09:00 22.10.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
«Гані быкоў! Вярнецца доля!»
З усіх ціскаў і зьняваг асобы, на якія прышлося мне наглядзецца за сваё жыцьцё, ці ні найбольшую агіду выклікае хамскі зьдзек цёмных людзей з творчага чалавека, з таленту мастака. Талент — гэта дар Божы, а мастак ёсьць падарунак народу і ўсім людзям; такое трэба цаніць, і нават аберагаць.
Тыя, хто праводзілі антынародную палітыку, генацыд, этнацыд, тыя ў першую чаргу стараліся заткнуць рот (вочы, вушы, душу) людзям таленавітым, творчым і адукаваным, а то і зьнішчыць іх фізычна.
Напісаць гэтыя радкі мяне вымусіла сытуацыя, якая ўзьнікла вакол асобы вядомага музыкі і выканаўцы Сяргея Міхалка. Што здарылася, чаму раптам музычны гурт «Ляпісаў», які буфонна плаваў недзе далёка за абсягам беларускай культуры, апынуўся ў чорным сьпісе антыбеларускага рэжыму, а ягоным кіраўніком зацікавілася рэпрэсіўная пракуратура?
Прычына ляжыць на паверхні. Гурт стаў выходзіць на дарогу сур’ёзнага нацыянальнага мастацтва і за апошні год стварыў шэраг высокакласных твораў, а ягоны кіраўнік Сяргей Міхалок, які раней пацяшаў публіку сваімі анархічна-бурлескнымі маналогамі, выявіў цяпер неардынарныя якасьці асобы і творчага патрыятычнага (беларускага) думаньня. І гэта, відаць, сур’ёзна. І гэта, відаць, зразумелі дарадцы цемры, што сядзяць у Менску.
Пра апошнія творчыя здабыткі гэтай музычнай групы і новы паварот у творчасьці, спадзяюся, нехта напіша. Я не прыхільнік і не аматар такой музыкі (року). Але творчы ўзьлёт не залежыць ад жанру, стылю і накірунку. Ён узьдзейнічае ўнівэрсальна.
Гэтая ўнівэрсальнасьць у мастацтве дасягаецца тады, калі яно ў эстэтычнай форме выяўляе перажываньні чалавечага духу на прыкладзе чалавечага лёсу. І вышэйшай ступені такой формулы адпавядаюць творы, дзе праз лёсы чалавечыя выяўляюцца лёсы народныя.
У творчасьці спадара Міхалка ўжо ёсьць твор, які набліжаецца да такіх азначэньняў. Гэта знакамітая ўжо песьня і кампазыцыя «Грай!».
Сацыяльна-мэтафізычная сутнасьць таго, што адбываецца ў Беларусі, выяўлена мовай мастацтва ёмка, вобразна і дакладна:
Напілісь быкі,
Скачуць па краіне,
Топчуць ручнікі,
Капытамі ў гліне.
Скачуць па дварах,
Адчыняюць хаты.
Хто не пахаваўся —
Будзе вінаваты.
Тут выкарыстана зразумелая беларусу (і клясычная ў літаратуры) народная алегорыя цёмнай разбуральнай сілы ў вобразе чарады агрэсіўных жывёлін. У 50-х гадах мінулага стагодзьдзя такую фабулу і алегорыю ў тэатры дасканала скарыстаў Эжэн Іянэску (яго знакамітая п’еса «Насарог»). У Міхалка — па Айчыне скачуць «шэрыя быкі».
Ім ня трэба сонца,
Цемры ім багата.
Ім вясны ня трэба.
Ім — зімы паболей,
Каб ты, хлопец, спаў быў
На пячы ў няволі.
Па прынцыпах клясычнай эстэтыкі ў гэтым творы гарманічна дапасаваныя ўсе складнікі: вобразная ідэалёгія (зьмест) і сюжэт (тэкст), музыка і аранжыроўка, кампазыцыя, стыль і выкананьне (у тым ліку і гучаньне інструмэнтаў — сінтэзацыя дуды).
Добра ўплывае на ўспрыняцьце моцная аптымістычная энэргетыка сьпяваньня і энэргічны рытм, дзе кульмінацыяй зьяўляецца рэфрэн:
Грай!
Сьпявай дружна
Песьні райскай волі.
Грай! Грай!
Гані быкоў — вярнецца доля!
На гэтым моцным апошнім радку песьня, як бы трохі нечакана, абрываецца, і мэлёдыя заканчваецца доўгай кодай з гучаньнем дуды (відаць, праз сурдзінку). Выдатная акцэнтацыя і завяршэньне.
Спадар Міхалок стварыў твор, які ўвойдзе ў скарбонку беларускай сучаснай музыкі.
Спадар Міхалок стварыў твор, які ўвойдзе ў скарбонку беларускай сучаснай музыкі. Тым часам рэальныя (палітычныя) «шэрыя быкі», што топчуць Радзіму, адчулі ягоны беларускі патэнцыял і заблякавалі выступы мастака ў Беларусі, фактычна, выкінулі яго з Айчыны на творчае паміраньне. А ён узьняўся — і засьпяваў беларускім голасам.
Шлях беларускага нацыянальнага мастацтва, на які ступае спадар Міхалок, вядзе да вяршынь і творчага ўзьлёту. Ён (гэты біты шлях) ужо шматкроць адмераны і пройдзены іншымі. Але ток яго не пасыпаны ружамі. Гэта надзвычай цяжкі шлях у нашых умовах. Мастак, магчыма, нават не ўяўляе, якія пачвары — нянавісьць і здрада — вылезуць на яго, калі ён пойдзе па гэтай дарозе.
Ня буду тут выказваць сваіх меркаваньняў. Думаю, яны непатрэбныя, тым больш, што спадар Міхалок добра разумее, што ў змаганьні з «шэрымі быкамі» — усё ёсьць палітыка: і мова, і песьня, і мараль, і адзеньне, і думкі, і словы, і нават простая прыналежнасьць да добрага свайго народу — усё стала палітыкай.
Гэта ня мы — гэта «быкі» так думаюць. Зь імі немагчыма дыскутаваць, бо яны не гавораць, не разумеюць па-чалавечаму.
Нельга даказваць гонару свайго на зборышчы дрэняў. Той, хто ігнараваў гэта, — рабіў фатальную памылку.
Мастацтва — гэта хараство. Але для цемры, што нішчыць сьвятло, — гэта палітыка.
Мастацтва — гэта хараство. Але для цемры, што нішчыць сьвятло, — гэта палітыка. Стаць апалітычным тут ня ўдасца. У такіх абставінах у беларускага мастацтва ёсьць толькі два шляхі. Першы — лёгкі, але нікчэмны: адмовіцца ад роднай мовы, забыцца пра годнасьць, гонар, талент і прызначэньне — сьпяваць «слушай батьку».
Другі шлях — годны, але цяжкі: змагацца, зьберагчы свой талент і пакліканьне, вярнуцца ў пачатак, ушанаваць свой народ, яго мову і праўду, і калі паўстане выбар — лепей стацца выгнаньнікам, чым зрабіцца «насарогам», «быком» і — страціць душу. Творца мусіць застацца творцам і чалавекам сваёй зямлі. «Гані быкоў! Вярнецца доля!».
Міхалок аказаўся больш надзейнай і вартай павагі асобай, чым тыя, што былі на Парнасе і — спусьціліся ў стойла «быкоў»
- У гэтым сэнсе спадар Міхалок — татуяваны анархіст, увесь ў наколках, што ўдаваў з сябе блазна, — чалавек зь нялёгкім мінулым, які ўзьняўся, адбіўся ад самага дна, які зьбярог свой розум, талент, сумленьне і гонар, ён якраз аказаўся больш надзейнай і вартай павагі асобай, чым тыя, што былі на Парнасе і — спусьціліся ў стойла «быкоў».
Якраз ён можа стварыць (і ўжо стварае) новы, надзённы, сучасны і змагарны беларускі рок. І гэта справядліва. Палітыка — дык палітыка!
Ва ўсіх беларусаў цяпер адна перашкода — цемра, здрада і нянавісьць у адной асобе, што засела на троне. І жыць так далей, цярпець — стае немагчыма.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме