19:03 07.05.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ГОНАР КРАІНЫ ВЫШЭЙ ЗА “ГОНАР МУНДЗІРА”
У гісторыю праваахоўных органаў Беларусі ўпісана яшчэ адна чорная старонка.
Разгляд справы ў судзе паказаў, што абвінавачанні, узведзеныя следствам на Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенку, Міхаіла Казлова і Аляксандра Ларына,– не што іншае, як мана і паклёп.
Разгляд справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў паказаў, якая пагроза сыходзіць ад праваахоўных органаў грамадзянам Беларусі. Паказаў, што гэтыя органы могуць цалкам беспадстаўна абвінаваціць чалавека ва ўчыненні страшных злачынстваў – у падпалах, у замаху на чалавечае жыццё, у намеры здзейсніць тэрарыстычны акт.
Працэс ваўкавыскіх прадпрымальнікаў яшчэ раз паказаў, якое значэнне маюць разгляд такога роду справаў у адкрытых судовых пасяджэннях, кваліфікаваны грамадзянскі кантроль, які ажыццяўляюць правабарончыя арганізацыі, і салідарнасць грамадзянскай супольнасці.
Разгляд справы ў адкрытым судзе паказаў, што Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка, Міхаіл Казлоў і Аляксандр Ларын з'яўляюцца вязнямі сумлення.
Хоць суд не пайшоў насустрач патрабаванням дзяржаўнага абвінаваўцы, прыгаворы, вынесеныя Мікалаю Аўтуховічу, Уладзімір Асіпенку, Міхаілу Казлову і Аляксандру Ларыну нельга не лічыць жорсткімі і празмернымі. Гэтыя прысуды нельга расцэньваць інакш, як спробу «адбяліць» праваахоўныя органы, якія беспадстаўна ўтрымлівалі ваўкавыскіх прадпрымальнікаў у няволі.
Дрэнна, калі «гонар мундзіра» ставіцца вышэй за гонар краіны.
Грамадзянская супольнасць Беларусі мае поўнае права заклікаць старшыню Вярхоўнага суда не выстаўляць Беларусь на пасмешчышча перад цывілізаваным светам і апраўдаць усіх асуджаных па «ваўкавыскай справе».
Анатоль Сідарэвіч,
намеснік старшыні
Беларускай сацыял-дэмакратычнай
партыі (Грамады)
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме