11:48 05.03.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Эканомячы на адукацыі і навуцы, улада падсякае будучыню краіны. І ў прамым, і у пераносным сэнсе

Эканомячы на адукацыі і навуцы, улада падсякае будучыню краіны. І ў прамым, і у пераносным сэнсе.

Як стала вядома нашай газеце, Міністэрства адукацыі разаслала лісты ва ўсе вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы з патрабаваннем скараціць іх бюджэт на гэты год на 30 працэнтаў. Скарачэнню ў першую чаргу падлягаюць навукова-даследчыя праекты, рамонтныя работы, прэміяльныя артыкулы і свабодныя, а таксама дзеючыя стаўкі персаналу навучальных устаноў.

Яшчэ напрыканцы мінулага года згаданае скарачэнне планавалася на ўзроўні 18 працэнтаў, але крызіс, што называецца, узяў сваё. І вырашылі секануць дык секануць!

Трэба сказаць, што на адукацыю ў нашай краіне і так выдзяляюць няшмат грошай — дзесьці каля 0,7-0,8 працэнта ад бюджэту краіны. Для параўнання: у развітых краінах гэты паказчык складае каля 3—4 працэнтаў мінімум.

А тут фінансавыя скарачэнні амаль на траціну.

Кандыдат педагагічных навук, былы загадчык аддзела адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Коўш лічыць, што такім чынам дзяржава расстаўляе свае прыярытэты: “Адукацыя і так атрымлівае мізэрныя сродкі. Больш за тое, на сённяшні дзве трэці ўсіх студэнтаў вучацца на платнай аснове. Наверсе ж вырашылі яшчэ больш “аптымізаваць” фінансаванне ўсёй адукацыйнай сістэмы краіны. Думаю, што вядучыя вышэйшыя навучальныя ўстановы неяк пратрымаюцца і пасля скарачэння фінансавання, а вось рэгіянальныя… Яны і да гэтага секвеставання ледзь-ледзь зводзілі канцы з канцамі."

НЕ ДА ЯКАСЦІ

Калі перакладаць дадзенае рашэнне ўлад на ўсім зразумелую мову, то атрымліваецца, што якасць асабліва вышэйшай адукацыі пагоршыцца, і даволі істотна. Будуць эканоміць на матэрыяльна-тэхнічнай базе ВНУ, выкладчыцкім корпусе, што непазбежна прывядзе да зніжэння ўзроўню падрыхтоўкі маладых спецыялістаў, а гэта ў першую чаргу значна адаб’ецца на навукаёмістых і высокатэхналагічных галінах нашай эканомікі. Аб чым на словах так дбае кіраўнік нашай дзяржавы…

Будзем атрымліваць невукаў урачоў, інжынераў, юрыстаў, педагогаў і г.д.

Вось як пракаментаваў для “Тут і цяпер” дадзенае рашэнне , былы прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

“Сапраўды, сітуацыя ў краіне сёння вельмі цяжкая, і трэба тэрмінова шукаць, дзе можна было б зэканоміць, а дзе пакінуць ранейшы ўзровень фінансавання.

Кіраўніцтва Расіі праз прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева запэўніла грамадскасць сваёй краіны, што сацыяльная сфера, і асабліва адукацыя, секвеставанню не падлягае.

Наша кіраўніцтва вырашыла пайсці іншым шляхам.

Між тым, можна было б вельмі значна зэканоміць хаця б на будаўніцтве грандыёзных спартыўных аб’ектаў, у прыватнасці лядовых палацаў. Там і здароўе моладзь не надта набывае, і па кошце яны раўнаважкія выдаткам на адукацыю ў цэлым.

Дарэчы, урад пажадаў акумуліраваць фінансавыя сродкі шляхам памяншэння аб’ёмаў фінансавання не толькі адукацыі, але і акадэмічнай навукі. На першы квартал гэтага года фінансаванне НАН Беларусі зніжана на 15 працэнтаў.

Эканомяць там, дзе і так усё даўно зэканомлена. Апошнія гады выдаткі на навуку ў нас складалі дзесьці 0,7 працэнта ад валавога ўнутранага прадукту, у той час як у Расіі і Украіне яны былі прыблізна ў 2 разы большымі. А з цяперашнім падыходам да галіны адукацыі і навукі можна і ўвогуле застацца без уласных навуковых школ. А яшчэ нядаўна гэтая сфера вельмі добра працавала на вытворчасць, што так патрэбна краіне, але сёння спрацоўвае дрэнна і патрабуе рэфармавання.

Нават у самыя цяжкія 90-я гады беларуская навука давала сур’ёзны плён у тым ліку праз стварэнне малых навукаёмістых прадпрыемстваў. Толькі на базе нашага Інстытута фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі было створана 10 такіх прадпрыемстваў, якія плацілі ў бюджэт сродкаў больш, чым складала ўсё фінансаванне інстытута.

Пасля 1995 года не было створана НІВОДНАГА такога навукаёмістага прадпрыемства. Згадзіцеся, гэта гаворыць аб многім”.

МАЛЯРОЎ І ТЫНКОЎШЧЫКАЎ НЕ ЧАПАЦЬ!

Што цікава: запланаваныя скарачэнні не тычацца былых ПТВ (прафесійна-тэхнічных вучылішчаў), а цяпер пераважна каледжаў. Дзяржаве, маўляў, так не хапае сантэхнікаў, маляроў, будаўнікоў, мантажнікаў і інш. Безумоўна, клопат пра названыя спецыяльнасці абсалютна законны, але навошта “крэслы ламаць” у адносінах да іншых маладых спецыялістаў?

Былы прарэктар Белдзяржуніверсітэта Анатоль Паўлаў лічыць, што дзяржава абкрадвае саму сябе: “Менавіта падчас крызісаў любая краіна пачынае ўсур’ёз задумвацца аб тых людзях, якія з гэтых крызісаў вывядуць і, самае галоўнае, змогуць наладзіць жыццё пасля іх. У нас усё атрымліваецца наадварот. Ну хіба здолеюць сантэхнікі, пры ўсёй павазе да іх, прапанаваць нейкія варыянты мадэрнізацыі вытворчасці ці гуманітарнай сферы? Паўднёвая Карэя пачынала з таго, што ўкладвала першыя заробленыя сродкі ў развіццё вышэйшай адукацыі. І дзе цяпер гэтая краіна? Сярод азіяцкіх тыграў, якія фарміруюць сусветную эканоміку! У нас няма ні нафты, ні газу, ні іншых карысных выкапняў. Нам сам Бог наканаваў думаць пра высокія тэхналогіі і адукацыю, калі мы збіраемся заставацца сапраўды незалежнай і самадастатковай краінай. Але..”

КЛАПОЦЯЦЦА ТОЛЬКІ НЕ ПРА АДУКАЦЫЮ

На гэты год бюджэт краіны выдаткаваў на сілавыя структуры сродкаў у два разы больш, чым на адукацыю і медыцыну разам узятыя. Колькасць міліцыянтаў сёння мінімум на 40 працэнтаў перавышае іх колькасць у савецкі час. Пра выдаткі на спецыяльныя службы, якія большасць свайго працоўнага часу прысвячаюць барацьбе с “іншадумствам”, увогуле гаварыць не прыходзіцца. Але ніякай інфармацыі пра секвеставанне іх бюджэтаў беларуская грамадскасць не чула. І, што заканамерна, пэўна, не пачуе. Яны ж недатыкальныя нават падчас жорсткага фінансавага крызісу. Менавіта яны служаць апорай дзеючай уладзе, якая не ўяўляе без іх ні свайго сёння, ні заўтра.

ЛЕПШЫЯ РУШАЦЬ ЗА МЯЖУ

А заўтрашні дзень павінны фарміраваць лепшыя розумы гэтай краіны.

Аляксандр Вайтовіч лічыць, што скарачэнне выдаткаў на адукацыю не павінна пацягнуць за сабой “уцечку мазгоў” за мяжу, таму што яна ўжо адбылася ў сярэдзіне дзевяностых мінулага стагоддзя, і цяпер, падчас глабальнага эканамічнага крызісу, як заходнія, так і былыя савецкія рэспублікі не надта зацікаўлены ў прыёме маладых спецыялістаў на працу.

Але не ўсе падзяляюць такі пункт гледжання.

Мой знаёмы хлопец Аляксей, студэнт 4 курса факультэта прыкладной матэматыкі Белдзяржуніверсітэта, пасля таго як пачуў пра істотнае скарачэнне выдаткаў на адукацыю, сказаў наступнае: “Мае сябры, якія скончылі факультэт крыху раней, працуюць у Расіі і Украіне праграмістамі. Так, яны прызнаюцца, што зараз ім паменшылі заробкі, даюць нашмат меней розных бонусаў, чым раней. Але ўсё роўна яны не збіраюцца вяртацца дадому. І справа нават не ў грашах, хоць яны, вядома з’яўляюцца сур’ёзнай матывацыяй для маладого спецыяліста. Справа ў тым, што мае сябры ўпэўненыя: заўтра і паслязаўтра яны будуць патрэбны сваім фірмам і краінам, якія робяць стаўку на хайтэк. А на што робіць стаўку сённяшняя Беларусь ні яны, ні я абсалютна не ведаем. Можа, заўтра вышэйшая адукацыя ўвогуле не будзе патрэбная ці, напрыклад, у нас наступіць ваенны камунізм. І што ў ім рабіць, дазвольце спытаць, праграмістам?”

Цяжка нешта дадаць да гэтых слоў.
Віктар АЛЯХНОВІЧ2009-03-05

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме