15:00 13.07.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ГОРАДАНАЧАЛЬНІКІ І БУДАЧНІКІ. Віцебская “вертыкаль” і дэвіз глупаўскага гораданачальніка
Хто мае права адзначаць Дзень вызвалення Беларусі ад нацысцкіх акупантаў?
Пытанне, здавалася б, дурное, але не для віцебскай улады, яе “ідэолагаў” і міліцыі.
Віцебская міліцыя вядомая ўсёй Еўропе тым, што дапусціла два выбухі, рэха якіх прайшло па кантыненце. Вядомая яна і тым, што так і не здолела выкрыць злачынцаў. Няма ў віцебскай міліцыі людзей з дастатковай кваліфікацыяй, належным вопытам і інтэлектам. Калі і ёсць які інтэлект, дык накіраваны ён на вырашэнне іншых задач.
Да якіх высноваў прыйшла віцебская абласная і гарадская ўлада пасля выбухаў?
Улада вырашыла адгарадзіцца ад народа.
Ужо святкаванне Дня горада ў Оршы выклікала неўразуменне грамадзян. Не ўсе ахвотныя гараджане маглі ўзяць удзел ва ўрачыстасцях. На іх шляху стаялі бар’еры, турнікеты і пасты міліцыі (калі не міліцыянты, дык курсанты навучальных устаноў МУС).
Гэты падзел грамадзян на “сваіх” і чужых” правялі не толькі ў Оршы. Але калі ў Оршы усё прайшло ціха, дык у Віцебску, сцэнар, распрацаваны вертыкальнымі “ідэолагамі”, папсавалі прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый горада.
“Это не ваш праздник!” – істэрычна крычала ідэалагічная начальніца прадстаўнікам дэмакратычных арганізацый Віцебска, якія таксама прыйшлі ўшанаваць памяць вызваліцеляў горада.
Рыхтуючыся да Дня вызвалення Беларусі ад нацысцкіх акупантаў, віцебская ўлада вырашыла адгарадзіцца больш надзейна. На 3 ліпеня ў горадзе была выдзелена “запретзона”, у якую грамадзяне маглі трапіць толькі па спецзапрашэннях.
29 чэрвеня старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), былы начальнік грамадзянскай абароны Віцебскай вобласці палкоўнік у адстаўцы Анатоль Гнеўка звярнуў увагу пракурора вобласці Генадзя Дыско на тое, што віцебскі гарвыканкам, падзяліўшы грамадзян на “сваіх” і “чужых”, парушыў патрабаванні закона Рэспублікі Беларусь аб масавых мерапрыемствах. Анатоль Гнеўка прасіў пракурора ў адпаведнасці з паўнамоцтвамі, якія дадзены яму законам, вынесці прадпісанне выканаўчай уладзе аб выпраўленні парушэнняў заканадаўства.
Віцебская вертыкаль нібыта прызнала незаконнасць сваіх дзеянняў. Але ідэолага-адміністрацыйная галава запраграмавана на словы-раздражняльнікі (прыкладам, “апазіцыя”, “дэмакратыя”, “сацыял-дэмакратыя”, “лібералізм”). У такім разе яна, як і галава глупаўскага гораданачальніка, нават ува сне мармыча “п-плю!”, гэта значыць “Не потерплю!”
Калі ж ідэолага-адміністрацыйная галава прамармыча “п-плю!”, яна дае каманду будачніку Мымрацову. Абавязкі ж будачніка, як вядома, заключаюцца ў тым, каб ТАЩИТЬ и НЕ ПУЩАТЬ –– цягнуцьтуды, куды людзі не жадаюць трапіць, і не пускаць туды, куды яны хочуць трапіць.
Віцебскія сацыял-дэмакраты хацелі трапіць на святкаванне 3 ліпеня. Яны дамагліся таго, што ім далі запрашальныя білеты ў “запретзону”.
Раніцай 3 ліпеня яны сабраліся ў доме, дзе жыве Анатоль Гнеўка. Але на выхадзе іх чакалі “будачнікі”.
Ролю будачнікаў віцебская ідэолага-адміністрацыйная вертыкаль адвяла тым, хто павінен змагацца з крымінальнікамі. Гэта старшы дазнавацель аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Віцебска Акулов Д. И., памочнік начальніка таго ж райддзела Горнак И. Н.. Прозвішча трэцяга “будачніка” запісана ў пратаколе нечытэльна: ці то Саралуд, ці то Сарамуд А. С. Былі і іншыя чыны, але яны не ўвекавечылі свае імёны пад пратаколамі.
Каго ж «тащили и не пущали” слаўныя віцебскія змагары з крымінальнай злачыннасцю? Палкоўніка Гнеўку я ўжо назваў. Другі затрыманы – маёр міліцыі запасу Аляксандр Мікулін.
Законапаслухмяныя грамадзяне, яны былі затрыманыя за тое, што мелі пры сабе партыйныя сцягі. Сцягі, трэба сказаць, законныя. І Анатоль Гнеўка, і Аляксандр Мікулін, апроч сцягоў, мелі пры сабе копіі пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі афіцыйнага геральдчынага сімвала – сцяга БСДП. Але віцебскія “будачнікі” на гэта не зважалі. Іх устрывожылі колеры гэтага сцяга, які вонкава нагадвае беларускі нацыянальны сцяг. А на гэты раздражняльнік адміністрацыйная галава рэагуе імгненна. І словамі глупаўскага гораданачальніка: “Не потерплю!”
Партыйныя сцягі ў Анатоля Гнеўкі і Аляксандра Мікуліна віцебскія “будачнікі” адабралі, а саміх носьбітаў “падрыўной” сімволікі трымалі ў Кастрычніцкім РАУС тры гадзіны – з такім разлікам, каб яны не маглі трапіць у “запретзону” падчас казённых урачыстасцяў.
Такая гісторыя. Па-мойму, яна не завершаная. У мяне ёсць пытанні:
– На падставе якога закона ці падзаконнага акту старшы дазнавацель Кастрычніцкага РАУС г. Віцебска Акулов Д. И. адабраў партыйныя сцягі БСДП у Анатоля Гнеўкі і Аляксандра Мікуліна?
– Ці будуць вернутыя гэтыя сцягі Анатолю Гнеўку і Аляксандру Мікуліну?
Гэтыя пытанні я публічна адрасую пракурору Віцебскай вобласці Генадзю Дыско.
Анатоль Сідарэвіч,
сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў,
намеснік старшыні
Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме