11:30 02.05.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Як супрацоўнічаць з уладай?
Каюся, назва абраная для таго, каб зрабіць “прыемнае” маім строгім крытыкам. Насамрэч я супрацоўніцтву з уладай вучыць не зьбіраюся, але, як той казаў, ёсьць праблема.
Справа нават ня ў тым, што ў апошнія месяцы апазыцыя пацярпела паразу на полі, якое лічыла сваёй неад’емнай вотчынай – у брусэльскіх і страсбурскіх кабінэтах. Справа ў тым, што ўлада ў чарговы раз перахапіла, скрала ў апазыцыі лёзунг, прынцып, кавалак ідэалягічнага крэда. Як раней быў скрадзены лёзунг незалежнасьці, гэтак і зараз “Беларусь – у Эўропу” робіцца па меншай меры адной зь лініяў дзяржаўнай палітыкі. Зразумела, шлях у Эўропу, як і незалежнасьць, улада разумее вельмі своеасабліва. Але ранейшая сытуацыя, вельмі цяжкая і небясьпечная для прадстаўнікоў апазыцыі асабіста, але даволі ўтульная ідэалягічна, утульная з пункту гледжаньня сьветапогляду, сыходзіць у мінулае. Як казаў у сваёй Нобэлеўскай лекцыі Іосіф Бродзкі: “Трагедыя – гэта калі гіне не герой, а хор”. Вось менавіта той выпадак.
Дзеяньні і заявы, якія мы бачым і чуем у апазыцыйным асяродзьдзі апошнім часам, дэманструюць рызыкі, якія нясе з сабой кожны з выбараў на гэтым раздарожжы. Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада Анатоль Ляўковіч даў вялікае інтэрвію «Советской Белоруссии», у якім выказаў шэраг горкіх меркаваньняў наконт апазыцыі, заўважыў, што ўлада шмат у чым мела рацыю. Дарэчы, многае з таго, што лідэр сацыял-дэмакратаў агучыў на старонках афіцыёзу, даўно гаварылася ў самім апазыцыйным асяродзьдзі.
Але далей спадар Ляўковіч заявіў, што пэрспэктыва ягонай партыі – у супрацоўніцтве з ўладай. А вось гэта-та чаму, як гэта вынікае з таго, што апазыцыя шмат у чым памылялася, што норавы ў апазыцыйным асяродзьдзі ня самыя ідылічныя, і што ўлада – ня д’ябал з рагамі?
І ў заявах Аляксандра Мілінкевіча, які ад пачатку выступіў у падтрымку Ўсходняга партнэрства і больш гнуткай палітыкі Эўропы адносна Менску дзеля нацыянальных інтарэсаў Беларусі, таксама часам паўтараецца тэма аб карысьці супрацоўніцтва з уладай.
Зразумела, у пільнага чытача ёсьць гатовае тлумачэньне: прадаліся. Ён дакладна ведае. Гэтак жа ў ня менш пільнага чытача той жа СБ ёсьць такое ж гатовае тлумачэньне наконт той плыні апазыцыі, якая зараз абвінавачвае Эўропу ў здрадзе яе ўласным каштоўнасьцям. І гэтыя прадаліся – толькі ЗША, ЦРУ, Сорасу (патрэбнае падкрэсьліць).
Не адмаўляючы ролі грошай у палітыцы наагул, падаецца ўсё ж больш плённым прызнаваць за палітыкамі ўласныя і больш-менш ідэйныя матывы. Са сьвечкай пры перадачы грошай ніхто ж не стаяў, і куды больш цікава бачыць за выбарам палітыкаў (магчыма, няўдалым) выбар пэўных частак грамадзтва.
Бо і выбар апазыцыйных палітыкаў, якія зараз працягваюць змагацца за тое, каб вярнуць эўрапейскую палітыку ў ліпень 2008, не пазбаўлены рызыкі – рызыкі маргіналізацыі. Наколькі гэтыя спробы кідацца на рэйкі эўрапейскага экспрэсу робяць уражаньне не на эўрапейцаў, а на беларусаў? Адказ, які дае Лукашэнка, вядомы – “ворагі народу”. Ну, ён тут зацікаўлены бок. А на незацікаўлены погляд як гэта выглядае – у вачах паспалітага беларуса? Гадамі скандавалі: “Беларусь – у Эўропу!”, нарэшце нешта ў гэтым сэнсе зрушылася, дык зараз – не, не ў Эўропу.
Усе тлумачэньні я асабіста выдатна ведаю: шлях у Эўропу павінен быць шляхам да і праз дэмакратыю, гэтыя манэўры Лукашэнкі – суцэльны падман і г.д. Я не пра сябе, а пра беларусаў. Іх гэта пераканае?
“Дык што, альтэрнатыва – як у Ляўковіча: “Наша пэрспэктыва – супрацоўніцтва з уладай”?” – спытае чытач. А чаму абавязкова ці так ці гэтак? Ці нельга проста прызнаць, што ўлада ў пэўным канкрэтным выпадку робіць аб’ектыўна карысную для Беларусі рэч, але ня лезьці пры гэтым да яе з абдымкамі і прапановамі “падставіць плячо”? Тым больш, што гэтае супрацоўніцтва айчынная ўлада ўяўляе сабе досыць просталінейна, рабіцца пераемнікам Гайдукевіча – асалода на вялікага аматара.
Магчыма, калідоры ўжо існай улады што ў Менску, што ў Брусэлі і Страсбуры – гэта не адзіныя месцы, дзе варта шукаць падтрымку, каб прыйсьці калі-небудзь да ўлады ў Беларусі.
Здаецца, што нікому не зашкодзіла б банальнае пачуцьцё меры. Будзе вельмі шкада, калі абедзве часткі апазыцыі, выбраўшы розныя шляхі на цяперашнім раздарожжы, дакладна праваляцца ў тыя відавочныя яміны, якія чакаюць іх на гэтых шляхах.
01.05.2009 14:01
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
11 января 2025
« | Январь 2025 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | 2 | 3 | 4 | 5 | ||
6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 |
13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 |
20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 |
27 | 28 | 29 | 30 | 31 |