19:15 31.05.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Ярмошына: Тых, хто піў кроў сябрам камісій на выбарах, больш там не будзе
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына расказала, хто заробіць на выбарах, а хто — страціць, ці будзе яна “гвалціць” мясцовыя ўлады і ці мае кватэру за 1 мільён долараў.
Цалкам размова са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Яромошынай:
Еўрарадыё:Пачаліся размовы пра тое, што кіраўнік краіны чамусьці затрымлівае прызначэнне даты парламенцкіх выбараў. Ці мае значэнне — сёння будзе падпісаны адпаведны ўказ або праз тыдзень?
Лідзія Ярмошына: Якое глупства! Праект гэтага ўказа рыхтуе Цэнтральная выбарчая камісія, узгадняе і прадстаўляе прэзідэнту. Пакуль гэты праект указа прэзідэнту не прадстаўляўся. Рэч у тым, што датэрміновае аб’яўленне даты выбараў, па сутнасці, стымулюе пачатак выбарчай кампаніі да таго тэрміну, з якога яна павінна пачацца. Таму зараз датэрмінова ніякія палітычныя жарсці не кіпяць.
Еўрарадыё: Такім чынам, нейкай адмысловай затрымкі з боку прэзідэнта няма?
Лідзія Ярмошына: Гэта цалкам нармальна — заўсёды ўказ падпісваецца дзесьці за некалькі дзён да крайняй даты. Крайняя дата — 23 чэрвеня. Таму я мяркую, што дзесьці чысла 15-16 чэрвеня гэты дакумент будзе падпісаны і выбары будуць прызначаныя.
Еўрарадыё:Вы супраць датэрміновага пачатку выбарчай кампаніі — але ж ЦВК ужо, напэўна, працуе, рыхтуецца да гэтай кампаніі?
Лідзія Ярмошына: Для нас сігналам з’яўляецца падпісанне ўказа прэзідэнтам. Ён пачынае дзейнічаць з моманту публікацыі. Вось з гэтага моманту і пачынаецца выбарчая кампанія. Усё астатняе — гэта не больш і не менш як палітычныя моманты.
Еўрарадыё:У гэтым дакуменце будзе толькі названая дата выбараў, там не будзе, да прыкладу, нейкіх прапаноў ЦВК па зменах выбарчага заканадаўства ці ўмовах правядзення гэтых выбараў?
Лідзія Ярмошына: У такіх указах нічога такога не пішуць. Змены ў закон уносяцца іншым законам. Будзе стандартны тэкст: дата выбараў і даручэнне Савету Міністраў фінансаваць гэтую выбарчую кампанію. А Цэнтральнай выбарчай камісіі — забяспечыць арганізацыю выбараў у адпаведнасці са сваімі паўнамоцтвамі.
Еўрарадыё:Аб’ём фінансавання выбараў уносіўся ў бюджэт краіны на 2012 год летась. Зараз мы маем крыху іншую фінансавую сітуацыю, чым была ў той час — вам дабавілі фінансаванне?
Лідзія Ярмошына: Павялічыцца артыкул выдаткаў на кандыдатаў. А ўсё з-за таго, што змянілася базавая велічыня — кожны кандыдат мае права паводле закону атрымаць сродкі ў памеры 50 базавых велічынь на выраб перадвыбарных плакатаў і ўлётак. А з 1 красавіка базавая велічыня павялічылася ў 3 разы. Відавочна, гэта прывядзе да павелічэння выдаткаў. Немагчыма зменшыць расходы на паперу, аплату друкарняў, выдаткі на сувязь, транспарт, электрычнасць — усё гэта будзе фінансавацца ў поўным аб’ёме. Тут пацерпяць тыя, хто працуе ў выбарчых камісіях — у сувязі з павелічэннем іншых выдаткаў будзе памяншацца запланаваны заробак. Але сам бюджэт выбараў павялічвацца не будзе. Бюджэтам запланаваная сума ў 93 мільярды рублёў.
Еўрарадыё:Як вы ставіцеся да ваганняў апазіцыі наконт свайго ўдзелу ў выбарах?
Лідзія Ярмошына: Я думаю, што яны проста не выпрацавалі стратэгіі — адсюль гэтыя ваганні. Мяркую, што пасля прызначэння выбараў рашэнне будзе прынятае. Прычым не без дапамогі тых заходніх апякуноў, якія аказваюць дапамогу нашым палітычным партыям. Таму ўсё залежыць ад тых рэкамендацый, якія яны атрымаюць разам са сродкамі — будуць вызначацца паводзіны прадстаўнікоў некаторых нашых палітычных партый. Я не ідэалізую гэтую сітуацыю — заўсёды трэба разглядаць любыя паводзіны людзей з таго пункту гледжання, наколькі гэта ім выгадна ці не выгадна. А гэта вызначаецца найперш эканамічнымі чыннікамі, а ўжо потым — палітычнымі.
Еўрарадыё:А тыя, хто заклікае да байкоту выбараў, таксама кіруюцца найперш эканамічнымі чыннікамі, на ваш погляд?
Лідзія Ярмошына: Безумоўна. Я думаю, што гэта стратэгія, якую яны выпрацавалі не самі, а якую ім прапанавалі звонку. Аднак я думаю, што яны ўсе будуць удзельнічаць у выбарах, бо такія паводзіны не адпавядаюць тым стандартам, якія прынятыя на тэрыторыі заходніх дзяржаў. Там статус палітыка залежыць ад яго ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Таму я мяркую, што ў выніку ўсе палітычныя партыі будуць удзельнічаць у выбарах. За выключэннем адной абсалютна маргінальнай партыі — КХП-БНФ, якой кіруе спадар Пазняк. Яны не ўдзельнічаюць у выбарах ніколі.
Еўрарадыё:“Ужо сёння вядома, хто стане дэпутатам” — ёсць і такія меркаванні. Што вы на іх адкажыце?
Лідзія Ярмошына: Я нават не ведаю, хто стане кандыдатам. Магу сказаць, што выбарчыя камісіі будуць арганізоўваць сваю працу ў адпаведнасці з нашым заканадаўствам. Можа, хтосьці арыентуецца на палітычныя заявы — хто стане кандыдатам. І зыходзіць з таго, наколькі гэтая фігура з’яўляецца моцнай, харызматычнай, наколькі яе падтрымаюць выбаршчыкі. Але мне гэта невядома.
Еўрарадыё:Усе мы хочам вострай барацьбы за галасы выбаршчыкаў і перамогі сапраўды наймацнейшага. А ў той жа час кіраўнік краіны кажа пра неабходнасць пераемнасці — каб у склад новага парламента абавязкова патрапіла частка дэпутатаў сённяшніх...
Лідзія Ярмошына: Ён выказаў пажаданне. А розных установак паводле прынцыпу “мінімум”, “павінна быць” — такога не было. Гэта было пажаданне! А паколькі прэзідэнт, відаць, валодае інфармацыяй, што частка дэпутатаў збіраецца абірацца паўторна, ён з гэтага і робіць выснову, што будзе пераемнасць, што гэтыя людзі будуць падтрыманыя электаратам. Што ж тычыцца адсоткавых суадносінаў, то прэзідэнт казаў пра 20%, можа — крыху больш. Гэта — агульнапрыняты сусветны стандарт. Вы паглядзіце: праца дэпутатаў становіцца прафесійнай у большасці дзяржаў, і палітычныя партыі працуюць такім чынам, каб нейкая частка дэпутацкіх мандатаў пераходзіла, каб гэта былі людзі, якія з’яўляюцца сталымі палітыкамі і даўно працуюць у парламенце. Пажадана, каб у парламенце быў касцяк, які б мог навучыць навічкоў.
Еўрарадыё: Ці можна спадзявацца апазіцыі, што яе прадстаўнікі патрапяць у выбарчыя камісіі?
Лідзія Ярмошына: Усё залежыць ад таго, каго яны вылучаць. І гэта не Цэнтральная камісія вырашае — гэта вырашаюць мясцовыя ўлады. Таму — нічога не магу сказаць. Нармальныя, добрыя, вартыя людзі, якія сябе добра зарэкамендавалі падчас апошніх выбараў, думаю, патрапяць. А вось тыя, хто ладзіў скандалы і разборкі... А былі і такія, пра што я зараз вельмі шкадую. Бо звычайна я "гвалчу" мясцовыя ўлады, каб яны як мага больш уключалі прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчыя камісіі. У мяне не ўзнімецца рука загадаць хоць камусьці ўключаць у склад камісіі чалавека, які піў кроў выбарчай камісіі на папярэдніх выбарах. Таму — усё залежыць ад таго, хто будзе вылучаны.
Еўрарадыё: Падчас прэзідэнцкай кампаніі было шмат розных з'яваў — пікеты, розныя падзеі і гэтак далей. Ці будзе такое гэтым разам?
Лідзія Ярмошына: Мяркую, гэтая кампанія будзе менш заўважнай. Па-першае, сродкі будуць не такія выдаткаваныя, па-другое — пікет не актуальны, бо ў нас мажарытарная выбарчая сістэма і подпісы трэба збіраць толькі на тэрыторыі акругі выбарчай. Мяркую, гэтая форма будзе выкарыстоўвацца не вельмі часта — больш будуць збіраць подпісы па кватэрах. Тым не менш мы будзем настойваць і прымаць усе захады, каб колькасць месцаў для правядзення пікетаў было не меншым, каб перадвыбарная агітацыйная кампанія ажыццяўлялася на ўзроўні не горшым, чым падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.
Еўрарадыё:Вы толькі што вярнуліся з адпачынку — зараз бралі яго, бо потым не будзе магчымасці? Дзе адпачывалі?
Лідзія Ярмошына: Так, бо я проста не маю права пазней пайсці. Была ў Мінску і Бабруйску — на лецішчы і ў кватэры маці. І ў асноўным займалася альбо сельскагаспадарчымі, альбо ўборачнымі працамі.
Еўрарадыё:Вы ж нам у інтэрв’ю неяк казалі, што сельгаспрацы не любіце?!
Лідзія Ярмошына: Як уцягнулася, дык такая прачнулася цікавасць! Але пад сельскагаспадарчымі працамі я не маю на ўвазе, што я садзіла гародніну — выключна кветкавае хобі.
Еўрарадыё:Па Бабруйску гулялі? Людзі вас пазнавалі?
Лідзія Ярмошына: Выходзіла, вельмі шмат гуляла, атрымала вялікае задавальненне — горад вельмі добры. Я там атрымліваю адчуванне поўнага задавальнення ад таго, што я проста акунаюся ў сваё дзяцінства, у юнацтва — мне там вельмі добра!
Еўрарадыё:Вас можна павіншаваць з хуткім наваселлем?
Лідзія Ярмошына: Калі вы маеце на ўвазе, што ў мяне з’явіўся дом, то вы спазніліся з віншаваннямі — ён у мяне зарэгістраваны з 2010 года.
Еўрарадыё:Я маю на ўвазе кватэру ў элітным доме “Ля Траецкага”...
Лідзія Ярмошына: Пра што вы кажаце! Адкуль у мяне сродкі на кватэру ў доме “Ля Траецкага”?! Няма ў мяне там нічога. Дзяржаўны чыноўнік столькі не зарабляе.Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме