09:55 03.02.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Грыб: «Невінаватаму чалавеку прапануюць адкупіцца ад злачынства, якое яшчэ не даказанае»

Як можна ацаніць некаторыя новыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс? Які эфэкт можа мець норма, паводле якой уводзіцца дасудовае пагадненьне са сьледзтвам пра супрацоўніцтва? Ці не дае гэтая норма надта шмат паўнамоцтваў сьледчым? На гэтыя пытаньні адказвае генерал міліцыі ў запасе былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб.

— Якія з паправак падаюцца вам найбольш важнымі? Дамова са сьледзтвам, магчымасьць заплаціць матэрыяльную шкоду і пазьбенуць тым самым зьняволеньня?

— Магчыма, у гэтых зьменах і ёсьць пэўны сэнс, але ўсё залежыць ад таго, як яны будуць выконвацца і ў чые рукі трапяць. Калі зьмяншаць чалавеку пакараньне ў абмен на супрацоўніцтва са сьледзтвам, то можа стацца, што некаторыя пачнуць гэтым карыстацца, агаворваць іншых, каб выблытацца самім. Гэта будзе не на карысьць барацьбе са злачыннасьцю.

Па-другое, ніводзін грамадзянін Беларусі на тэрыторыі нашай краіны ня можа быць прызнаны вінаватым да тае пары, пакуль ягоная віна ня будзе даказаная ў судзе і судовае рашэньне ўступіць у сілу. Да гэтага часу чалавек лічыцца невінаватым. Нягледзячы на тое, што ён затрыманы, знаходзіцца ў сьледчым ізалятары і гэтак далей. Пакуль па ягонай справе рашэньне суду не ўступіла ў законную сілу, ён па нашым заканадаўстве і Канстытуцыі лічыцца невінаватым.

Але паводле новых зьменаў невінаватаму чалавеку прапануюць унесьці грошы, адкупіцца ад злачынства, хаця яшчэ не даказана, што ён яго ўчыняў. То бок сьледчыя органы выконваюць тут судовыя функцыі.

— Гэта ў цяперашніх беларускіх умовах можа стварыць глебу для карупцыі і новых парушэньняў правоў грамадзянаў?

— Канечне! Я разумею так: калі падазроны супрацоўнічае са сьледзтвам, раскайваецца, паводзіць сябе станоўча — суд можа вынесьці рашэньне з улікам гэтага ўсяго. Сказаць — калі ты кампэнсуеш страты, якія нанёс дзяржаве ці іншаму грамадзяніну, то мы табе скароцім тэрмін ці ўвогуле вызвалім ад адказнасьці. Але гэта павінен рабіць суд, а ня сьледзтва.

У цэлым гэта нармальная норма, у многіх краінаў сьвету так робіцца. Бо мэта — перавыхаваць чалавека, каб ён больш такога не рабіў. І калі ён у працэсе сьледзтва, суду дакажа, што зьмяніўся, кампэнсаваў страты — дык, можа, і ня трэба яго пазбаўляць волі. Але гэта павінен вырашаць той, хто мае права судзіць. А сьледзтва ня мае права судзіць. Вось цяпер яму даюць такое права. І я думаю, гэта ня вельмі добра.

Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме