08:45 01.08.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
КАБ ПАВЫСІЦЬ САЦЫЯЛЬНЫ СТАТУС ПЕДАГОГА, ТРЭБА ПЕРАНЯЦЬ ВОПЫТ ЦАРСКІХ ЧАСОЎ...
Уважліва прачытаў артыкул былога прарэктара Беларускага дзяржаўнага універсітэта Анатоля Паўлава ў "Народнай Волі" за 30 чэрвеня — 1 ліпеня. Помніцца, на адной з сустрэч грамадскіх актывістаў у нас была размова пра тое, што трэба вынесці на разгляд грамадства прапановы аб тым, як палепшыць становішча педагогаў і школы. І вось А. Паўлаў "агучыў" некаторыя з іх.
Настаўнікі ў Беларусі не маюць таго, што мелі за царом
Як і А. Паўлаў, пачну здалёк.
Другая палова 1960-х. Вёска Малькавічы Ганцавіцкага раёна, лета. А пятай гадзіне па абедзе мая хросная маці і я сядзім у верандзе і, паводле заходнебеларускага звычаю, п'ём гарбату (гэты звычай, які не з'яўляўся копіяй брытанскага файф-оф-клок, адышоў разам са старымі людзьмі). "Зірні на вуліцу, — кажа мая хросная. — Што ты там бачыш?" Гляджу і бачу, што па вуліцы ідзе сын настаўнікаў і нясе ў сетцы хлеб. Кажу пра гэта хроснай. "А што яшчэ ён робіць?" Кажу: "Адкусвае і жуе батон". — "І гэта сын настаўнікаў! Во да чаго бальшавікі давялі. Каб пры Польшчы настаўнік ці яго дзеці хадзілі па хлеб, і падумаць нельга было. А служанка нашто? Папытай у старога Шкробава, што ён меў за царом".
Пра старога Шкробава мне было вядома, што ён прымаў ад настаўніка Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа) школку ў суседнім Люсіне, а потым быў першым настаўнікам у маім Задуб'і (цяпер таксама Ганцавіцкі раён). Пра настаўніка К. Міцкевіча мы ведаем, што прыехаўшы ў Люсіна, ён не шукаў сабе кватэру ў сялянскіх хатах: жыллё для настаўніка было пры школе. Хатыніцкая воласць забяспечвала школу і настаўніка палівам, яна ж аплачвала асвятленне (лямпы, шкло для іх, газа). І школку прыбірала, і настаўніцкую вопратку мыла, і ежу маладому настаўніку гатавала старожка. Усе, хто чытаў Коласаву аповесць "У палескай глушы", добра памятаюць, што шэптам яна яшчэ і лячыла настаўніка.
Савецкая ўлада не забрала ў настаўнікаў права на 48-дзённы адпачынак, бясплатнае жыллё, асвятленне і паліва. Мала таго, сын дырэктара народных вучылішчаў Сімбірскай губерні Уладзімір Ульянаў-Ленін у адным са сваіх апошніх артыкулаў настойліва завяшчаў бальшавіцкім правадырам падумаць пра паляпшэнне матэрыяльнага становішча настаўнікаў. Але прырода бальшавізму такая, што ён ніяк не мог вырашыць дзве праблемы: жыллёвую і харчовую. Сельскія школы пачалі будаваць без жылля для настаўнікаў. У гарадах педагогі таксама туляліся і туляюцца па прыватных кватэрах або інтэрнатах. Грошы на выезд (нават на паездкі на семінары ў межах раёна) ім перасталі даваць. Недзе ў канцы 1960-х гадоў ЦК КПСС прыняў пастанову, у якой прадпісваў новыя сельскія школы будаваць з жыллём для педагогаў, але неўзабаве СССР увязаўся ў афганскую авантуру, пачаў чарговы раунд узбраенняў, і гэтую пастанову схавалі пад сукно.
Наогул, лічылася, што старыя льготы трэба захаваць толькі вясковым настаўнікам, бо сельскія школы ўвесь час сутыкаліся з праблемай кадраў. Калі да ўлады ў Беларусі прыйшла цяперашняя статакратыя, яна пазбавіла настаўнікаў "перажыткаў" царскага рэжыму. Мала таго, адзін відны ўрадавы чыноўнік выступіў з прапановай павялічыць настаўнікам нагрузку, бо, маўляў, рабочыя за станкамі па 40 гадзін стаяць, а настаўнікі, маючы нагрузку 18 гадзін на тыдзень, лынды б'юць.
Такое прымітыўнае разуменне настаўніцкай працы, помніцца, дэманстравалі вясковыя цёткі. Менавіта людзі з такім мысленнем павялічылі акадэмічную нагрузку выкладчыкаў ВНУ. Я цалкам згодны з А. Паўлавым, што гэтая нагрузка не павінна перавышаць 700 гадзін на год. Згодны я і з прапановаю, што для тых выкладчыкаў, якія шмат "працуюць горлам", нагрузку трэба абмежаваць 500 гадзінамі.
Педагогам трэба наракаць і на сябе
За цяперашняе становішча школы трэба вінаваціць не толькі ўладу, але і саміх педагогаў. Адзін толькі прыклад. Я памятаю, як апазіцыйныя, у тым ліку і сацыял-дэмакратычныя, дэпутаты ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання змагаліся, каб у законе аб адукацыі было запісана, што заробак настаўніка павінен быць не меншы за палавіну сярэдняга заробку ў прамысловасці. І апазіцыі гэтага ўдалося дамагчыся. Але настаўнікаў, як выявілася, больш турбавала не пытанне пра дабрабыт, а пра мову выкладання. Яны, сыны і дочкі Беларусі, зацята змагаліся з беларускаю моваю ў школах, пісалі петыцыі ва ўрадавыя ўстановы, і дабіліся свайго: іхні кумір выдаліў беларускую мову адкуль толькі хацеў і мог. А педагогам аддзячыў скасаваннем ільготаў, новай рэдакцыяй артыкула 52 закона аб адукацыі, павышэннем нагрузкі ў ВНУ, кароткачасовымі кантрактамі, ператварэннем педагогаў у безгалосых падданых адміністрацыі, якія, адважыўшыся пратэставаць, не падпісваюць свае скаргі ўласнымі імёнамі, а падпісваюцца як "калектыў Энскай школы" ці "настаўнікі Энскай школы".
Чуючы скаргі педагогаў на цяжкае становішча, я, былы настаўнік і старшы выкладчык ВНУ, адказваю: вы самі гэтага хацелі. Людзі з дыпломамі павінны былі яшчэ ў час выбарчай кампаніі 1994 года разумець, хто ідзе да ўлады. І павінны былі выбраць паміж годным становішчам педагогаў нацыянальнай школы і халопскім становішчам педагогаў дэнацыяналізаванай школы. Большасці з іх на пэўны час спадабалася другое. Цяпер гэтай большасці хочацца мець годнае становішча ў дэнацыяналізаванай школе. Не больш і не менш.
Калі я пішу пра халопскае становішча, дык ведаю, пра што пішу. За савецкім часам настаўнікаў ганялі на калгасную паншчыну: палоць буракі і моркву, нарыхтоўваць кармы і г. д. Яшчэ зусім нядаўна мне паведамлялі з Капыльскага раёна, што прыгонная праца настаўнікаў практыкуецца і цяпер.
Народны настаўнік Канстанцін Міцкевіч, які не баяўся змагацца з уладаю, згарэў бы ад сораму за сваіх калег.
Грамадскі статус педагога
Кажучы пра годны статус педагога ў школе, трэба казаць і пра ягоны статус у грамадстве. Няма слоў, гэты статус быў і застаецца нізкі. Ды і як ён мог быць высокі, калі настаўнікі сталі антынароднаю сілаю? Хто вучыў дзяцей, што Бога няма? Хто вёў антырэлігійную прапаганду сярод бацькоў — у большасці сваёй вернікаў? Хто стаяў ля цэркваў, касцёлаў, малітоўных дамоў, сінагогаў і мячэцяў ды адсочваў бацькоў і вучняў? Хто казаў дзецям пра самы перадавы на свеце савецкі лад? Толькі праз гэтую хлусню-прапаганду настаўнікі страцілі шмат у вачах бацькоў, усяго грамадства.
Цяпер педагогі не кажуць, што Бога няма, а некаторыя нават вераць у Бога і гэтай веры не хаваюць, але яны па-ранейшаму займаюцца хлуснёй-прапагандай. Замест гісторыі КПСС і навуковага камунізму студэнтам убіваюць у галовы "ідэалогію беларускай дзяржавы". Дзяцей зноў — насуперак волі бацькоў — спрабуюць запісваць у піянеры, а старшакласнікаў — заганяць у БРСМ. Патрыятычнае выхаванне ў школах на савецкі ўзор пера-
твараецца ў мілітарысцкае. Рэктары, дэканы і куратары груп у ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных установах (ССНУ) сталі цяпер прыганятымі ў час выбарчых кампаній, забяспечваючы датэрміновае і патрэбнае ўладзе галасаванне.
На пачатку 1990-х быў прыняты закон аб дэпартызацыі. На жаль, тады не быў прыняты закон аб дэпалітызацыі, г. зн. аб забароне вядзення палітычнай дзейнасці і прапаганды на прадпрыемствах і ва ўстановах.
Новы закон аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь трэба пачаць менавіта з такога палажэння: у школах забараняецца дзейнасць партыйных і іншых структур, якія займаюцца палітычнай і ідэалагічнай дзейнасцю, у тым ліку маладзёжных філій партый. У сценах ВНУ і студэнцкіх інтэрнатаў забараняецца ўсякая перадвыбарная агітацыя. У навучальных установах, акрамя царкоўных, выкладанне рэлігіі замест рэлігіязнаўства дазваляецца толькі на багаслоўскіх факультэтах. У школах не павінна быць ніякіх капліц, абразоў ды іншых рэлігійных сімвалаў. Памяшканні навучальных устаноў, акрамя царкоўных, не павінны выкарыстоўвацца ў богаслужбовых мэтах. Забараняецца асвячаць гэтыя памяшканні. У духу Канстытуцыі ў законе аб адукацыі трэба запісаць, што для педагогаў і навучэнцаў няма абавязковай ідэалогіі і абавязковага светапогляду (г. зн. рэлігіі, філасофскай сістэмы).
Падтрымліваю прапанову А. Паўлава пра тое, што трэба забараніць уключаць педагогаў у склад выбарчых камісій. Гэтую норму пажадана распаўсюдзіць і на навучэнцаў. Педагогі і навучэнцы могуць засядаць у выбарчых камісіях як сябры партый і грамадскіх аб'яднанняў. Акрамя таго, трэба забараніць прыцягваць сельскіх педагогаў да складання спісаў выбаршчыкаў: на тое ёсць сельскія і пасялковыя саветы.
Вельмі важна, каб у адміністрацыйным і крымінальным заканадаўстве было прадугледжана пакаранне за парушэнне гэтых норм права.
Нарэшце — А. Паўлаў і я размаўлялі пра гэта — педагогам павінен быць нададзены статус дзяржаўных служачых з усімі належнымі дзяржслужбовымі льготамі. За ўзор трэба ўзяць нямецкую мадэль.
Праца педагога
У новым законе аб адукацыі трэба запісаць норму, што займацца педагагічнай дзейнасцю, як і лячэннем людзей, маюць толькі асобы з адпаведнай адукацыяй. За царом, калі не памыляюся, педагогу належала адпрацаваць тры гады, каб атрымаць званне настаўніка (да гэтага ён быў памочнікам настаўніка). За саветамі існаваў трохгадовы стаж, але я не памятаю, каб малады спецыяліст складаў справаздачу, каб яго кіраўнік пісаў характарыстыку, каб педагагічны савет абмяркоўваў яе, і каб педагагічны інстытут (універсітэт) зацвярджаў кваліфікацыю "настаўнік (выкладчык)".
Абыякавае стаўленне да інстытута стажорства тлумачылася перманентным недахопам настаўнікаў. Гэтую праблему спарадзіла бальшавіцкая ўлада, якая не выконвала запавет Леніна аб забеспячэнні добрых матэрыяльных умоў для працы педагогаў. Гэтай акалічнасцю тлумачыцца і тое, што ў нашых школах па-ранейшаму сустракаюцца людзі без належнай адукацыі.
Зусім відавочна, што інстытут стажорства неабходна задзейнічаць па-сапраўднаму. Тады ў школах будзе менш настаўнікаў-недавучак і знаўцаў прадмета, якія, на жаль, не валодаюць методыкай выкладання і не ўмеюць працаваць з дзецьмі.
Інстытут стажорства неабходны не толькі для выкладчыкаў пачатковых, базавых і сярэдніх школ, але і іншых навучальных устаноў, у тым ліку для выкладчыкаў ВНУ, якія не скончылі аспірантуру.
Памятаю, як у 1980-х, а асабліва пасля падзення камунізму, выкладчыкам ВНУ са ступенню кандыдата навук масава пачалі выдаваць прафесарскія атэстаты. Адна справа, калі гэтыя атэстаты атрымалі Уладзімір Калеснік і Ніл Гілевіч, якія мелі шмат публікацый і якіх цытавалі і цытуюць як аўтарытэтаў. І іншая справа, калі прафесарскі дыплом атрымлівае той, хто вядомы ў навуковым свеце толькі тым, што калісьці абараніў кандыдацкую дысертацыю. У гэтай справе таксама павінны быць пэўныя крытэрыі. Першы з іх — колькасць публікацый, у тым ліку манаграфій (у некаторых заходніх краінах патрабуецца адна манаграфія за пяць гадоў), другі — ацэнка публікацый і цытаванне іх у навуковым друку. Калі дацэнт (прафесар) не напісаў за пяць год ніводнай манаграфіі (падручніка, дапаможніка), ён не можа быць выбраны на гэтую пасаду зноў. Магчыма, для такіх людзей і для тых, хто пачынае кар'еру дацэнта і прафесара, трэба вярнуць у штатныя расклады ВНУ пасады прыват-дацэнтаў і экстраардынарных прафесараў.
І тут мы пераходзім да тэмы выбараў. Сістэма кароткачасовых кантрактаў павінна быць забаронена. Кантракты заключаюцца толькі адказнымі работнікамі адміністрацыйнага апарату школ (бухгалтары, эканамісты, юрысты і г. д.) і з запрошанымі выкладчыкамі, якія працуюць у іншых установах. Пасады рэктараў, прарэктараў, дэканаў, загадчыкаў кафедраў, прафесараў, дацэнтаў і выкладчыкаў павінны быць выбарныя. Трэба было б увесці і выбарныя пасады дырэктараў (рэктараў) каледжаў, тэхнікумаў, ліцэяў і гімназій. Нельга папускацца, каб пра навукова-педагагічную кваліфікацыю людзей меркавалі прафаны.
Настаўнік не павінен быць бяздомны!
Як я зразумеў, А. Паўлаў хоча, каб у арт. 52 закона аб адукацыі было вернута палажэнне, што заробак настаўніка павінен быць не меншы за сярэдні заробак у прамысловасці. Да гэтага абавязкова трэба дадаць, што ў падзаконным акце павінна быць дакладна распісана, колькі настаўнік атрымлівае за вядзенне ўрокаў, за праверку сшыткаў, за загадванне кабінетам (лабараторыяй). Вядома, што ў гарадской школе можна ўвесці пасаду выхавацеляў для класнага кіраўніцтва і выхавальнай працы па-за ўрокамі і школай. Але наўрад ці ўдасца гэта зрабіць у сельскіх школах. Галоўнае, каб педагогі не грэбавалі такою працай. А для гэтага неабходна ўраўняць іх правы, бо, напрыклад, адпачынак выхавацеля групы падоўжанага дня працягваецца цяпер толькі 36 рабочых дзён. І абавязкова трэба законам устанавіць, што ніякі дырэктар школы і загадчык рана, як і за саветамі, не мае права штосьці там даплачваць педагогам па сваім меркаванні.
Трэба падтрымаць прапанову А. Паўлава пра тое, каб закон устанавіў выкладчыкам ССНУ і ВНУ той самы заробак, што і настаўнікам, але з каэфіцыентамі 2 і 3 адпаведна.
Не думаю, што такіх заробкаў нашым педагогам хопіць, каб хутка прыдбаць сабе сучаснае жыллё. Таму законам трэба ўстанавіць, што школы ў сельскай мясцовасці не могуць будавацца без жылля для настаўнікаў, што настаўнік-стажор, якога накіравалі працаваць у вёску і якому не прадаставілі жыллё (кватэру, дом), мае права пакінуць працу і ўладкавацца там, дзе яму лепш. Варта было б запісаць у законе і такое палажэнне: дзяржава дае маладым сельскім і гарадскім настаўнікам, якія прайшлі стажыроўку, ільготны крэдыт на 20—30 гадоў для будаўніцтва жылля. Ільготы яна пазбаўляюцца, калі пакінулі педагагічную працу па сваёй волі ці ў сілу судовага рашэння.
Вядома, што нервы педагогаў зношваюцца рана. Анатоль Паўлаў прапануе ўстанавіць, што настаўніцы маюць права выходзіць на пенсію ў 50, а настаўнікі — у 55 гадоў. За царом, як помніцца, права на пенсію педагог меў пасля 25 год службы. Калі нельга вярнуць царскі "перажытак", то трэба згадзіцца з прапановаю А. Паўлава, агаварыўшы, што такое ж права маюць і выхавацелі груп падоўжанага дня, школ-інтэрнатаў, дзіцячых дамоў і да т. п.
***
Каб палепшыць справы ў нашай школе, нічога не трэба выдумляць. Проста трэба вярнуцца да ўсяго добрага, што было ў мінулым, і ўбачыць добрае, што ёсць у іншых краінах. Многае залежыць ад таго, ці здольныя людзі, якія прымаюць рашэнні, вярнуцца і ўбачыць. Але многае залежыць і ад саміх педагогаў, ад іх жадання і настойлівасці жыць лепш, мець дастойныя ўмовы працы. Многае залежыць і ад шырокіх пластоў грамадскасці, ад іх жадання бачыць Беларусь краінай добра адукаваных людзей.
Анатоль СІДАРЭВІЧ, намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
"Народная Воля" 31.07.2009 №117-118
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме