20:00 29.05.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Яны былі першыя. Антон Аўсянік (да 100-годдзя БНР, публ. 10)
Яны былі першыя. Антон Аўсянік
Антон Аўсянік
Аўсянік Антон. Нарадзіўся ў 1888 г. у в. Кабыльле Вялейскага пав. Віленскай губ. (цяпер в. Кастрычніцкая Вілейскага р-ну Менскай вобл.) Памёр у 1933(?). Месца сьмерці і месца пахаваньня невядомыя.
«Сялянскі сын зь вёскі Кабыльле Вялейскага п^[авету^] Аўсянік, сям’я якога сядзіць на сваім вузкім надзеле», — так пісаў пра кандыдата ў паслы на Сойм Польскай Рэспублікі А. Аўсяніка ў 1922 А. Луцкевіч. І Луцкевіч жа ў сваёй брашуры «Ўсходняя Беларусь» аднёс яго да каморнікаў. А з дакумэнтаў БНР можна даведацца, што Аўсянік быў інжынэрам. Гісторыкі ж А. Валахановіч, А. Ліс і У. Міхнюк удакладнілі: Аўсянік скончыў Харкаўскі тэхналягічны інстытут. І вучыўся яшчэ на караблебудаўніка ў Пецярбурскім політэхнічным інстытуце.
Складаней з партыйнасьцю Аўсяніка. Што ён быў сябрам Беларускай Сацыялістычнай Грамады, тое бясспрэчна. Можна прачытаць, што пасьля распаду БСГ ён быў сацыялістам-фэдэралістам. ІІ аддзел польскага генштабу лічыў яго сацыялістам-рэвалюцыянэрам і наогул бальшавіцкім агентам. А вось А. Галавінскі, які ведаў Аўсяніка асабіста, запісаў яго ў сацыял-дэмакраты. Як пра эсдэка пісаў пра яго і былы сацыял-дэмакрат Б. Тарашкевіч. У Радзе БНР Аўсянік (пэўна, як эсдэк) уваходзіў у Аб’яднаны сацыялістычны блёк.
Сябрам Рады БНР Аўсянік стаў 29.03.1918 як прадстаўнік Бабруйскай павятовай Беларускай Рады, пра якую мы ведаем толькі тое, што яна існавала. 12.04 яго выбралі сакратаром Рады замест захварэлага К. Езавітава. З 1.05.1918 ён уваходзіў у сэньёрэн-канвэнт Рады ад сацыялістаў. А трошкі раней (29.04) ён падпісаў наказ Народнага Сакратарыяту мясцовым Беларускім Радам за народнага сакратара ўнутраных спраў БНР.
Хоць некаторыя пішуць, што Аўсянік быў сябрам Ураду БНР, гэта не зусім так. Ён быў не народным сакратаром, а кіраўніком («управляющим», як напісана ў адным дакумэнце) народным сакратарствам унутраных спраў. У чэрв. на час ад’езду зь Менску Л. Зайца замяшчаў апошняга на пасадзе кіраўніка спраў Народнага Сакратарыяту. 6.06.1918 Аўсянік стаў сябрам створанай Народным Сакратарыятам аргкамісіі дзеля заснаваньня ўнівэрсытэту ў Менску. Акрамя таго, Аўсянік уваходзіў у склад Камісіі ў міжнародных справах Рады БНР.
У ліп. 1918 Народны Сакратарыят накіраваў Аўсяніка ў складзе дэлегацыі БНР у Бэрлін. Але ці адбылася тая паездка, невядома. Затое дакладна вядома, што ў верас.—лістап. 1918 Аўсянік працаваў сакратаром Надзвычайнай дэлегацыі Рады БНР дзеля міжнародных перамоваў у Кіеве. 18.10 ён разам з Луцкевічам падпісаў ноту старшыні Нямецкага Райхстагу і райхсканцлеру Нямеччыны.
Дзе быў Аўсянік з канца 1918 па жн. 1919, крыніцы не паведамляюць. Вядома, што 12.08.1919 яго абралі ў прэзыдыюм Часовага Беларускага Нацыянальнага Камітэту, а 19.09.1919 ён разам з Я. Лёсікам, Ф. Абрантовічам, Я. Мамонькам, А. Прушынскім, А. Смолічам ды М. Шылам (дэлегацыя сэньёрэн-канвэнту Рады БНР) быў зь візытам у Ю. Пілсудзкага. Беларусы ставілі перад начальнікам Польскай дзяржавы пытаньні аб перадачы цывільнай улады ў краіне Беларускаму Ўраду і аб стварэньні беларускага войска. Вярнуўшыся з Варшавы ў Менск, Аўсянік (пэўна, як і іншыя дзеячы) выказваў думку аб скліканьні, на ўзор Віленшчыны і Горадзеншчыны, беларускага зьезду Меншчыны.
У сярэдзіне кастр. Аўсянік зноў быў у Варшаве. На гэты раз яго разам П. Алексюком, Г. Канапацкім і Д. Якубоўскім у польскую сталіцу накіравала Цэнтральная Беларуская Рада Віленшчыны і Горадзеншчыны, якая хацела легалізаваць створаную раней Беларускую Вайсковую Камісію. Як вядома, у тыя самыя дні на гэтую тэму гутарылі таксама Луцкевіч і Пілсудзкі. 22.10.1919 БВК Пілсудзкім была зацьверджана. У яе склад увайшлі Аляксюк, Канапацкі, Ф. Кушаль, Ю. Мурашка, А. Прушынскі, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Якубецкі і Якубоўскі. Сябрам БВК стаў і Аўсянік. Чым далей, тым больш ён разумеў, што стварыць беларускае войска палякі не дадуць, што яны чыняць усякія перашкоды ў гэтай справе.
10.05.1920 Аўсянік пісаў таварышам у Рыгу: «Апрацівела сядзець са зьвязанымі рукамі». А ўжо 24.05 ён быў у Вільні. Неўзабаве (23.06) В. Ластоўскі выклікаў яго ў Рыгу. Аднак Аўсянік не сьпяшаўся ў латвійскую сталіцу. У ліп. 1920 замест латвійскай ён выехаў у літоўскую сталіцу — Коўна — у якасьці дыпляматычнага прадстаўніка БНР пры ўрадзе Літоўскай Рэспублікі. 31.07 ён пісаў Ластоўскаму, што ўручыў даверчую грамату. І хоць Аўсянік прасіў Ластоўскага вызваліць яго ад гэтай працы («Дыплемат я яшчэ слабы»), яму і далей давялося працаваць як дыплямату.
Пасьля «цуду на Вісьле», калі Войска Польскае разам з украінцамі адбіла наступ Чырвонай арміі і зноў захапіла значную частку Беларусі, у Рызе пачаліся бальшавіцка-польскія мірныя перамовы. 28.09.1920 Рада Народных Міністраў БНР зьвярнулася да ўрадаў Расеі і Польшчы з патрабаваньнем удзелу БНР у мірнай канфэрэнцыі і прапанавала паслаць на яе сваю дэлегацыю, у склад якой быў уключаны і Аўсянік. Як вядома, бальшавікі і палякі не дапусьцілі беларусаў і прадстаўнікоў Усходняй Галіччыны на канфэрэнцыю. Подпіс Аўсяніка стаіць пад супольным пратэстам беларускай і ўсходнегаліцкай дэлегацый «проці імпэрыялістычнага захвату іхніх зямель на аснове рыскай прэлімінарнай умовы».
Яшчэ раней бальшавікі падпісалі мірную дамову з Латвіяй, аддаўшы ёй і населеныя беларусамі часткі Латгаліі. На моцы гэтай дамовы Ураду БНР стала немагчыма працаваць у Рызе. Таму пачаліся перамовы з урадам Літвы аб узаемным прызнаньні. У канцы кастр. — пач. лістап. 1920 Аўсянік быў сакратаром дэлегацыі БНР для перамоваў з урадам Літоўскай Рэспублікі. Яго подпіс стаіць пад дамовай ад 11.11.1920. Пасьля падпісаньня дамовы яго прызначылі Надзвычайным дыпляматычным прадстаўніком БНР у Літве.
У гэтай якасьці у студз. 1921 ён вёў перамовы з паўнамоцным прадстаўніком РСФСР А. Аксэльродам аб прызнаньні БНР. Той рэкамэндаваў Ураду БНР дамаўляцца з рэвалюцыйным камітэтам ССРБ. На думку Аўсяніка, «перагаворы Ураду Б.Н.Р. з Урадам Савецкай Беларусі умацавалі-б яшчэ больш праконаньне як некаторых Дзержаў Эўропы, так і самой Савецкай Расіі, што справа беларуская — хатняя справа Расіі». І разам з тым ён і Ластоўскі 20.01.1921 заявілі: «У адносінах да Савецкай Беларускай Рэспублікі Урад Б. Н.Р. хоча захаваць прыязные адносіны». А ў наступнай заяве (25.01) Ластоўскі і Аўсянік тлумачылі, што ССРБ, на іх думку, «есьць адна са ступеняй да поўнага здзейсьненьня незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі».
Працуючы ў Коўне, Аўсянік бачыў няшчырасьць літоўскага боку. Ён дакладваў Ластоўскаму, што «Літоўскі Урад у апошніе часы вядзе сваю палітыку, якая нашай справе можа пашкодзіць». У тр. 1921 Аўсянік выехаў з Коўны ў Вільню.
Яго імя загучала зноў увосень 1922, калі Беларускі Цэнтральны Выбарчы Камітэт вылучыў яго кандыдатуру ў паслы на Сойм Польскай Рэспублікі. Аўсянік вылучаўся як селянін і беспартыйны ў «сваім» Вялейскім павеце. Гісторык А. Бэргман пісала, што, ужо стаўшы паслом, ён далучыўся да заснаванай Рак-Міхайлоўскім Беларускай партыі незалежных сацыялістаў. У Беларускім Пасольскім Клюбе ён быў сакратаром. Былы кіраўнік БПК Тарашкевіч лічыў Аўсяніка саветафілам і пісаў, што ён, ужо ў статусе парлямэнтарыя, нібыта пераходзіў польска-савецкую мяжу. І нібыта спадзяваўся на хуткі прыход бальшавікоў у Заходнюю Беларусь. На такую пазыцыю Аўсяніка, пэўна ж, прывяла польская палітыка. Яму, народжанаму ў Вялейскім павеце, паслу, палякі не адмаўялі ў грамадзянстве. 03.12.1922 польскія паслы — эндэкі і хадэкі — аспрэчылі яго мандат. І толькі 11.07.1923 Найвышэйшы суд Польшчы прызнаў і мандат, і грамадзянства Аўсяніка.
Пасольскія паўнамоцтвы Аўсяніка скончыліся 27.11.1927. Няма зьвестак аб яго справах пасьля гэтай даты. У літаратуры можна прачытаць, што на пачатку 1930-х ён эміграваў у СССР.
Далейшы яго лёс невядомы.
Дзеячы БНР, 1918. Антон Аўсянік стаіць другі справаИсточник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме