16:32 24.02.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Хаўер САЛАНА: «Нiводнага пытання пад сталом, усе пытаннi — на стале»
"Што гэта было?.." Пасля нашэсця на мiнулым тыднi ў беларускую сталiцу шматлiкiх еўрапейскiх гасцей многiя палiтыкi, палiтолагi i проста людзi, якiя цiкавяцца знешняй палiтыкай, спрабуюць знайсцi адказ на пытанне, чым выклiканы такi iнтарэс еўрапейскiх прадстаўнiкоў да нашай краiны?
…Ледзь увайшоўшы ў невялiчкi пакой мiнскага атэля Crown Plasa, дзе была прызначана сустрэча з некалькiмi журналiстамi, Вярхоўны камiсар ЕС па пытаннях знешняй палiтыкi, генеральны сакратар ЕС Хаўер Салана пацiкавiўся: "Як справы?" Гледзячы на задаволены выгляд аднаго з кiраўнiкоў Еўрасаюза, вельмi хацелася адказаць "Werry well!" альбо "Werry good!" ("Вельмi добра!"). Аднак давялося абысцiся традыцыйным: "Fifty-fifty". Альбо пяцьдзесят на пяцьдзесят, па-рознаму... Напэўна таму, што ўжо неаднойчы давялося сутыкацца з сiтуацыяй, калi вельмi аўтарытэтныя палiтыкi натхнёнымi выходзiлi пасля сустрэчы ў рэзiдэнцыi Аляксандра Лукашэнкi, але праз некаторы час натхненне пераўтваралася ў глыбокае расчараванне.
Таму не дзiўна, што першае пытанне да Хаўера Саланы было такiм:
— Якое вашае ўражанне ад Аляксандра Лукашэнкi?
— У нас з iм была вельмi доўгая сустрэча, i мне здаецца, вельмi канструктыўная. Мы абмяркоўвалi ўсе пытаннi, вельмi цяжкiя пытаннi. I я задаволены вынiкам. Мне здаецца, што беларускi прэзiдэнт жадае працаваць у межах праграм ЕС "Еўрапейскае партнёрства", i я спадзяюся, што ўсё зроблена i падрыхтавана, каб менавiта так i адбылося.
У мяне быў вельмi доўгi дзень. З ранiцы — вялiкая размова з лiдэрамi апазiцыi, потым сустрэчы з прэзiдэнтам, з мiнiстрам замежных спраў. Але самая доўгая сустрэча — больш за дзве гадзiны — размова з вашым прэзiдэнтам.
Я думаю, што гэта вельмi паўнавартасны вiзiт, i гэта мой першы вiзiт у Беларусь. Хаця ў мяне, зразумела, i раней былi кантакты i з прэзiдэнтам, i з мiнiстрам замежных спраў, з апазiцыяй, але за межамi Беларусi. Гэта першы вiзiт, i ён мае асаблiвае значэнне. Калi вы запытаецеся, з якiм настроем я з'язджаю, то я вельмi задаволены. Па-мойму, рашэнне прыехаць у Мiнск было добрым, гэта было правiльна — размаўляць напрамую з беларускiм кiраўнiком. Я вельмi задаволены, што прыехаў.
— А чаму вы прыехалi менавiта зараз?
— Таму што настаў 2009 год. Праграма "Усходняе партнёрства" ў гэтым годзе з'яўляецца прыярытэтам Еўрапейскага Саюза, i ваша краiна для нас вельмi важны партнёр. Як вы ведаеце, у нас былi цяжкасцi. Аднак у мiнулым годзе ў нас ужо было некалькi сустрэч, я некалькi разоў па тэлефоне размаўляў з вашым прэзiдэнтам, некалькi разоў сустракаўся з вашым мiнiстрам замежных спраў. I настаў час прыехаць, размаўляць шчыра i адкрыта з вашымi лiдэрамi i асаблiва з Аляксандрам Лукашэнкам.
Усе, з кiм я размаўляў, — i прадстаўнiкi апазiцыi, i кiраўнiцтва дзяржавы — хацелi б паляпшэння адносiн, больш цесных стасункаў памiж Еўрасаюзам i Беларуссю. I, у прыватнасцi, удзелу Беларусi ў праграме "Усходняе партнёрства". Трэба разумець: гэта працэс, гэта рух. I, я спадзяюся, рух у правiльным накiрунку. I калi я кажу, што я задаволены, то гэта азначае, што я задаволены менавiта тым, што рух, працэс пачаўся. Гэта вельмi важна.
— Калi гаварыць пра працэс зблiжэння Беларусi i Еўропы, цi можа быць наступным крокам вiзiт Аляксандра Лукашэнкi ў Прагу?
— Я не ведаю. Гэта пытанне краiны, якая старшынствуе ў Еўрасаюзе, яна i будзе вырашаць. Але я хацеў бы сказаць, што адносiны Беларусi i з Еўрасаюзам, i з краiнамi ЕС развiваюцца…
— I here... — пачынае наступную фразу Салана.
"Я здесь", — перакладае на рускую мову перакладчык, i нечакана Хаўеру Салане вельмi падабаецца, як гучыць гэтая фраза. "Я сдес, я сдес..." — некалькi разоў паўтарае ён. I сапраўды не верыцца, што мы вядзём размову ў Мiнску з былым кiраўнiком ваеннага блока НАТО, генеральным сакратаром Еўрасаюза, i ён распавядае пра сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, "апошнiм дыктатарам Еўропы", якая толькi-толькi адбылася. Сапраўды неверагодна!
— "Я сдес", — працягвае Хаўер Салана, — мiнiстр замежных спраў Сяргей Мартынаў толькi што быў у Берлiне, ён едзе ў Iталiю, будзе наведваць Брусель... Гэта значыць, дынамiка перспектыўная. Гэта не азначае, што ўсё вырашана, але гэта значыць, што пачаўся працэс па вырашэннi праблем, якiя iснуюць памiж Беларуссю i Еўропай.
— Нiбыта спецыяльна да вашага прыезду ў Мiнску адбылiся дзве важныя падзеi: былi разагнаны дзве дэманстрацыi, жорстка збiты маладыя людзi, а таксама два чалавекi, якiя толькi летам мiнулага года былi вызвалены як палiтзняволеныя, зноў трапiлi за краты — Аўтуховiч i Лявонаў. Цiск на апазiцыю працягваецца. Якая ваша рэакцыя на гэта?
— Усё, што трэба было сказаць у сувязi з гэтым, было сказана. Усе каментарыi, якiя трэба было зрабiць, зроблены. Усё, што трэба было крытыкаваць, крытыкавалася. I ўсё ж скажу, што пасля ўсяго гэтага вынiкi я лiчу канструктыўнымi.
— Вы сказалi, што з Аляксандрам Лукашэнкам абмяркоўвалiся розныя пытаннi, у тым лiку цяжкiя. Хацелася б, каб вы канкрэтызавалi: што маецца на ўвазе пад "цяжкiмi пытаннямi"?
— Я не хацеў бы пераказваць прыватныя дыскусii, прыватныя размовы, якiя ў мяне былi. Мы, безумоўна, бачым пазiтыўныя моманты ў Беларусi, i пра гэта было сказана. Але застаюцца i цяжкiя, нявырашаныя пытаннi, i мы таксама iх абмяркоўвалi. I я спадзяюся, што сустрэчы i абмеркаванне працягнуцца. Вельмi важная сустрэча павiнна адбыцца ў сакавiку, i я не выключаю, што мы перагледзiм стасункi памiж Беларуссю i ЕС. У тым лiку будуць абмяркоўвацца i праблемы правоў чалавека. У нас з'явiлiся добрыя камунiкацыi, добрыя кантакты. I нiводнае пытанне не застаецца пад сталом — усе на стале. Мы ўсё абмяркоўваем адкрыта, i я спадзяюся, што ёсць жаданне вырашаць гэтыя праблемы.
Я не хачу канцэнтраваць увагу на сабе, але ўсё ж такi дазвольце адзначыць: мой вiзiт важны.
— Цi ёсць нейкае яскравае ўражанне, якое вы везяце з Мiнска?
— Я прыляцеў вельмi позна вечарам. Але я прыляцеў з расплюшчанымi вачыма. Я цудоўна ведаў, чаму i навошта гэта раблю.
Помню, як ехаў у горад з аэрапорта. Да першага павароту мы ехалi на поўнач, а потым павярнулi, i я быў ужо па шляху на Захад. Ззаду заставалася Масква, наперадзе — Польшча, Берлiн... Я бачыў палi i мог добра ўявiць i ваенныя дзеяннi, якiя тут былi, i пакуты народа... Падчас вайны з Напалеонам, падчас Другой сусветнай вайны... I я думаў пра ўсё гэта, пакуль мы ехалi ў горад.
— Калi ўжо размова зайшла пра Маскву, то вядома, што ў Расii неадназначнае стаўленне да праграмы "Еўрапейскае партнёрства", там баяцца пашырэння ўплыву Еўрасаюза. З-за таго, што памiж Беларуссю i Масквой адносiны саюзнiкаў, не ўсе прадстаўнiкi беларускай уладнай элiты падтрымлiваюць далучэнне нашай краiны да праграмы "Усходняе партнёрства"? Цi абмяркоўвалiся гэтыя праблемы з Аляксандрам Лукашэнкам i Сяргеем Мартынавым?
— Мы з прэзiдэнтам пра праграму "Усходняе партнёрства" размаўлялi вельмi адкрыта. Тыдзень таму я быў у Маскве i тлумачыў усе iдэi "Усходняга партнёрства" расiйскiм лiдэрам. I хачу вам сказаць, што 2009 год з'яўляецца вельмi важным, у тым лiку i ў стасунках памiж Расiяй i Еўрасаюзам.
— Цi можаце вы сабе ўявiць, што Беларусь можа стаць членам Еўрасаюза?
— Я нiколi не думаў пра гэта. I нiхто, з кiм я сёння сустракаўся, не задаваў мне гэта пытанне. Мы гаварылi толькi пра праграму "Партнёрства". Але для Еўрасаюза усходняя частка Еўропы вельмi важная. I "Усходняе партнёрства" вельмi важны праект, у ягоных межах можна шмат што зрабiць у эканамiчным, у гандлёвым плане. I менавiта такая мэта ў нас сёння. Сёння далей за гэтую мэту нiхто не пойдзе. (Перакладчык асаблiва падкрэслiваў iнтанацыяй слова "сёння", бо ў Еўропе зараз вядуцца актыўныя дыскусii, што стане вынiкам праграмы "Еўрапейскае партнёрства". Многiя эксперты не выключаюць, што наступным крокам будзе ўступленне краiн — членаў "Усходняга партнёрства" ў Еўрапейскi Саюз. — Рэд.).
— Раней знешняя палiтыка Беларусi была арыентавана пераважна на Усход. Чым вы тлумачыце цяперашнi паварот на Захад?
— Тлумачыць — гэта не мая справа, гэта павiнны рабiць iншыя людзi. Але я вельмi задаволены такiм паваротам, бо памiж Беларуссю i Еўропай няма нiчога несумяшчальнага. Глядзець на Захад — гэта не значыць, што нельга глядзець на Усход. I наадварот. Гэта не гульня з аднiм пераможцам, дзе адзiн выйграе, а iншы губляе. Усе могуць выйграць.
— Якая стратэгiя ёсць у ЕС у адносiнах да Беларусi? Цi падрыхтаваны да падпiсання нейкiя дакументы?
— Пачаўся працэс, якi на самай справе не мае нейкага вызначанага вектара. Гэта толькi накiрунак для нас, i з апошнiм прыпынкам мы пакуль не вызначылiся. Мы яго вызначым потым.
Мой вiзiт на самай справе цягнуўся пяць гадзiн, мы не гаворым, што гэты былi паўнавартасныя перамовы. Я прыехаў у Мiнск, каб абмяняцца меркаваннямi, якiм чынам мы — Беларусь i ЕС — будзем весцi перамовы. Не чакайце, што паперы ўжо на стале. Ёсць жаданнi i чаканнi. Гэта пакуль не паперы, не дакументы. Мы зрабiлi больш важнае — настроiлiся на адну хвалю, што нашмат больш важна, чым напiсаць паперы. Нешта напiсаць — пытанне тэхнiчнае, другаснае.
— Аляксандр Лукашэнка, будучы ў Магiлёве, заявiў, што для яго непрымальныя перамовы з ЕС на ўмовах беларускай апазiцыi…
— Вы ведаеце тое, што ён сказаў перад тэлекамерамi, адказваючы на пытаннi прадстаўнiкоў СМI. А я вам скажу, што ён сказаў мне. Ён сказаў: "Мы хочам прамых перамоў з Еўрапейскiм Саюзам. Без унутраных i мiжнародных пасрэднiкаў". Як я гэта пракаментую? Я як прадстаўнiк Еўрасаюза вельмi задаволены, што ён хоча са мной размаўляць.
Святлана КАЛIНКIНА"Народная Воля"24.02.2009 №29-30
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме