12:00 31.10.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Галоўны рэдактар газеты "НАШ Магілёў" выклаў сваё бачанне плошчы Славы

Усе прапановы былі высланы старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміру Цумараву.

Прыводзім змест ліста.

Апісанне праблемы

Плошча Славы змяніла сваю назву і адпаведна мусіць цяпер змяніць і свой змест. Яшчэ ў часы антычных філосафаў казалі, што ўсё пачынаецца са змены імёнаў. Нягледзячы на тое, што Плошча Славы знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада яна не прадстаўляе фактычна ніякай цікавасці для грамадзян, бо па-першае яна тупіковая (дарога праз яе як раней не ідзе ў Задняпроўе), а па-другое - яна пустая (на ёй няма пэўнай колькасці прыцягальных аб’ектаў). Фактычнае яе напаўненне людзьмі адбываецца толькі падчас розных святочных мерапрыемстваў, а таксама канцэртаў. Выключэнне складаюць вясяляльныя картэджы, якія транзітам праязджаюць скрозь плошчу.

На плошчы адбываецца перамяшэнне архітэктурных стыляў і эпох – як мы бачым будынкі Ратушы, дома грамадзянскіх абрадаў і Магілёўскага абласнога краязнаўчага музею моцна кантрастуюць з цаглянымі хрушчоўкамі, а таксама мемарыялам “Змагарам за Савецкую ўладу”. Архітэктурныя аб’екты не належуць да адной гістарычнай эпохі і ў гэтым хіба плошчы. Апроч таго, пасля адбудовы Ратушы на плошчы з’явілася другая дамінанта, што само па сабе не вельмі добра з пункту погляду фармавання плошчы, дзе па архітэктурных законах на ёй не можа быць больш за аднаго дамінуючага аб’екту.

На плошчы няма людзей таксама і таму, што на ёй няма гандлёвых крамак з сувенірнай прадукцыяй, а таксама нейкіх міні-атракцыёнаў.

Савецкая спадчына

Яскравым помнікам савецкай эпохі з’яўляецца стэла “Змагарам за Савецкую ўладу”, якую ў народзе празвалі “Аксана, якая бяжыць з Лаўсана”, а таксама брацкая могілка чырвонаармейцам, якія загінулі ў змаганні з белапалякамі (сама фармулёўка белапалякі вымагае канкрэтызацыі, бо сярод гэтак званых белапалякаў было багата беларусаў). Давяршае фарміраваць плошчу алея Герояў Савецкага саюза.

Менавіта савецкая спадчына плошчы і з’яўляецца краевугольным камянём, які не дазваляе надаць плошчы Славы губернскі стыль. Гэта не азначае, што мемарыял “Змагарам за Савецкую ўладу” разам з барыльефамі, а таксама алеяй герояў неабходна выкінуць на сметніцу – гэта паказвае на тое, што ўсё гэта можна перанесці ў іншае месца. Найлепшым месцам для алеі герояў Савецкага саюза і стэлы “Замагарам за Савецкую ўладу” з’яўляецца Буйніцкае поле. Размяшчэнне там гэтых канструкцый узбагаціць калекцыю мемарыяла Буйніцкае поле і зробіць яго больш прывабным для магілёўцаў і гасцей горада.

Плошча ў губернскім стылі

Нават без пераносу стэлы “Змагарам за Савецкую ўладу” ёсць вольнае месца для таго, каб адбудаваць будынак губернскага праўлення, які быў зруйнаваны падчас вызвалення Магілёва Савецкай арміяй. Калі браць комплексна і разглядаць рэканструкцыю плошчы з пераносам стэлы і барэльефаў на Буйніцкае поле, то вызваляецца месца і для дома губернатара. Падмуркі гэтых будынкаў знаходзяцца пад брукаванкай і новыя дамы можна проста паставіць на іх. Падчас адкрыцця Ратушы магілёўскі гісторык Ігар Марзалюк (цяперашні сенатар) казаў прэзідэнту аб магчымасці адбудаваць дом губернскага праўлення і тады гэта ідэя спадабалася Аляксандру Лукашэнкі, аднак далей размовы справа не пайшла. Фотаздымкаў, якія паказваюць як выглядалі дом губернскага праўлення і дом губернатара (такі міні-палац) больш чым дастаткова.

Адбудова дамоў губернскага праўлення і губернатара здолее самкнуць плошчу ў кола будынкаў і завершыць яе выгляд. Такім чынам экскурсаводам будзе што распавядаць як на плошчы Славы, так і на Буйніцкім полі.У адбудаваных дамах прапаную размесціць музей Першай сусветнай вайны, а таксама музей губернскага Магілёва. У адным з будынкаў на першым паверсе размесціць кавярню. Такім чынам плошча будзе насычана месцамі для культурнага адпачынку. Гэта дасць выдатны шанец для правядзення Ночы музеяў больш цікава і маштабна.

“Разынкі” плошчы

Акрамя адбудовы ўзгаданых двух дамоў прапаную таксама і звярнуць увагу на шэраг іншых, менш маштабных элементаў. Па-першае, можна адрадзіць “Ганебны слуп”, да якога прывязвалі магілёўцаў, якія здзейснілі злачынствы і даць магчымасць магілёўцам быць закаванымі ў ланцугі, каб яны маглі фатаграфавацца; па-другое, каля Ратушы прапаную ўсталяваць помнік магілёўскаму герою Пора-Левановічу, які выскаквае з шабляй з Ратушы і пасля ягоных крыкаў “Пара! Пара!” пачынаецца паўстанне магілёўцаў супраць маскоўскіх стральцоў, у выніку якога вызваляецца Магілёў; па-трэцяе, размесціць каля адбудаванага дома губернатара фантан (вада заўжды прываблівае людзей); па-чацвёртае, зрабіць некалькі адкрытых крамак, дзе бы мясцовыя рамеснікі гандлявалі сваімі вырабамі (гэта прывабіць турыстаў); па-пятае, флагштокі з выявамі герабаў вобласці і горада пакінуць за адбудаванымі будынкамі.

Міні-атракцыёны

Падобнымі міні-атракцыёнамі ў выхадныя дні могуць выступаць прагулка на поні для дзяцей, а таксама катанне ў карэце, сілавыя спаборніцтвы сярод магілёўцаў па армрэслінгу ў адпаведным месцы і г.д.

Агульная канцэпцыя

Вельмі важна, каб усе адноўленыя элементы былі звязаныя ў адну канцэпцыю – дахі ва ўсіх будынках мусяць быць з аднаго матэрыялу і аднаго колеру (нават дахі хрушчовак можна змяніць ў падобную каляровую гаму, а каб яны не дужа шэра выглядалі атынкаваць іх і пафарбаваць), каваныя элементы з металу мусяць быць у адным стыле, каляровая гама будынкаў не павінна кантраставаць паміж сабой.

Мова

Усе надпісы павінны быць выкананы як на беларускай, так і на ангельскай мовах. Гутарка ідзе пра пазначальнікі, агульную інфармацыю, назву вуліц. Беларуская мова – гэта тое, што робіць нас беларусамі, робіць нас адметнымі, напаўняе наша існаванне сэнсам у часы глабалізацыйных працэсаў і дазваляе злучыцца з нашымі каранямі. Таму менавіта беларуская мова мусіць стаць яшчэ адной гэтак званай “фішкай” ці “разынка” плошчы.

Перыяд Рэчы Паспалітай

Вельмі прыкра было б не ўзгадаць пра перыяд Рэчы Паспалітай, калі Магілёў дасягнуў свайго найбольшага росквіту. Аднак, нажаль, ад таго часу з архітэктурнай спадчыны да нас дайшло зусім мала чаго, ды і тое бязглузда руйнуецца (напрыклад не так даўно знішчылі дом па вуліцы Вароўскага, які належыў да Дома губернатара і ў якім жыў аканом, які быў даволі трывалым і мог прастаяць не адно дзесяцігоддзе. Дом быў пазначаны яшчэ на мапе 17 стагоддзя!!!).

Тым часам узгадваючы часы Рэчы Паспалітай нельга не ўзгадаць пра існаванне Магілёўскага замка, ад якога нічога не засталося. Тым не менш, ёсць незанятае месца, дзе некалі стаяла мураваная “Дубравенская брама” (размяшчалася за д.2 па цяперашняй вуліцы Першамайскай). Брама, як раз, глядзела ў Брамны завулак, назва якога захавалася і існуе дагэтуль. Адраджэнне “Дубравенскай брамы” не патрабуе вялікіх выдаткаў, аднак яна ў сваю чаргу можа стаць яшчэ адным сімвалам горада, якім стала Ратуша. Побач з брамай можна адбудаваць частку мураванай сцяны з гарматамі. Побач паставіць міні-атракцыёны (напрыклад “Цір”).

Якуб Корсак


Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме