23:15 29.03.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ХАВАЦЬ АД ДЗЯЦЕЙ, або ГІСТОРЫКІ З “НАРОДНАЙ ВОЛІ”
Па просьбе аднаго з сваіх чытачоў “Народная Воля” ў нумары за 25 – 28 сакавіка надрукавала тэкст невядомага аўтара “Так паўставала Беларуская Народная Рэспубліка”.
Аўтар пачынае здалёк – ад стварэння ў акупаванай немцамі Вільні Беларускага народнага камітэта. Сярод яго членаў названы братыЛуцкевічы, браты Станкевічы, Канстанцыя Буйло і Максім Гарэцкі.
Не буду казаць за ўсіх трох братоў Луцкевічаў (Івана, Антона і Сцяпана), што ж тычыцца Івана ды Антона Луцкевічаў, дык напісана шчырая праўда. А вось братоў Станкевічаў я штось не прыгадваю. Калі на ўвазе маюцца Ян і ксёндз Адам Станкевічы, дык братамі яны не былі. Апроч таго, Ян Станкевіч быў “забрыты” ў царскае войска і толькі ў канцы 1917 года здолеў (смелы чалавек!) перайсці лінію фронту і вярнуцца ў Вільню. Што ж тычыцца святара Станкевіча, дык той – студэнт духоўнай акадэміі – вучыўся да 1918 г. у Пецярбургу, што, праўда, не замінала яму браць актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці на падрасійскай тэрыторыі Беларусі. Канстанцыя ж Буйло ў 1915–1916 гг. жыла ў Полацку. Мабілізаваны ў царскае войска, Максім Гарэцкі ў канцы верасня 1915 г. (а якраз у гэтым месяцы немцы ўвайшлі ў Вільню) быў накіраваны ў Пскоў, а ў наступным месяцы – на пазіцыі (з канца студзеня 1916-га ён стане курсантам Паўлаўскага ваеннага вучылішча). Усе гэтыя звесткі можна знайсці ў 4-м томе Збору твораў Максіма Гарэцкага. А што тычыцца Канстанцыі Буйло і “братоў Станкевічаў”, дык іхнія біяграмы маюцца ў Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі ды ў Энцыклапедыі гісторыі Беларусі.
У наступным абзацы можна прачытаць, што першым сярод тагачасных палітыкаў ідэю поўнай незалежнасці Беларусі выказаў Вацлаў Ластоўскі. А мы грэшным чынам думалі, што ідэя незалежнай дэмакратычнай рэспублікі была сфармулявана ў канцы 1903 года аўтарамі праграмы Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады. (Тэкст праграмы надрукаваны ў кнізе Фёдара Турука “Белорусское движение», якая выйшла ў свет у 1921 г. у Маскве; у 1994 годзе яе перавыдалі ў Мінску).
У чарговым абзацы сцвярджаецца, што беларускія прадстаўнікі на канферэнцыях народаў Расіі ў Стакгольме і Лазане “паставілі пытанне пра будучую палітычную самастойнасць” Беларусі ўпершыню на міжнароднай арэне. Што ўпершыню – не спрачаюся. Але, наколькі мне помніцца, да Лазанскай канферэнцыі быў напісаны рэферат наконт Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора. І наогул, Беларускі народны камітэт, пра які ўжо згадвалася, трымаў курс на палітычную самастойнасць не ўласна Беларусі, а Беларуска-Літоўскага краю. З адпаведнымі тэкстамі старшыні камітэта Антона Луцкевіча можна пазнаёміцца ў яго кнізе “Барацьба за вызваленне”.
Чытаем новы абзац, у якім паведамляецца пачаў працу 15 снежня 1917 г. Магчыма, гэта памылка друку, бо нам вядома, і пра тое Энцыклапедыя гісторыі Беларусі піша, што першае пасяджэнне Усебеларускага з’езду пачалося 5 снежня паводле старога стылю.
Далей можна даведацца, што Раду Ўсебеларускага з’езду ўзначаліў Язэп Лёсік...
Карацей, амаль у кожным абзацы ананімнага тэксту “Так паўставала Беларуская Народная Рэспубліка” ўтрымліваецца нейкая фактычная памылка. Мусіць, аўтар і сам усведамляў сваю некампетэнтнасць ці, скажам мякчэй, сваю недастатковую кампетэнтнасць у гэтым пытанні і таму не рызыкнуў падпісацца.
А прычым тут дзеці? – пытаецца каторы чытач. Ды дзеці вераць надрукаванаму. Не толькі школьнік, але і студэнт можа спаслацца на тэкст, змешчаны ў “Народнай Волі”, як на аўтарытэтную крыніцу: маўляў, калі напісана ў газеце – значыць, праўда. Вось чаму тэкст “Так паўставала Беларуская Народная Рэспубліка” трэба хаваць ад дзяцей.
Анатоль Сідарэвіч
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
24 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |