20:15 03.12.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Грыб: Ніякая ўлада ня вартая чалавечых жыцьцяў і крыві (Адказы на пытаньні слухачоў Радыё Свабода)
На пытаньні слухачоў адказаў былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі, генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб, які ў свой час меў дачыненьне да раскрыцьця справы віцебскага сэрыйнага забойцы Міхасевіча. Тады, на пачатку 80-х, 13 чалавек былі незаконна асуджаныя, а адзін прысуджаны да сьмяротнага пакараньня і расстраляны.
Прысуд Канавалаву і Кавалёву зноў ставіць пытаньне пра існаваньне ў Беларусі сьмяротнага пакараньня і пра судовыя памылкі, якія немагчыма выправіць. Справу "віцебскага маньяка" Міхасевіча апэратыўна-сьледчай групе пад кіраўніцтвам Мечыслава Грыба ўдалося раскрыць толькі праз 15 гадоў пасьля першага забойства. За гэты час 13 чалавек былі незаконна асуджаныя, а адзін прысуджаны да сьмяротнага пакараньня і расстраляны.
Менавіта Мечыслаў Грыб як старшыня Вярхоўнага Савету падпісаў першую Канстытуцыю незалежнай Беларусі, якую прынялі 15 сакавіка 1994 году.
Мечыслаў Грыб
Нарадзіўся 25 верасьня 1938 году ў вёсцы Савічы, цяпер Дзятлаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Скончыў Львоўскае пажарна-тэхнічнае вучылішча (1959), юрыдычны факультэт БДУ (1967). Працаваў інспэктарам міліцыі Пліскага райвыканкаму Віцебскай вобласьці (з 1959), у органах унутраных спраў Віцебску і Віцебскай вобласьці (1962–1981). З 1981 – начальнік Упраўленьня аховы грамадзкага парадку МУС БССР, з 1985 – начальнік Упраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму. У студзені 1985 году ўзначаліў апэратыўна-сьледчую групу па раскрыцьці наўмысных забойстваў жанчын на тэрыторыі Віцебскай вобласьці, якія зьдзяйсьняліся ў 1971–1985 гадах. У сьнежні 1985 году ўдалося выявіць і затрымаць злачынца Генадзя Міхасевіча, выхадца зь Мёрскага раёну. Былі даказаныя зьдзейсьненыя ім забойствы 43 жанчын. Сьледзтвам таксама было выяўлена, што па гэтай справе 13 чалавек былі незаконна асуджаныя, а Мікалай Цярэня прысуджаны да расстрэлу і расстраляны. Суд рэабілітаваў 12 незаконна асуджаных.
Генэрал-лейтэнант міліцыі – першы ў Рэспубліцы Беларусь (1993).
Абіраўся дэпутатам раённага, гарадзкога, абласнога Саветаў дэпутатаў (1973–1981). У 1990 годзе стаў дэпутатам ВС БССР XII скліканьня. Член Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, старшыня Сталай камісіі па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, абароны і барацьбы з злачыннасьцю. Пераабраны народным дэпутатам у 1995 годзе. Старшыня Вярхоўнага Савету (студзень 1994 – студзень 1996).
Пад старшынствам Грыба Вярхоўны Савет 15 сакавіка 1994 году прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Акадэмік грамадзкай Міжнароднай акадэміі кіраўнічых і арганізацыйных навук (1994), старшыня Беларускай Эўраатлянтычнай Асацыяцыі, член Беларускага Хэльсынскага камітэту. У 1996 годзе пераабраны дэпутатам Вярхоўнага Савету, сябра Камісіі міжнародных спраў. Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" (1996), першы намесьнік старшыні партыі (1999–2006). Пасьля сьмерці Генадзя Карпенкі ўзначальваў Нацыянальны выканаўчы камітэт (ценявы ўрад, створаны апазыцыяй). Падчас выбарчай кампаніі 2001 году ўзначаліў структуры незалежнага назіраньня за выбарамі. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году – у штабе кандыдата ў прэзыдэнты, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна.
Каталік. Жанаты, двое дзяцей, двое ўнукаў.
Заслужаны юрыст РБ (1994). Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада".
* * *
Андрэй Горад: Асіповічы
Добры дзень!Адкажыце, калі ласка, на пытанні: 1) Чаму Вы не ўдзельнічалі ў выбарах Прэзідэнта РБ у 1994 г.? 2) Чамы Вы як Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі, другая асоба ў краіне, не адстаялі мову і нацыянальныя сімвалы ў маі 1995 г.? 3) Ці з'яўляліся Вы найвышэйшай асобай у Беларусі ў студзені-ліпені 1994 г.? 4) Ці скарацілася ў Вас ахова пасля абрання Прэзідэнта ў 1994 г.? 5) Што Вы думаеце аб далейшым палітычным развіцці Беларусі? Дзякуй.
М. Грыб
1) Гэта пытаньня ня новае. Я ня ўдзельнічаў у выбарах прэзыдэнта, таму што лічыў сябе непадрыхтаваным да гэтай высокай пасады. У мяне на той час яшчэ не была сфармавана свая каманда і праграма, зь якой я мог бы ісьці на выбары.
2) Старшыня Вярхоўнага Савета пры прэзыдэнцкай уладзе ня меў тых паўнамоцтваў, якія былі раней. Але і раней Вярхоўны Савет складаўся з 347 дэпутатаў, і гэтыя дэпутаты сваёй большасьцю вырашалі, прыняць гэта рашэньні ці не прыняць. А па асабліва важных пытаньнях яны прымалі канстытуцыйна важныя рашэньні дзьвюма трацінамі галасоў. Не ўсё ад мяне залежала. Але гэта быў рэфэрэндум, галасавалі выбаршчыкі, гэта быў адносна дэмакратычны рэфэрэндум.
3-4) Ахова ў Старшыні Вярхоўнага Савета была невялікая. Пасьля абраньня прэзыдэнта яшчэ скарацілася. У мяне асабіста пасьля гэтага ў ахове было ўсяго 5 чалавек: старшы капітан і 4 афіцэры.
5) Я аптыміст, і я веру, што Беларусь павінна разьвівацца добра, я веру ў яе добры лёс. Але яе чакае добры лёс, калі яна будзе разьвівацца ў бок Эўразьвязу, за захад, а не на ўсход. Там маюцца тэхналёгіі, прамысловасьць, распрацоўкі і г.д.
Александр Колядко Горад: Гомель
Паважаны Мечыслаў Іванавіч!
Позвольте задать Вам вопрос, который уже традиционно задаю гостям «Свободы».
Готовы ли Вы поддержать коллективное требование 65-ти блогеров о созыве Всебелорусского народного собрания НА ПОДЛИННО ДЕМОКРАТИЧЕСКОЙ ОСНОВЕ?
И если да, то готовы ли войти в состав Редакционной комиссии, которая инициативно подготовит проект Указа президента, на подписании которого будет предложено СОЛИДАРНО НАСТАИВАТЬ всем демократическим силам страны?
Относящиеся к вопросу материалы Вы можете найти по ссылке:
http://kolyadko.livejournal.com/66554.html
Большое спасибо!
М. Грыб
Я ня супраць, я стаю за дэмакратыю, і ўсе дэмакратычныя пачынаньні гатовы падтрымаць, калі яны не выходзяць за рамкі заканадаўства
Вольга Горад: Менск
Як Вы ставіціся да калабарантаў?
М. Грыб
Да калябарантаў я заўсёды ставіўся і стаўлюся адмоўна. Я не падтрымліваю іх, у якім выглядзе яны б ні існавалі.
Одиссей.
Уважаемый Мечислав Иванович, Вы как человек видевший многое и переживший многое, первый генерал милиции Беларуси... хотелось бы услышать Вашу точку зрения на методы по смене власти. Мне кажется, что Вы из той обоймы людей которые уже отбоялись своё и могут высказать свою точку зрения просто и открыто не лавируя и не пресмыкаясь как большинство политических интриганов (входящих к сожалению в оппозиционные круги). Мой прогноз таков: смена беларуского режима не обойдётся без большой крови, подобные диктаторы заканчивают свой путь на свалку истории под грохот выстрелов. В конце концов самозванца и его окружение постигнет участь Чаушеску... Так может следует говорить об этом открыто, и готовить общество к подобному финалу хунты вместо неких лицемерных дискуссий о "торжестве светлых демократических выборов"? С уважением к Вам...
М. Грыб
Аўтар гэтага пытаньня мае рацыю, бо гістарычны вопыт мае цэлы шэраг прыкладаў, калі аўтарытарныя рэжымы зьмяняліся прымусова, з ужываньнем сілы. Але я як чалавек і грамадзянін мяркую: няхай Бог бароніць нас ад гэтага, бо ніякая ўлада ня вартая чалавечых жыцьцяў і чалавечай крыві.
Мікіта
Спадар Мечыслаў, скажыце, калі ласка, ці бачыце Вы магчымасць канстытуцыйным шляхам выйсці з той сітуацыі, якая склалася на Беларусі? У прынцыпе ці магчыма негвалтоўным шляхам змясціць узурпатара Лукашэнку?
Дзякуй Вам за адказ.
М. Грыб
Магчымасьць зьмены ўлады канстытуцыйным шляхам існуе, тэарэтычна і практычна. Напрыклад, калі будзе зьмененае заканадаўства, калі прадстаўнікі палітычных партый атрымаюць магчымасьць увайсьці ў склад выбарчых камісій, у Цэнтральную выбарчую камісію, калі яны змогуць кантраляваць выбарчы працэс, калі будзе справядлівы падлік галасоў, можа быць абраны справядлівы парлямэнт, ад парлямэнта можа далей такім жа шляхам быць абраны іншы прэзыдэнт. Гэта ніколі ня трэба выключаць, да гэтага трэба імкнуцца, пра гэта трэба казаць. Самае цяжкае, калі пральецца кроў. Можа праліцца і кропля, але за кропляй могуць праліцца і рэкі крыві. Мяне гэта не задавальняе, я да гэтага не заклікаю.
Яраслаў Горад:: Бешанковічы
Дайце, калі ласка, ацэнку (як юрыст) незаконным дзеянням улады па выкраданню і захопу людзей на вуліцах (калі людзі у цывільнай вопратцы не прадстаўляючыся хапалі людзей). Што, на Вашую думку, абавязкова трэба будзе зрабіць у паслялукашэнкаўскай Беларусі з гэтымі людзьмі ды з Аркашам Куляшовым каб у далейшым ніколі не паўтарылася падобнае?
М. Грыб
Усе праваахоўчыя органы павінны дзейнічаць у адпаведнасьці з заканадаўствам. Наша заканадаўства на сёньняшні дзень не дазваляе гэтага рабіць. Супрацоўнік праваахоўчых органаў павінен прадставіцца і сказаць, за што чалавека затрымліваюць.Але гэтыя нормы адкінутыя, людзей хапаюць невядомыя, разьмяшчаюць у транспарт без нумарных знакаў, адвозяць у пастарункі. З аднаго боку, гэта незаконна, а з другога боку, гэта давала людзям права аказваць людзям супраціў. Чалавек мае права на самаабарону. Пасьля зьмены ўлады ня трэба ўсіх раўняць на адзін капыл, усіх супрацоўнікаў міліцыі лічыць вінаватымі, гэта будзе няправільна. Трэба прыцягнуць да адказнасьці канкрэтных людзей за канкрэтныя ўчынкі. Гэта датычыць усіх кіраўнікоў дзяржавы.
Іван Іванавіч
Паважаны спадар Грыб, якімі рэальнымі метадамі (г.зн. якія могуць мець поспех, хаця б і лакальны ў маштабе аднаго канкрэтнага выканаўцы) можна паспрабаваць аказаць ціск на судзьдзяў, следкаў, шараговых выканаўцаў антызаконных "заказаў пахана"? а) унутры краіны б) з вонку.
М. Грыб
Усе судзьдзі і праваахоўныя органы павінны выконваць закон, ад іх гэта трэба патрабаваць. Рэч у тым, што за вялікі час існаваньня СССР і аўтарытарнай улады ў Беларусі людзі звыкліся, што іх правы парушаюцца, што нідзе праўды не даб’есься. Калі б кожны чалавек настойліва дабіваўся аднаўленьня парушаных правоў, пісаў ва ўсе інстанцыі, у нас была б зусім іншая атмасфэра.
Узьдзейнічаць асуджэньнем і скаргамі, але гэтага няма. Дарэчы, я абараняў свае правы. І калі ў мяне аднялі адвакацкую ліцэнзію, прайшоў усе суды Беларусі, зьвярнуўся ў камітэт па правах чалавека ААН, прайшло 7 год, як яны пацвердзілі маю рацыю, даслалі мне гэтыя дакумэнты.
Mikolla Горад:: Minsk
Добры дзень! Хачу задаць вам наступныя пытанні: 1) Вашыя адносіны да смяротнага пакарання? 2) Пракаментуйце дзеянні праваахоўцаў у Крупках; 3) На колькі я ведаю, следства па раскрыццю тэрарыстычных актаў з'яўляецца найбольш складаным і вымагае вельмі шмат працы і часу. Ці не падаецца вам, што улада паспяшалася з вынясеннем вердыкту? Ці з'яўляюцца для вас пераканаўчымі тыя факты, якія былі прадастаўленыя следствам? І апошняе, ці змяніліся вашыя адносіны да прэзідэнта пасля 19 снежня 2010 года. Дзякуй!!!
М. Грыб
1) Адмоўныя. Я падпісваю ўсе заявы і пэтыцыі, якія людзі ініцыююць супраць сьмяротнага пакараньня. Я лічу, што ніякая дзяржава не давала жыцьця чалавеку і ніколі ня дасьць.
Я за вялікі досьвед сваёй працы ў праваахоўных органах пераканаўся, што ў выніку судовай памылкі гінуць нявінныя людзі, прыкладам, у Полацку быў расстраляны чалавек за забойства дзяўчыны, якога ён не зьдзяйсьняў. Мне сорамна, што наша краіна знаходзіцца ў часе Сярэднявечча, бо ва ўсёй Эўропе няма сьмяротнага пакараньня, 80 краінаў не ўжывае сьмяротнага пакараньня, і нічога там ня здарылася, злачыннасьць ня вырасла ў разы. Ад гэтага яны бяднейшымі ня сталі. Але ў нас свой шлях: эканамічны, палітычны, і відаць, судовы.
2) Зразумела, цяжка там нешта камэнтаваць, бо я гэтых пратаколаў ды матэрыялаў ня бачыў, сачыў ў СМІ. Калі ўсё так, як было адлюстравана ў СМІ, то гэта дзікунства, парушэньне правоў чалавека, амапаўцаў проста расьпірала ад той ўлады, якую яны адчулі.
3) Мне таксама цяжка даваць ацэнку сьледчым органам, суду, бо я не знаёмы з матэрыяламі гэтай справы. Што тычыць прысуду, то гэты прысуд быў не толькі юрыдычны, але і палітычны. Гэты прысуд быў узгоднены з кіраўніцтвам краіны. Не было адказаў на тыя пытаньні, якія ўздымалі адвакаты падчас сьледзтва, а значыць выносіць такі вырак вельмі небясьпечна. Артыкул 289 Крымінальнага кодэкса РБ прадугледжвае альтэрнатыўныя тэрміны пакараньня: 8-20 гадоў, пажыцьцёвае зьняволеньне, сьмяротнае пакараньне. Але суд абраў апошняе. Можа, гэта пачатак нейкага сцэнару з памілаваньнем? Але ў мяне такая думка, што суд вынес вырак не толькі падсудным Канавалаву і Кавалёву, але і ўсёй уладзе. Ён паказаў, якая ў нас улада. Увесь сьвет адгукаецца на гэтае рашэньне.
4) У мяне адносіны з кіраўніком дзяржавы былі сапсаваны канчаткова ў 1995 і яны не зьмяніліся пасьля 19 сьнежня 2010 года.
Ананім
Ці лічыце Вы правільнай адстаўку ў пачатку 1994 г. Станіслава Шушкевіча? Якія асноўныя памылкі Шушкевіча Вы маглі б назваць?
М. Грыб
Гэта не зусім карэктнае пытаньне, я ў добрых стасунках з Шушкевічам, і лепш бы ён сам адказаў на гэтае пытаньне. Але на маю думку, у яго не атрымлівалася знаходзіць кантакт і наладжваць агульную працу з кіраўніцтвам ураду. Ён і ўладу не забіраў сабе, і ўраду гэтую ўладу не аддаваў. Ішла цяганіна. Гэта не было на карысьць працы, і дэпутаты гэта бачылі. Ён, здаецца, падтрымліваў БНФ, але і канчаткова да іх не прыхіліўся, быў самастойны. І тут гэты выпадак з фарбай як нагода для адстаўкі. Тады ж гэта было проста зрабіць. Дэпутат устаў на сэсіі Вярхоўнага Савета на пачатку і ўнёс пытаньне пра пасаду Старшыні Вярхоўнага Савета, паставілі на галасаваньне, 25% дэпутатаў прагаласавала – і пытаньне ўключылі ў парадак дня. А там палова дэпутатаў прагаласавала супраць старшыні, а яго няма – усё рабілася звычайна і вельмі проста.
GeneralKartoshkiГорад: Drazdi
GospodinGrib,kakviotnosites` knovoispe4ennim "generalam-gubernataram"? Kakvidumaete,onidejstvitelnogordyatsyaetimzvaniem? Ponimayutlioni 4toLukashenkoprostovpalvdetstvoireshilpoigrat``volovyannihgeneral4ikov" ? Ilitamnaverhuvsedegenerati?
М. Грыб
Я на гэтую тэму падрыхтаваў некалькі артыкулаў у інтэрнэце на сайце Трыбунал Беларусі. Я лічу, што гэтае тэрытарыяльнае войска ў 120 тысяч нерэальна, вельмі накладна, асабліва калі сарцавіну гэтага войска будуць складаць бізнэсоўцы – гэта наогул недарэчнасьць. Я думаю, гэта зроблена для таго, каб яны грошы аддалі на ўтрыманьне гэтага войска. Гэта немэтазгодна хоць таму, што народ цяпер вельмі незадаволены, а даваць яму ў рукі агнястрэльную зброю неабачліва, бо невядома, куды ён назаўтра гэтую зброю паверне. Гэтыя людзі жывуць у сем’ях, а не ў казармах, яны ведаюць, як цяжка хадзіць у краму, як цяжка працаваць, як мала плацяць. А што тычыцца генэралаў – гэта недарэчнасьць, бо званьне генэрал-губэрнатараў было ў Расіі. Пасьля падаўленьня Пугачоўскага паўстаньня Кацярына ІІ увяла гэтае званьне, але ня ўсе губэрнатары былі генэрал-губэрнатарамі. Генэрал-губэрнатары былі сапраўднымі вайскоўцамі і кіравалі некалькімі губэрнямі. Якое гэта дачыненьне мае да нас? У нас нават і губэрняў няма! Ну і апошняе, і за часамі СССР найвышэйшае званьне ў запасе было палкоўнік, нікому генэралаў не прысвойвалі. Кожны чалавек можа стаяць на вайсковым уліку да пэўнага ўзросту. З тых, каму прысвоілі гэтыя званьні, ніхто ўжо не падлягае ваеннаму ўліку, яны даўно ў адстаўцы.
Nedeputat Горад:: Mensk
Спадар Грыб, распавядзіце калі ласка, чаму вы так варожа ставіліся да ідэі нацыянальнага Адраджэньня і цалкам не падрымлівалі дэпутатаў парламенцкай апазіцыі Беларускага Народнага Фронту, у прыватнасьці Зянона Пазьняка?
Як вы аднесліся да ўтварэньня ГКЧП у 1991 годзе?
М. Грыб
Я ня ставіўся варожа да Народнага фронту, я проста быў ня з той каманды, але я цікавіўся, узяў зь іх прыклад і вывучыў беларускую мову. А што да Зянона Пазьняка, у мяне не было пытаньняў да яго, мы сустракаліся і размаўлялі, варожасьці не было адназначна. А што да ГКЧП, я ўспрыняў стрымана. У Вярхоўным Савеце былі розныя падыходы: адны за на чале з старшынём, БНФ катэгарычна супраць. Я паразважаў і далучыўся да тых, хто супраць.
БР
Считаете ли вы осуждённых за теракт в метро невиновными. То есть, считаете ли вы, что эти двое были правоохранительными органами арестованы абсолютно наобум, случайно, из сотен тысяч квартир в Минске именно эту выбрали от балды?
М. Грыб
Мабыць, аўтар не зусім дасьведчаны. Гэтыя дзьве асобы займаліся сваёй злачыннай дзейнасьцю на працягу 10 год, гэта не адзін дзень. Яны не хаваліся, жылі як звычайныя людзі, выпівалі, танчылі і вольна сябе паводзілі. І іх не маглі злавіць. Магчыма, гэты выбух 11 красавіка паспрыяў таму, што іх затрымалі. Але гэта толькі маё меркаваньне. Але такое хуткае затрыманьне пасьля выбуху насьцярожвае, напіхвае на думку, што за гэтым нехта стаіць. Я так мяркую, бо пасьля камэнтароў журналістам, якія я даў з нагоды выбуху, мяне выклікалі ў пракуратуру горада, дапыталі ў якасьці сьведкі, хаця я там нідзе ня быў і нічога не бачыў, і папярэдзілі, каб я больш на гэтую тэму не выступаў. Нечага баяліся.
Былы кулак Горад: ЭЗ
Пан генэрал, у маім раду камуністы аднаго растралялі ў 1938 г., яшчэ 7 родзічаў пасадзілі на катаргу будаваці вам камунізм у канцлягерох - усе да 1998 г. пасьмяротна рэгабілітаваныя. Ці не лічыце вы, што экскамуністы завялі РБ у балота і ў Беларусі надыйшоў час усіх камуністаў рэпрэсаваці і пасажаці на катаргу будаваці капіталізм, іх майно адабраці і разбудоўваці беларускую дзяржаву з нуля, паклікаўшы з-за мяжы нас з больш каштоўным генафондам нацыі( мы ў ЭЗ ўжо разжыліся да ўзроўню міліянэраў у эўрах)?
М. Грыб
Я не лічу, што вінаваты ўсе камуністы. Сярод камуністаў таксама ёсьць людзі зусім не вінаватыя. Проста шараговыя камуністы працавалі і верылі, што будуюць нешта сьветлае. За што ж тады іх рэпрэсаваць? Хто з камуністаў мае дачыненьне да крымінальных злачынстваў, той і павінен адказваць. Усе рэформы трэба рабіць з чыстымі намерамі, а не з помстай.
Франак Нырка Горад: Мінск
Тры пытанні, прабачце за нахрапістасць.
1. Ці лічыце Вы сябе здольным (па стану здароўя) узначаліць рух па абмежаванню прэзідэнцкай улады праз абранне сапраўдна дзеючага парламента?
2. Ці верыце Вы, што час такіх абмежаванняў у грамадстве саспеў?
3. Ці верыце Вы ў тое, што магчыма пераадолець любыя выбаркамаўскія недакладнасці агульнымі простымі, сціплымі, кароткачасовымі, нерызыкоўнымі дзеяннямі, кшталту сарганізаваных націсканій на выключальнікі ў кватэрах, або яшчэ чымсці падобным?
М. Грыб
Я лічу, што шляхам націсканьня на выключальнікі ў кватэрах ці сьвечак на падваконьні нашу ўладу не праймеш, яна рэагаваць на гэта ня будзе. Нашы людзі гэтага нават не зразумеюць і рабіць ня будуць. Хіба частка, але асноўная маса ня будзе на гэта рэагаваць. Я ня супраць руху па абмежаваньні прэзыдэнцкай улады, але яго можа ўзначаліць маладзейшы чалавек, я б мог прыняць удзел у гэтым руху і дапамагчы сваім досьведам, ведамі. А вера заўсёды павінна быць, безь яе жыць немагчыма.
Ананім
Сегодня в Белорусском институте правоведения начались репрессии против инакомыслящих. Выгоняют неугодных государству преподавателей, давят на свободномыслящих студентов.
Как известно, вы тоже преподавали в данном ВУЗе, однако не долго. С чем это связано? Козни администрации БИПа?
М. Грыб
Я там быў дацэнтам на катэдры крымінальнага права і выкладаў некаторы час, адносіны былі нармальныя з тагачасным рэктарам. Але праз колькі месяцаў ён мяне запрасіў і паведаміў, што яму паставілі ўмову: калі Грыб не звольніцца, БІП зачыняць. Я і звольніўся.
Ананім
Як вядома, у 1994 годзе дэпутаты БНФ выступалі супраць увядзення прэзідэнцкае ўлады і адмовіліся галасаваць за гэтую частку Канстытуцыі.
Цяпер праз 17 гадоў, Вы гатовыя прызнаць, што Пазьняк быў правы?
М. Грыб
Я падкрэсьлю, што на сёньняшні дзень на ўсёй постсавецкай прасторы ўсе дзяржавы прэзыдэнцкія. І нават у балтыйскіх краінах ёсьць прэзыдэнты, і не такія слабыя. Мы не маглі быць выключэньнем. Ня трэба было кідацца з галавой у вір, трэба было на ваду падзьмуць, каб не апячыся, трэба было зрабіць запіс у канстытуцыі, што першы прэзыдэнт абіраецца Вярхоўным саветам РБ, паглядзець, што з гэтага атрымаецца, а пасьля пераходзіць на ўсенароднае абраньне. Але гэта было немагчыма, апазыцыя была супраць.
Юля
Добры дзень. Алкаеў у сваім інтэрвію лічыць, што віна даказаная. І пытаньне толькі ў тым "ці ён вар'ят, або яму нехта даў гарантыі". Ці ёсьць юрыдычныя (доказныя) прычыны сумнявацца, што выканаўца менавіта Канавалаў? Ці верыце Вы, што Лукашэнка можа памілаваць іх?
М. Грыб
Я лічу, што можна сёньня пагадзіцца з высновамі Алкаева, бо ў мяне няма ніякіх доказаў, што выканаўцам выбуху быў не Канавалаў. Іншая справа, можа, яны хворыя, а можа, за імі нехта стаіць. Я не выключаю, што Лукашэнка можа іх памілаваць, для яго гэта выгадны акт, ён нічога не губляе, а набывае сабе дывідэнтаў як з боку захаду, так і з усходу. На мой погляд, гэта яму выгадна.
Вэб-рэдактар
На гэтым прыём пытаньняў скончаны. Дзякуй усім, хто браў удзел у онлайн-канфэрэнцыі
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |