16:30 12.08.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ЭГУ: патрэбен больш якасны грамадзкі кантроль над беларускім унівэрсытэтам у выгнаньні
Пасьля выгнаньня зь Беларусі Эўрапейскі Гуманітарны Ўнівэрсытэт выжыў у замежжы дзякуючы грамадзкай падтрымцы. Але паведамленьні пра чарговае скарачэньне беларускага кампанэнта ў адукацыйных праграмах ЭГУ суціхлі, відаць, толькі тады, калі ўжо больш амаль не засталося, чаго скарачаць.
У каго як, а ў мяне як вонкавага назіральніка складваецца такое ўражаньне, што без беларускага грамадзкага кантроля ЭГУ рызыкуе паступова ператварыцца ў проста рэгіянальную расейскамоўную камэрцыйную адукацыйную ўстанову "без колера і паха". А гэта яўна ня тое, што чакалася ад гэтага ўнікальнага унівэрсытэта на момант, калі вырашалася пра яго падтрымку ў 2004 годзе. Пра праблемы з эфэктыўнасьцю ЭГУ ў тым ліку пішуць у сваім нядаўнім дасьледваньні. Дый увогуле такія меркаваньні даводзіцца чуць з усіх бакоў ужо ня першы год.
Яшчэ адна кузьніца кадраў - ці ўнікальная пляцоўка для стварэньня навуковай школы?
Найбольш непакоіць, бадай, тое, што самыя гучныя альтэрнатыўныя беларускія навуковыя і адукацыйныя праекты адбываюцца без заўважнага ўдзелу ЭГУ - хаця па сваім профіле менавіта ЭГУ, і ніхто іншы, мусіў бы быць іхнай пляцоўкай.
У Польшчы прапануецца стварэньне і праводзяцца канфэрэнцыі па беларускай тэматыцы ва Ўнівэрсытэце Лазарскага. У Лёндане і захоўваецца знакамітая Скарынаўская бібліятэка. Беларускія навукоўцы-эканамісты міжнароднага ўзроўня робяць дасьледваньні і арганізуюць курсы пад эгідай сваёй арганізацыі . Пры падтрымцы Рады Эўропы ўжо шмат гадоў адбываецца такі важны і цікавы адукацыйны праект для беларускіх грамадзкіх лідараў як “Ўсходнеэўрапейская школа палітычных дасьледваньняў”.
І усё гэта, наколькі я магу судзіць, без хоць неяк заўважнай ролі Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэта.
Нават , які праходзіць у Коўне (у ста кілямэтрах ад Вільні!), ЭГУ ня значыцца.
Навошта тады ўвогуле існуе ЭГУ? Наколькі несправядліваю зьяўляецца рэзкая крытыка на адрас унівэрсытэту, якая ў свой час ?
Гэта чыйсь прыватны "агульнагуманітарны" ці, пагатоў, камэрцыйны праект, які выжыў дзякуючы іміджу ахвяры - ці ўсё ж свабодная беларуская адукацыйная і навуковая ўстанова, якая павінна служыць Беларусі?
На маю сьціплую думку вонкавага неабыякавага чалавека, ЭГУ павінен ствараць альтэрнатыўную лукашэнкаўскаму афіцыёзу беларускую навуковую школу, ствараць напрацоўкі, разьвіцьцё якіх пасьля дэмакратызацыі ў Беларусі працягваліся б у БДУ. Павінен рабіць сваю сёньняшнюю працу нашмат, нашмат лепей.
Прычым адукацыя, мне здаецца, тут мае другаснае значэньне на фоне навукі: штампоўкай расейскамоўных прафэсіяналаў у нашым рэгіёне і без таго больш-менш займаюцца дзясяткі ўнівэрсытэтаў. Сапраўдная бяда - менавіта зь якаснымі, міжнароднага ўзроўня, дасьледваньнямі на беларускую тэматыку. Я нават думаю (у парадку ідэяў - можаце згаджацца ці не), што, можа, ЭГУ лепей было б увогуле скасаваць бакаляўрыят і сэканомленыя грошы перанакіраваць на навуку і на якасныя магістэрскія праграмы па выключна беларускай тэматыцы і на беларускай мове. Адзіны расейскі эканамічны ўнівэрсытэт міжнароднага ўзроўню - Расейская Эканамічная Школа - доўгі час абыходзілася без бакаляўрыята.
Плюс, раз беларуская дзяржава адмаўляецца ствараць у Беларусі паўнавартасны беларускамоўны ўнівэрсытэт - значыцца, такім унівэрсытэтам натуральна павінен быць ЭГУ. Калі дзе бракуе беларускамоўнай навуковай літаратуры - значыцца, ЭГУ гэтую літаратуру павінен банальна ствараць ці перакладаць. Чаму ЭГУ павінен не заняць яўна свабодную беларускамоўную нішу, а намагацца канкураваць на расейскамоўным рынку, дзе й безь яго ёсьць дзясяткі ВНУ Беларусі і Расеі - мне не зразумела.
Справаздачнасьць ЭГУ: ня толькі перад спонсарамі, але і перад беларускай грамадзкасьцю
Кідаецца ў вочы, што на дадзены момант ЭГУ падсправаздачны толькі міжнародным структурам. Незразумела, наколькі ўвогуле гэтыя структуры разьбіраюцца ў беларускай спэцыфіцы, здольныя правільна вызначаць прыярытэты для ЭГУ і карэктна ацэньваць рэзультаты. Сярод сучасных замежных няма ніводнага чалавека, які прынамсі мне быў бы вядомы як экспэрт па Беларусі.
Усталяванай справаздачнасьці перад беларускай грамадзкасьцю ўнівэрсытэт ня мае ніякай. Хаця менавіта яна па вызначэньні павінна быць галоўным бэнэфіцыярам ад дзейнасьці ЭГУ, тым больш, пасьля таго, як ЭГУ апынуўся ў выгнаньні.
Таму пачаткам нейкіх станоўчых пераўтварэньняў у ЭГУ я б бачыў мэтазгодным уключэньне ў склад назіральных кіраўнічых органаў унівэрсытэта:
- Аўтарытэтных беларусаў зь ліку прадстаўнікоў міжнароднай акадэмічнай супольнасьці (напрыклад, эканаміст Алег Цывінскі, дасьледчык грамадзкага ўплыву інфармацыйных тэхналёгій Яўген Марозаў ці многія іншыя),
- Прызнаных беларусазнаўцаў і сяброў Беларусі зь ліку замежных акадэмікаў (напрыклад, сярод брытанцаў гэта такія людзі, як Джым Дынглі, Арнольд МакМілін, Алан Флаўэрс і іншыя),
- Прадстаўнікоў арганізацый беларускай дыяспары (напрыклад, той жа Рады БНР і іншых нелукашэнкаўскіх арганізацый беларускае дыяспары ў асноўных краінах-донарах).
Гэта прынамсі быў бы адзін зь першачарговых ключоў да вырашэньня астатніх праблемаў ЭГУ. Гэта забясьпечыла б адкрытасьць і справаздачнасьць, а значыцца - найлепшую стратэгію разьвіцьця ЭГУ, каб у выніку ўнівэрсытэт наўпрост служыў сваім статутным мэтам і прынес максімум карысьці Беларусі. Хіба не?
Алесь Чайчыц
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме