22:45 10.04.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Кірмаш ганарыстасьці
Усе незалежныя мэдыі адзначылі, заўважылі, пракамэнтавалі гучную адстаўку сп. Някляева з пасады лідэра кампаніі «Гавары праўду». Але мала хто зьвярнуў увагу на ня менш важную іншую навіну, якая ня толькі паслужыла падставай для сыходу Ўладзімера Пракопавіча, але і стварае рамкавыя ўмовы для прэзыдэнцкай кампаніі апазыцыі. Я маю на ўвазе рашэньне «сямёркі» апазыцыйных структур канчаткова адмовіцца ад правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сіл дзеля выбару адзінага дэмакратычнага кандыдата. На гэтым праекце канчаткова пастаўлены крыж.
Гэта азначае, што паўтараецца сцэнар прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году — у тым пляне, што пытаньне ня толькі аб перамозе, але нават аб дэманстрацыі альтэрнатывы Аляксандру Лукашэнку здымаецца з парадку дня. Замест гэтага зьявяцца некалькі апазыцыйных кандыдатаў, якія падчас кампаніі будуць вырашаць нейкія другасныя, карпаратыўныя, уласныя, прыватныя праблемы. Таму жэст Уладзімера Някляева зразумелы. Ён ня хоча ўдзельнічаць у гэтым балагане, кірмашы ганарыстасьці. Ягоная місія завяршылася.
Але сцэнар 2010 году паўтараецца ў зусім іншых, нашмат больш неспрыяльных для беларускай дэмакратыі ўмовах. Такога лібэральнага рэжыму праверкі збору подпісаў, як пяць гадоў таму, цяпер чакаць ня варта. Бо тады сцэнар уладаў палягаў у тым, каб альтэрнатыву дзейнаму лідэру размазаць па як мага большай колькасьці кандыдатаў. Гэта атрымалася, але пабочнымі наступствамі такой тактыкі стала зьяўленьне шырокіх агітацыйных магчымасьцяў для апазыцыі. Што вылілася ў трагедыю 19 сьнежня.
Цяпер уладны сцэнар будзе іншы, у параўнаньні з кампаніяй пяцігадовай даўніны. Ня будзе ніякай гульні ў дэмакратызацыю і лібэралізацыю. Выбары пройдуць ва ўмовах жорсткіх рэпрэсіяў, атмасфэры страху. Выбарчыя камісіі будуць чапляцца да кожнага подпісу.
Увага з боку Захаду будзе мінімальная, бо цяпер ЭЗ і ЗША не да Беларусі. Да таго ж Захад ня хоча псаваць працэс нармалізацыі адносін з афіцыйным Менскам. Таму і падтрымка апазыцыі будзе на парадак меншая.
Паводле зьменаў у заканадаўстве цяпер кампаніі кандыдатаў ня будуць фінансавацца зь дзяржаўнага бюджэту. Мінімізацыя фінансавага складніку таксама адмоўна паўплывае на працэс збору подпісаў і агітацыйныя магчымасьці апазыцыйных кандыдатаў.
Усё гэта азначае, што на практыцы сабраць 100 тысяч подпісаў змогуць добра калі два, а верагодна, толькі адзін апазыцыйны кандыдат (Гайдукевіч ня лічыцца). І ў выніку можа так здарыцца, што адзіны кандыдат зьявіцца натуральным шляхам. Бо іншыя проста не пераадолеюць гэты бар’ер.
Але гэта высьветліцца толькі дзесьці за тры тыдні да дня галасаваньня. Бо выбарчыя камісіі будуць адмыслова доўга правяраць подпісы, каб зацягнуць тэрмін абвяшчэньня вынікаў. Страціцца вельмі важны рэсурс выбарчай кампаніі — час.
Калі вяртацца да сыходу Някляева, то варта адзначыць, што адстаўкі палітычных дзеячаў — гэта норма для дэмакратычнай супольнасьці. У Эўропе, калі партыя церпіць паразу на выбарах, то яе лідэр, як правіла, бярэ на сябе адказнасьць і сыходзіць.
У Беларусі няма такой традыцыі. Яе няма як ва ўладзе, так і ў апазыцыі. Таму да Ўладзімера Пракопавіча і ягонага ўчынку такая ўвага. Ён самы рэйтынгавы апазыцыйны дзеяч Беларусі. Цягам апошніх пяці гадоў Уладзімер Някляеў быў ня столькі палітыкам, колькі сымбалем, апошнім з магікан беларускіх адраджэнцаў 1990-х, якія затрымаліся ў палітыцы. Вось цяпер і ён сыходзіць.
Можа, у выніку гэтага мы атрымаем больш добрых вершаў і песень. Хоць такое суцяшэньне ў час крызісу.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме