14:15 09.06.2018 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Гісторыю Беларусі ва ўніверсітэтах заменяць курсам «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці»
Іншае планаванае новаўвядзенне — адмена абавязковых курсаў псіхалогіі і педагогікі ва ўніверсітэтах.
Рыхтуюцца вялікія змены ў выкладанні сацыяльна-гуманітарнага блоку ва ўніверсітэтах краіны. Рабочая група павінна прадставіць сваё бачанне на нарадзе ў міністра адукацыі Ігара Карпенкі. Адзін з распрацоўшчыкаў праграмы, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк пагадзіўся расказаць аб зменах.
«Будуць вялікія, базавыя, грунтоўныя курсы. Абавязковым прадметам стане «Філасофія». Філасофія вяртаецца як царыца навук у поўным аб’ёме. Прычым будзе вывучацца як на ўзроўні бакалаўрыяту, гэтак і магістратуры. Ад тых модуляў і рэчаў, якія не прайшлі апрабацыю практыкай, мы адмовімся.
Будзе курс па «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці». Спачатку меркавалася, што ён можа быць на выбар, але ўсё ж ён будзе абавязковым для ўсіх універсітэтаў краіны. Курс «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці» нашмат большы за курс «Гісторыі Беларусі». На курс «Гісторыі Беларусі» быў мінімальны час, а тут будзе цэлыя 54 гадзіны.
Цяпер не сітуацыя 1990-х гадоў, калі не было сістэмных школьных курсаў па гісторыі Беларусі. Цяпер дзеці ў школах вучаць гісторыю. Больш за тое, праанансую адну рэч.
Сёлета ўсе пяцікласнікі атрымаюць выдатную кнігу бліскучага маладога гісторыка Сцяпана Цемушава, я выступаю ў ёй рэцэнзентам. Называцца яна будзе «Беларусь — мая дзяржава».
А падзагаловак у кнізе: «Ад рассялення славян да Рэспублікі Беларусь». Гэтая кніжка не толькі для пятага класа, але для ўсіх, хто гісторыю Беларусі не вывучаў. Там будзе ўсё.
Ад моманту стварэння першых дзяржаваў на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў ІХ — ХІІІ стагоддзях, будзе ВКЛ, беларуская традыцыйная культура і сучасная дзяржава. Чым добрая гэтая кніга? Там шмат ілюстрацый, вывераныя даты, шмат карт.
Што тычыцца курса «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці», то гэта будзе грунтоўны курс амаль пра тое самае, але менавіта з упорам на дзяржаўнасць. Там будуць раздзелы, прысвечаныя гістарычным формам дзяржаўнасці, данацыянальным формам дзяржаўнасці (мы ж разумеем, што нацыя — з’ява позняя). Будзе асобная тэма, прысвечаная назве «Белая Русь», асобная — пра беларускі этнагенез, каб было зразумела, як народ узяўся. Будзе і веча, і Статут, і Канстытуцыя Беларусі. Усе спробы дзяржаўнасці, у тым ліку няўдалыя, як БНР, будуць адлюстраваныя.
Апроч гэтага, вялікая ўвага будзе нададзена дзяржаўнасці ў ХХ і ХХІ стагоддзі. Вялікі раздзел будзе прысвечаны асновам канстытуцыйнага лада, заканадаўчай, выканаўчай уладзе. Мы пакідаем толькі тое, што важна для кожнага патрыёта і грамадзяніна.
Гэта будзе навуковы курс, не хлуслівы, не ілжывы, не мярзотны і не подлы. Там будзе беларуская суб’ектнасць, але не будзе хлусні, ні правай, ні левай, ні бээнэфаўскай, ні заходнерускай.
Я асабіста за гэты год збіраюся напісаць падручнік. Не хачу пакуль называць прозвішча другога калегі, які павінен выступіць сааўтарам. Напішу аўтарскі падручнік па «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці», як я гэта бачу. Гэта планы на наступны год, хаця пісаць некаторыя разделы я ўжо пачаў».
Мы пацікавіліся ў спадара Марзалюка, адкуль будзе весці гісторыя беларускай дзяржаўнасці.
«Адкуль жа яшчэ — ад Полацка, ад Турава. Ад эпохі Кіеўскай Русі, яна для нас тое ж самае, як для заходнееўрапейцаў імперыя Каралінгаў. Па-за гэтым кантэкстам мы нічога зразумець не зможам», — кажа гісторык.
«Апроч гэтага, з’явяцца яшчэ два важныя курсы, якія будуць выкладацца ў залежнасці ад пажаданняў студэнтаў і вучэбна-метадычных умоваў універсітэтаў — гэта «Гісторыя беларускай культуры» і «Гісторыя беларускай навукі». Яны будуць арыентаваныя як на замежных студэнтаў, так і на сваіх. Спачатку думалі ўсунуць гэта ўсё ў адзін курс, але міністр адукацыі Ігар Карпенка прапанаваў тры. Ясна, што ніхто не адмяняе ні паліталогію, ні сацыялогію».
Сёлета зменаў чакаць не даводзіцца, рабочая група не гоніцца, каб хутчэй.
«Гэты год пераходны, нікуды спяшацца не будзем. Пераход на іншую праграму адбудзецца ў 2019 годзе. На гэты год планы ранейшыя, спачатку мусім усё апрабаваць, правесці верыфікацыю. Я асабіста планую ў чэрвені праехацца па ўсіх гуманітарных універсітэтах краіны, выступіць з новай канцэпцыяй выкладання сацыяльна-гуманітарнага блока, выслухаць крытычныя заўвагі ад калег, каб мы прыйшлі да якаснага прадукта. Той бязглуздзіцы, калі на дзяржаўным экзамене здавалі філасофію, педагогіку і псіхалогію ў адным флаконе, не будзе больш», — сказаў нам дэпутат Марзалюк.
Іншае важная новаўвядзенне — адмена абавязковых курсаў псіхалогіі і педагогікі ва ўніверсітэтах.
«Мы палічылі, што педагогіка і псіхалогія на ўсіх спецыяльнасцях у тым фармаце, у якім яна выкладалася цяпер, немэтазгодна. Калі захочуць студэнты і выкладчыкі, то па выбару можна чытаць такія курсы. Але абавязковага выкладання на ўзроўні бакалаўрыята і магістратуры, як гэта было раней, не будзе. Гэтыя прадметы трэба вывучаць з улікам спецыяльнасці. А без філасофіі і гісторыі беларускай дзяржаўнай ты не можаш быць высокаадукаваным чалавекам, незалежна ад таго, ці ты інжынер, хімік ці біёлаг. І калі ў 18 ты лічыш, што табе гэта не трэба, то ў 40, калі мазгі ўстаўляюцца на месца, разумееш, што трэба. Без філасофіі ў прынцыпе няма навукі.
Новы сацыяльна-гуманітарны блок улічвае міжнародны досвед, еўрапейскія патрабаванні, ён студэнтацэнтрычны. Мы палічылі, што не трэба дубляваць гісторыю Беларусі па другім коле, а зрабіць акцэнт на іншых рэчах».
Хто, апроч Марзалюка, займаўся распрацоўкай курса «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці»?
«Калегі з БДУ, у тым ліку дэкан гістфака Аляксандр Каханоўскі, былы міністр адукацыі Пятро Брыгадзін будзе прымаць удзел, дэкан філасофскага факультэта Вадзім Гігін і іншыя. Мы трошку зацягнулі, але ў любым выпадку бліжэйшымі днямі будзем аддаваць першы праект тыпавой праграмы.
Пайшлі чуткі, што выкідаюць з універсітэтаў гісторыю Беларусі. Ніхто нічога не выкідае! Не сакрэт, што ў некаторых тэхнічных ВНУ курс «Гісторыі Беларусі» здаюць па падручніках 8-9 класаў. Гэты прадмет патрэбны, каб чалавек разумеў, дзе ягоныя карані, хто ён ёсць і што ягоная радзіма і нацыя не прыдуманая ні палякамі, ні бальшавікамі. А самае галоўнае, што падтрымка ёсць на ўсіх узроўнях», — адзначыў Ігар Марзалюк.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме