15:03 05.02.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ЯК АДРОЗНІВАЮЦЦА ПЕНСІІ БЫЛЫХ ДЭПУТАТАЎ ВЯРХОЎНАГА САВЕТА АД ПЕНСІЙ ЭКС-ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ?
Сёння "Народная Воля" вырашыла даведацца, якую пенсію атрымліваюць тыя, хто ў розныя гады ўваходзіў у заканадаўчы орган Беларусі — Вярхоўны Савет БССР, Вярхоўны Савет суверэннай Беларусі і Палату прадстаўнікоў.
Каб нас ніхто не абвінаваціў у прадузятасці, мы вырашылі спытацца пра памер пенсіі непасрэдна ў саміх народных абраннікаў розных часоў. Вядома, што ў лістападзе 2006 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ "Аб штомесячным грашовым утрыманні асобнай катэгорыі дзяржаўных служачых", згодна з якім былыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў атрымалі права на пенсію, якая складае 65 працэнтаў ад заробку дзеючых дэпутатаў.
Аднак падчас апытання тыя нашыя суразмоўцы, якія засядалі ў Авальнай зале менавіта ў складзе гэтага заканадаўчага органа, называлі розныя лічбы памеру сваёй дэпутацкай пенсіі. Чаму? Неяк не верыцца, што ўказ Аляксандра Лукашэнкі гарантаваў розны дабрабыт гэтай катэгорыі пенсіянераў. Можа, хтосьці з былых "палатачнікаў" усё ж такі хітруе?
Валерый ФРАЛОЎ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў 2-га склікання:
— Ну колькі "Народная Воля" можа цікавіцца маёй пенсіяй? Апошнім разам атрымаў 2 мільёны 200 тысяч, прыкладна так. У свой час я атрымліваў генеральскую пенсію, але з'явіўся ўказ Лукашэнкі, і я падлічыў, што пенсія былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў значна большая за генеральскую. Таму ад генеральскай пенсіі я адмовіўся і атрымліваю дэпутацкую.
Наталля МАШЭРАВА, дэпутат Палаты прадстаўнікоў 2-га склікання:
— Якая пенсія зараз, нават і не скажу, толькі вярнулася з Масквы, студзеньскую пенсію яшчэ не атрымала. Да Новага года пенсія была менш за два мільёны. Калі б не дэпутацкая пенсія, я б атрымлівала сацыяльную, якая складае долараў 40—50. Справа ў тым, што, нягледзячы на мой 42-гадовы працоўны стаж, у мяне не было непарыўнага стажу на працягу 10 гадоў, патрэбнага пры налічэнні працоўнай пенсіі. У 1990-х гадах я згубіла працу... Але, атрымліваючы дэпутацкую пенсію, я не маю права працаваць. Альбо пенсія, альбо праца.
На мой погляд, параўноўваць пенсіі былых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Вярхоўнага Савета БССР не зусім правільна. Гэта тэма значна шырэйшая. Усё савецкае прапала. У людзей адабралі тое, што яны зарабілі. Мяняліся чыноўнікі, мяняліся правілы. Хіба былі ў савецкія часы такія жабрацкія пенсіі ў вучоных, акадэмікаў? Мой муж прафесар, уваходзіў у дзесятку лепшых фізікаў-нанаэлектроншчыкаў свету, ён працаваў у вобласці касманаўтыкі, атрымліваў заробак як мой бацька — першы сакратар ЦК КПБ. А сёння ягоная пенсія не дацягвае нават да 400 тысяч рублёў.
Палітыкі савецкіх часоў таксама апынуліся ў няпростай сітуацыі, хтосьці спецыяльнымі ўказамі атрымаў добрую пенсію, а большасць — не. Напрыклад, намеснік старшыні Саўміна БССР Ніна Сняжкова атрымлівала капеечную пенсію, мы ёй дапамагалі, колькі разоў займалі ёй грошы, бо на ежу не хапала…
Сяргей КАСЦЯН, дэпутат Палаты прадстаўнікоў 3-га склікання:
— Я мяркую, што самае неэтычнае — залазіць у чужую кішэню. Калі б на Захадзе вы да якога-небудзь дзеяча звярнуліся з такім пытаннем, вас бы арыштавалі. І не трэба казаць, што там гэтая інфармацыя ў адкрытым доступе. Лічыцца, што пра чужыя грошы, чужыя заробкі пытацца неэтычна. І я на гэтую тэму размаўляць не буду. Пра любую іншую, калі ласка...
(Мяркуем, што спадар Касцян наўмысна блытае боб з гарохам. Ніхто ў яго кішэню не лезе, рэч ідзе пра сацыяльную справядлівасць. — Рэд.)
Лілія КАШАНКОВА, дэпутат Палаты прадстаўнікоў 3-га склікання:
— У былых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пенсія такая ж, як і ў былых міністраў, у тых нават крышку большая. Усё адпаведна прэзідэнцкаму ўказу. Я ж сабе пенсію не ўстанаўлівала… Мне здаецца, што вы не па адрасе звярнуліся, гэтае пытанне трэба абмяркоўваць з тымі, хто распрацоўваў прэзідэнцкі ўказ, хто яго прапаноўваў. І потым, не так шмат дэпутатаў, каб абмярковаўваць гэтае пытанне.
Памер пенсіі напярэдадні Новага года хістаўся. То павялічыўся, то паменшыўся. Мяркую, што са студзеня ён будзе ўжо стабільны. 10 лютага атрымаем, будзем ведаць. Апошнім разам я атрымала крыху больш за адзін мільён…
Думаю, што не трэба вам падаграваць народ. Сёння не самая лепшая сітуацыя з пенсіённым забеспячэннем. Зрабіць так, каб усё ва ўсіх было аднолькавае, немагчыма. І калі сёння параўнаць, напрыклад, пенсіі былых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Вярхоўнай Рады Украіны, то ў нашых калег яна большая. І ў Літве, і ў Латвіі таксама большая. Дэпутаты — гэта людзі, якія зарэкамендавалі сябе. І я думаю, што прыйдзе час, ва ўсіх людзей будуць такія пенсіі.
* * *
У 1997 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт, які "замарозіў" пенсіі пяці былых кіраўнікоў Беларусі — Станіслава Шушкевіча, Георгія Таразевіча, Сямёна Шарэцкага, Мечыслава Грыба і Міхаіла Чыгіра. Вы ж ведаеце, якую прапаноўваюць сёння пенсію Станіславу Шушкевічу - 3200 рублёў.
А як жывуць сёння іншыя дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў, якую ім пенсію гарантавала новая беларуская ўлада? Якую пенсію выплачвае дзяржава народным абраннікам савецкіх часоў?
Міхаіл МАРЫНІЧ, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання:
— Я атрымліваю пенсію дзяржслужачага 1-га рангу. У маёй працоўнай біяграфіі ёсць такія пасады, як старшыня і намеснік старшыні Мінгарвыканкама, міністр знешнеэканамічных сувязяў, пасол Беларусі ў Латвіі. І пенсія мая невялікая, меней за адзін мільён.
Я лічу, што сёння не толькі мая, але і пенсіі былых дырэктараў буйных прадпрыемстваў, якія працавалі ў нялёгкія 1990-я гады, абясцэнены. А што тычыцца дэпутацкай пенсіі, то я нават на яе і не разлічваў. Але ж хіба можна параўноўваць, як працаваў Вярхоўны Савет 12-га склікання, з тым, як працуюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў? Мы змагаліся за ісціну, прынялі шэраг лёсавызначальных для краіны законаў. Гэта быў сапраўды абраны народам парламент. У ім засядалі і людзі ад улады, як, напрыклад, я, які балатаваўся ў дэпутаты, будучы намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, і лідэр БНФ Зянон Пазьняк. Мы не думалі пра асабістае, не вырашалі свае пытанні, а пякліся пра суверэнітэт Беларусі, лёс і будучае краіны.
Ніл ГІЛЕВІЧ, народны паэт Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1985—1990), Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га і 13-га скліканняў:
— Ніякія іншыя тэмы, акрамя лёсу беларускай мовы, я не абмяркоўваю. Нават пры вялікай-вялікай павазе да вашай газеты. Пенсія ў мяне нікчэмная, але тэма гэтая мяне не цікавіць. Усё сваё жыццё я аддаў беларускай мове, гэтым жыў і цяпер дажываю...
Станіслаў БАГДАНКЕВІЧ, былы старшыня Нацыянальнага банка Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання:
— Пенсія ў мяне як у былога старшыні Нацбанка чыноўніцкая. Яна вышэйшая за звычайную працоўную пенсію, але непараўнальна меншая, чым у тых чыноўнікаў, якія цяпер атрымліваюць пенсію згодна з указам Лукашэнкі "Аб штомесячным грашовым утрыманні асобнай катэгорыі дзяржаўных служачых" ад 30 лістапада 2006 года. Памер гэтых пенсій дасягае болей двух мільёнаў рублёў. Такія высокія пенсіі атрымліваюць тыя, хто служыць Лукашэнку. Гэта было кропкавае рашэнне, каму даць, а каму — не.
У свой час мне прыйшлося адстойваць сваю пенсію праз суд. Мне, як і Шушкевічу, пенсію даваць не хацелі. Хаця па законе былі абавязаны: я працаваў у дзяржустановах каля 40 год. Але калі у небезвядомым дэкрэце Лукашэнкі ад 1997 года прозвішча Шушкевіча ўзгадвалася, то маё — не. І магчыма, гэтая акалічнасць мела вялікае значэнне.
Калі я выйшаў на заслужаны адпачынак, а пенсію мне не прызначылі, звярнуўся ў суд. Многія былі ўпэўнены, што я суд прайграю. Але суддзя прыняў чэснае рашэнне, болей за тое, ён задаволіў маё патрабаванне спагнаць штраф у памеры 11 мільёнаў рублёў з Нацыянальнага банка, таму што менавіта гэтая ўстанова, згодна з заканадаўствам, павінна была падаваць дакументы ў райсабес на прызначэнне мне пенсіі дзяржслужачага, але не зрабіла гэтага. Грошы па маёй заяве былі пералічаны ў сталічны Дом для дзяцей з праблемамі слыху.
Анатоль ВЯРЦІНСКІ, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання:
— Мая пенсія залежыць ад таго, што я лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, а не дэпутат гістарычнага складу беларускага парламента — Вярхоўнага Савета 12-га склікання. Менавіта гэты парламент упершыню ў гісторыі Беларусі быў абраны дэмакратычным шляхам. Выбары былі альтэрнатыўнымі, у кандыдатаў была магчымасць праводзіць агітацыю, галасы выбаршчыкаў падлічваліся чэсна. На рахунку Вярхоўнага Савета 12-га склікання такія заканадаўчыя акты, як Дэкларацыя аб незалежнасці 1990 года, Канстытуцыя 1994 года, Закон аб новым найменні Беларусі (наша краіна пачала звацца не Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікай, а Рэспублікай Беларусь), гэты склад парламента прыняў новую сімволіку Беларусі — герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг...
Сітуацыю, якая склалася сёння вакол дэпутацкіх пенсій, несправядлівая, абсурдная, недарэчлівая. У тым плане, што тыя дэпутаты, якія сталі імі падчас прэзідэнцтва Лукашэнкі, атрымліваюць пенсіі ў разы большыя, чым мае калегі па Вярхоўным Савеце 12-га склікання. Я ўвогуле атрымліваў бы звычайную працоўную пенсію, але я — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і маю надбаўку за асаблівыя заслугі перад Радзімай. У выніку памер маёй пенсіі 700 тысяч рублёў.
Я, дарэчы, уздымаў у райсабесе пытанне, чаму мне як былому дэпутату, намесніку старшыні камісіі з запісам у працоўнай кніжцы "дзяржслужачы I класа" не выплачваюць такую ж пенсію, як дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Але зразумела, што адказу не атрымаў. Усім вядома, хто так цынічна падзяліў дэпутатаў, хто выдаў такі ўказ. Прычым, заўважце, Лукашэнка сам быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання, пяць з паловай гадоў правёў у Авальнай зале з тымі, у каго сёння пенсію адабраў…
Вольга ГРЫНЯВІЦКАЯ "Народная Воля" 3.02.2009 №17-18
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме