22:16 13.08.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Які сцэнар улады?
Да заканчэньня збору подпісаў застаўся тыдзень. Ужо можна рабіць некаторыя папярэднія высновы з гэтага этапу выбарчай кампаніі. Магу пацьвердзіць свой прагноз, які я даваў на пачатку кампаніі, што 100 тысяч подпісаў не зьбярэ ніхто (акрамя, зразумела, Лукашэнкі).
Але цяпер кандыдаты рэалізуюць розную тактыку. Лябедзька і Калякін асабліва не хаваюць, што дасягнуць патрэбнай лічбы ня змогуць, але адначасова запэўніваюць, што і гнаць туфту ня будуць.
Гайдукевіч і Цярэшчанка кажуць, што сабралі звыш 100 тысяч подпісаў. Лічу, што трэба падзяляць паняцьці «сабралі» і «здалі». Усе бачылі, што ініцыятыўныя групы гэтых прэтэндэнтаў зьбіралі подпісы не актыўна. Іх пікеты былі пустыя, ніхто ня бачыў, каб прадстаўнікі іхніх камандаў хадзілі па кватэрах. А вось здаць 100 тысяч яны цалкам могуць. І іх могуць прыняць, калі гэта ўпісваецца ў сцэнар улады.
Які гэта сцэнар? Зразумела, што аднаго Лукашэнку пакідаць у выбарчым бюлетэні нельга. Гэта непрыстойна нават для беларускіх выбараў. Каго ж там пакінуць?
Найперш, трэба, каб у бюлетэнях для галасаваньня быў сапраўдны апазыцыянэр, а не, напрыклад, Гайдукевіч. Інакш не зразумее ня толькі Эўропа, а і беларускае насельніцтва. Маўляў, заўсёды апазыцыянэры былі на фінішы кампаніі, а цяпер няма. Значыць нешта ня так, значыць, выбары нейкія не такія, не сапраўдныя. Дый для самога Лукашэнкі псыхалягічна важна «перамагчы» менавіта прадстаўніка апазыцыі.
І каго ж улады прызначаць у гэтай якасьці? Варыянт толькі адзін. Калі Лябедзька і Калякін не здаюць 100 тысяч подпісаў, то застаецца толькі Тацяна Караткевіч. Не выпадкова Лукашэнка яе паблажліва пахваліў падчас інтэрвію незалежным журналістам. І дзяржаўныя СМІ неяк нэўтральна камэнтуюць яе кампанію. Лукашэнка ня бачыць у Караткевіч суперніка, не адчувае ад яе небясьпекі. Бо лічыць, што электарат ня ставіцца да Тацяны ўсур’ёз. Бо жанчына, бо навічок у палітыцы, бо ня мае досьведу кіраваньня. Зьвярніце ўвагу, за што Лукашэнка яе пахваліў. За тое, што ў выбарчай кампаніі выкарыстоўвае беларускую мову. У тым сэнсе, што гэта адзіная добрая якасьць. А зь іншага боку, прыгожая жанчына. Можна і замежнікам паказаць. Маўляў, глядзіце, да якой ступені прагрэсу мы дайшлі, у нас амаль як у Эўропе.
Тут цікава тое, што апазыцыя тры гады ўпарта працавала над праектам «адзіны кандыдат». Былі вялікія высілкі, патрачана шмат часу, але марна, нічога не атрымалася. І вось цяпер нечакана адзіны кандыдат апазыцыі зьявіцца натуральным шляхам. Калі ласка, прашу любіць і шанаваць. Калі сама апазыцыя не змагла гэтага зрабіць, дык Аляксандар Рыгоравіч дапаможа.
Больш складанае пытаньне, хто з тройкі (Гайдукевіч, Цярэшчанка, Улаховіч) будзе выконваць традыцыйную ролю «Гайдукевіча», то бок ролю дзяжурнага спарынг-партнэра. Сам Гайдукевіч ці хто іншы? Нагадаю, што на мінулых выбарах Сяргея Васільевіча «бартанулі». Бо ня ўпісваўся ў тагачасны сцэнар. Тады было шмат сапраўдных апазыцыянэраў, і ён аказаўся непатрэбным, лішнім, толькі замінаў. Таму нават і подпісы не зьбіраў.
А магчыма, улады зарэгіструюць усіх траіх. З аднаго боку, ніякай небясьпекі для Лукашэнкі ад іх няма. Крытыкаваць яго яны ня будуць, хіба толькі дзеля прыліку. А зь іншага боку, для абывацеля ствараецца ўражаньне сапраўдных выбараў. Маўляў, глядзіце, аж пяць кандыдатаў. Гэта будзе ў нечым паўтарэньне сцэнару 2010 году. Тады таксама было шмат кандыдатаў. Цяпер тое ж самае, толькі з адным апазыцыянэрам (апазыцыянэркай). Дый Ярмошына неяк прароча ўзгадвала, што, паводле яе прагнозаў, будзе пяць зарэгістраваных кандыдатаў. Разумная жанчына, усё загадзя ведае.
Думаю, ва ўладаў ёсьць толькі папярэдні сцэнар. Канчатковага варыянту яшчэ няма. На яго выпрацоўку засталося два тыдні.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме