17:00 18.12.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

“ГРАМАДЗЯНСКАЯ ІНІЦЫЯТЫВА” – СУПРАЦЬ КАРУПЦЫІ НА ВІЦЕБШЧЫНЕ

Віцебская абласная арганізацыя БСДП(Грамада) стварае грамадзка-асьветніцкі фонд “Грамадзянская ініцыятыва”, мэта якога – спрыяць барацьбе супраць карупцыі на Віцебшчыне.Паводле партыйнага актывіста і сябра грамадзкай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву” Аляксандра Мікуліна, фонд “Грамадзянская ініцыятыва” не зьбіраецца выконваць працу адпаведных дзяржаўных структураў, якія мусяць выкрываць карупцыянэраў. Партыйцы распачнуць дзейнасьць грамадзкіх прыёмных, куды можа зьвярнуцца кожны, хто сутыкаўся з фактамі карупцыі, але зь нейкіх прычынаў ня хоча альбо ня можа зьвяртацца ў афіцыйныя органы. Зьвесткі, атрыманыя ад грамадзянаў, будуць перададзеныя ў пракуратуру ў якасьці “сыгналаў ад насельніцтва”, якія мусяць быць правераныя.Адначасова “Грамадзянская ініцыятыва” будзе праводзіць прававое навучаньне для насельніцтва: навучаць правільна складаць скаргі, заявы, звароты.Інфармацыю пра стварэньне фонду “Грамадзянская ініцыятыва” Аляксандар Мікулін спрабаваў разьмясьціць у абласных дзяржаўных газэтах. Аднак газэта “Віцебскі рабочы” адмовілася зрабіць гэта, а ў газэце “Народнае слова” толькі згадалі, што рэдакцыя атрымала ліст ад актывістаў БСДП (Грамада) пра стварэньне антыкарупцыйнага фонду.Аляксандар Мікулін кажа, што неабходнасьць у падобнай грамадзка-асьветніцкай працы адчуў падчас мінулай выбарчай кампаніі. Яго не зарэгістравалі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты парлямэнту, але ён шмат кантактаваў са сваімі патэнцыйнымі выбарцамі напярэдадні, калі зьбіраў подпісы за сваё вылучэньне. Спадар Мікулін кажа, што шмат людзей гатовыя падзяліцца зьвесткамі пра карупцыйныя парушэньні з боку дзяржаўных чыноўнікаў, але ня ўсе гатовыя зрабіць гэта афіцыйна.Радыё Свабода (Віцебск) www.svaboda.org 14.12.2008 17:46

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме