14:16 14.08.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
«ЯКІЯ СУВЯЗІ Ў ВАС З РАБОЧЫМІ ЗАВОДАЎ І ФАБРЫК?»
На пераломных этапах гісторыі важнейшую ролю могуць адыгрываць палітычныя партыі, грамадскія рухі, розныя суполкі. Але пры гэтым, як вядома, яны павінны мець цесныя сувязі з працоўнымі калектывамі.
Зыходзячы з такога пастулата, “Народная Воля” задала шэрагу палітычных і грамадскіх лідэраў адно пытанне:
«Якія сувязі ў Вас з рабочымі заводаў і фабрык?»
Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі:
— А чаму пад працоўнымі калектывамі мы разглядаем толькі рабочых фабрык і заводаў? Для нас рабочы калектыў — гэта і прадпрымальніцкае асяроддзе. Гэта рынкі, людзі, якія працуюць у шпіталях, настаўнікі... Мы — не РСДРП, якая рыхтуе рэвалюцыю праз заводскія прахадныя. Хоць туды мы таксама ідзём. Але асноўная маса нашых партыйцаў — індывідуальныя прадпрымальнікі, работнікі ў шпіталях і настаўнікі. Ёсць і рабочыя буйных прадпрыемстваў. Не скажу, што гэта вялікая колькасць, але такія людзі ёсць. І падчас перадвыбарнай кампаніі будзем задзейнічаць усіх.
Анатоль ЛЯЎКОВІЧ, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):
— Я, як старшыня партыі, ведаю толькі агульную карціну. У Мінску ў нас ёсць някепскія сувязі з МАЗам. Добрыя стасункі з рабочымі на Брэстчыне і ў самім Брэсце — там найбольш развітыя нашы арганізацыі. Сябры партыі працуюць у Наваполацку на “Нафтане”. Таму якія сувязі? З працоўнымі падтрымліваем кантакты...
Андрэй САННІКАЎ, прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду:
— У пераломныя моманты гісторыі на самай справе ролю адыгрываюць суполкі, працоўныя калектывы, партыі і асобы. І з усімі імі ў нас ёсць сувязі.
Аляксей ЯНУКЕВІЧ, старшыня Партыі БНФ:
— Я лічу, што ўсё ж такі гэта тэорыя крыху састарэла, і зараз працоўныя не адыгрываюць такую вырашальную ролю, як гэта было на пачатку XX стагоддзя. Але, безумоўна, працоўны рух вельмі важны. У нас стасункі з ім вельмі моцныя. На шэрагу прадпрыемстваў ёсць нашы “апорныя” людзі. Як вядома, там нельга ствараць суполкі палітычных партый, але на многіх буйных прадпрыемствах (на тым жа Беларускім металургічным заводзе ў Жодзіне, на прадпрыемствах Гродна, МАЗе, Мінскім трактарным заводзе, на “Беларуськаліі”) у нас ёсць актывісты, якія распаўсюджваюць матэрыялы сярод працоўных і якія знаходзяцца ў сталым кантакце з імі, каб адчуваць настроі. Якраз у гэтай сферы у нас, магчыма, найлепшыя кантакты сярод усіх палітычных партый.
Юрый ГЛУШАКОЎ, прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду ад Беларускай партыі “Зялёныя”:
— Можа, каму падасца нясціплым, але менавіта наша партыя найбольш рашуча выступае ў абарону правоў і інтарэсаў працоўных. Я сам дзесяць гадоў адпрацаваў рабочым, таму ведаю ўсю гэтую “кухню”. Засталіся сувязі і мой асабісты вопыт, якія зараз і выкарыстоўваюцца. У нашай праграме таксама, дарэчы, шмат што датычыцца абароны працоўных, ды і сам я ў складзе незалежнага прафсаюза.
Віктар КАРНЯЕНКА, намеснік старшыні руху “За свабоду”:
— З рабочымі мы падтрымліваем сувязь толькі праз сяброў нашага руху, якія працуюць на прадпрыемствах. А спецыяльнай праграмы для супрацоўніцтва з працоўнымі фабрык і заводаў у нас, натуральна, няма. Мы ж не палітычная партыя. У нашага руху тры галоўныя мэты, і яны ніяк не звязаны з тымі ўстановамі, на якія вы спасылаецеся. Першая наша мэта — дамагчыся выбараў па стандартах АБСЕ. Другая — мы за рух у Еўропу. І трэцяя — замацаванне незалежнасці Беларусі. А спецыяльных праграм для прадпрыемстваў у нас няма. Паўтаруся, мы — не партыя.
Сяргей КАЛЯКІН, старшыня Беларускай партыі аб’яднаных левых “Справядлівы свет”:
— Калі вы памятаеце, то ў свой час была праведзена дэпартызацыя працоўных калектываў, што было зроблена, на жаль, дэмакратамі. Тады яны, напэўна, не разумелі, што ва ўмовах новай улады усё гэта можа вярнуцца бумерангам. І сёння на прадпрыемствах не могуць існаваць партыйныя суполкі ніякіх палітычных партый. Таму мы падтрымліваем з працоўнымі калектывамі сувязь праз тых членаў партыі, якія працуюць на прадпрыемствах. А іх даволі шмат. Аднак сказаць, што гэта сувязь вельмі цесная, было б няпраўдай. Больш працуем праз незалежныя прафсаюзы.
Ад рэдакцыі
Дык якія сувязі маюць палітычныя партыі і грамадскія рухі з працоўнымі калектывамі? З адказаў інтэрв'юіруемых нічога не зразумела. Мабыць, па-сапраўднаму цесных сувязяў у іх наогул няма. Тады аб якой перамозе можна гаварыць?
Алесь СВЯТЛАНІЧ, пятнiца 13 жніўня 2010 г.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
28 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |