11:00 17.06.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ГРЫБ - АЛЬТЭРНАТЫЎНАМУ ЎРАДУ: НЕ ДЗЯЛІЦЬ ПАРТФЕЛІ, А ДУМАЦЬ АБ РЭФОРМАХ
На паседжанні па Альтэрнатыўным урадзе выступіў Мечаслаў Грыб, якога ініцыятары альтэрнатыўнага ўрада "прызначылі" ў Міністэрства ўнутраных справаў.
У сваім выступе ён зазначыў, што, магчыма, трэба прыкідваць, каго і на якую пасаду можна прызначыць пасля змены ўлады. Разам з тым палітык папярэдзіў, што новы прэзідэнт, якім бы адзіным і дэмакратычным ён ні быў, можа прызначыць міністрамі зусім іншых людзей, чым тыя, каго агульнымі намаганнямі абяруць зараз.
Грыб прапанаваў найперш распрацоўваць праекты будучых палітычных сацыяльных і эканамічных рэформаў.
* * *
У Альтэрнатыўным урадзе Мілінкевічу аддадуць МЗС, а МУС – Воўчаку
У Мінску пачалося паседжанне аргкамітэта па стварэнні Альтэрнатыўнага ўрада. Ініцыятарамі ідэі выступіў аргкамітэт партыі БХД.
На паседжанне прыйшло каля 40 прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх ініцыятыў, а таксама эксперты ў розных галінах.
Cярод VIP-гасцей прысутнічаюць кандыдаты ў прэзідэнты Яраслаў Раманчук, Мечыслаў Грыб і Віталь Рымашэўскі. Таксама прысутнічаюць Аляксандр Казулін, Аляксандр Ярашук, Сяргей Калякін, Генадзь Грушавы. Мерапрыемства наведалі таксама амбасадарка Вялікабрытаніі, прадстаўнікі венгерскай амбасады, прадстаўніцтва АБСЕ.
На самым пачатку паседжання Павал Севярынец заявіў, што сёння ствараць урад і раздаваць партфелі міністраў не будуць. Між тым, усім прысутным адразу раздалі пайменны спіс па міністэрствах альтэрнатыўнага ўрада. Ініцыятары паседжання не пазначылі толькі імёны магчымых прэзідэнтаў.
Так, партфелі ў Міністэрстве фінансаў прапануецца аддаць Багданкевічу, Раманчуку і Чубрыку. У Мінэканомікі - Чаламу, Злотнікаву, Залескаму і Дзмітруку, МЗС — Мілінкевічу, Саннікаву і Краўчанку. Мінінфармацыі — Літвіной, Марцаву, Дынько, Старыкевічу і Сярэдзічу.
Гэты спіс у некаторых удзельнікаў выклікаў здзіўленне. Напрыклад, Аляксандр Старыкевіч пацікавіўся, чаму яго вырашылі прызначыць на працу ў Мінінфармацыі, нават не запытаўшыся пра яго жаданне, і дадаў, што такога жадання ў яго няма.
У той жа час Алег Воўчак, якому аддалі партфель у МУС, сказаў, што з задавальненнем стане Генпракурорам.
Зміцер Лукашук
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме