэнсіўная падтрымка рэгіянальных моваў і адыход ад радыкальнай франсізацыі, дэпаліцэізацыя грамадзтва (пэўнае скарачэньне паліцэйскага пэрсаналу, вырашэньне праблемы бясьпекі ня колькасным шляхам, а якасным), магчымы вывад францускіх жаўнераў з Аўганістану, разгляд спрэчнага пакету біяэтычных пытаньняў (эўтаназія, сурагатнае мацярынства і іншае). Праз пяць год сьвет пабачыць, наколькі сур’ёзным быў праект Франсуа Алянда, пабачыць ці пагубяць абяцанкі другога прэзыдэнта-сацыяліста, альбо, насамрэч, ажыцьцявяцца задэкляраваныя ім зьмены і рэформы. А яны залежаць перадусім ад таго, ці стане ударнай каманда новага прэзыдэнта, ад таго якім будзе старт і тло рэфармаваньняў (спрыльнасьць ці шкоднасьць эўрапейскага эканамічнага кантэксту, вынікі парлямэнцкіх выбараў улетку 2012) і ад таго, як Эўропа 27-і і партнэры па АПД (NATO) успрымуць і зрэагуюць на палітыку новага прэзыдэнта Францыі.
Уладзіслаў Гарбацкі
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме