11:01 19.09.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Грыб: Калі б ведалі, што так выйдзе, — можа, і ня варта было ядзерную зброю аддаваць
«Калі б я захацеў, то цягам двух дзён расейскія войскі маглі б быць ня толькі ў Кіеве, але і ў Рызе, Вільні, Таліне, Варшаве і Бухарэсьце», — заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін украінскаму прэзыдэнту Пятру Парашэнку. Наколькі дапушчальныя такія выказваньні з вуснаў кіраўніка дзяржавы? Ці адэкватна ацэньвае Ўладзімер Пуцін вайсковыя магчымасьці Расеі? На гэтыя пытаньні адказвае былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыслаў Грыб.
— Наколькі ўласьцівыя такія выказваньні кіраўнікам дзяржаваў? Ці можна сказаць, што гэта нешта неардынарнае ў сусьветнай практыцы — прынамсі, у мірны час?
— Наколькі я разумею, такія выказваньні кіраўніка любой дзяржавы — не зусім нармальныя, мякка кажучы. Бо кожны кіраўнік дзяржавы — гэта найперш палітык і дыплямат, ён павінен думаць, перш чым нешта сказаць.
Зразумела, гэта ўсё магчыма — увесьці расейскія войскі. Але ж войскі ў адказ можа ўвесьці і НАТО на тэрыторыю Расеі. Аднак гэта вайна, гібель людзей — каму гэта патрэбна, навошта, дзеля чаго? У маё разуменьне такія выказваньні Пуціна неяк ня ўкладваюцца.
— Ці можна меркаваць, што Пуцін не зусім адэкватна ацэньвае вайсковую і геапалітычную моц Расеі? І ён сапраўды лічыць, што расейскія войскі могуць захапіць розныя эўрапейскія краіны?
— Я думаю, Пуцін ня вельмі рэалістычна ацэньвае вайсковую моц Расеі. Так, яны могуць заваяваць Крым, іхнія войскі мацнейшыя за войскі Ўкраіны, Беларусі. Але што тычыцца краінаў Эўразьвязу, то яны ўсе — сябры НАТО. А ў статуце НАТО напісана, што напад на адну зь дзяржаваў блёку азначае напад на ўсю арганізацыю. А калі супастаўляць сёньня ваенныя магчымасьці Расеі і НАТО — то гэта вельмі розныя велічыні.
— Вы былі ў 1994 годзе кіраўніком Вярхоўнага Савету, першай службовай асобай у дзяржаве. Ці былі ў вашай палітычнай практыцы такія моманты, калі палітыкі іншых краінаў казалі нешта падобнае да гэтых словаў Пуціна?
— Я такіх выказваньняў ня памятаю. Тады быў такі час, пасьля распаду СССР, калі ўсе ў пасьлясавецкіх краінах казалі, што нам нічога і ніхто не пагражае, становішча вакол мірнае, і нам няма чаго асьцерагацца. Казалі нават, што нам і войска асабліва не патрэбнае.
Бачыце, мы ж тады, і Беларусь, і Ўкраіна, і Казахстан, добраахвотна аддалі сваю ядзерную стратэгічную і тактычную зброю. Калі б тады ў нас былі думкі, што зброя павінна нам застацца, бо яна можа засьцерагчы нас ад агрэсіі суседзяў — дык, можа, мы б яе і не аддавалі. Ня важна, што ў нас не было ключоў ад ядзерных узбраеньняў — зрабілі б, для вучоных гэта нескладаная задача. Але ж усе былі ўпэўненыя, што ўсё будзе вырашацца мірным шляхам, ніхто на чужыя землі тады не прэтэндаваў.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме