20:01 08.12.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ЭКСПЕРТ: КАРЫСЦЬ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ Ў ТЫМ, ШТО ЯНА НЕ АТРЫМАЛАСЯ
З нагоды дзесяцігоддзя падпісання Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі сайт“МЫ” звярнуўся да палітолагаў па ацэнку гэтага ці то міждзяржаўнага ўтварэнння, ці то працэсу.
Юрый Дракахруст у інтэрв’ю “МЫ” сказаў, што гісторыя саюзнай дзяржавы з’яўляецца яскравай ілюстрацыяй выслоўя Аскара Уайльда - ”лепшы сродак пераадолець спакусу – гэта паддацца ёй”.
“Насамрэч супольная квазідзяржава стала формай выспявання, сталення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, якая ў 1991 годзе звалілася на беларускае грамадства, як снег на галаву. Карысць саюзнай дзяржавы ў тым, што яна не атрымалася, што за гады яе няіснавання беларусаў прывучылі да таго, што ўласная дзяржава – гэта не так страшна і нават добра. І высветлілася, што дзяржаўнасць немагчыма згубіць. Немагчыма не тэхнічна, а палітычна і псыхалагічна”, - лічыць палітолаг.
Што да формы, то, на думку Юрыя Дракахруста, тут можна правесці пэўную аналогію з аб’яднаннем Нямеччыны: “Яшчэ ў 1848 годзе нямецкія дэмакраты, Франкфурцкі парламент, заклікалі да стварэння аб’яднанай Нямеччыны, да разбурэння феадальнага па сутнасці падзелу нацыі. Дэмакраты былі разгромленыя, манархічны прынцып атрымаў перамогу. Аднак іронія гісторыі - адзін з самых зацятых змагароў з Франкфурцкім парламентам Ота фон Бісмарк стаў тым, хто рэалізаваў праект сваіх ворагаў, але ў іншай форме - як саюз нямецкіх манархаў на чале з прускім каралём. Потым гэтая форма ўсё болей блякла, чэзла і ў рэшце рэшт знікла наогул. Нешта падобнае адбываецца (пакуль пачакаем казаць, што адбылося) з саюзнай дзяржавай Беларусі і Расіі”.
“Цяжка сказаць, ці задумвалася яна ад пачатку кіраўніцтвам Беларусі як хітрае ідэалагічнае прыкрыццё банальнага даення Расіі, эксплуатацыі яе постімперскіх комплексаў. Але стала яна менавіта гэтым і нічым іншым”, - рэзюмуе Дракахруст.
Палітолаг Андрэй Ляховіч зазначае, што ад самага пачатку існавання гэтага "перадусім ідэалагічнага праекта" было відавочнае разыходжанне ў бачаннях саюзнай дзяржавы беларускім і расійскім бакамі: “Для Расіі саюзная дзяржава была формай, рамкай, праз якую яна спадзявалася надзейна прывязаць да сябе Беларусь. Мэтай палітыкі Расіі адносна адносна нашай краіны з’яўляецца атрыманне гарантыяў, што незалежна ад таго, хто будзе кіраваць тут, Беларусь будзе рухацца у фарватэры расійскай вонкавай палітыкі і забяспечваць геапалітычныя інтарэсы Масквы”.
І падчас прэзідэнцтва Пуціна Расія, на думку Ляховіча, вызначылася з паслядоўнасцю крокаў такой "прывязкі" Беларусі: “Першы - набыццё кантрольных акцыяў беларускіх прадпрыемстваў. Другі - аб'яднанне грашовых сістэм. Трэці - падпісанне Канстытуцыйнага акту пад дыктоўку Масквы. Чацверты - узмацненне расійскай ваеннай прысутнасці”.
З боку ж Лукашэнкі “інтарэс да праекта "Саюзная дзяржава" грунтаваўся на надзеі калісьці стаць пераемнікам хворага Ельцына і на жаданні атрымліваць прэферэнцыі (танны газ і гэтак далей). Зараз засталося толькі другое”.
На думку палітолага “віншаванне Лукашэнкі з нагоды гадавіны саюзнай дзяржавы адлюстроўвае ягонае жаданне і надалей даіць Расію. І пры гэтым быць усе больш незалежным ад яе (ён запрашае заходні бізнэс, удзельнічае ва “Усходнім партнёрстве”)”. “Так што, мы яшчэ ўбачым змаганне Масквы і Мінска за свой праект "саюзнай краіны", - прагназуе ён.
Ігнат ЧАКАЦКІ, 08.12.2009 - 14:41
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме