14:15 19.04.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Як магілёўскія ўлады кантактуюць з грамадскасцю
Днямі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама сп. Малашка на адмысловай нарадзе абвясціў пра гатоўнасць мясцовай улады да дзелавых кантактаў і нават супрацы па пэўных пытаннях (у прыватнасці ў вырашэнні сацыяльных праблем) з недзяржаўнымі грамадскімі арганізацыямі.
Яшчэ з савецкіх часоў
Навіну шырока растыражавалі рэгіянальныя дзяржаўныя СМІ, аднак ніякага ўзрушэння ў тых самых недзяржаўных арганізацыях навіна не выклікала. Ніхто з іх прадстаўнікоў у пазначанай нарадзе не ўдзельнічаў, ніхто з іх не ўваходзіць і ў так званы Савет грамадскіх арганізацый пры аблвыканкаме, дзе тон задаюць "Белая Русь", Савет федэрацыі прафсаюзаў, БРСМ, Савет ветэранаў і іншыя праўладныя арганізацыі, якія практычна не зведалі змен у стылі і ідэалогіі працы з савецкіх часоў.
Сёння, менш як праз тыдзень пасля смелай заявы сп. Малашкі, многія з грамадскіх актывістаў тоўпіліся на прыступках і ў калідоры суда Ленінскага раёна Магілёва, дзе практычна адначасова праходзілі адміністратыўныя суды менавіта над іх паплечнікамі. Цікавая ілюстрацыя да намераў аблвыканкама аб супрацы, ці не так?
Судоў было тры: свае звальненні абскарджвалі вядомыя ў горадзе актывісты недзяржаўных прафсаюзаў (РЭП і Свабодны прафсаюз) Аляксей Паўлоўскі і Мікалай Расюк. Трэцім па ліку судзілі грамадскага распаўсюджвальніка недзяржаўнай прэсы і актывіста грамадскага руху БНФ Сяргея Нігаціна. Аляксею Паўлоўскаму ўдалося абвергнуць прычыну свайго звальнення, усклаўшы за гэта віну (што і ёсць праўдай) на адміністрацыю будаўнічай арганізацыі "Прамжылбуд", скасаваўшы з яе 12 мільёнаў рублёў на пакрыццё вымушанага прагулу. На аднаўленне на працы гэта, аднак, не паўплывала. Суд над Мікалаем Расюком, які таксама абскарджвае прычыну свайго звальнення з будаўнічай фірмы "Інвест-сістэм", перанесены на больш позні перыяд, калі і адказчык, і ісцец збяруць у падтрымку сваіх пазіцый больш дакладныя матэрыялы. Аднак, па меркаванні Мікалая Расюка і яго прадстаўніка Юрыя Новікава, прысуд можна лёгка прадказаць — магчыма, што прычына звальнення будзе зменена на больш сумленную (цяпер лічыцца, што Мікалай Расюк звольніўся па сваёй просьбе, але заяву аб гэтым ён нікому не падаваў), але на працу адноўлены не будзе ўжо толькі таму, што "Інвест-сістэм" перастала існаваць. А той арганізацыі — упраўленню будаўніцтва гарвыканкама — "будаўнікі-электрыкі не патрэбны", як паведамілі адтуль Мікалаю Расюку. Гэта няважна, што чалавеку засталося ўсяго 3 гады да пенсіі і што такіх электрыкаў яшчэ пашукаць трэба, — тут важна якраз тое (і гэта добра разумее грамадскі сектар Магілёва), што сп. Расюк вядомы ў горадзе як актыўны абаронца правоў рабочых, у тым ліку сацыяльных правоў, пра якія якраз і ішла гаворка на тым аблвыканкамаўскім пасяджэнні. Трэці падсудны, Сяргей Нігацін, атрымаў 3 млн штрафу за адсутнасць пры ім дамовы на распаўсюджванне друкаванай прадукцыі ад рэдакцый тых самых недзяржаўных газет, якія, дарэчы і самі незарэгістраваны (што законам дазволена). Каму ж, як не суддзі, пра гэта не ведаць?!
Не пакідаюць надзеі
І ўсё ж такі грамадскія лідары Магілёва не пакідаюць надзеі на змену палітыкі ў адносінах да іх з боку мясцовай улады пры тым, што і не надта ў гэта вераць. Вось некалькі выказванняў на гэты конт.
Аляксандр Сілкоў, рух "За Свабоду":
— Хочацца верыць у добрыя намеры ўлады, тым больш што досыць нармальныя дзелавыя адносіны з ёю ў нас былі да 19 снежня 2010 года. Потым усё змянілася: у гарвыканкам, які да нас бліжэйшы, чым аблвыканкам, нас перасталі нават пускаць. А да таго мы мелі з горадам супольныя праграмы па ўратаванні нашых "хрушчовак", што знаходзяцца ў занядбаным стане. Нам удалося прыцягнуць да вырашэння гэтых праблем замежныя інвестыцыі, іх дапамогу ў тэхналагічным і праектным плане. Цяпер усё спынілася, і зусім не па нашай віне. Не пакідаем мы і сваю ініцыятыву па стварэнні ў Магілёве грамадскага магістрата як правобраза будучых свабодных выбараў і самакіравання. Аднак не ад нас залежыць, ці будзе што рэалізавана на ўзроўні ўлад. Хочацца верыць, што прыхільныя словы на адрас грамадскіх ініцыятыў і пазадзяржаўных арганізацый сп. Мялешка сказаў не проста так.
Ігар Барысаў, лідар абласной арганізацыі БСДП (Грамады):
— Калі яны сапраўды зацікаўлены ў кантактах з грамадскасцю, то няхай бы і запрасілі на якое адпаведнае пасяджэнне. Шчыра кажучы, гэтая грамадскасць ужо 18 год спрабуе ісці на кантакт, а яе ўпарта ігнаруюць. Ды нават і знішчаюць, бо з пачатку 90-х у нас мо больш як напалову зменшылася колькасць розных ініцыятыў і арганізацый. Сёння ў рэгіёне крыху больш за 120 розных суполак, у асноўным непалітычных. Большасць з іх нефармальныя, незарэгістраваныя, бо прайсці гэтую працэдуру ў нас, як вядома, складана. А вось для таго, каб прычапіцца да чаго-небудзь, уладзе дастаткова і адной хвіліны. Тут вам і міліцыя, і суды, а цяпер, як чуем, і "працоўныя калектывы" неўзабаве паставяць на месца гэтых недазволеных актывістаў. Я ў намер улады пакуль што не веру, аднак хацелася б, паколькі, паверце, калі ён будзе сапраўды шчырым, уся наша супольнасць адгукнецца на яго.
Віктар ВОЙТ
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
27 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |