12:46 16.07.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Грунвальд, наша слава... 15 ліпеня — 600 год вялікай перамогі нашых продкаў над крыжакамі
Для народаў Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны гэта вялікае свята. Водгулле той гістарычнай бітвы не заглухла ў вяках. 15 ліпеня 1410 года войскі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага ўшчэнт разбілі армію Тэўтонскага (Нямецкага) вайскова-манашаскага рыцарскага ордэна дзяржавы ў Паўднёвай Прыбалтыцы. У выніку ліквідавана пагроза нападаў агрэсіўных крыжакоў на нашу дзяржаву ВКЛ, землі заходніх і ўсходніх славян.
Тэўтонскі ордэн
...У другой палове ХІІ стагоддзя Тэўтонскі ордэн, які спачатку дзейнічаў у Палесціне, стварыў на тэрыторыі ад нізоўяў Віслы да мяжы Жамойціі (заходняя і цэнтральная часткі цяперашняй Літвы) і да Мазовіі на поўдні сваю дзяржаву, падпарадкаваную германскаму імператару. Мэта гэтай дзяржавы — заваёва новых зямель і хрышчэнне апошніх язычнікаў у Еўропе — жыхароў Прыбалтыкі, а таксама падпарадкаванне зямель Польшчы і ВКЛ.
Частка балцкага племені прусаў на тэрыторыі Тэўтонскага ордэна была знішчана, частка анямечана, частка ратавалася ўцёкамі ў лясістыя раёны на землях цяперашніх заходніх рэгіёнаў Беларусі. Потым, разам з балтамі і яцвягамі, уцекачы паступова ўвайшлі ў склад ліцвінскай (пазней беларускай) народнасці.
Полацкаму княству ўдалося адбіць наступ з поўначы другога крыжацкага ордэна — мечаносцаў. Тады гэты ордэн аб’яднаўся з Тэўтонскім і стаў яго паўночным аўтаномным аддзелам — Лівонскім ордэнам.
Другая палова XIII—XIV стагоддзяў — гэта перыяд пастаянных войнаў літоўскай (беларускай) дзяржавы з крыжакамі — тады шмат цярпелі ад пастаянных набегаў крыжакоў нашы землі. У 1382 годзе тэўтонцы ўсё далей паглыбляліся на ўсход, захапілі значную частку Жамойціі. Такім чынам тэрыторыі Тэўтонскага ордэна і Лівоніі былі злучаны, а гэта павялічыла небяспеку для нашага Вялікага Княства.
Адначасова Тэўтонскі ордэн вёў агрэсіўную палітыку ў дачыненні да Польшчы, захопліваючы яе землі. Гэта аб’ектыўна стварала ўмовы для заключэння дзяржаўнага саюза паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай.
14 жніўня 1385 года ў замку ў беларускім мястэчку Крэва вялікі князь літоўскі Ягайла (Якаў) у прысутнасці польскіх паслоў выдаў акт аб уніі (саюзе) паміж Вялікім Княствам і Польшчай. Ягайла дамовіўся аб шлюбе з польскай каралевай Ядвігай і, перайшоўшы з праваслаўя ў каталіцтва, станавіўся каралём Польшчы і абавязваўся хрысціць па-каталіцку язычнікаў. Варта адзначыць: акт Крэўскай уніі быў толькі папярэднім актам пра наступныя адносіны Літвы, а не актам злучэння абедзвюх дзяржаў.
Зацверджаны быў 2 лютага 1386 года на з’ездзе прадстаўнікоў абедзвюх дзяржаў у Любліне і фармальна ўвайшоў у сілу. Далейшыя палітычныя падзеі прымусілі караля польскага Уладзіслава ІІ (Ягайлу) і вялікага князя літоўскага Вітаўта ўрэшце аб’яднаць свае сілы. У канцы снежня 1408 года падчас сустрэчы ў Наваградку на патаемнай нарадзе Ягайлы з Вітаўтам было вырашана вярнуць назаўсёды Літве Жамойцію, захопленую крыжакамі.
У канцы мая 1409 года ў Жамойціі, якая на той час знаходзілася пад кіраўніцтвам нямецкага войска, узнялося паўстанне. Вітаўт падтрымаў паўстанне, Ягайла і польскія феадалы таксама сталі на бок паўстанцаў, неафіцыйна ім дапамагаючы.
Вялікая вайна 1409—1411 гадоў
Ягайла прапанаваў Тэўтонскаму ордэну вырашыць спрэчныя пытанні трацейскім судом і запатрабаваў, каб рыцары не нападалі на Жамойцію. Пасольства Ягайлы перадало вялікаму магістру ордэна гэтыя ўмовы і заявіла, што ў выпадку іх непрыняцця Польшча падтрымае Вялікае Княства Літоўскае. У адказ вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген заявіў, што пачне ў такім выпадку вайну з Польшчай...
Фармальна вайна была абвешчана 6 жніўня 1409 года ў сталіцы ордэнскіх зямель Мальборку (Марыенбургу). Так пачалася “Вялікая вайна” паміж Тэўтонскім ордэнам рыцараў-крыжакоў з аднаго боку і Польшчай ды Літвой — з другога. Ваенныя дзеянні разгарнуліся ўжо 16 жніўня. Тэўтонцы напалі на Добжынскую зямлю і атакавалі там польскія пазіцыі. Крыжацкае войска разбіла на тэрыторыі Новай Маркі (ля ракі Одры) паспалітае апалчэнне. Са свайго боку, войскі Вітаўта ўступілі ў Жамойцію, каб дапамагчы паўстанцам.
У снежні 1409 года Ягайла і Вітаўт сустрэліся ў Берасці. Там быў распрацаваны план летняй кампаніі 1410 года, заснаваны на аб’яднанні польскага войсковага досведу з літоўскай і татарскай стратэгіяй і тактыкай. Быў выбраны і тэатр ваенных дзеянняў з тэрыторыі Мазовіі як асновы вайсковых аперацый. План прадугледжваў паход на сталіцу Ордэна — Марыенбург і правядзенне вырашальнай бітвы на ордэнскай тэрыторыі дзеля знішчэння ўсіх узброеных сіл Ордэна, а затым заключэнне выгаднага міру з аслабленай дзяржавай крыжакоў. Жамойція лічылася другарадным тэатрам ваенных дзеянняў, і туды былі накіраваны нязначныя вайсковыя сілы.
Напачатку войскі Вітаўта за некалькі тыдняў ачысцілі Жамойцію ад рыцарскіх залогаў. Адбываліся ваенныя дзеянні і ў Польшчы на мяжы з Ордэнам. У верасні 1409 года вайсковыя аперацыі былі спынены, а паміж Польшчай і Ордэнам было падпісана перамір’е, якое мела сілу да дня святога Яна Хрысціцеля (24 чэрвеня 1410 года). Перамір’е, на жаль, не тычылася Літоўскай дзяржавы.
Вырашальнай была летняя кампанія 1410 года. Абодва бакі рыхтаваліся да яе сур’ёзна. Тэўтонскі ордэн выкарыстаў перамір’е, каб у краінах Еўропы набыць зброю, гарматы, харчаванне. Наймаліся вайсковыя атрады ў розных краінах, склікалася мясцовая апалчэнне.
Рыхтаваўся і польска-літоўскі бок. Збіраліся рыцары абедзвюх дзяржаў, атрады баяраў (сярэдніх і дробных феадалаў), вайсковых людзей. У Белавежскай пушчы было праведзена паляванне, каб нарыхтаваць для паходу засоленае мяса.
Склад саюзнай арміі і войска тэўтонаў
У кампаніі 1410 года ўдзельнічала галоўная армія Тэўтонскага ордэна пад камандаваннем самога вялікага магістра У.фон Юнгінгена. Яна складалася з 51 харугвы — агульным лікам 21 тысячы конных рыцараў, 6 тысяч пехацінцаў і артылерыстаў, а таксама каля 5 тысяч чэлядзі ў абозе. Армія крыжакоў была лепш узброена і мела добры баявы досвед. Яна ўключала рыцараў і наёмнікаў з Германіі, Англіі, Францыі, Швейцарыі і іншых краін Еўропы.
Армія саюзнікаў — Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага — налічвала 31.500 чалавек, не лічачы ўзброенай чэлядзі ў абозе, артылерыстаў і татарскіх атрадаў з Літвы — з ваколіц Вільні, Гародні, Ліды і іншых мясцовасцяў (да 2 тысяч чалавек). Польская рыцарская конніца складала 18 тысяч чалавек, а пяхоты 2 тысячы. Літоўская (беларуская) конніца — 11 тысяч, пяхота — 500 чалавек. У складзе польскага войска былі і чэшска-мараўскія атрады.
Саюзнае войска складалася з 90 харугваў. З іх 50 харугваў — у польскім войску, у тым ліку 7 украінскіх (з Галіцыі, што ўваходзіла тады ў склад Польскага каралеўства). 40 харугваў налічвала войска ВКЛ, у тым ліку — 28 літоўскіх, 8 украінскіх і 4 з памежжа, дзе нашы продкі складалі значную частку насельніцтва.
У расійскай і савецкай гістарычнай літаратуры памылкова згадваюцца тры “рускія” — смаленскія харугвы (палкі) як “расійскія”. Між тым слова “рускія” на пачатку XV стагоддзя не азначала тое, што цяпер. Гэта зараз Смаленск знаходзіцца пад маскоўскай уладай, а тады ён не ўваходзіў у склад Маскоўскага вялікага княства. Падчас бітвы пад Грунвальдам Смаленск быў у складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рускага (такая яго афіцыйная назва, як і ў пачатку 1919 года, пры ўтварэнні БССР). І жылі на Смаленшчыне нашчадкі крывічоў, такіх жа, як у цяперашняй Беларусі, і гаварылі на такой жа — крывіцкай (беларускай) — мове.
Да таго ж толькі ў хроніцы Яна Длугаша з апісаннем Грунвальдскай бітвы названа спачатку адна Смаленская харугва (пры пераліку войска, у 10-й і 11-й кнігах хронікі). Потым, падчас апісання ходу бітвы, Длугаш гаворыць ужо пра тры харугвы “рыцараў рускіх з Смаленска”.
Мсціслаўскі князь Сымон Лугвен Альгердавіч камандаваў у Грунвальдскай бітве, па-сучаснаму кажучы, беларускімі палкамі, у тым ліку з Мсціслава, Оршы і Смаленска (трыма смаленскімі палкамі, згаданымі Длугашам). Паколькі ў гэты час ён быў таксама і князем Вялікага Ноўгарада, то прывёў з сабой і атрад адтуль. Аднак у іншых крыніцах гаворыцца то пра мсціслаўска-смаленскія харугвы, якімі камандаваў князь Сымон Лугвен Альгердавіч, то пра тры полацка-смаленскія палкі. Таму іх характар не выклікае сумненняў.
Тлумачыцца захапленне з боку расійскіх гісторыкаў згадкай пра смаленскія палкі, каб залічыць іх у склад расійскіх воінаў (дарэчы, у пачатку XV стагоддзя не было і самой назвы “Расія”).
Ян Длугаш гаворыць пра склад харугваў войска Вялікага Княства Літоўскага і пра іх сцягі. “Амаль кожная з іх мела ў гербе на чырвоным полі ўзброенага мужа, які сядзіць на белым, на чорным альбо на рудым ці стракатым кані і патрасае руку з мечам”. Гэта — апісанне герба “Пагоня”, што быў на сцягах Вялікага Княства на Грунвальдскім полі. Толькі дзесяць харугваў мелі іншы герб і адрозніваліся ад астатніх трыццаці. Былі на іх на чырвоным полі намаляваныя знакі, якімі Вітаўт звычайна адзначаў сваіх коней. Гэта былі гербы літоўска-жамойцкай галіны дынастыі Гедыміна.
Ян Длугаш пералічвае харугвы (але не ўсё) войска Вялікага Княства Літоўскага і Рускага. “Называліся ж тыя харугвы адны ад назваў зямель літоўскіх: троцкая, віленская, гарадзенская, ковенская, лідская, медніцкая, смаленская, полацкая, віцебская, кіеўская, пінская, наваградская, берасцейская, ваўкавыская, драгічынская, мельніцкая, крамянецкая, старадубская, іншыя ж насілі назвы ад асобаў князёў літоўскіх, якіх Вітаўт вызначыў як камандуючых, а менавіта: Жыгімонта Карыбута, Сымона Лугвена, Юрыя”. Дарэчы, Длугаш двойчы называе харугву Жыгімонта Карыбута — у польскім войску (як 51-ю) з гербам “Пагоня” (“на чырвоным полі муж у зброі, які сядзіць на кані”) і ў ліцвінскім. А гэта адна і тая ж харугва пляменніка Ягайлы — Жыгімонта Карыбута Дзмітрыевіча.
Гісторыкі і пісьменнікі спрабавалі называць харугвы з розных месцаў ВКЛ, аднак дакументаў не захавалася. Таму найбольш пашыраны назвы па маёнтках ці княствах, якімі валодалі князі ў войску Вялікага Княства Літоўскага.
Грунвальдская бітва
Пасля адпаведнай падрыхтоўкі ў апошнія дні мая 1410 года ў Гародні пачалі збірацца палкі літоўскіх зямель і княстваў. Адсюль войска Вітаўта канчаткова сабралася ля вытокаў ракі Нараў, а адтуль ужо праз мазавецкія землі выйшлі да Чэрвеньска на Вісле, дзе і сустрэліся з польскім войскам (гэта адбылося на пачатку ліпеня). Далей саюзнае войска рушыла на тэрыторыю Тэўтонскага ордэна. Урэшце 15 ліпеня 1410 года на полі каля вёскі Грунвальд і сустрэлася з войскамі нямецкіх рыцараў...
На полі бою конніца Вялікага Княства Літоўскага і Рускага складалася, як і польская, з феадалаў-баяраў, ваенна-служылых людзей — баяраў путных (а не ўсіх жыхароў дзяржавы — гэта было не ўсеагульнае апалчэнне). Таму і войска было не такім вялікім у параўнанні з усім насельніцтвам дзяржавы. У складзе войска былі і стральцы — лучнікі і простыя воіны-пехацінцы. Вітаўт быў намінальным камандуючым, яго намеснікам быў вядомы палкаводзец князь Сымон Лугвен Альгердавіч. Камандавалі групамі харугваў Манівід, Пётр Гаштольд, князь Іван Жадзівід, а татарамі — Джэлал-ад-Дзін.
Саюзнікі сшыхтаваліся ў тры лініі на фронце за 2 кіламетры на поўдзень ад Таненберга да Людвіксдорфа. На левым крыле саюзнага войска стаялі польскія харугвы. Правае крыло складалі ліцвінскія харугвы і татарская конніца. Пры гэтым у цэнтры, ля правага флангу польскіх харугваў, стаялі віленская, троцкая і тры смаленска-мсціслаўскія харугвы.
Крыжакі таксама сшыхтаваліся ў тры лініі, але потым, каб пашырыць фронт на 2,5 кіламетра, перашыхтаваліся ў дзве лініі паміж Грунвальдам і Таненбергам. Перад крыжацкай конніцай была пастаўлена пяхота і бамбарды (артылерыя). А на самым перадзе былі выкапаны ямы, зверху прыкрытыя фашынамі і прысыпаныя зямлёй, каб перашкодзіць атацы конніцы праціўніка.
У 9 гадзін раніцы 15 ліпеня 1410 года першай у бой пайшла першая лінія літоўскага войска — лёгкая конніца, якая ўдарыла на левы фланг крыжакоў, дзе стаялі 15 харугваў на чале з вялікім маршалам Фрыдрыхам фон Валенродам. Частка ж войска Вітаўта засталася ў рэзерве.
У бой уцягнулася значная частка нямецкіх сіл. Некаторыя з ліцвінскай конніцы трапілі ў пасткі-ямы, дзе многія былі паранены ці забіты, бо ў ямах былі ўбіты ў зямлю завостраныя калы. Але агульны націск гэтай конніцы быў такі моцны, што былі захоплены бамбарды крыжакоў. У хроніцы Быхаўца пра гэты этап бітвы гаворыцца: “І пачалася бітва спачатку паміж немцамі і літоўскімі войскамі, і шматлікая колькасць воінаў з абодвух бакоў — літоўскіх і нямецкіх — загінула”.
У бітву ўступілі другая і трэцяя лініі войска Вялікага Княства Літоўскага. На працягу цэлай гадзіны адбываўся бой паміж лёгкай конніцай Вітаўта і цяжкай конніцай крыжакоў. Пад націскам свежых сіл крыжакоў лёгкія конныя аддзелы Вітаўта адступілі да Любенскага возера, прыцягваючы да сябе ворагаў. Гэта была звычайная тактыка літоўскіх і татарскіх атрадаў — змучыць цяжкую конніцу праціўніка нібыта пагоняй, парушыць яе баявыя парадкі, а потым вярнуцца на поле бою. Астатнія атрады войска Вітаўта (а іх было большасць) працягвалі бітву побач з польскімі атрадамі, якія стрымлівалі, а потым і атакавалі галоўныя сілы крыжакоў.
Асабліва напружана разгортвалася бітва на левым крыле арміі Вітаўта. Тут пад камандаваннем мсціслаўскага князя Сымона Лугвена Альгердавіча мужна змагаліся тры смаленска-мсціслаўскія харугвы (або інакш “гуфы”). Ян Длугаш пра гэта запісаў: “Хоць пад адною харугваю іх высеклі жахлівым чынам, а сцяг іх быў утаптаны ў зямлю, аднак у дзвюх астатніх, змагаючыся з вялікай мужнасцю, як належыць мужам і рыцарам, выйшлі пераможцамі і далучыліся да аддзелаў польскіх”. Дарэчы, у іншых хроніках, у адрозненне ад Длугаша, гэтыя палкі не згадваюцца як толькі смаленскія. М.Стрыйкоўскі піша пра гэты эпізод бітвы інакш: “Смаленская, троцкая шляхта, віленская з гроднянамі, бачачы ўжо літоўскі шыхт слабы і змешаны, цешачы адзін другога, адразу перайшлі да справы, і з крыжакамі зноў пачалі бой крывавы”.
На другім этапе бітвы польскае войска пачало цяжкі бой з правым флангам рыцараў (20 харугваў на чале з вялікім комтурам Куна фон Ліхтэнштэйнам). Быў момант, калі ўпаў вялікі каралеўскі сцяг. Рыцары, што вярнуліся з пагоні за лёгкай конніцай Вітаўта, ужо рыхтаваліся святкаваць перамогу, але польскія харугвы разам з войскам Вітаўта працягвалі весці зацяты бой.
У бітву былі ўведзены новыя польскія аддзелы, якія знаходзіліся ў рэзерве. Да іх далучыліся аддзелы Вітаўта, якія вярнуліся на поле бою. Гэтыя сілы акружылі і знішчылі частку нямецкіх рыцараў, што вярнуліся з пагоні за літоўскімі атрадамі. Над полем гучаў радасны вокліч саюзнікаў: “Літва вяртаецца!” Тым не менш гэта быў крытычны момант.
У апошняй фазе бітвы саюзнікі ахоплівалі галоўныя сілы крыжакоў і іх другую лінію на чале з самім вялікім магістрам ордэна Ульрыхам фон Юнгінгенам. Польскія харугвы з левага боку, літоўскія і ўкраінскія — справа збівалі нямецкіх крыжакоў з іх пазіцый і знішчалі.
У баі адзін з простых воінаў Вітаўта, наблізіўшыся да вялікага магістра, усадзіў у яго сваю рагаціну і скінуў з каня... Смерць галоўнага кіраўніка ордэна акрыліла саюзнікаў. Шэсць крыжацкіх харугваў на чале з вялікім шпітальнікам Вернерам фон Тэтынгемам кінуліся ўцякаць. Сотні рыцараў здаваліся ў палон. Былі забіты ў баі кіраўнікі і палкаводцы ордэна вялікі маршалак Фрыдрых фон Валенрод, вялікі комтур Куна фон Ліхтэнштэйн, загінулі амаль усе кіраўнікі акругаў і большасць войтаў Тэўтонскага ордэна. Рэшткі крыжацкага войска пасля шасцігадзіннага бою пачалі хутка адыходзіць да свайго ўмацаванага лагера — Валенбурга, а шмат хто ў паніцы ўцякаў з поля бою.
У 7 гадзін вечара 15 ліпеня 1410 года бітва пад Грунвальдам скончылася ўзяццем польскай і літоўскай пяхотай Валенбурга ля Грунвальда. Тэўтонскі ордэн быў разгромлены. Конніца саюзнікаў да самай ночы даганяла недабіткаў...
След у стагоддзях гэтай бітвы мае і вайсковы, і палітычны аспект. Вайсковае значэнне яе цяжка пераацаніць.
Гісторыкі лічаць, што пад Грунвальдам (у нашых летапісах — каля Дуброўны) загінула 18 тысяч нямецкіх рыцараў-крыжакоў, воінаў і абознай чэлядзі, 14 тысяч было ўзята ў палон. Былі захоплены ўсе бамбарды і 52 крыжацкія харугвы. Выратавалася ўсяго крыху болей за 1400 чалавек, якім удалося ўцячы ў Марыенбург.
Палітычнае значэнне Грунвальдскай бітвы яшчэ большае. Была спынена агрэсія крыжакоў на Польшчу і Літву.
Набегам нямецкіх рыцараў на нашы землі быў фактычна пакладзены канец. Для нашых народаў праблема захавання была вырашана. Цяпер ім не пагражала вынішчэнне альбо анямечванне.
У эканамічным жыцці Вялікага Княства таксама наступіў пералом.
Былі адкрыты шляхі праз Балтыйскае мора да еўрапейскіх гандлёвых гарадоў, што паўплывала на гаспадарчае развіццё тэрыторый, бліжэйшых да мора.
Пасля Грунвальдскай бітвы пачаўся палітычны ўпадак Тэўтонскага ордэна, які ўжо не здолеў займаць такое міжнароднае становішча, як раней.
...Пасля разгрому ордэнскага войска пачаліся перамовы аб міры. 1 лютага 1411 года ў Торуні ён быў заключаны. Паводле яго Тэўтонскі ордэн павінен быў вярнуць Польшчы Добжынскую зямлю (на паўночны захад ад Варшавы), Ягайлу і Вітаўту вяртаў Жамойцію (праўда, пакуль што ў іх пажыццёвае ўладанне) і выплачваючы пераможцам кантрыбуцыю — 100 тысяч коп грошаў пражскіх (капа — 60 сярэбраных грошаў, кожны па 2,7—2,9 грама серабра).
Усё гэта было нашмат менш таго, на што разлічвалі пераможцы, бо ў вайсковым лагеры пры аблозе Марыенбурга ў ліпені 1410 года кароль Уладзіслаў ІІ (Ягайла) адмысловым актам перадаваў Вітаўту і Вялікаму Княству Літоўскаму і Рускаму Жамойцію да самага Балтыйскага мора, таксама ўсходнія землі прусаў разам з Кёнігсбергам (Караляўцом), гэта значыць — усю цяперашнюю Калінінградскую вобласць.
Тым не менш Тэўтонскі ордэн быў аслаблены, а ў 1525 годзе спыніў сваё існаванне як дзяржава. Яго тэрыторыя стала васальным герцагствам Прусія ў дачыненні да польскага караля.
Дарэчы, гэты ордэн хоць і цяпер існуе, але амаль ніхто не ведае пра гэтую арыстакратычную царкоўна-дабрачынную арганізацыю...
Перамога пад Грунвальдам мела далёкасяжныя наступствы. Пяцьсот гадоў нямецкія жаўнеры не прыходзілі на тэрыторыю сучаснай Беларусі — да самай Першай сусветнай вайны.
Пры Вітаўце наша сярэдневяковая дзяржава выйшла на сусветна-міжнародную арэну, стала еўрапейскай дзяржавай, з якой лічыліся каралі, германскі імператар і рымскі папа. Умацаваліся яе культурныя сувязі з Еўропай.
Бітва пад Грунвальдам апісана ў айчынных летапісах. Яна была працягам усталявання нашых вайсковых традыцый, прыкладам чаго з’явілася славутая бітва пад Оршай 8 верасня 1514 года і перамога над ворагам падчас Лівонскай вайны.
Анатоль ГРЫЦКЕВIЧ, доктар гістарычных навук, прафесар
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
29 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |