13:46 10.04.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Яны былі першыя. Аляксандар Бурбіс (да 100-годдзя БНР, публ.2)

Бурбіс Аляксандар Лаўрэнаў. Нарадзіўся 8.10.1885 г. у Вільні. Памёр 20.03.1922 г. у Менску. Пахаваны на Старажоўскіх могілках (цяпер не існуюць). Псэўданім: Стары Піліп.

Беларускую нацыянальную рэвалюцыю тварылі пераважна маладыя людзі. Сыну вайсковага інтэнданта, былому гімназісту Алесю Бурбісу было 18 гадоў, калі ён стаў адным з сузаснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Разам з братамі Луцкевічамі і С. Скандраковым ён быў у ліку беларускіх сацыялістаў, якія ў 1904 прывялі ў беларускі рух і ў беларускую літаратуру Я. Луцэвіча. Калі ж пачалася рэвалюцыя 1905, Бурбіс зь Цёткай быў у ліку тых, хто вёў агітацыю сярод вучнёўскае моладзі, віленскіх рабочых і сялян у падвіленскіх вёсках. У сьнежні 1905 разам з аднадумцамі ён на некалькі дзён узначаліў уладу ў Мэйшагольскай воласьці. Маючы фальшывы пашпарт, ён мусіў жыць на нелегальным становішчы, але актыўнай працы не спыняў.

У студзені 1906 ІІ зьезд БСГ абраў яго ў склад Цэнтральнага Камітэту партыі. Калі ў лютым 1906 браты Луцкевічы вымушаныя былі пакінуць Менск і перабрацца ў Вільню, Бурбіс узначаліў Менскі камітэт БСГ. Ён арганізоўваў у горадзе прафсаюзы і кіраваў іх барацьбой за паляпшэньне ўмоваў працы і павышэньне заробкаў. Як адзначаюць мэмуарысты, Бурбіс здолеў так весьці агітацыйную працу, што супрацоўнічаць з Грамадой сталі і работнікі-габрэі. Ён наблізіў да грамадаўскае арганізацыі Я. Купалу, які ўнікаў сяброўства ў партыях. Шмат увагі надаваў Бурбіс арганізацыі аграрных страйкаў, асабліва ў Менскім і Наваградзкім паветах. 28.08.1906 — падчас аднаго з такіх страйкаў — Бурбіса арыштавалі. У Наваградзкім турэмным замку і Менскай турме ён правёў зь перапынкам амаль тры гады.

Надзелены талентам артыста і дэкляматара, Бурбіс яшчэ ў 1906 паставіў у фальварку Пятроўшчына пад Менскам першы беларускі спэктакль. Пасьля турмы ён разам з аднадумцамі ўзяўся за арганізацыю беларускага тэатру. У лютым 1910 быў арганізатарам 1-й беларускай вечарынкі ў Вільні. Стаў фактычным кіраўніком Беларускага музычна-драматычнага гуртка (1910–1916), які стаў складовай часткай 1-й беларускай трупы І. Буйніцкага.

Вяршыняй тэатральнай кар’еры Бурбіса была зьдзейсьненая ім у 1915 пастаноўка апэрэты «Залёты» паводле п’есы В. Дуніна-Марцінкевіча. І ў тым самым 1915 Бурбіс разам зь іншымі службоўцамі Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі мусіў эвакуавацца ў Расею. Жыў у Маскве і служыў у Народным банку.

Пасьля краху царызму і выхаду БСГ з падпольля ў 1917 Бурбіс узначаліў Маскоўскі камітэт партыі. Ён прадстаўляў маскоўскіх грамадаўцаў на канфэрэнцыі арганізацый БСГ 25.03. Удзельнікі канфэрэнцыі абралі яго сябрам Цэнтральнага Бюро партыі, а Зьездам беларускіх нацыянальных арганізацый, які пачаўся ў той самы дзень, 25.03, ён быў абраны ў Беларускі Нацыянальны Камітэт. У жніўні 1917 ён прадстаўляў БСГ на Дзяржаўнай Нарадзе Расеі ў Маскве. Быў Бурбіс і кіраўніком Рады прадстаўнікоў беларускіх арганізацый у Маскве, у якую ўваходзілі БСГ, Беларуская Народная Грамада ды іншыя структуры. Паводле пэўных крыніц, у сьнежні 1917 яго абралі сябрам Рады Ўсебеларускага Зьезду. У час разгону Зьезду бальшавікі на кароткі час арыштавалі яго.

Бурбіса можна бачыць на здымку зь дзеячамі БНР — Я. Варонкам, П. Крачэўскім, Я. Серадой, А. Смолічам ды іншымі. Здымак зроблены хутчэй за ўсё ў траўні ці на пачатку лета 1918. Як можна прачытаць у адным дакумэнце, 30.05 таго самага году Бурбіса прызначылі генэральным консулам БНР у Маскве^; яму надаваліся «ўсе правы дыпляматычнага прадстаўніка». Аднак генэральнае консульства ў Маскве Бурбіс не адчыняў і акрэдытацыю ў бальшавіцкага ўраду не прасіў, бо ў сталіцы Расеі быў разгул тэрору. Калі Бурбіс зь Менску вярнуўся ў Маскву, яму і Я. Няцецкаму як людзям з рэвалюцыйнымі заслугамі давялося ратаваць з кіпцюроў ЧК А. Цвікевіча.

Сацыяльныя ідэалы левага сацыял-дэмакрата Бурбіса ў галоўным супадалі з бальшавіцкімі. Вэтэран БСГ Ф. Стацкевіч згадваў, што ў 1919 спаткаўся з Бурбісам у Бабруйску. «Ён працаваў тады па ліквідацыі прыватных маёнткаў», — адзначае Стацкевіч. Бурбіс перайшоў на бок савецкай улады толькі пасьля таго, як Масква пайшла на саступкі беларускаму руху і пачала гульні ў беларускую дзяржаўнасьць. Як сьведчыў камуністычны дзеяч В. Кнорын, сябрам бальшавіцкай партыі Бурбіс так і ня стаў. Маючы досьвед працы ў гаспадарчых арганізацыях, ён служыў у Вышэйшым савеце народнай гаспадаркі і народным камісарыяце земляробства Літоўска-Беларускай савецкай рэспублікі. Пасьля таго, як у ліпені 1920 зноў была абвешчаная ССРБ, Бурбіс пэўны час прадстаўляў Рэспубліку ў народным камісарыяце замежных справаў РСФСР, а ў ліпені 1921 стаў намесьнікам народнага камісара замежных справаў ССРБ (камісарам быў кіраўнік ураду А. Чарвякоў). У канцы года яго абралі сябрам ЦВК ССРБ.

Актор, пастаноўшчык, палітычны дзеяч, Бурбіс у 1921 апублікаваў «Кароткі агляд беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху». Гэта адна зь першых працаў з гісторыі беларускага руху. Калі Смоліча лічаць бацькам беларускай геаграфічнай навукі, дык А. Бурбіс дакладам «Беларусь і яе эканамічнае становішча», а таксама працаю «Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі» паклаў пачатак эканамічнай геаграфіі краіны.

Бурбіс вядомы таксама як аўтар ліста да У. Леніна (19.01.1921). У прыкладзенай да ліста дакладной запісцы ён прапаноўваў далучыць да ССРБ адарваныя ў 1919 ад Беларусі «Віцебскую губ., Гомельскую губ., паветы былой Магілёўскай губ., далучаныя да Смаленскай губэрні, а са Смаленскай губ., безумоўна, раёны Красьненскі і Парэцкі». Акрамя таго, ён прапаноўваў мабілізаваць для працы ў ССРБ беларускіх палітычных працаўнікоў, «знаёмых з краем і штучна расьсеяных па ўсёй Расіі». За ягоныя погляды і дзейнасьць бальшавікі ў 1930-х назвалі Бурбіса «стопрацэнтным нацдэмам».

Памёр ад сухотаў у Менску 20 сакавіка 1922.

***

Нэкралёг па Аляксандру Бурбісу Антона Луцкевіча. «Беларускі Звон» (Вільня). №12(37). 22 красавіка 1922.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме