23:31 24.04.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Як вялася агітацыя за кандыдатаў у дэпутаты ў Верхнядзвінскім раёне
Закончыўся адзін заключных этапаў выбарчай кампаніі—агітацыя за кандыдатаў ў дэпутаты мясцовых Саветаў. І на гэты раз улада засталася вернай сама сабе:менавіта на тых участках, дзе балатуюцца кандыдатамі ў дэпутаты члены БСДП, грамадскія актывісты, яна выставіла надзейны заслон з кіраўнікоў найбольш буйных прадпрыемстваў раёна. Па Усходняй-выбарчай акрузе №6, дзе балатуецца Болбат Валянціна, сябра БСДП--дзве альтэрнатывы ад улады, такая ж карціна і на Верхнядзвінскім-Першамайскім выбарчым участку №2, дзе кандадатам у дэпутаты вылучаецца Валянціна Мінчук, па аднаму прадстаўніку ад уладных структур на участках Наталлі Васіленка, сябра партыі і грамадскіх актывістаў Алега Шульі і Паўла Івашчанкі. Сельскія ж акругі ўвогуле –безальтэрнатыўныя.
А некаторыя прадстаўнікі ўлады на гэтым этапе выбарчай кампаніі распачалі старыя, але, відаць, маючыя поспех (зайздрасць—вялікая сіла), песні аб вялікіх грашах “апазіцыі”, незразумелыя інсінуацыі наконт таго, што “..яны, г.зн.апазіцыя, працуюць ў дзяржаўных структурах! і ідуць на выбары? …Апошняе увогуле зразумець цяжка, бо ад якіх жа структур “назначаюцца” большасць кандыдатаў у дэпутаты і назначаецца па некалькі чалавек менавіта там, дзе вылучаецца, так званая ўладамі, “апазіцыя”. Праўда, калі сталі вядомымі прозвішчы ўладных кандыдатаў, то ўзнікае абгрунтаванае пытанне: няўжо чыноўнікам не хапае ўлады, каб без дэпутацкага мандату зрабіць тое, што яны павінны рабіць па службоваму абавязку? А іншым –гэта дадатковая нагрузка, якая толькі перашкодзіць займацца службовымі справамі. Цікава тое, што некаторыя, так званыя кандыдаты, нават не ведаюць хто іх вылучае і па якой акрузе.Такая сітуацыя склалася на адной з выбарчых акруг у в.Жыгулі. Кандыдату ад улады, якая , дарэчы, калі так можна выказацца, “адпрацавала” ўжо адзін тэрмін дэпутатам, было дазволена збіраць подпісы непаўналетнімі дзецьмі, уключаць ў спіс не тых, хто пагадзіўся падпісацца на яе карысць, а проста ўносіць у спіс усіх насельнікаў акругі…Вартым увагі з’яўляецца і тое, што за амаль 4 гады працы кандыдатка так і не запомніла граніц сваёй выбарчай акругі. Гэтыя, і некаторыя іншыя парушэнні выбарчага заканадаўства, не сталі перашкодай для яе рэгістрацыі.А вось ў адносінах да другога дзеючага дэпутата з гэтай вёскі Наталлі Васіленка выбарчае заканадаўства адпрацавана да апошняй кропкі і прычынай нерэгістрацыі стала тое, што яна асабіста не прад’явіла пасведчанне асобы, а заяву на згоду балатавацца пераслала поштай, папярэдне дамовіўшыся пра гэта са старшыней Савета сп.Марачкоўскім Хаця ці была неабходнасць сведчання асобы для дзеючага дэпутата? Але парушэнне заканадаўства было і ў адносінах да яе вытрыманы ўсе працэдуры. Хаця яе праца, як дэпутата—выключны выпадак добрасумленных адносін да сваіх абавязкаў перад выбаршчыкамі.
Не абцяжарвала ўлада сябе нават тады, калі вызначала месцы сустрэч (акрамя закрытых памяшканняў) кандыдатаў з выбаршчыкамі. У Верхнядзвінску такімі месцамі сталі пляцоўкі каля магазіна “Люкс”, дзе яшчэ неяк магчыма сабраць выбаршчыкаў Маладзежнай і Будаўнічай акругі, праўда, калі будзе добрае надвор’е, і галоўнае-- жаданне саміх выбаршчыкаў. А вось як можна зазваць на сустрэчу жыхароў прыватнага сектару з Лясной і Усходняй выбарчых акруг, цяжка зразумець. Такая з сітуацыя і па мікрараёну Гейжанава, дзе месцам правядзення сустрэч стала акраіна мікрараена.Так, магчыма жыхары Першамайскай акругі №2 і збяруцца пад адкрытым небам, а што рабіць жыхарам, якія жывуць на так званым “кірпічным”? Ці жыхарам прыватнага сектару Цэнтральнага выбарчага участка, якім прапанаваны гарадскі стадыен?
Адпаведна плану сустрэч, распрацаваным раённымі ўладамі, на кандыдата ў дэпутаты прыйшлося па адной сустрэчы. Зразумела, што сам кандыдат мог ініцыяваць дадатковыя сустрэчы, але абсалютна не выключана, што яны не адбыліся б: пасля працы людзі спяшаюцца дахаты, бо веснавая паводка ў нашым горадзе, для большасці гараджан , не дала магчымасці своечасова распачаць веснавыя справы. Ды і мала што ведаюць людзі пра сваіх кандыдатаў. Раённыя сродкі масавай інфармацыі, асабліва раённая газета, дзякуючы паслабленню выбарчага заканадаўства, надрукавала толькі праграмы кандыдатаў у абласны Савет. Кандыдаты ў раённы Савет мелі магчымасць выступу толькі на радые і практычна ніхто гэтай магчымасцю не скарыстаўся. А вось асвятленне ходу агітацыйнай кампаніі дае падставы для таго каб сцвярджаць, што да кандыдатаў ад улады больш прыхільна ставяцца журналісты раёнкі.На мае пытанне да нам.рэдактара газеты Арлова М.П. адносна матэрыялу пра адну з сустрэч, дзе была найбольш вялікая колькасць як кандыдатаў у дэпутаты, так і выбаршчыкаў, чаму ў матэрыяле названа толькі адно прозвішча з усіх кандыдатаў, бо гэта ж адкрытая агітацыя, ён прызнаў памылку, дапушчаную журналістамі.А ці памылка гэта?
На адрас раённай выбарчай камісіі накіравана скарга, але ўжо нават у папярэдняй размове старшыня камісіі сп.Бубнова Л.Д. прызнала парушэнне заканадаўства з боку раённай газеты.
У скарзе адзначаецца:”У адпаведнасці з дзеючым выбарчым заканадаўствам, Верхнядзвінская раённая партыйная арганізацыя беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) вылучыла сваіх прадстаўнікоў, членаў партыі Атаманскую С.А. і Сандар Л.Ф., у склад акруговай і тэрытарыяльнай выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. Вылучыла для актыўнай працы ў камісіях. На жаль, іх удзел ў працы акруговай і тэрытарыяльнай камісіях звеўся да ўдзелу ў першым арганізацыйным паседжанні і паседжанні, праведзеным для падліку атрыманных бюлетэняў для галасавання. За ўвесь перыяд выбарчай кампаніі толькі адзін раз сябра партыі, член акруговай выбарчай камісіі Л.Ф.Сандар, была прызначана на дзяжурства. Удзел у працы тэрытарыяльнай камісіі члена партыі С.Атаманскай звеўся толькі да удзелу ў двух паседжаннях. Прычынай такога стаўлення да партыйных вылучэнцаў і адзіных незалежных прадстаўнікоў у камісіях , бо астатнія члены камісіі--гэта прадстаўнікі выканаўчай улады, дзяржаўных грамадскіх арганізацый, па словах старшыні тэрытарыяльнай выбарчай камісіі сп.Бубновай Л.Д.--недасканалае веданне імі выбарчага заканадаўства. Але аналіз працы з тэрытарыяльнай камісіяй, якая у сваім складзе мае супрацоўнікаў райвыканкама, якія у сілу сваіх службовых абавязкаў займаюцца падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў у раене, а таксама стасункі з некаторымі іншымі прадстаўнікамі камісіі і участковых камісій падчас падрыхтоўкі і здачы неабходных папер для рэгістрацыі, не пакінулі ўражання, што у складах камісій—прафесіяналы. І тое, што есць пастаянная патрэба навучання членаў камісій розных узроўняў, мы пераканаліся па папярэдніх выбарчых кампаніях, нягледзячы на тое, што большая частка членаў камісій удзельнічаюць ў іх працы не першыя, ці нават другія выбары. Але чамусьці адносна іх не паўставала пытанне аб узроўні ведання выбарчага заканадаўства.
1. Таму узнікае першае пытанне: чаму ад актыўнай працы ў камісіях адхілены менавіта прадстаўнікі партыйнай структуры, якія заангажаваны на празрыстасць у працы камісій і даставерны вынік галасавання на выбарах? Якія таямніцы хаваюць, ў каторы раз, назначаныя для працы ў камісіях давераныя уладзе асобы?”
А вось тое, што адбылося за тыдзень выбараў, выклікала проста абурэнне: члены акруговай і тэрытарыяльнай камісій сп.Атаманская Святлана Аляксандраўна і Сандар Людміла Федараўна на дзень выбараў 25 красавіка 2010 года прызначаны “ в хозгруппу”, якая павінна з раніцы распачаць працу на кухні.Нашых прадстаўнікоў накіравалі накрываць сталы для харчавання членаў камісій. Зразумела, каб былі далей з вачэй. Але ж ніводзін артыкул выбарчага заканадаўства не прапісвае такіх паўнамоцтваў для членаў камісій.
2. Як кіраўнік раённай партыйнай структуры БСДП, якая накіроўвала прадстаўнікоў у камісіі, я хачу атрымаць адказ : на якой падставе члены камісіі сп. Атаманская С.А. і Сандар Л.Ф., прызначаны кухоннымі работніцамі ў дзень выбараў?”
На гэты факт адгукнулася газета “Народная воля” матэрыялам “Няправільных сяброў” акруговай і раённай камісій адпраўляюць у дзень выбараў на кухню”.
А што масоўка, нашы выбаршчыкі? Аказваецца, некаторым таксама не трэба падказваць, як паступаць у такіх выпадках.Агідна і балюча, калі самі людзі, якія церпяць чыноўніцкі ўціск, самі гатовы пацягнуць на вогнішча тых, хто асмеліўся зрабіць свой выбар і вылучацца кандыдатам.Аказваецца, калі цябе не вылучыла ўлада, то сам ты на гэта не маеш права.Так паступілі жыхары адной з вялікіх вёсак, калі актыўная жанчына, добрая маці, пачала са сваёй інціыятыўнай групай збіраць подпісы ў сваю падтрымку. Уласнае права, дадзенае не толькі Канстытуцыяй, але самім Богам ад нараджэння, права прымаць рашэнні, нашы насельнікі перадалі іншым людзям, нават не аналізуючы, як гэта, “ перададзенае права” будзе скарыстана.Няўжо талерантныя і спагадлівыя беларусы, шмат чаго згубілі ўжо за гэтыя два дзесяцігоддзі? Ці не вынік гэта той прыніжальнай палітыкі, калі права вырашаць дадзена толькі асобным, вызначаным людзям? Няўжо гэта не зневажае насельнікаў адной з найбольш інтэлектуальна развітых краін былога саюза?Ці не згубілі мы такога пачуцця, як асабістая годнасць, і што менавіта павага да сябе -- маральны бар’ер, які не дазволіць зневажаць і прыніжаць іншых? І няўжо гэта заразная хвароба так моцна ўелася ў нашу свядомасць?
В.Болбат, старшыня Верхнядзвінскай раеннай арганізацыі БСДПГ
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме