10:45 23.03.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ЯК КАТАВАЛІ Ў “АМЕРЫКАНЦЫ” ЗА СТАЛІНАМ
У апошні дзень зімы экс-кандыдат на прэзідэнта Беларусі Алесь Міхалевіч шакіраваў грамадскасць, паведаміўшы пра “жудасныя ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ, якія можна расцаніць як катаванні".
“Тут і цяпер” звярнулася да архіўных сведчанняў, каб прыгадаць, як катавалі вязняў сталічнай “амерыканкі” ў крывавыя 1930-я гады.
28 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску Алесь Міхалевіч, які на мінулым тыдні пакінуў тэрыторыю Беларусі і папрасіў палітычны прытулак у Чэхіі, распавёў аб тым, праз што яму выпала прайсці за больш чым два месяцы ўтрымання ў СІЗА КДБ, за якім замацаваўся назоў “амерыканка”. Паводле экс-кандыдата на прэзідэнта, яго ставілі на расцяжку ў кайданках, выводзілі на холад, прымушалі стаяць каля сцяны 40 хвілін, не выключалі электрычнае святло ў камеры, падлогу ў камеры фарбавалі фарбай на ацэтоне, прымушаючы зняволеных дыхаць выпарэннямі; камера была перапоўнена. Акрамя гэтага, па словах Міхалевіча, некаторыя допыты праходзілі ў адсутнасць адвакатаў, што з'яўляецца парушэннем закона.
Усё гэта моцна патыхае жахлівымі катаваннямі, з дапамогай якіх сталінскія апрычнікі выбівалі “паказанні” з невінаватых людзей у 1930-я гады ў сценах той самай “амерыканкі” — унутранай турмы НКУС, КДБ.
“Абсалютна нечалавечыя метады”
Былы сакратар Смалявіцкага раённага камітэта ВКП(б) Самуэль Кудман, асуджаны ў 1938-м за “контррэвалюцыйную дзейнасць”, пісаў пасля свайго вызвалення: “20 верасня 1937 года я быў арыштаваны без прад’яўлення абвінавачання. Цягам двух месяцаў мяне катавалі, ужываючы абсалютна нечалавечыя метады следства. Я не вытрымаў пакутаў і змушаны быў пад дыктоўку следчага даць пра сябе лжывыя сведчанні…”.
Наркам мясцовай прамысловасці БССР (1934—1937) Аўгуст Балцін, якому “прышылі” “ўдзел у антысавецкай трацкісцкай арганізацыі”, скардзіўся сакратару ЦК КП(б)Б Панцеляймону Панамарэнку: “27 месяцаў я сяджу ў турме абсалютна без аніякай віны… Мяне не дапытваюць, не прад’яўляюць “доказаў” ці канкрэтных абвінавачанняў, а проста б’юць, катуюць. Плююць у твар і нахабна патрабуюць напісаць тое, што ад мяне патрабуецца”.
А вось вытрымка з архіўна-следчай справы па абвінавачанні лейтэнанта дзяржбяспекі Віктара Быхоўскага, які ў 1936—1937 гадах кіраваў аддзяленнем па “справах нацыянал-фашыстаў”: “Стэнаграфістка Жукоўская паказала, што многія следчыя, з’яўляючыся інструктарамі па боі, хадзілі па кабінетах і збівалі арыштаваных, якія не прызнавалі віну. Калі яны страчвалі прытомнасць, Быхоўскі калоў іх іголкай у шыю. А.Баліцкаму (У 1926—1929 гг. — наркам асветы БССР, адзін з праваднікоў беларусізацыі. — “ТіЦ”) даў прэсам у твар, арыштаванага літаратара З. ставіў нагамі дагары да вакна і збіваў…”.
“У кабінетах стаялі спрэс роў і лямант”
Вельмі багатае на жахлівыя факты абвінаваўчае заключэнне ў адносінах да начальніка 3-га аддзела УДБ НКУС БССР Аляксандра Гепштэйна, які сам быў арыштаваны і прысуджаны да вышэйшай меры.
“Массавае збіццё арыштаваных у 3-м аддзеле доўжылася да траўня 1938-га. Арыштаваных збівалі гумовымі пугамі, саджалі на ножку перакуленай табурэткі і на іншыя вострыя рэчы… 21 жніўня 1938 года арыштаваны Скіба П.М. паступіў у турэмную больніцу горада Мінска з разрывам мачавіка і траўматычнымі кантузіямі. Арыштаваны Пальто П.І. 31 жніўня 1938 года паступіў у больніцу з траўмамі ў правай пахвіннай вобласці… Таксама на следстве забівалі — білі да смерці. На следстве былі забіты арыштаваныя Шабан І.С., Авечка М.С. і іншыя. Трупы забітых па ўказанні Генштэйна не разразаліся ў мэтах схаваць сапраўдныя прычыны смерці… Допыты асуджаных ажыццяўляліся шляхам звярыных, самых жорсткіх збіццяў… У кабінетах стаялі спрэс роў і лямант… З лета 1938-га збіццё з кабінетаў было перанесена ў камеры… Арыштаваных ставілі тварам да сцяны і прымушалі стаяць усю ноч… Адчынялі парашу, нахілялі да яе тварам… Калі арыштаваны ўздымаў галаву, то яго білі па галаве”.
Літработнік, рэдактар газеты “Звязда” Мікалай Сцернін, які з 1938 па 1939 год перажыў больш за 40 жахлівых допытаў ва ўнутранай турме НКУС БССР, пасля вызвалення распавядаў у лісце Панамарэнку: “Неаднаразова прыкладна з 4 да 6 раніцы мяне збівала “брыгада”. Збіраліся следчыя Мораў, Вінькавецкі, Годзін, Крупянькоў… “Брыгада” біла, адначасова прымяняючы розныя прыёмы: адзін драў валасы, другі ціснуў на горла, трэці аплёўваў твар, астатнія білі кулакамі і ботамі па галаве, грудзях, жываце, нагах. Гэтая “брыгада” гуляла ў “футбол”, ставячы мяне ў цэнтры, білі па чарзе ботамі — хто куды трапіць”.
У споведзі Сцерніна, дзякуючы якой мы ў дробязях ведаем, як катавалі ў засценках мінскай “амерыканкі”, чытаем: “Мораў стаў ужываць да мяне сакрэтны прыём — “мазгі ў столь”: ён палягае ў тым, што на шыю накідваецца рэмень, і моцным ударам робіцца страсенне мазгаўні. Пасля першага ўдару адчуваеш моцны галаўны боль. Уся галава літаральна гарыць. Пасля другога, трэцяга ўдараў валішся на падлогу ў амаль беспрытомным стане… Лямант і стогны жанчын, якіх збівалі падчас допытаў у жніўні 1938-га, я чуў неаднаразова. Член партыі Дункан, нядаўна вызваленая з Мінскай турмы, казала, што жонку ваеннага Разанаву білі па палавых органах, былі і іншыя выпадкі такіх, і нават больш жорсткіх здзекаў”.
Каментар эксперта
Леанід Маракоў, аўтар шматтомнай энцыклапедыі "Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, медыкі, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi":
— «Двойкі» і «тройкі» НКУС чынілі суды за 10 хвілін. Прычым 90 адсоткаў следчых і суддзяў прысылалі ў БССР з іншых рэспублік. Многія прыязджалі на колькі дзён, зачытвалі некалькі соцень смяротных прысудаў і знікалі на абсягах Саюза.
Паралельна самым дбайным чынам замяталіся крывавыя сляды. Тых, хто расстрэльваў у1937-м, расстралялі ў 1938-м; апошніх, у сваю чаргу, — у 1939-м. Праўда, дагэтуль не ясна, чаму адных катаў "прыбіралі" праз год, а іншым давалі шматпакаёвыя кватэры ў цэнтры Мінска, дзе яны спакойна дажывалі да глыбокай старасці.
Андрусь ХВАЁВЫ
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
24 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |