21:31 12.11.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Грамада скардзіцца ў ААН на дэкрэт супраць «дармаедаў»









Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) накіравала спэцыяльнаму дакладчыку ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклашу Харашці дасьледаваньне ў справе прэзыдэнцкага Дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

Зьмест справаздачы БСДГ (Грамада) быў прэзэнтаваны журналістам на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі. Яе падрыхтаваў сябра ЦК БСДП і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак.

У прыватнасьці, Алег Воўчак заявіў, што, акрамя шэрагу артыкулаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дэкрэт аб дармаедзтве парушае дамоўленасьці, якія Беларусь падпісала зь міжнароднымі арганізацыямі, такімі, як Міжнародная арганізацыя працы. А таксама — Канвэнцыю аб прымусовай і абавязковай працы, Канвэнцыю аб прадухіленьні прымусовай працы, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах.

У справаздачы паведамляецца, што пад дзеяньне дэкрэту падпадуць каля 500 тысяч грамадзян краіны: хатнія гаспадыні, грамадзяне, якія даглядаюць хворых дзяцей, інвалідаў, журналісты-фрылансэры, а таксама іншыя прадстаўнікі творчых прафэсіяў, грамадзяне, якія выяжджаюць на працу за межы краіны, і нават людзі бяз пэўнага месца жыхарства. Яшчэ не распрацаваны мэханізм выяўленьня гэтых асобаў і парадак прыцягненьня іх да адказнасьці, але ўжо прадугледжаныя меры пакараньня: штраф, прымусовыя працы і нават арышт да 15 сутак — усяго паводле пяці пунктаў карных мэтадаў. Як падкрэсьліў Алег Воўчак, гэта дэкрэт, які ўжо выклікае страх у многіх грамадзян краіны, і сьведчаньнем таму — пяць тысяч подпісаў, якія БСДГ (Грамада) ужо сабрала пад зваротам на адрас прэзыдэнцкай адміністрацыі з прапановай адмяніць магчымае дзеяньне гэтага дакумэнту.

Ірына Вештард і Алег Воўчак

Генэральны сакратар БСДП Мечыслаў Грыб таксама адзначыў, што дэкрэт № 3 аб дармаедзтве, а таксама іншыя нарматыўныя дакумэнты, якія зьявіліся апошнім часам — да прыкладу, тыя, якімі ўводзіцца падатак на імпартныя тавары і падатак на дэпазытныя банкаўскія ўклады, — павялічваюць адмоўны рэйтынг дзейнай улады больш, чым уся апазыцыя разам.

БСДГ (Грамада) таксама падрыхтавала сьціслы пераказ прэзэнтаванага дасьледаваньня ў брашуры «Што такое дэкрэт № 3 і як яго абыйсьці?». Камэнтуючы зьмест брашуры, намесьнік старшыні партыі Ігар Барысаў сказаў: плаціць падаткі — абавязак кожнага грамадзяніна, аднак з прычыны антыканстытуцыйнасьці названага дэкрэту грамадзяне будуць вымушаныя шукаць шляхі, як не падпасьці пад ягоную дзейнасьць. У прыватнасьці, будуць станавіцца чальцамі творчых саюзаў, рэгістраваць сваю прафэсійную дзейнасьць у Расеі і гэтак далей.

Ірына Вештард, Алег Воўчак, Мечыслаў Грыб, Ігар Барысаў

Акрамя таго, паводле чальцоў БСДГ (Грамада), дэкрэт № 3 аб дармаедзтве ня вырашыць праблемы беспрацоўя і ня будзе мець эканамічнага выніку. Таму Грамада прапаноўвае Канстытуцыйнаму суду разгледзець дакумэнт, каб вызначыць, ці адпавядае ён Канстытуцыі краіны.

Сябры партыі выказваюць меркаваньне, што дэкрэт стане мёртванароджаным дакумэнтам, як у мінулыя часы заканадаўчыя акты антыалькагольнай скіраванасьці.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме