15:00 28.08.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Якія падводныя камяні хавае ў сабе датэрміновае галасаванне?











Аналітыка “Права выбару-2018”: Якія падводныя камяні хавае ў сабе датэрміновае галасаванне?

З дадзеным пытаннем разбіралася прэс-служба кампаніі назірання “Права выбару-2018”.

Юрыдычныя аспекты датэрміновага галасавання

Датэрміновае галасаванне рэгулюецца арт. 53 “Датэрміновае галасаванне на выбарах, рэферэндуме” Выбарчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з дадзеным артыкулам датэрміновае галасаванне ў краіне адбываецца цягам пяці дзён у перыяд часу з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін. У памяшканні для галасавання пры датэрміновым галасаванні павінна прысутнічаць не менш за два члены ўчастковай камісіі.

У першы дзень датэрміновага галасавання адбываецца апламбіраванне скрыні для галасавання, а калі галасаванне скончанае (у час абедзеннага перапынаку і ўвечары) прарэз скрыні для датэрміновага галасавання заклейваецца аркушам паперы, на якім ставяць свае подпісы члены ўчастковай камісіі. Ускрыццё прарэза ў скрыні для датэрміновага галасавання адбываецца перад пачаткам галасавання. Пры апламбіраванні і ўскрыцці прарэзаў скрыні для датэрміновага галасавання маюць права прысутнічаць назіральнікі, міжнародныя назіральнікі і прадстаўнікі СМІ. Захоўванне скрыні для датэрміновага галасавання забяспечваецца старшынёй участковай камісіі.

У 2015 годзе на прэзідэнцкіх выбарах датэрмінова прагаласавала 36,05% грамадзян, на парламенцкіх выбарах 2016 года датэрміновым галасаваннем скарысталася 31,25% выбаршчыкаў.

Чаму апазіцыя дамагаецца адмены датэрміновага галасавання?

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард лічыць, што само па сабе датэрміновае галасаванне не хавае ў сабе небяспекі, аднак так як яно рэалізуецца ў Беларусі выклікае не толькі пытанні, аднак і моцнае абурэнне.

- У шэрагу дэмакратычных краін існуе інстытут датэрміновага галасавання. Яно датычыцца тых выпадкаў, калі людзі сапраўды не могуць прагаласаваць у асноўны дзень галасавання. Можна нават прагаласаваць датэрмінова, адправіўшы поштай свае бюлетэні, як гэта практыкуецца, напрыклад, у Швецыі, аднак у нас датэрміновае наласаванне выкарыстоўваецца выключна для стварэння неабходнай яўкі, каб выбары адбыліся і працэнт прагаласаваўшых датэрмінова з года ў год толькі павялічваецца, - гаворыць Ірына Вештард.

Старшыня БСДП таксама адзначае, што кожныя выбары жыхары краіны становяцца сведкамі таго, як сотні тысяч беларусаў прымусова заганяюцца на выбарчыя ўчасткі. Сярод датэрмінова прагаласаваўшых у першую чаргу можна ўбачыць дзяржаўных чыноўнікаў, міліцыянтаў і вайскоўцаў, студэнтаў і жыхароў інтэрнатаў. Для мабілізацыі на датэрміновае галасаванне выкарыстоўваюцца розныя шляхі – ад заахвочванняў да пагрозаў, таму людзі, каб не мець ніякіх праблем на працы, ці вучобе, вымушаны ісці на выбарчыя ўчасткі датэрмінова, нават калі ў іх ёсць магчымасць галасаваць у асноўны дзень галасавання.

Нацыянальны каардынатар «Права выбару-2018» Алесь Сілкоў лічыць, што акрамя прымусовага загону людзей на выбарчыя ўчасткі існуе праблема з захаваннем скрынь для галасавання.

- Кожную выбарчую кампанію нашыя назіральнікі паведамляюць нам, што скрыні для галасавання захоўваюцца неналежным чынам – вельмі часта яны размяшчаюцца ў памяшканнях, дзе доступ да іх маюць староннія людзі. Акрамя таго, большасць скрынь для галасавання зроблены з фанеры і хоць скрынка апячатваецца і прарэз у ёй заклейваецца вельмі часта ў скрынках ёсць шчыліны і праз іх можна ўкідваць дадатковыя стосы бюлетэняў, а ў выпадку патрэбы без праблем можна адкруціць і дно такой скрыні і замяніць усе бюлетэні, - кажа Алесь Сілкоў.

Сярод праблем, якія звязаныя з захаваннем скрынь Сілкоў пазначае адсутнасць пастаяннага ан-лайн відэаназірання за скрынямі. Яшчэ адной невырашай праблемай застаецца малы працэнт ад агульнай колькасці празрыстых вурнаў.

- Як ніяк, аднак празрыстыя вурны дазвалюяць назіральнікам фіксаваць колькасць бюлетэняў у вурнах і ў некаторых выпадках іх фатаграфаваць. Любыя ўкіды адразу становяцца бачнымі і мы назіралі за гэтым ужо не адзін раз. На жаль, мы не можам забяспечыць кругласутачнае назіранне за выбарчымі ўчасткамі і таму сцвярджаць, што прыязджаюць людзі і мяняюць бюлетэні мы не можам, аднак механізм арганізацыі і правядзення выбараў дазваляе гэта рабіць, - гаворыць Алесь Сілкоў.

Абодва палітыкі лічуць, што для Беларусі колькасць дзён датэрміновага галасавання неабходна альбо скараціць, альбо адмяніць канчаткова, а каб не было праблем з яўкай праводзіць адкрытыя, свабодныя і сумленныя выбары, каб у людзей была рэальная магчымасць уплываць на свой лёс і сваю будучыню, а не рабіць з гэтага цэрыманіяльны працэс, якім карыстаецца ўлада, дзе ад вынікаў галасавання нічога не залежыць.

Датэрміновае галасаванне вачыма назіральніка

Журналіст і неаднаразовы назіральнік за выбарамі Алесь Буракоў кажа, што неаднаразова станавіўся сведкам таго, як на выбарчыя ўчасткі фактычна заганяліся студэнты. Галасаваць яны прыхадзілі разам са сваім куратарам.

- Гэта такія ўсплескі актыўнасці, калі людзей няма і раптам чарга. Пачынаеш разбірацца ў чым справа, а аказваецца, што студэнтаў знялі з заняткаў, каб яны прагаласавалі датэрмінова. Не грызлі «граніт навукі», а выканалі свой грамадзянскі доўг. Пасля галасавання студэнты адзначаюцца ў куратара, што прагаласавалі. Навошта ўсё гэта робіцца зразумела ўсім – для забеспячэння яўкі, - кажа назіральнік.

Буракоў адзначае, што ў асноўным працэнт прагаласаваўшых расце з дня ў дзень і найвялікшы ён у пяты дзень датэрміновага галасавання, які з'яўляецца кульмінацыяй гэтага працэсу.

- З цікавага можна адзначыць, што вынікі датэрміновага галасавання і галасавання ў асноўны дзень за розных кандыдатаў адрозніваюцца ў разы. Я быў неаднаразова сведкам гэтаму, калі падлічвалі галасы і ў скрыні для датэрміновага галасавання амаль усе галасы былі за праўладнага кандыдата, а ў асноўны дзень галасавання такога разрыву ўжо не было. Тут узнікае заканамернае пытанне – адкуль бярэцца такая любоў выбаршчыкаў да праўладных кандыдатаў у час датэрміновага галасавання? – працягвае Алесь Буракоў.

Назіральнік звяртае таксама ўвагу на тое, што ў некаторых выпадках, каб схаваць такі разрыў усе скрыні для галасавання ўскрываюцца адначасова і бюлетэні з іх перамешваюцца.

Што трэба мяняць, каб датэрміновае галасаванне не выклікала падазронасцяў і адпавядала свабоднаму волевыяўленню грамадзян?

Метадыст-аналітык «Права выбару-2018» Леў Марголін лічыць, што перш за ўсё варта спыніць практыку прымусу пры датэрміновым галасаванні.

-Гэта не нармалёва, калі ў законе закладзены механізм правядзення датэрміновых выбараў, у якім фактычна прымае ўдзел 30-40% выбаршчыкаў. Гэта адкрывае магчымасць для фальсіфікацый. У ідэале варта пазбаўляцца ад інстытуту датэрміновага галасавання. Аднак мы ведаем, што кіруючы рэжым на такі крок не пойдзе і таму акцэнтуем увагу на абмежаванні часу і месцаў для правядзення такога галасавання, - гаворыць Леў Марголін.

Эксперт тлумачыць, што кампанія назірання “Права выбару” звярталася з прапановамі ў Цэнтрвыбаркам, каб скараціць колькасць дзён для правядзення датэрміновага галасавання, а таксама абмежаваць колькасць участкаў на якіх можна прагаласаваць датэрмінова, каб людзі маглі галасаваць толькі ў тым выпадку, калі не маюць магчымасці зрабіць гэта ў асноўны дзень галасавання і каб яны мелі гэтаму адпаведнае пацвярджэнне.

Леў Марголін робіць выснову, што пакуль улада не чуе апазіцыю і ўнесеныя раней прапановы ад суб’ектаў кампаніі назірання “Права выбару” так і не былі ўлічаныя. Тым часам эксперт не выключае, што ў гэтым пытанні таксама існуе магчымасць касметычна выправіць адзін момант – адмовіцца ад перапынка ў працы ўчастковых камісій, які вызначаны Выбарчым Кодэксам з 14 да 16 гадзін. Нават такая драбяза здыме пытанне аб магчымых фальсіфікацыях выбараў у абедзенны перапынак.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме