09:30 17.07.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Яны былі першыя. Макар Косьцевіч (да 100-годдзя БНР, публ.16)
Яны былі першыя. Макар Косьцевіч
Макар Косьцевіч
Косьцевіч Макар Мацьвееў. Нарадзіўся 6.08.1891 г. у в. Баброўня Горадзенскага пав. (цяпер у Горадзенскім раёне). Дата і месца сьмерці невядомыя. Псэўданімы: Краўцоў Макар, Звончык, Язэп Сьветазар ды інш.
У 1919–1920 «песьні на ваяцкі лад» складалі З. Бядуля, А. Гарун і Я. Купала, але ўвекавечыўся адзін «Ваяцкі марш» («Мы выйдзем шчыльнымі радамі...») Макара Краўцова. Ён стаў гімнам БНР, яго сьпяваюць і сёньня.
М. Косьцевіч скончыў Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю ў 1910. Значыць, паступіць у гэтую ўстанову ён мог у 1906 або 1907 — тады, калі сэмінарысты ў Маладэчне, Панявежы, Полацку і Сьвіслачы дамагаліся зьменаў ва ўнутраных парадках сваіх школаў і ў навучальных плянах ды праграмах. Ці былі ў Косьцевіча ўспаміны пра тую барацьбу? Зноў жа, у лісьце да А. Луцкевіча ён пісаў, што ў 1913 бараніў («немаль не solo») «матчыну мову ў нашых (на Беларусі) школах на Ўсерасійскім Зьезьдзе ў Пэтэрбургу ў 1913 року». Пэўна, гаворка ішла пра І Усерасейскі Зьезд ў пытаньнях народнай адукацыі (сьн. 1913 — студз. 1914). Чаму ж тады Луцкевіч пісаў у «Нашай Ніве», што на тым зьезьдзе «ніводзін беларус не падняўся на абарону свайго народу»? Ці голас маладога настаўніка ніхто не пачуў? І ў тым самым лісьце Косьцевіч пісаў Луцкевічу, што ён беларусізаваў «сваім наманам» школку, у якой служыў з 1912. Дзе была тая школка, у якой вёсцы? Пакуль што ня ведаем, як і ня ведаем, у якім вайсковым вучылішчы вучыўся Косьцевіч у 1915 — пасьля таго, як яго мабілізавалі ў войска.
Косьцевіч пакінуў успаміны пра тое, як беларусы-вайскоўцы 44-га армейскага корпусу Паўднёва-Заходняга фронту вырашылі паслаць яго на Ўсебеларускі Зьезд. На Зьезьдзе старшыня салдацкага камітэту 44-га корпусу падпаручнік Косьцевіч уваходзіў у левую фракцыю, арыентаваную на супрацу з бальшавікамі, але бальшавікі адпрэчылі прапазыцыю фракцыянэраў аб супрацы. Як і некаторыя іншыя дэлегаты, ён выступаў за абвяшчэньне Беларускай Рэспублікі на чале з Усебеларускім Саветам салдацкіх, сялянскіх і рабочых дэпутатаў у фэдэрацыі зь іншымі рэспублікамі Расеі. Зь лёгкім гумарам ён пісаў пра тое, як узяўся быць ахоўнікам Я. Карскага, каб шаноўны прафэсар ня трапіў у рукі бальшавікоў. Пасьля разгону Ўсебеларускага Зьезду быў разам з Я. Варонкам у падпольлі «паўтара месеца на манне нябеснай».
Яго выбралі сябрам Рады Ўсебеларускага Зьезду, а потым — сябрам Выканаўчага Камітэту Рады. У гэтым правобразе Ўраду Беларусі ён быў сакратаром і адказваў за асьвету. Як сакратар, 19.01.1918 падпісаў дэклярацыю беларускай дэлегацыі на мірных перамовах у Берасьці. А 21.02 ён паставіў свой подпіс пад І Устаўнай Граматай да народаў Беларусі.
19.03.1918 Рада Ўсебеларускага Зьезду стала Радай БНР, а Косцевіч — радным. Увайшоў у фракцыю Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Прыхільнік самавызначэньня Беларусі, аўтанаміст, фэдэраліст, на сходзе фракцыі БСГ 23.03.1918 ён быў адзіны, хто выступіў супраць незалежнасьці, але, як успамінаў Луцкевіч, пасьля абмену думкамі «апазыцыя проці незалежнасьці ў асобе Макара Касьцевіча «здалася».
З 29.03 ён быў сябрам мандатнай камісіі Рады БНР і ў той самы дзень стаў сябрам яе Прэзыдыюму. 1.05 яго выбралі сакратаром Рады БНР. У ліп. ці то на пачатку жн. 1918 узначаліў Кантрольную камісію Рады. Быў Косьцевіч і судзьдзём: 15.04 Менская гарадзкая дума абрала яго сябрам міравога суду. Акрамя грамадзка-палітычнай, ён вёў і пэдагагічную працу: вучыў дзяцей у беларускай пачатковай школе № 22.
У канцы 1918 Косьцевіч, як і іншыя сябры Рады БНР, апынуўся ў Горадне. 1.12 Літоўская Тарыба для кіраваньня беларускімі тэрыторыямі, якія Нямеччына аддала Літве, стварыла Міністэрства беларускіх спраў на чале з Я. Варонкам, а міністар 7.12 прызначыў Косьцевіча камісарам Сакольскага павету. Аднак працаваць камісарам яму не давялося: нямецкія вайсковыя ўлады паразумеліся з польскімі дзеячамі, і Косьцевічу забаранілі беларускую агітацыю «як на словах, так і на пісьме». 21.01.1919 ён выехаў у Менск. Працаваў настаўнікам, але, каб пазьбегнуць рэпрэсіяў ці мабілізацыі ў Чырвоную армію, мусіў выбрацца ў прадмесьце Весялоўку. Можна прачытаць, што ў сак. — верас. 1919 Косьцевіч настаўнічаў на Горадзеншчыне. Таксама можна прачытаць, што ён працаваў у літаратурна-выдавецкім аддзеле народнага камісарыяту асьветы ССР Літвы і Беларусі. З ягоных жа ўспамінаў вынікае, што ў Весялоўцы Косьцевіч заставаўся да прыходу ў Менск Войска Польскага (8.08).
Косьцевіч быў у ліку тых, хто ў жн. 1919 ствараў Часовы Беларускі Нацыянальны Камітэт у Менску. З Я. Лёсікам, А. Прушынскім ды Я. Фарботкам ён увайшоў у кансорцыюм, які 25.08.1919 пачаў выдаваць газэту «Звон». Калі замест «Звону» пачала выходзіць «Беларусь», ён стаў супрацоўнікам рэдакцыі гэтай газэты. Мусібыць, не пакідаў Косьцевіч і школьнай справы. Да нас дайшлі ягоныя словы «Вы нам тут бздуры ня праўце ў нашай хаце», якія ён сказаў польскаму школьнаму інструктару ўвесну 1920, калі той прапанаваў увесьці вывучэньне польскай мовы ў менскіх беларускіх школах. Са сьн. 1919 Косьцевіч працаваў таксама ў статутнай падкамісіі Беларускай Вайсковай Камісіі, якая перакладала і выдавала вайсковыя статуты. Разам з БВК у ліп. 1920 ён эвакуаваўся ў Лодзь.
Можна прачытаць, што Косьцевіч браў удзел Слуцкім збройным чыне, быў начальнікам друкарні ў Клецку, аднак старшыня Рады Случчыны У. Пракулевіч і ўдзельнік чыну А. Кабычкін аспрэчвалі такое цьверджаньне. Сам жа Косьцевіч пісаў, што ён працаваў у рэдакцыі газэты «Наша Ніва». Пэўна, гэта было ўжо ў сьн. 1920.
Вядома, што да 22.06.1921 ён стаў сябрам Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні, цесна супрацоўнічаў зь віленскімі газэтамі «Наша Думка» (1920–1921) і «Беларускія Ведамасьці» (1921–1922), якія рэдагаваў М. Гарэцкі, а таксама зь «Беларускім Звонам» (1921–1923) пад рэдакцыяй Ф. Аляхновіча. Друкаваўся ён і ў леваэсэраўскай газэце «Змаганьне», што выходзіла ў 1923–1924. У 1923 Косьцевіч спрабаваў выдаваць «свой» часопіс для сялян «Саха», але пасьля 1-га нумару польскія ўлады забаранілі яго. Косьцевіча называюць у ліку першых настаўнікаў Радашкавіцкай беларускай гімназіі, якая стараньнем А. Уласава адчынілася ў 1922.
Польская дэфэнзыва сьцьвярджала, што Косьцевіч і Н. Козіч (прадстаўляючы Заходнюю Беларусь) разам з М. Асяцімскім, П. Бадуновай, Я. Мамонькам, М. Пашковічам, Я. Трафімавым ды інш. уваходзілі ў Беларускі Рэвалюцыйны Камітэт, нібыта створаны ў лют. 1924 «у выніку зьезду, на якім эсэры аб’ядналіся з камуністамі». У антыпольскім паўстаньні меліся ўдзельнічаць таксама К. Езавітаў, А. Якубецкі, Я. Пашковіч ды інш. беларускія афіцэры. Гэта, як і сяброўства Косьцевіча ў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, можна лічыць ня больш як дапушчэньнем. Якраз у 1924 Косьцевіч увайшоў у створаную ў тым самым годзе Часовую Беларускую Раду на чале з А. Паўлюкевічам, быў шэфам яе адукацыйнай сэкцыі і сябрам Цэнтральнай Рады культурна-асьветнага таварыства «Прасьвета» пры Часовай Радзе, а таксама супрацоўнічаў з газэтай «Грамадзкі Голас», якая займала антыкамуністычныя пазыцыі, выступала супраць урадаў БНР і БССР, атакавала Беларускі Пасольскі Клюб і Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вільні, а Луцкевіча называла бальшавіцкім агентам. Пазьней ён супрацоўнічаў з газэтай «Сялянская Ніва» — органам Беларускага Сялянскага Саюзу, створанага як альтэрнатыва Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамадзе. Друкаваўся ён і ў часопісе «Беларуская культура» (1927) ды газэце «Беларускі дзень» (1928), якія рэдагаваў вэтэран беларускага руху Ф. Умястоўскі і якія таксама не сымпатызавалі левым радыкалам. І ўсё ж фактам застаецца тое, што ў 1926 палякі арыштоўвалі Косьцевіча. Яго судовую справу яшчэ трэба вывучыць.
У 1920-х Косьцевіч шмат працаваў як перакладчык. На беларускую ён перакладаў творы М. Гогаля, У. Караленкі, А. Купрына, Г. Сянкевіча, Л. Талстога ды інш. празаікаў, а таксама паэмы М. Лермантава «Мцыры» і «Дэман».
У 1930-я гг. грамадзка-палітычная актыўнасьць Косьцевіча (зрэшты, як і многіх іншых беларускіх дзеячоў) зьменшылася. Вядома, што ён супрацоўнічаў з газэтай Таварыства Беларускай Асьветы «Родны Край» (1933–1936). Вікіпедыя паведамляе, што ў 1936–1937 быў сябрам Галоўнай управы Таварыства Беларускай Школы, аднак ТБШ перастала існаваць у 1936.
Калі ў верас. 1939 бальшавікі прыйшлі ў Вільню, яны прынялі Косьцевіча на працу ў рэдакцыі газэты «Віленская праўда». Доўга папрацаваць яму не давялося: неўзабаве яго арыштавалі. Паводле вусных сьведчаньняў сучасьнікаў, ён, хто нямала папрацаваў у друку, адкрыта строіў кепікі з савецкай журналістыкі. Але ня толькі гэта было прычынай ягонага зьняволеньня і гібелі. Як мяркуюць гісторыкі, бальшавікі расстралялі Косьцевіча, як і многіх вязьняў савецкіх турмаў, на самым пачатку нямецка-савецкай вайны.
Першая Ўстаўная грамата Выканаўчага камітэту Рады Ўсебеларускага зьезду з подпісам Макара КосьцевічаИсточник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме