09:30 17.07.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Яны былі першыя. ЛЕАНАРД ЗАЯЦ (да 100-годдзя БНР, публ.17)

На фота Народнага Сакратарыяту БНР (гл. злева) Л. Заяц стаіць з правага краю

Яны былі першыя. Леанард Заяц


Заяц (Заяц-Зайцаў) Леанард Язэпаў. Нарадзіўся ў сак. 1890 г. у м. Даўгінава Вялейскага пав. Віленскай губ. (цяпер вёска ў Вілейскім р-не Менскай вобл.). Памёр 23.09.1935 у г. Уфа Башкірскай АССР (цяпер Рэспубліка Башкортастан, Расія). Месца пахаваньня невядомае.

Л. Заяц — адзіны, хто ў 1918–1925 быў сябрам усіх, акрамя аднаго, урадавых кабінэтаў БНР. Ведаючы што-колечы пра яго бацькоў, братоў і сясьцёр, мы нічога ня можам сказаць пра яго вучобу ў гімназіі ці якой іншай сярэдняй навучальнай установе. Ня ведаем, чаму ў некаторых дакумэнтах ён паўстае перад намі як Заяц-Зайцаў. У даведніках яго біяграму пачынаюць з таго, што ён вучыўся на юрыста і быў сябрам Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўнівэрсытэту. Пішуць таксама, што ён выступаў на сцэне. Так, 15.11.1911 ён выконваў ролю Падарожнага ў спэктаклі паводле твору Э. Ажэшкі «У зімовы вечар», а 9.02.1913 быў Якімам Сарокам у «Паўлінцы» Я. Купалы.

Ведама, гэта былі аматарскія спэктаклі. Атрымаўшы дыплём, Заяц вярнуўся ў родную старану. У 1914 ён быў залічаны ў штат Віленскай губэрнскай акцызнай управы. У 1915 з гэтай установай мусіў эвакуавацца ў Расею. У 1916 зноў вярнуўся ў Беларусь, гэтым разам у Менск, і заняў пасаду адказнага сакратара Менскага аддзелу Ўсерасейскага земскага саюзу. Быў частым госьцем «Беларускай хаткі», завёў знаёмства з таксама юрыстам М. Багдановічам, пра якога напіша ўспаміны, супрацоўнічаў зь Менскім аддзяленьнем Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

Калі Мікалай ІІ адрокся ад пасаду, Заяц быў у ліку тых дзеячоў, якія стварылі Часовы Беларускі Нацыянальны Камітэт. 25–26.03.1917 разам са сваім аднакашнікам па ўнівэрсытэце Б. Тарашкевічам быў сакратаром Зьезду беларускіх арганізацый. Удзельнікі Зьезду абралі яго сябрам Беларускага Нацыянальнага Камітэту, а на пасяджэньні БНК яго абралі скарбнікам і сябрам прэзыдыюму.

У літаратуры можна сустрэць цьверджаньне, што Заяц быў сацыялістам-рэвалюцыянэрам. Да эсэраў ён далучыўся пазьней, а ў ліп. 1917 балятаваўся і быў абраны гласным Менскай гарадзкой думы як сябар аргбюро Партыі народных сацыялістаў. У сьн. 1917 яго абралі сябрам Рады Ўсебеларускага Зьезду, якая ў сак. 1918 стала Радаю БНР. А 21.12.1917 Рада Ўсебеларускага Зьезду абрала яго кіраўніком справаў свайго Выканаўчага Камітэту. Праз два месяцы (20.02.1918) Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага Зьезду прызначыў яго кіраўніком справаў у 1-м Урадзе Беларусі — кабінэце Я. Варонкі. Пасьля адстаўкі Я. Бялевіча (не пазьней як 25.05) Заяц быў прызначаны яшчэ і народным сакратаром юстыцыі.

9.07.1918 Рада БНР прызначыла 2-і Ўрад Рэспублікі на чале з Р. Скірмунтам. Заяц, хоць ён і ня стаў сябрам новага кабінэту, быў у ліку тых сацыялістаў, якія ўхвалілі праграму кабінэту Скірмунта. 22.07 радыкальныя левыя радныя і кіраваны асабістымі амбіцыямі Варонка дамагліся адстаўкі Скірмунта і абралі старшынёю Народнага Сакратарыяту І. Сераду. У 3-м Урадзе БНР, фармаваньне якога так і не было завершана, Заяц заняў пасаду народнага сакратара — начальніка Канцылярыі. Адначасна ён працаваў у Міжнароднай камісіі Рады БНР.

22.11.1918 Рада ўхваліла праграму 4-га Ўраду БНР — Рады Народных Міністраў на чале з А. Луцкевічам. У новым кабінэце Заяц стаў дзяржаўным кантралёрам. Тым часам на Менск рухаліся часткі Чырвонай арміі. Разам зь іншымі раднымі і народнымі міністрамі Заяц падаўся ў Вільню, а ў канцы сьн. — у Горадзен.

У Горадні Ўрад БНР, перш за ўсё Луцкевіч, рабіў залежнае ад яго, каб перашкодзіць Польшчы захапіць беларускія землі. Складаюцца, пасылаюцца і публікуюцца дыпляматычныя ноты. Прыкладаюцца намаганьні, каб дэлегацыя БНР была дапушчаная на Мірную канфэрэнцыю ў Парыж. Гэта ўсё стварае нязручнасьці для польскага ўраду, і ён дае даручэньне свайму камісару на Горадзенскую акругу С. Іваноўскаму (малодшы брат В. Іваноўскага) пераканаць Луцкевіча выехаць у Варшаву для перамоваў з польскімі дзейнікамі, але ў якасьці прыватнай асобы. 9.02.1919 на нарадзе ў Луцкевіча было вырашана весьці з перамовы «толькі тады, калі польскі ўрад зьвернецца афіцыяльна і на пісьме». Такую пазыцыю цалкам падтрымаў і Заяц.

Ужо ў сак. 1919 праца Ўраду БНР у Горадне стала немагчымая. 23.03.1919 Заяц разам з Луцкевічам выехаў у Бэрлін. У сталіцы Нямеччыны былі ўчынены крокі дзеля адкрыцьця беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва. У сувязі з тым, што Луцкевіч у чэрв. выехаў у Парыж, меркавалася, што на чале прадстаўніцтва стане яго намесьнік А. Смоліч, аднак апошні выехаў з Бэрліну ў Вільню, таму на чале Надзвычайнай місіі БНР у Нямеччыне быў пастаўлены Заяц. 25.08.1919 ён, застаючыся дзяржаўным кантралёрам, быў прызначаны паўнамоцным прадстаўніком Беларускага Ўраду ў Бэрліне. Трэба адзначыць, што Заяц ня мог пахваліцца моцным здароўем. Можна прачытаць, што ў яго былі сухоты. Пэўна, увосень 1919 хвароба абвастрылася, і Заяц мусіў папрасіць пра адпачынак.

Цалкам нечаканым было для Заяца прызначэньне яго на пасаду дзяржаўнага кантралёра ў 5-м Урадзе БНР — кабінэце В. Ластоўскага, які паўстаў у выніку закалоту ў Радзе БНР, учыненага 13.12.1919 сацыялістамі-рэвалюцыянэрамі і сацыялістамі-фэдэралістамі. Аднак Заяц заставаўся у кабінэце Луцкевіча. 22.01.1920 яго прызначылі дзяржаўным скарбнікам БНР з месцам побыту ў Чэхаславаччыне. І разам з тым маецца дакумэнт ад 28.02.1920, які сьведчыць, што Заяц ня быў канчаткова адлучаны ад справаў беларускай місіі ў Бэрліне. Зноў узначаліць гэтую місію 31.05 яму прапаноўваў новы міністар замежных спраў БНР Я. Ладноў, аднак Заяц не прыняў гэтую прапанову. З апублікаваных матэрыялаў відаць, што ў Коўна, дзе зь лістап. 1920 знаходзіўся Ўрад БНР, Заяц выехаў паміж 10.01 і 22.03.1921, аднак у крас. 1921 ён зноў быў у Бэрліне. Як можна меркаваць зь перапіскі дзеячоў БНР, празь яго ў пэўнай меры ажыцьцяўляўся кантакт паміж сябрамі Ўраду, якія заставаліся ў сталіцы Нямеччыны, і Коўнай.

7.07.1921 ён браў удзел у сходзе Загранічнай групы эсэраў (Коўна), а ў канцы верас. — у І Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе, якая пацьвердзіла прынцып незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі, прыняла канцэпцыю дзьвюх (расейскай і польскай) акупацыяў Беларусі, а таксама абвясьціла, што «адыным законадаучым органам Беларусі з’яуляецца Рада Б.Н.Р.», а «адзінай законнай уладай Беларусі з’яуляецца урад Б.Н.Р.». 3.10 Заяц удзельнічаў у сходзе прадстаўнікоў розных напрамкаў беларускай палітычнай думкі, які пацьвердзіў асноўныя рашэньні канфэрэнцыі.

З сак. 1922 Заяц ужо ў Коўне, бярэ ўдзел у пасяджэньнях Рады Міністраў і Прэзыдыюму Рады БНР у Коўне, працуе як кантралёр. У крас. 1922 беларуская дэлегацыя (Ластоўскі і А. Цьвікевіч) накіравалася ў Геную на Міжнародную канфэрэнцыю ў эканамічных і фінансавых пытаньнях. Задача дэлегацыі была ў тым, каб дамагчыся міжнароднага прызнаньня БНР і перагляду Рыскага трактату 18.03.1921, паводле якога Беларусь была падзелена паміж бальшавікамі і Польшчай. Спадзеючыся, што іх падтрымае дэлегацыя Літвы, Ластоўскі і Цьвікевіч падалі старшыні канфэрэнцыі запіску (некаторыя сьцьвярджаюць, што ноту), у якой прызналі права Літвы на Віленшчыну. Гэта выклікала ўрадавы крызіс, які завяршыўся ў кастр. 1922 стварэньнем 6-га Ўраду — Дзяржаўнай Калегіі БНР на чале з П. Крачэўскім. Яе сябрам стаў і Заяц. Калегія пратрывала да 20.04.1923, калі зь яе складу выйшаў Ластоўскі. Чарговы ўрадавы крызіс працягваўся да 23.08, калі быў сфармаваны 7-ы Ўрад БНР — кабінэт Цьвікевіча, у якім Заяц захаваў пасаду дзяржаўнага кантралёра.

Тое, што Прэзыдыюм Рады і Ўрад БНР не прызнавалі слушнасьць пазыцыі Ластоўскага ў віленскім пытаньні, было адной з прычын пагаршэньня адносін зь літоўскім урадам. У лістап. 1923 Заяц разам Крачэўскім, Цьвікевічам, В. Захаркам, У. Пракулевічам ды інш. пераехалі ў Прагу.

Як вядома, 15.10.1925 Урад БНР самараспусьціўся. За гэтую пастанову галасаваў і Заяц. У 1926 ён пераехаў у Савецкі Саюз і быў прызначаны кансультантам народнага камісарыяту фінансаў ССРБ. 19.07.1930 яго арыштавалі ў «справе» так званага Саюзу вызваленьня Беларусі. Апроч таго, яму інкрымінавалі прыналежнасьць да «Беларускага брацтва» (Ластоўскі, Цьвікевіч ды інш.). Высланы на 5 год ва Ўфу, 25.07.1935 Заяц зноў быў арыштаваны, аднак прысуду не дачакаўся: у часе сьледзтва ён памёр (як можна прачытаць, ад хваробы нырак).

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме