17:00 05.10.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ГАЛІНА СЯМДЗЯНАВА: «IЛЮЗІЙ БЫЦЬ НЕ ПАВІННА...»
У склад Мінскай гарадской камісіі прайшлі тры прадстаўнікі ад апазіцыі — старшыня сталічнай арганізацыі БСДП Аляксей Сігаеў, сябра Сойму Партыі БНФ Юры Хадыка і старшыня рэвізійнай камісіі Партыі БНФ Галіна Сямдзянава. Спадарыня Сямдзянава распавяла, як адбывалася пасяджэнне па фарміраванні гарадской і раённых камісій і падзялілася асабістымі ўражаннямі ад яго.
— Гэтае пасяджэнне адбывалася вельмі арганізавана. Сябры камісіі, якія павінны былі прымаць рашэнне, атрымалі матэрыялы, у якіх было пазначана, хто ёсць хто, хто куды вылучаны, куды прапануецца. Спачатку дакладчык паведаміў, колькі кандыдатур было вылучана ў склад камісіі, колькі чалавек трэба ў кожную камісію. Потым некалькі прысутных выступілі, сказалі, што праглядзелі матэрыялы і пагаджаюцца з тым, што прапанавана. І пачалося зачытванне ўсіх сяброў, уключаных у склад гарадской камісіі, і галасаванне па кожным. Потым такім жа чынам склад усіх раённых камісій у алфавітным парадку пачалі абвяшчаць...
Звяртае на сябе ўвагу вось што. Напрыклад, Мінская гарадская камісія, як і на мясцовых выбарах, сфарміравана цалкам з людзей, якія з’яўляюцца сябрамі нейкіх грамадскіх аб’яднанняў ці партый. У прыватнасці, чатыры сябры партый у гарадской выбарчай камісіі, дзве з якіх — КПБ і Партыя БНФ... Але нельга не звярнуць увагу на тое, што большасць сяброў камісіі — прадстаўнікі “Чырвонага Крыжа”, беларускага Фонду міру, Саюза жанчын, воінаў-афганцаў, шматдзетных сем’яў, прафсаюза работнікаў дзяржустаноў, “Белай Русі”. Сустракаюцца людзі, вылучаныя шляхам збору подпісаў ад працоўных калектываў. Прадстаўнікоў апазіцыйных партый на гэты раз у камісіях вельмі мала — толькі ў складзе Мінскай гарадской камісіі тры чалавекі. А што датычыцца раённых камісій, дык толькі ў Кастрычніцкім раёне ёсць прадстаўнік Партыі БНФ — Юрась Пальчэўскі.
Гэта адбываецца не таму, што партыі не вылучалі прадстаўнікоў, не таму, што партыі не хочуць гэтага рабіць ці няма каго вылучаць, а таму, што ў нас такое дзеючае заканадаўства. Спачатку скасавалі рэгістрацыю структур шмат якіх палітычных партый, а цяпер у Выбарчым кодэксе ёсць патрабаванне, каб вылучэнне ў раённыя камісіі адбывалася раённай арганізацыяй партыі. І атрымліваецца, што раённая арганізацыя партыі дэ-факта існуе, а дэ-юрэ яе няма, бо няма рэгістрацыі. Значыцца, гэтая структура не мае права вылучаць у камісію свайго прадстаўніка, маюць права толькі зарэгістраваныя структуры. А зарэгістраваных структур у партый засталося няшмат. Таму мы бачым такую карціну, пра якую казала Лідзія Ярмошына, што партыі неактыўныя. Спачатку трэба зрабіць людскае заканадаўства, а потым будуць партыі актыўныя.
З усіх вылучаных прадстаўнікоў ва ўсе раённыя камісіі не ўключылі толькі пяць чалавек, і самае цікавае — з гэтых пяці двое з’яўляюцца даволі буйнымі палітычнымі фігурамі. Адзін з іх — у Цэнтральным раёне, Вінцук Вячорка. Гэта вядомая асоба: былы старшыня Партыі БНФ, чалавек, які мае велізарны досвед партыйнай працы. Але не ўключылі. І другі прадстаўнік — спадар Пётр Садоўскі, вылучаны шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў у Ленінскім раёне. Гэта і дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, і першы амбасадар Беларусі ў Германіі — вядомая асоба, але і яго не ўключылі. Выпадковасць?
— А падчас пасяджэння кандыдатуры абмяркоўваліся?
— Не. Кандыдатуры не абмяркоўваліся. Рашэнне прымалася тымі, хто сядзіць за сталом — сябрамі прэзідыума і выканкама. У іх гэта ўсё (друкаваныя матэрыялы з інфармацыяй пра вылучаных) ёсць, я бачыла, як яны гэта пераліствалі, вывучалі... У нас, тых, хто быў запрошаны, такіх папер не было. Таму як адбывалася гэта вылучэнне — можна толькі здагадвацца. Патлумачылі, што ў камісію трэба максімальная колькасць людзей — 13, а ў трох раёнах — Ленінскім, Цэнтральным і Савецкім — вылучылі па 14 чалавек. І сказалі, што быццам бы таго, хто падаў дакументы апошнім, не ўключылі. Атрымліваецца, што Садоўскі быў апошнім у Ленінскім раёне і Вячорка — апошнім... Карацей, па такой прыкмеце быццам бы складалі камісію. Але гэта дзіўна.
— Тая сістэма вылучэння прадстаўнікоў грамадскіх і палітычных арганізацый у выбарчыя камісіі, пра якую вы нам распавялі, з’яўляецца новаўвядзеннем у параўнанні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі?
— Так. На мясцовыя выбары Мінская гарадская арганізацыя партыі вылучала прадстаўнікоў ва ўсе камісіі, пачынаючы ад гарадской да ўсіх дзевяці раённых. А зараз раённыя арганізацыі павінны вылучаць у раённыя камісіі.
— Што яшчэ новага было для вас гэтым разам?
— Ведаеце, новага нічога не было, бо я пачула, калі называліся прозвішчы людзей — такія знаёмыя прозвішчы (паколькі я мінулы раз займалася мясцовымі выбарамі). Магчыма, адзін-два чалавекі з 13 сябраў камісіі заменены, а астатнія — шчыльнымі радамі ідуць правераныя ўжо “змагары”.
, аўторак 5 кастрычнiка 2010 г.Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
27 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |