23:01 15.04.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ФЯДУТА: МЭСЫДЖ ЛУКАШЭНКІ — “СТРАЛЯЦЬ БУДУ”
Чаму Аляксандар Лукашэнка фактычна адзіны з кіраўнікоў дзяржаваў выступіў у абарону адхіленага прэзыдэнта Кіргістана Курбанбека Бакіева? Што больш за ўсё непакоіць Лукашэнку ў кіргіскіх падзеях? Што азначаюць словы кіраўніка Беларусі, што ўлада павінна сябе абараняць? На гэтыя пытаньні адказвае публіцыст Аляксандар Фядута.
Цыганкоў: Чаму Лукашэнка так адкрыта, публічна выказаўся супраць зьмены ўлады ў Кіргістане і на баку зрынутага прэзыдэнта Бакіева? Чым гэта можна патлумачыць?Фядута: Тым, што ён спраецыраваў тамтэйшую сытуацыю на сытуацыю ў Беларусі. Лукашэнка лепш за любых апанэнтаў ведае, якія закіды можна зрабіць у ягоны бок. І калі ён слухаў усё тое, у чым абвінавачваюць Бакіева, ён ставіць сябе на ягонае месца і праводзіць пэўныя паралелі.
Цыганкоў: Што, на вашу думку, непакоіць Лукашэнку больш за ўсё ў гэтых падзеях? Ці спантаннасьць і нечаканасьць гэтай рэвалюцыі (апазыцыя была слабая, палітычнае поле вытаптанае, але гэта не перашкодзіла бунту), ці тое, што Расея падтрымала гэты бунт?
Фядута: Расея прадэманстравала, што яна будзе знаходзіць дыялёг з той уладай, якая дэ-факта будзе ў краіне. І тое самае адбудзецца і ў Беларусі, калі нешта падобнае будзе тут. Па-другое, у інтэрнэце актыўна хадзіў фотаздымак — разьбіты і акрываўлены твар міністра ўнутраных справаў. Вось гэта, я думаю, палохае ўсіх прадстаўнікоў улады ў Беларусі. Яны разумеюць, што калі народ паўстане, ніякай апазыцыі побач ня будзе. Будзе адбывацца нешта жудаснае.
Цыганкоў: Лукашэнка сярод іншага, заявіў: «І няма чаго папракаць Бакіева за тое, што ўлада прымяніла сілу, абараняючы сябе. Бо калі ўлада ня можа абараніць сябе і свой народ, то што гэта за ўлада» Які мэсыдж нясуць гэтыя словы?
Фядута: Мэсыдж такі — «Страляць буду». Але адна справа — даслаць мэсыдж, іншая — яго выканаць. Бо, разумееце, загад заўсёды аддаюць генэралы, а адказнасьць за ягонае выкананьне нясуць простыя афіцэры і салдаты.
Віталь Цыганкоў
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме