11:15 16.05.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Яны былі першыя. Міхал Кахановіч (да 100-годдзя БНР, публ.8)













Міхал Кахановіч

Кахановіч Міхал Сілуанаў. Нарадзіўся 27.09.1882 г. у в. Вялікія Лукі Наваградзкага пав. Менскай губ. (цяпер Баранавіцкі р-н Берасьцейскай вобл.). Забіты 17.05.1934 г. у Менску. Месца пахавання невядомае.

Патрабуючы звальненьня М. Кахановіча з працы ў рэдакцыі газэты «Савецкая Беларусь», ДПУ БССР у даведцы для партыйнага кіраўніцтва сьцьвярджала, што Кахановіч — патомны дваранін, а побач зь яго прозьвішчам, імем і імем па бацьку ў дужках было пазначана: Бабіч Пётар Васілевіч.

Чаму так і адкуль ДПУ ўзяло такія зьвесткі, невядома. Нам жа вядома, што Кахановіч быў сынам патомнага сьвятара Сілуана, які служыў у Сваятыцкай, а потым у Вялікалуцкай царкве Наваградзкага павету. За ўзорнае выкладаньне Закону Божага а. Сілуан неаднаразова заслугоўваў падзякі царкоўнага начальства.

Сын пайшоў быў па бацькавых сьлядах. У 1892 ён стаў вучнем Менскага духоўнага вучылішча, а потым вучыўся ў Менскай духоўнай сэмінарыі. Пэўна, таму, што сэмінарыю ён скончыў у рэвалюцыйным 1905, стаць свяшчэнна- ці царкоўнаслужыцелем не пажадаў.

Паспрабаваў вучыцца ў Варшаўскім вэтэрынарным інстытуце, але зразумеў, што гэта не для яго, і пайшоў на гісторыка-філялягічны факультэт Харкаўскага імпэратарскага ўнівэрсытэту. Атрымаўшы дыплём, працаваў настаўнікам у віленскіх прыватных гімназіях ды Гандлёвай школе. Можна думаць, што ў першы віленскі пэрыяд свайго жыцьця ён зблізіўся з нашаніўскім асяродкам.

У 1915, калі нямецкія войскі рухаліся на Беларусь і Літву, Кахановіч мусіў выехаць зь Вільні. Новым месцам жыхарства ён абраў Магілёў — самы беларускі (паводле этнічнай структуры насельніцтва) губэрнскі цэнтар Беларусі. У Магілёве Кахановіч выкладаў у рэальным вучылішчы. У літаратуры зафіксавана, што ён быў таксама інспэктарам народных вучылішчаў Магілёўскай губэрні. Рэдагаваў газэту «Могилёвский Вестник». Даведнікі паведамляюць, што быў ён і гласным гарадзкой думы.

Пасьля падзеньня царызму Кахановіч стаў адным зь лідэраў беларускага руху ў Магілёўскай губэрні. 25–27.03.1917 ён браў удзел у Зьездзе беларускіх арганізацый. Яго выбралі ў склад Беларускага Нацыянальнага Камітэту і — разам з Р. Скірмунтам ды іншымі — у склад беларускай дэлегацыі да Часовага ўраду ўраду Расеі, якой даручалася прад’явіць патрабаваньні, выпрацаваныя Зьездам. Удзельнічаў Кахановіч ў працы і Зьезьду беларускіх нацыянальных арганізацый і партый ў ліп. 1917, і Ўсебеларускага Зьезду.

У чэрв. 1917 ён стаў адным з сузаснавальнікаў Магілёўскага Беларускага Камітэту, а 20.10.1917 узначаліў яго. У сьнеж. 1917 МБК быў пераўтвораны ў Магілёўскую Беларускую Раду. Рада пратэставала супраць разгону бальшавікамі Ўсебеларускага Зьезду, а пасьля прыняцьця 3-й Устаўнай Граматы Я. Варонка пісаў А. Луцкевічу: «...завязалі стасункі з Могілёвам^; там усё добра: земства, горад і магілёўская беларуская рада (галава Кахановіч) стаяць за нас».

Увосень 1918 — у сувязі з тым, што немцы саступалі тэрыторыю паміж Дняпром і Бярэзінай бальшавікам — Кахановіч мусіў пакінуць Магілёў і вярнуцца ў Вільню. Якраз у канцы 1918 віленскія беларусы ўчынілі захады дзеля адкрыцьця ў горадзе беларускай гімназіі, і Кахановіч стаў першым дырэктарам гэтай установы.

У сак. 1919 ён уступіў у Беларускае Навуковае Таварыства, якое ўзяло на сябе падрыхтоўку да выданьня навучальных дапаможнікаў, а ў 1921 разам з Ф. Аляхновічам, А. Луцкевічам, Б. Тарашкевічам ды інш. ініцыяваў стварэньне Таварыства Беларускай Школы. Выкладаючы ўвосень 1919 і ўлетку 1921 на настаўніцкіх курсах у Вільні, ён браў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы пэдагогаў для пачатковых беларускіх школаў.

І разам з тым Кахановіч не спыніў палітычную дзейнасьць. 16.03.1919 яго прызначылі памочнікам камісара Рады Народных Міністраў БНР на Віленшчыну і кіраўніком культурна-асьветнага аддзелу камісарыяту (камісарам стаў І. Луцкевіч). У тр. 1919 ён выступае як старшыня Беларускай Рады ў Вільні. У чэрв. 1919 на Беларускім Зьезьдзе Віленшчыны і Горадзеншчыны Кахановіча абралі намесьнікам старшыні Цэнтральнай Беларускай Рады Віленшчыны і Горадзеншчыны, якая ва ўмовах польскай акупацыі актыўна падтрымлівала Ўрад БНР. У тр. 1920 ён падпісваўся як старшыня ЦБРВіГ.

Адна дасьледчыца назвала Кахановіча, як і П. Алексюка, дзеячам прапольскай арыентацыі. Так, ён разам з Алексюком хадайнічаў перад палякамі аб вызваленьні Т. Грыба ды іншых эсэраў, арыштаваных пасля пасяджэньня Рады БНР 13.12.1919. Так, 9.09.1919 ён разам з Алексюком ды іншымі дзеячамі быў зь візітам у Ю. Пілсудзкага і нават быў на раўце ў яго пасьля далучэньня «Сярэдняй Літвы» да Польшчы, аднак пры гэтым ён заўсёды кіраваўся беларускімі інтарэсамі.

У пэрыяд «Сярэдняе Літвы» ён рамантычна глядзеў на пэрспэктыву беларуска-літоўскага саюзу, выказваў спадзяваньне, што беларусы ўсё роўна возьмуць сваё, «але толькі разам зь Ліцьвінамі і проціў Палякоў». Яго актыўная праца ў паўсталым у 1920 г. Беларускім Нацыянальным Камітэце ў Вільні і яго палітычнай камісіі была скіравана супраць далучэньня «Сярэдняй Літвы» да Польшчы. Калі ж гэта адбылося, менавіта віленскі БНК прыняў прынцыповае рашэньне аб удзеле беларусаў у парлямэнцкіх выбарах 1922 у блёку з іншымі нацыянальнымі меншасьцямі Польскай Рэспублікі. Кахановіч стаў 1-м сакратаром заснаванага 9.08.1922 Цэнтральнага Беларускага Выбарчага Камітэту.

Выбраны паслом на Сойм, Кахановіч разам зь іншымі беларускімі і ўкраінскімі пасламі ды сэнатарамі выступаў у абарону беларускай культуры, супраць тэрору, які чыніла польская ўлада ў Заходняй Беларусі, зьдзекаў і катаваньняў, парушэньняў грамадзянскіх і палітычных правоў. Актыўнасьць і выказваньні Кахановіча прывялі да таго, што польская ўлада пачала яго перасьлед. Ставілася пад сумнеў ягонае права на польскае грамадзянства. Вынікам канфлікту было тое, што ў тр. 1925 Кахановіч склаў пасольскі мандат і неўзабаве выехаў у Савецкую Беларусь, якая перажывала пэрыяд г. зв. беларусізацыі.

Пераехаўшы ў БССР, Кахановіч жыў спачатку ў Магілёве, працаваў у 2-й сямігадовай школе, стаў сябрам Краязнаўчага Таварыства. Потым ён перавёўся ў Менск і быў загадчыкам аддзелу замежнага друку ў рэдакцыі газэты «Савецкая Беларусь». Пасьля таго, як ДПУ дабілася яго звальненьня, працаваў стыльрэдактарам і карэктарам у выдавецтве Савету Народнай Гаспадаркі БССР і ў рэдакцыі часопісу «Савецкае будаўніцтва». На адказныя пасады яго не дапускалі. ДПУ паведамляла партыйным інстанцыям, што паводле сваіх перакананьняў Кахановіч зьяўляўся нацыянал-дэмакратам зь незалежніцкімі настроямі, на пэрспэктывы далейшага існаваньня і разьвіцьця СССР глядзеў скептычна. «Камуністы штурхаюць Беларусь на шлях пагібелі», — казаў ён у цесным коле.

Калі ў БССР пачаліся масавыя арышты ў справе г. зв. Саюза Вызваленьня Беларусі, Кахановіча не закранулі. Арыштавалі яго 11.08.1933 у справе г. зв. Беларускага Нацыянальнага Цэнтру. ДПУ сцьвярджала, што былыя паслы на Сойм Кахановіч, С. Рак-Міхайлоўскі ды іншыя пераехалі ў БССР дзеля таго, каб арганізаваць пры падтрымцы Польшчы збройнае паўстаньне, ліквідаваць савецкую ўладу і аднавіць беларускую буржуазна-дэмакратычную рэспубліку пад пратэктаратам Польшчы. 9.01.1934 «чацьвёрка» калегіі АДПУ СССР вынесла Кахановічу сьмяротны прысуд.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме