16:30 14.08.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Генадзь Фядыніч: У людзей павінна быць права выбару
Старшыня незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Геннадзь Фядыніч адказаў на пытанні прэс-службы кампаніі “Права выбару-2018”.
Генадзь Фёдаравіч, ці паўплывалі ператрусы, ваша затрыманне, а таксама зняволенне вашага актывіста Ігара Комліка на жаданне ўдзельнічаць у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў?
Нягледзячы на ўсе гэтыя моманты ў нас ужо ёсць 14 актывістаў, якія выказалі сваё жаданне ўдзельнічаць у выбарах. Акрамя таго, мы будзе актыўна ўдзельнічаць у арганізацыі незалежнага назірання за гэтымі выбарамі.
Што чакаеце ад выбарчай кампаніі 2018 года?
Я думаю, што нічога прынцыпова не зменіцца. Выбары пройдуць так, як і раней. Тым не менш, гэта дае магчымасць нашаму прафсаюзу данесці да людзей нашу пазіцыю ў тым ліку па сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне і безумоўна – гэта магчымасць для новых актывістаў, якія ніколі не былі кандыдатамі ў дэпутаты атрымаць першы палітычны вопыт працы з людзьмі, дазнацца пра іх пазіцыі і меркаванні, прааналізаваць свае хібы, а таксама знайсці больш сваіх паплечнікаў і прыхільнікаў сярод тых, каму прафсаюз аказваў дапамогу на месцах.
Ці лічыце вы, што выбарчая кампанія супадзе з магчымымі сацыяльнымі пратэстамі грамадзян?
Усё залежыць ад таго, у якім стане будзе знаходзіцца наша эканоміка, які будзе ўзровень карупцыі, ці будзе падаць пакупная здольнасць людзей наёмнай працы, як будуць расці камунальныя паслугі, кошты на праезд, на прадукты харчавання. Усё гэта будзе ў комплексе залежыць ад таго, ці выйдуць людзі на вуліцы супраць таго, што яны збяднелі. Нашых людзей вельмі цяжка разварушыць, асабліва ў рэгіёнах, аднак калі крок за крокам эканоміка не пачне расці, то магчымыя і стыхійныя акцыі пратэсту.
Як вы лічыце, якія змены патрэбны ў выбарчым заканадаўстве, каб выбары ў краіне прайшлі адкрыта, свабодна і справядліва?
Лічу, што трэба мяняць практыку правядзення датэрміновых выбараў. Датэрміновыя выбары варта праводзіць толькі ў рэдкіх выпадках, а не заганяць туды 20-30% выбаршчыкаў, трэба каб выбарчыя камісіі былі павернутыя да людзей і ў іх склад уваходзілі прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партый.
Калі чалавека ад улады абіраюць, то хай сабе так і будзе – гэта выбар людзей. Аднак людзі павінны ведаць, што гэта іх выбар і яны ад яго будуць залежыць.
Нам трэба ўжо даўно станавіцца на дэмакратычны шлях развіцця, каб людзі мелі давер як да ўлады, так і да абраных прадстаўнікоў. Калі ж ёсць давер з двух бакоў, то можна шмат чаго рабіць. Калі ж яго няма, то нічога не атрымаецца.
Што пажадаеце грамадзянам?
Я лічу, што хто б як галасы не падлічваў – трэба галасаваць сумленнем за тых кандыдатаў, якія падабаюцца. У дзень выбараў прыходзіць да ўчасткаў і падтрымліваць сваіх кандыдатаў, патрабаваць, каб вывешваліся пратаколы з вынікамі галасавання, а галасы ў бюлетэнях падлічваліся сумленна.
Калі нават не будуць выбіраць дэмакратычных кандыдатаў, аднак будуць празрыстыя выбары – у гэтым таксама няма праблемы, галоўнае, што ў людзей ёсць выбар і сапраўдныя выбары.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме