22:30 06.08.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ГРЫБ: "МНЕ ЗДАЕЦЦА, ГЭТА ПРОСТА ЗДРАДА"
Праваабаронцы пачынаюць кампанію салідарнасьці з арыштаваным старшынёй праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесем Бяляцкім. Яны плянуюць пачаць міжнародную кампанію ў яго абарону і заклікаюць пісаць яму лісты за краты.
Затрыманы 4 жніўня Алесь Бяляцкі знаходзіцца пад арыштам у турме на вуліцы Валадарскага, куды яго перавялі з будынку дэпартамэнта фінансавых расьсьледаваньняў ўвечары 5 жніўня. Пад вартай ён будзе ўтрымлівацца як мінімум 10 сутак. Бяляцкі зьяўляецца падазраваным ва ўтойваньні прыбыткаў у асабліва буйных памерах. Супрацоўнікі міліцыі дазволілі праваабаронцу ўзяць перадачу, распавяла праваабаронца Тацяна Равяка.
"Жонка і нашы супрацоўнікі пабачыліся з Алесем. Яны самі ў рукі яму перадалі перадачу. Бяляцкі папрасіў перадаваць больш часопісаў і газэт. Нармальна выглядаў, бадзёра, усьміхаўся. Не падаўлены. Так што яшчэ ўчора ўвечары зь ім пабачыліся".
Паводле юрыста Ўладзімера Лабковіча, праваабаронцам невядома, каб у выходныя праводзіліся нейкія сьледчыя дзеяньні. Тым часам у дзяржаўных мэдыях паведамляюць пра рассакрэчваньне з дапамогай "літоўскіх калегаў" інфармацыі пра банкаўскія рахункі і рух на іх фінансавых сродкаў "шэрагу вядомых асобаў". Як паведамілі ў навінах па першым канале беларускага тэлебачаньня, Бяляцкі "схаваў" больш за мільярд рублёў, не заплаціўшы падаткаў на 143 мільёны. Уладзімер Лабковіч адзначае, што сумы, якія называюцца, гэта сродкі, што ішлі на дапамогу палітвязьням. Ён пракамэнтаваў публікацыі ў дзяржаўных мэдыях:
"Гэта клясычная дэфамацыя. Людзі дзейнічаюць беспакарана. Яны разумеюць, што ім ні ў морду не дасі, ні ў суд ня пойдзеш. Выпрацавана такая подленькая схема. Улады насамрэч маглі ў любую хвіліну прымяніць да "Вясны" артыкул 193-1 (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).Мы ж гэта не хавалі. Дзейнічалі і будзем дзейнічаць. Але была выкарыстана такая подленькая схема, што нібыта ён учыніў эканамічнае злачынства. І зараз зь яго будуць будаваць такога чалавека. Аднак, усе сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што людзі ставяцца даволі адмоўна да ўсіх гэтых прапагандысцкіх ролікаў".
Праваабаронцы плянуюць у найбліжэйшы час пачаць міжнародную кампанію ў абарону Алеся Бяляцкага і заклікаюць пісаць яму лісты за краты. У рэгіёнах актывісты падаюць заяўкі на правядзеньне пікетаў у падтрымку зьняволенага праваабаронцы.
Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб назваў здрадай тое, што літоўскі бок перадаў афіцыйнаму Менску інфармацыю па рахунках.
"Сёньня ў Беларусі існуе такі парадак. Калі нейкае грамадзкае аб'яднаньне хоча і мае магчымасьць атрымаць гранты з-за мяжы, то атрымліваецца так, што, калі афіцыйна гэта ўсё рабіць, то каля 70% гэтых грантаў ты павінен аддаць беларускай дзяржаве. А зь іншага баку, грантадаўцы, калі ведаюць, што так адбываецца, ня хочуць даваць гранты на ўмацаваньне дзяржавы, на ўмацаваньне беларускага рэжыму. І гэтыя грамадзкія аб'яднаньні, іх лідэры, знаходзяцца ў такім стане – ці браць неафіцыйна, займацца гэтай дзейнасьцю, ці наогул не займацца. У такім стане апынуўся і праваабарончы цэнтар "Вясна". Літва ведае ўмовы, у якіх працуюць грамадзкія аб'яднаньні Беларусі. Мне здаецца, гэта проста здрада. Хто і як гэта зрабіў, я ня ведаю".
Арышт Бяляцкага экс-кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў зьвязвае з ціскам з боку ўладаў на дэмакратыю ў Беларусі. Ён выказвае шкадаваньне, што да гэтага спрычыніліся і літоўскія ўлады.
"Я асьцерагаюся, што тут пацерпіць не адзін Бяляцкі. Улады разабраліся са шматлікімі ўдзельнікамі падзей 19 сьнежня, у іх крыху рукі разьвязаныя. Трэба нечым іх далей заняць. Таму распачаўся гэты працэс над Бяляцкім. Я думаю, з гэтага зробяць ня проста судзілішча над Бяляцкім, а судзілішча над арганізацыяй".
Алесь Дашчынскі
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме