10:15 27.06.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

«ГАВАРЫ ПРАЎДУ» СКОНЧЫЛА ЗБОР ПОДПІСАЎ ЗА ВУЛІЦЫ БЫКАВА

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» скончыла збор подпісаў за з’яўленне у Мінску і Гродна вуліц імя Васіля Быкава. Апошнія мерапрыемствы прайшлі ў Гродне.

На 22 чэрвеня у Гродна было запланавана адразу некалькі мерапрыемстваў — наведванне музея Васіля Быкава, збор подпісаў за наданне адной з вуліц Гродна імя Быкава і паэтычна-музычная імпрэза ў памяць аб вялікім пісьменніку.

«Мы выстаялі, не пахіснуліся пасля арыштаў і ператрусаў. І сабралі нават не 50 тысяч подпісаў, а 70 (65 тысяч у Мінску, 5 тысяч у Гродне, „НН“) за паўтара месяца. Гэта без уліку тых, што ў нас канфіскавалі. Цяпер мы плануем праверыць подпісы, таму што людзей ужо пачалі правяраць спецслужбы. А потым мы аднясем лісты з подпісамі ў гродзенскі і мінскі выканкамы.

Мы зробім усё, што ад нас залежыць, як мае быць. А потым паглядзім, што зробяць улады», —  адзначыў лідэр кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў пасля сустрэчы са стваральнікам музея Васіля Быкава Мікалаем Мельнікавым.

Някляеў не прамінуў выказацца і пра будучыя прэзідэнцкія выбары. Ён адзначыў, што пасля ператрусаў і арыштаў актывістаў кампаніі, у яго не засталося сумненняў, ці прымаць удзел у выбарах. Лідэр «Гавары праўду» паабяцаў, што кампанія абавязкова прыме ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі на баку дэмакратычнай апазіцыі. «Сёння змены рэальныя як ніколі», — зазначыў У.Някляеў. Ён таксама паабяцаў, што «Гавары праўду» будзе існаваць незалежна ад выніку прэзідэнцкіх выбараў і пасля іх.

Адразу пасля наведвання музея Быкава прадстаўнікі кампаніі на працягу гадзіны збіралі ў самым ажыўленым месцы гораду — вуліцы Савецкай — подпісы за наданне адной з вуліц Гродна імя Васіля Быкава. Тыя гараджане, што падпісаліся, маглі атрымаць кнігу У.Някляева «Кон» з подпісам аўтара. Варта зазначыць, што абсалютная большасць гараджан з ахвотай пагадзілася падпісацца — адмаўляліся адзінкі.

Завяршаўся гродзенскі тур кампаніі «Гавары праўду» сустрэчай з грамадскасцю. На яе прыйшло каля 40 чалавек, якія змаглі пабачыць і пачуць Уладзіміра Някляева, Міхася Скоблу, Змітра Вайцюшкевіча, Аляксандра Фядуту і Глеба Лабадзенку. Яны чыталі свае творы і гаварылі. Збольшага пра пісьменнікаў — Быкава, Геніюш, Караткевіча. А таксама аб іх вядучай ролі ў сучаснай беларускай гісторыі. Як зазначыў М.Скобла падчас свайго выступу: «Змагацца з літаратурай — гэта тое самае, што страляць па зоркам».

Завяршаючы сустрэчу, У.Някляеў паабяцаў прадпрыняць рашучыя крокі ў тым выпадку, калі ўлады ўсё ж не прызнаюць тыя 70 тыс. подпісаў, якія былі сабраныя актывістамі кампаніі.

Рашэнне аб тым, якія вуліцы Мінска і Гродна маюць атрымаць імя Васіля Быкава, будзе прымацца на адмысловых круглых сталах.
Алесь Пілецкі

    *  *  *

                     У Горадні скончылася кампанія збору подпісаў за вуліцу Быкава

22 чэрвеня — угодкі сьмерці Васіля Быкава, які памёр 22 чэрвеня 2003 году. У гэты дзень Горадню наведалі паэты Ўладзімір Някляеў і Міхась Скобла, публіцыст Аляксандар Фядута, бард Зьміцер Вайцюшкевіч. Яны меліся завяршыць кампанію збору подпісаў за вуліцы Быкава ў Горадні і ў Менску, а таксама наведаць грамадзкі музэй пісьменьніка і сустрэцца з чытачамі.

У грамадзкім музэі Васіля Быкава на вуліцы Савецкай менчукоў чакаў адзін са стваральнікаў экспазыцыі Аляксей Дземідовіч, затым прыехаў кіраўнік музэю Мікалай Мельнікаў, адбылася гутарка з Уладзімірам Някляевым. Нагадаем, што паралельна апошнім часам зьбіралі подпісы за тое, каб вуліцы Васіля Быкава былі ў Менску і ў Горадні — двух гарадах, дзе ён найбольш жыў і працаваў. Пра мэту прыезду ў Горадню кажа сам Уладзімір Някляеў:

«Паспрабуем мы яе скончыць, сымбалічна, канечне, бо подпісаў няшмат мы сёньня дададзім да тых сямідзесяці тысяч, якія сабраныя. Можа, дзясятак-два, але гэта такі акорд завяршэньня кампаніі».

Сваю ацэнку выказвае Аляксандар Фядута, сам былы гарадзенец:

«Тое, што ў Горадні павінна быць і вуліца Быкава, і вуліца Карпюка — гэта ні ў кога не павінна выклікаць сумневу. Таму што Горадня нашая існуе ў грамадзкай сьвядомасьці як горад культурны пастолькі, паколькі пра яе пісалі вельмі добрыя пісьменьнікі. Калі пра старую Горадню пісаў, напрыклад, той жа самы Караткевіч, дык Горадню ХХ стагодзьдзя ўславілі менавіта Карпюк і Быкаў. Пяць тысяч подпісаў для Горадні — гэта шмат. І тое, што людзі іх ставілі, гэта сыгнал, перш за ўсё, для прадстаўнічай улады, для дэпутатаў — яны павінны прыняць рашэньне».

Аднак гарадзкія ўлады маюць рашэньне, на якое спасылаюцца: больш не пераймяноўваць вуліцы ў Горадні.

Фядута: «Я разумею, што ў Менску сытуацыя троху лягчэйшая менавіта таму, што там сабрана 65 тысяч подпісаў, гэта нават для Менску вялікая лічба. Пасьля таго як пройдзе праверка гэтых подпісаў — да 29 чэрвеня, іх панясуць у Менскі гарадзкі савет. А вось калі ён прыме рашэньне сапраўды назваць вуліцу імем Быкава, я думаю, што тады празь дзень зьбярэцца Гарадзенская рада дэпутатаў і прыме тое ж самае рашэньне. Таму што, на жаль, вырашаюць не гарадзенцы».
Якое ўражаньне пакінула наведваньне грамадзкага музэю Быкава?

Някляеў: «Я ведаю, што было некалькі спробаў закрыць музэй, забраць зь яго рэчы і падмайстраваць пад нейкі іншы музэй — ці ў гістарычны, ці ў школу, каб Быкаў расплыўся і яго не было. Не, калі ўжо вы ня можаце вырашыць гэтае пытаньне так, як належыць вырашаць у краіне пра гонар яе і славу, якой зьяўляецца Быкаў, то няхай гэта будзе тут. Я вельмі ўдзячны гэтым людзям, якія заняліся стварэньнем музэю, найперш Мельнікаву, які стаяў каля вытокаў яго стварэньня. Але ўсё зьменіцца, і будзе не пакойчык быкаўскі, а музэй, мы да гэтага дойдзем, але толькі таму, што ёсьць такія людзі, як яны».

Збор подпісаў за вуліцы Быкава ў Горадні і Менску адбываецца ў рамках кампаніі «Гавары праўду!»

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме