22:00 29.06.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

«ГРАМАДА» НАПІСАЛА Ў МАСКВУ СУПРАЦЬ БЮСТА МІКАЛАЯ II

Магілёўскія актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” падрыхтавалі ліст кіраўніцтву раёну Сакаліная гара Ўсходняй адміністрацыйнай акругі Масквы. У ім яны тлумачаць чаму іхнаму гораду не патрэбны бюст апошняга расейскага самадзержца Мікалая II.

Сацыял-дэмакраты вырашылі патлумачыць маскоўцам сваю пазыцыю пасьля таго, як сёньня атрымалі з гарвыканкаму адказ на свой пратэст супраць меркаванага ўсталяваньня бюста. У ім гаворыцца, што тапанімічная камісія гарвыканкаму не прымала рашэньня пра ўсталяваньне ў Магілёве бюста Мікалая II.

Лідэр магілёўскіх сацыял-дэмакратаў: “Гэты адказ — звычайная чыноўніцкая адпіска. Яе падпісаў намесьнік старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Фёдар Міхеенка. Менавіта на яго спасылаліся дзяржаўныя крыніцы, калі інфармавалі магілёўцаў пра падарунак расейцаў. Ён тлумачыў, што расейцы дораць бюст як знак разьвіцьця і ўмацаваньня супрацоўніцтва між сталічным расейскім раёнам і Магілёвам. Менавіта ён паведаміў, што бюст усталююць у абласным краязнаўчым музэі, каб пазьбегнуць фактаў вандалізму з-за неадназначнага стаўленьня гараджан да гэтай асобы. Праўда, потым высьветлілася, што ўсе музэі Магілёва адмаўляюцца яго браць як экспанат. Усё гэта гаворыць пра тое, што чыноўнікі ня ведаюць, як патлумачыць усталяваньне бюста ў Магілёве. Ня ведаюць яны і як адмовіцца ад падарунка. Калі яны ня ведаюць, мы патлумачым расейцам, чаму бюст не патрэбны Магілёву”.

Актывісты разглядаюць падарунак расейцаў як спробу нагадаць беларусам пра каляніяльнае мінулае, а пазыцыю гарвыканкаму лічаць зьняважлівай для сувэрэннай Беларусі.

Вестка пра бюст расейскага самадзержца, падараваны Магілёву, на пачатку чэрвеня. З пратэстамі і патрабаваньнямі патлумачыць, што азначае гэты падарунак, выступілі, акрамя сацыял-дэмакратаў, яшчэ й актывісты партыі БНФ. Яны таксама паставяць свой подпіс пад лістом да маскоўцаў.

Мікалай II зь сям’ёй жыў у Магілёве падчас Першай усясьветнай вайны. Адсюль ад жніўня 1915 да лютага 1917 году ён кіраваў дзеяньнямі сваіх войскаў. Менавіта гэтым і тлумачыцца плянаванае ўсталяваньне бюста расейскага самадзержца ў Магілёве.
Радыё Свабода (Магілёў) 29.06.2009 19:20

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме