23:45 14.06.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ЯК САПСАВАЦЬ НАСТРОЙ?

Філосаф Уладзімір Конан быў хрысціянінам. Гэта – самае галоўнае. Што ён быў праваслаўным хрысціянінам, таксама несумненна. Ягонае праваслаўе не замінала яму мець шырокі кругагляд і цярпіма, талерантна ставіцца да людзей з іншым светапоглядам. Наколькі я ведаю, яму належыць адзіная навуковая праца пра ксяндза Адама Станкевіча.

Мусіць, не ў апошнюю чаргу талерантнасцю Уладзіміра Конана тлумачыцца тое, што 8 чэрвеня ў Петрапаўлаўскі сабор на Нямізе развітацца з ім прыйшлі і праваслаўныя, і каталікі абодвух абрадаў, і пратэстанты, і нерэлігійныя людзі. Філосафа, гісторыка эстэтычнай думкі адпяваў айцец Юры Залоска. Ён жа сказаў слова пра чалавека, якога чытаў, якога слухаў, у якога бываў дома. Гэтае слова мы прачытаем у каталіцкім часопісе “Наша вера”.

У той дзень, 8 чэрвеня, я падумаў: добра, што нашы інтэлігенты, як правіла, не выпісваюць і не чытаюць дзяржаўных газет. Бо чытанне гэтых газет псуе настрой, шкодзіць здароўю.

Напярэдадні адпявання ў “Звяздзе” з’явіўся ананімны некралог з прэтэнзійным загалоўкам “Філасофія Уладзіміра Конана”. Няшмат радкоў, пяць абзацаў. І гэтулькі ж недарэчнасцяў.

“За 78 год жыцця...”  Уладзіміру ж Міхайлавічу 23 красавіка споўнілася семдзесят сем.

“Напісаў цыкл калектыўных манаграфій...” У першую чаргу ён пісаў свае манаграфіі, а ў калектыўных манаграфіях, як вядома, можна быць суаўтарам.

“...даследаваў тэарэтыка-метадыялагічныя праблемы...” Гэта ўжо зусім непісьменна. Куды глядзелі карэктары?

“Сам каталік па веравызнанні, ён шмат сваіх твораў прысвячаў даследаванню каталіцкай дактрыны”. Цікава, як каталіка мог адпяваць праваслаўны святар? Пра стыль маўчу.

Сярод найбольш вядомых твораў філосафа названа яго манаграфія “Ад Рэнесансу да каталіцызму”. Менавіта так: да каталіцызму, а не да класіцызму.

Помніцца, у “Звяздзе” была моцная адказнасць яе супрацоўнікаў за дакладнасць імёнаў, прозвішчаў, датаў, цытатаў ды іншай канкрэтыкі. Зрэшты, такая адказнасць была ва ўсіх савецкіх газетах. Помніцца, мне самому ў “ЛіМе” нагарэла за тое, што замест слова “пастанову” напісаў “прапанову”.

Цікава, што было б, калі б звяздоўцы дапусцілі падобную неахайнасць у некралогу, прысвечаным катораму з сучасных бонзаў? Ці панеслі б яны адказнасць? Па-мойму, пытанне рытарычнае. У выпадку ж з гэтым некралогам не застаецца нічога іншага, як апеляваць да сумлення звяздоўцаў.
Анатоль Сідарэвіч

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме