13:16 19.08.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

“Гэтыя дні сталі для Беларусі гістарычнымі”

19 жніўня 1991 г. ў Маскве так званы ГКЧП адхіліў прэзыдэнта  Міхаіла Гарбачова ад улады і абвясьціў ў СССР надзвычайнае становішча.  Падзеі ў Менску прыгадваюць тагачасны старшыня Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня Зянон Пазьняк, а таксамаСтаніслаў Шушкевіч, Лявон Дзейка, Лявон Баршчэўскі, Aлег Трусаў.
 
Пазьняк: «Дні путчу мне моцна адбіліся ў сьвядомасьці. Яны сталі пярэдаднем Незалежнасьці Беларусі. Менавіта правал путчу стварыў унікальную магчымасьць здабыць свабоду для нашай краіны. І мы скарысталі гэтую магчымасьць.

Пачатак путчу не засьпеў мяне дома, і пакуль я прыехаў у Вярхоўны Савет (здаецца, недзе каля 11-ай), дык там ужо сабраліся дэпутаты Апазыцыі БНФ, якія жылі ў Менску. І дарма час не марнавалі. Праца кіпела.

Галоўная нашая мэта была -- арганізаваць грамадзкі супраціў путчыстам.

20 жніўня было ўтворана Беларускае Згуртаваньне Вайскоўцаў, куды крыху пазьней уступіла бальшыня мужчынаў-фронтаўцаў. 21 жніўня на плошчы перад Вярхоўным Саветам маніфэставалі ўжо тысячы людзей. І якраз у гэты дзень путч праваліўся. У камуністаў пачаўся перапалох. Цяпер, як кажуць, нам трэба было -- "Па конях, і да свабоды!". Прытым - хутка, пакуль Масква была занятая сама сабой.

У нас было толькі некалькі дзён, і гэтыя дні сталі для Беларусі гістарычнымі.  Незалежнасьць была здабытая»

Праз некалькі дзён на нашым сайце – артыкул Зянона Пазьняка «Сэсія Незалежнасьці», прысьвечаны надзвычайнай сэсіі ВС Беларусі 24-25 жніўня 1991 года. Эфірны варыянт – на хвалях Свабоды ў нядзелю.

    *  *  *

                                       Станіслаў Шушкевіч: "Я разумеў, што гэта дзяржаўны пераварот"

У дні жнівенскага путчу 1991 г. Станіслаў Шушкевіч займаў пасаду першага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савета БССР.

Шушкевіч: «Я сеў у свае “жыгулі”, бо быў на дачы, прыехаў у Вярхоўны савет, я быў тады першым намесьнікам, пайшоў да Дземянцея, старшыні ВС і сказаў, што трэба зьбіраць нам сэсыю, і вы маеце на гэта права, і біце, калі ласка, так сказаць, у звон. Трэба зьбіраць дэпутатаў, бо падзеі дрэнныя. Гэта адназначна было, бо я ведаў, хто такі Янаеў, таму што больш агіднай постаці не было. Яго цягнуў за вушы Гарбачоў, таму што гэта толькі яму ўдавалася з добрым людзьмі кансультавацца, дык ён рабіў добрыя справы. А гэтага абібока, якога ён цягнуў у віцэ-прэзыдэнты, гэта ж было зразумела зусім, што гэта ня той чалавек, што гэта хлюст. Ён нават, калі я яго запытаўся як народны дэпутат СССР у крамлёўскай залі, якая тэма вашай кандыдацкай дысэртацыі, дык ён ня мог адказаць на гэтай пытаньне. Было зразумела, што ня ён яе рабіў, што з тых, каму ўсё рабілі. Таму такі чалавек на чале, для мяне гэта азначала, што гэта вельмі дрэнная падзея, гэта здрадніцтва, гэта адступленьне ад тых прынцыпаў, да якіх мы імкнуліся ісьці. Тут у мяне не было ніякага сумневу, я быў абсалютна перакананы, і акрамя таго, я яшчэ ведаў пэўных там асоб у гэтым ГКЧП, і даверу яны ў мяне не выклікалі  ніякага – Старадубцаў, напрыклад. І таму я разумеў, што гэта здрада нашым прынцыпам, гэта дзяржаўны пераварот.

Мяне пачаў супакойваць Дземянцей, што вось я званіў толькі што ў Маскву, усё нармальна, ніякіх страшных падзей няма, з Лук’янавым я гаварыў, ён мне сказаў, што ўсё абсалютна  нармальна, усё добра. Ну я зразумеў, што нічога ня зробіш.

Пасьля там зьявіўся Зянон Станіслававіч Пазьняк, іншыя дэпутаты. Але сэсіі Дземянцей не зьбіраў, і нашыя патрабаваньні выкананыя не былі».
19.08.2011 07:01

                                       Лявон Дзейка: "Не было ніякага адчаю, не было роспачы"

Пра падзеі жніўня 1991-га прыгадвае дэпутат Апазыцыі БНФ і фракцыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня Лявон Дзейка.

Дзейка: "Успамінаць тыя падзеі 20-гадовай даўніны, калі адбыўся гэтак званы путч, на Спас 19 жніўня, цяпер ужо ня так проста. Гэта не малы час прайшоў, але трэба пачынаць з таго, што ў той дзень я як раз рана прачнуўся. У хаце была ўключаная з вечару радыётрансьляцыйная сетка і з рэпрадуктару я ўжо пачуў на свае вушы паведамленьне савецкага кіраўніцтва Янаева-Кручкова-Язава. Тады ў мяне першае ўражаньне – я да гэтай пары яго памятаю – не было ніякага страху, не было ніякага адчаю, не было роспачы, а вот першая думка: мабыць, і праз гэта трэба таксама прайсьці, калі мы хочам сапраўды мець незалежную краіну. То бок думак пра тое, што на гэтым сапраўды усё сканчваецца: дэмакратычнае разьвіцьцё, імкненьне да незалежнасьці, загон усіх сілавым чынам у Савецкі саюз – думак такіх не было. Усё ж такі гэта мабыць ужо былі вынікі тых перабудовачных гадоў, вынікі дзейнасьці ВС у 1990-м годзе і ў першай палове 1991 году.

Я тады хуценька сабраўся і першым аўтобусам, які ішоў праз Клецк паехаў у Менск. Прыехаў недзе а палове на дванаццатую. У тым нашым памяшканьні, якое ў будынку Вярхоўнага Савету было выдзелена пад працу апазыцыі, гэта 363 пакой (там, па-мойму, зараз нейкая ярмошынская структура), ужо было шмат нашых сяброў, якія былі зь Менску, якія бліжэй да Менску.

Памятаю добра нашых лагойскіх сяброў – Паўла Холада, Алеся Шута. Рыхтавалася заява апазыцыі па ГКЧП. Паступалі тыя матэрыялы, што з Масквы па факсам рассылала кіраўніцтва РФ, людзі, якія былі разам з Ельцыным.

Потым памятаю ці ў гэты дзень ці на наступны было склікана пасяджэньне Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету, на якім даволі бурна абмяркоўвалася, патрэбна ці не патрэбна правядзеньне нечарговай, як тады казалі, нават надзвычайнай сэсіі Вярхоўнага Савету па ліку пятай.

У гэтыя дні, якія папярэднічалі адкрыцьцю сэсіі ішла актыўная праца -- насуперак жаданьням ГКЧП разьвіваць работу па інфармаваньні грамадзянаў аб незаконнасьці ГКЧП, аб немагчымасьці іх дабіцца пэўнага посьпеху. Гэта ўжо практычна стала адчувацца недзе ў канцы аўторка 20 жніўня. Ужо стала зразумела пасьля таго, як усе пабачылі гэтую прэс-канфэрэнцыю ГКЧП. Ня хочацца ўжо і прозьвішчы называць гэтых людзей, бо іх ужо жывых няма. Як трэсьліся рукі ў некаторых лідараў гэтага ГКЧП. Стала зразумела, што гэта авантура, мабыць, скончыцца ўсё ж такі іх паразай. Так яно ў прынцыпе і аказался.

Хачу дадаць яшчэ, што як раз у гэтыя самыя дні, у аўторак, 20 жніўня, на плошчы Незалежнасьці, дзе ўвесь было вельмі шмат людзей, лідэр ініцыятыўнай групы па стварэньні Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў Мікола Статкевіч аб’явіў аб стварэньні Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў".

    *  *  *

                                       Лявон Баршчэўскі: "Большага ў тых варунках мы б наўрад ці зрабілі"

"Здарылася так, што я з дэпутатаў Вярхоўнага Савету ледзьве не бліжэй за ўсіх жыў да будынку ВС і таму быў фактычна першым у гэтым будынку ў дзень путчу" - прыгадвае былы дэпутат Апазыцыі БНФ Лявон Баршчэўскі.

Баршчэўскі: «Паколькі мне давялося займацца гісторыяй польскай Салідарнасьці і гісторыяй ваеннага становішча ў Польшчы, то з раніцы, калі я выглянуў у акно дома, то не ўбачыў там танкаў у двары, не ўбачыў іх на вуліцы, і ўсю дарогу як я ішоў у ВС зразумеў, што нешта  гэты путч ня вельмі падобны на тыя прэцэдэнты, якія былі.

А потым мы, дэпутаты Вярхоўнага Савету з апазыцыі БНФ, хутка сабраліся, цягам паўтары-дзьве гадзіны мы там былі ўсе, хто знаходзіўся ў Менску. Сабраліся ў будынку Вярхоўнага Савету. Ніякіх дыскусій не было, мы адчувалі сваю адказнасьць, што мы выбраныя народам дэпутаты, мы павінны рэагаваць на беззаконьне. Бо путч быў відавочна беззаконны, не было вядома, што з Міхаілам Гарбачовым і якая яго пазыцыя па гэтым пытаньні. А ён галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі і так далей.

Мы хутка пачалі рыхтаваць заяву асуджальную. Праз кабінэт Станіслава Шушкевіча зьвязаліся з калегамі-дэпутатамі ў Маскве, Піцеры і Кіеве, зьбіраючы інфармацыю, што там адбываецца. Потым прарваліся ў кабінэт старшыні ВС Дземянцея. Ён апраўдваў путчыстаў. Ігар Гермянчук, сьветлай памяці, запісаў усю нашую гутарку з Дземянцеем на дыктафон. І гэта было потым апублікавана і паслужыла галоўным штуршком да адстаўкі старшыні ВС Дземянцея, якая адбылася ўжо ў часе сэсіі.

Мы пачалі рыхтаваць улёткі, заклікаць людзей прыйсьці на плошчу – на сустрэчы з дэпутатамі, то бок фактычна на мітынг вечарам таго самага дня. І пачалі шукаць кантакты з іншымі дэпутатамі, бо многія знаходзіліся ў адпачынку – другая палова жніўня, але каб прынамсі ўзяць з іх подпісы за тое, каб сабраць нечарговую сэсію Вярхоўнага Савету і абмеркаваць тую сытуацыю, якая складаецца.

Першы мітынг імправізаваны на цяперашняй плошчы Незалежнасьці сабраў крыху болей за сотню чалавек, але тым не менш людзі прыйшлі. Назаўтра людзей было яшчэ больш. Ну а 21 жніўня, калі путч пацярпеў паразу (я, праўда, у гэты час выехаў па заданьні апазыцыі ў Наваполацк, у сваю выбарчую акругу, каб там сабраць мітынг), у Менску ўжо таксама быў дастаткова мнагалюдны мітынг.

Рабілі мы ўсё, што належыць рабіць людзям, якія адказваюць за законнасьць у краіне. Думаю, што большага ў тых варунках мы б наўрад ці зрабілі».

    *  *  *

                                       Aлег Трусаў: "Мы дзень і ноч працавалі"

"Мне шанцавала ў гэты час быць у Менску, я якраз вярнуўся з раскопак з Міра. Быў дома, з жонкай рабілі рамонт цэлую ноч з 18-га на 19-е. А шостай раніцы мне пазванілі, сказалі, што путч, хавайся, уцякай" - прыгадвае жнівень 91-га дэпутат ВС 12 скліканьня Алег Трусаў.

Трусаў: "Я не паверыў, падумаў, што нейкі жарт. Уключаю тэлевізар – на ўсіх каналах “Танец маленькіх лебядзёў”. Я думаю, хавацца няма сэнсу, бо калі захочуць, то знойдуць. Паехаў я ў парлямэнт.

Прыяжджаю, а там ужо нашых людзей каля дзясятка ёсьць – Баршчэўскі, і іншыя былі, і Голубеў, і Навумчык, і Дзейка. Мы адпаведна напісалі заяву адпаведную, што мы супраць ГКЧП, перадалі ў сродкі масавай інфармацыі.

Навумчык пайшоў з дыктафонам да Дземянцея і высьветліў, што Дземянцей падтрымлівае ГКЧП. А я пайшоў да Шушкевіча. Шушкевіч пазваніў Акаеву, свайму сябру ў Кіргізію, а той сказаў, што ўсё ў парадку. Тут Шушкевіч прыбадзёрыўся, бо аказваецца, што путч адбываецца толькі ў Маскве, а ў саюзных рэспубліках ніякіх танкаў нідзе няма – ані ў Менску, ані ў Бішкеку і гэтак далей.

Потым прыйшоў Пазьняк, мы яшчэ актыўней пачалі працаваць. І выйшлі мы з дапамогай Садоўскага на групу Ельцына. Атрымалі па факсу інфармацыю. Такім чынам, мы ўжо 19 жніўня маглі даваць нейкую інфармацыю людзям, што ў Маскве робіцца, нейкія ўлёткі рабілі.

19 жніўня мы дзень і ноч працавалі. 20 жніўня – яшчэ больш.

Прыехала больш дэпутатаў, якіх не было ў Менску. Пачалі зьбіраць подпісы, каб сэсію нечарговую зьбіраць, і сабралі 64 подпісы. Людзей ужо 20 жніўня многа было на плошчы. Ну а 21 жніўня путч ляснуўся. Склікалі нечарговую сэсію, якая пачалася 24 жніўня".

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме