17:30 16.02.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
«Еўрафарс-2012»: усё куплена да нас? (ЛУКАШЭНКА ДАРУЧЫЎ РАЗАБРАЦЦА, ЗА КАГО ГАЛАСАВАЛІ НА "ЕЎРАФЭСЦЕ"?)
Самы дарагі падарунак за ўсіх беларусак атрымала на Дзень святога Валянціна спявачка Алёна Ланская.
26-гадовая артыстка стала пераможцай конкурсу "Еўрафэст" — нацыянальнага адборачнага тура на "Еўрабачанне-2012", што пройдзе сёлета ў Баку. Відавочна, Алёну не засмучаюць нават чуткі, што яе перамога была "набыта" загадзя з дапамогай высокіх сувязей і адміністрацыйнага рэсурсу. "Тут і цяпер" прапаноўвае дэталёва вывучыць, як і хто выбіраў сёлета беларускага ўдзельніка "Еўрабачання".
На хвіліначку
Першы званочак насамрэч празвінеў не сёлета, а як мінімум летась — падчас юбілейнага "Славянскага базару ў Віцебску", дзе гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў небясспрэчна быў аддадзены менавіта Ланской. У снежні 2011 года артыстка раптоўна была ўшанавана зноў, атрымаўшы званне заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь і стаўшы самай маладой з беларускіх артыстаў, хто носіць такі тытул. І нічога, што гэтая ўзнагарода таксама выклікала мноства пытанняў, бо згодна з Законам "Аб дзяржаўных узнагародах РБ" званне заслужанага артыста "прысвойваецца высокапрафесійным артыстам, рэжысёрам, балетмайстрам, дырыжорам, хармейстарам, музычным выканаўцам, якія працуюць у сферы мастацтва 10 і больш гадоў; артыстам балета з улікам спецыфікі іх жанру, якія працуюць 5 і больш гадоў; тым, хто стварыў высокамастацкія вобразы, спектаклі, кінафільмы, тэлеспектаклі, тэлефільмы, канцэртныя, эстрадныя, цыркавыя праграмы, музычныя, тэлевізійныя і радыётворы, што атрымалі грамадскае прызнанне".
Адміністрацыйны рэсурс
Так, на мінулым тыдні інтэрнэт абляцеў сканаваны . У ім кіраўнікам гарадскіх і раённых аддзелаў культуры, дырэктарам ССНУ было даручана распаўсюдзіць агіткі па ўсіх установах культуры і адукацыі, а таксама "разам са сваякамі і сябрамі падтрымаць Алёну Ланскую ў ходзе інтэрактыўнага галасавання" ў фінале "Еўрафэсту". На цалкам лагічныя абурэнні і роспыты журналістаў арганізатары конкурсу ківалі на , паводле якіх (пункт 25 арт.6) вобласці сёлета маглі выбраць і падтрымліваць, у тым ліку фінансава, сваіх фаварытаў сярод фіналістаў "Еўрафэсту".
Аднак чамусьці чатырох іншых фіналістаў — салістку Маладзёжнага тэатра эстрады Вікторыю Алешка, леташняга ўдзельніка конкурсу "Новая хваля" спевака Юзары і ветэранаў нацыянальнага адбору Гюнеш Абасаву і гурт "Litesound" — абласныя выканкамы пад сваё крыло не ўзялі. (Хоць няма пытанняў, каго без усякай указкі зверху падтрымлівалі, прыкладам, жыхары Баранавічаў — адтуль родам Гюнеш Абасава). Алёну ж празмерна актыўна піярылі чыноўнікі адразу ў некалькіх рэгіёнах — на Віцебшчыне, у родным Магілёве, а таксама ў Бабруйску, Асіповічах, Шклове. Ды яшчэ на ўсіх заводах холдынгу "Амкадор", старшыня савета дырэктараў якога, намеснік гендырэктара ЗАТ "Праммедінвест", член Савета Рэспублікі Аляксандр Шакуцін, з'яўляецца па сумяшчальніцтве заснавальнікам прадзюсарскага цэнтра "Спамаш", дзе ўжо сем гадоў працуе Алёна Ланская.
Асабліва вызначыўся ў службовай стараннасці Асіповіцкі аддзел адукацыі, у лістоўцы якога спявачка названа "дзяўчынай-сіратой, якая сваім талентам дайшла да фіналу конкурсу". Мясцовыя ідэолагі ці то зблыталі Алёну Ланскую (па пашпарце Алёну Міхайлаўну Ліпохіну) з іншым салістам "Спамаша", ці то скарысталі выраз дзеля большага эфекту — невядома, але гэтая агітка яшчэ больш падліла масла ў агонь скандалу з прадвызначанай перамогай на "Еўрафэсце". Не дзіўна, што 14 лютага, калі былі абвешчаны "сумленныя вынікі" галасавання гледачоў і журы, двое з пяці фіналістаў адмовіліся выходзіць на сцэну сталічнага Палаца спорту за суцяшальнымі прызамі і пазіраваць на фоне прэзідэнцкага букета "ўсім удзельнікам"...
АФІЦЫЙНА
Па выніках галасавання журы і гледачоў (50/50) месцы ў "Еўрафэсце" размеркаваліся наступным чынам:
1. Алёна Ланская – «All my life» – 12 балаў;
2. Група Litesound – «We are the heroes» – 10 балаў;
3. Gunesh – «Tell me why» – 8 балаў;
4. Вікторыя Алешка – «Dream» – 7 балаў;
5. Uzari – «The winner» – 6 балаў.
Каментаваць нельга падставіцца
Сёння практычна ўсе артысты і іх дырэктары ад каментараў наконт вынікаў "Еўрафэсту" адмаўляюцца. Акрамя, зразумела, пераможцы. Не жадаюць дзяліцца развагамі і члены журы конкурсу — нават на ўмовах ананімнасці. Зрэшты, якая тут ананімнасць: журы складалася з артыстаў Іны Афанасьевай, Аляксея Хлястова, Анатоля Ярмоленкі, Мікалая Скорыкава, прадстаўнікоў БТ Аляксандра Ціхановіча і Дзмітрыя Баранава, харэографа Аляксандра Мяжэннага, кампазітараў Яўгена Алейніка, Юрыя Вашчука і Леаніда Шырына (апошнія два — аўтары конкурснай песні Ланской "All my life"), таму дасведчаныя адразу зразумеюць, хто з названых мог бы "зліць інфу".
І ўсё ж пэўныя высновы зрабіць можна, калі прыслухацца да меркаванняў людзей, што мелі дачыненне да сёлетняга конкурсу. Прыкладам, рэжысёр трансляцыі "Еўрафэсту" Глеб Шапо абмовіўся аб тым, што бачыў на сваім маніторы: першае месца па галасаванні гледачоў упэўнена заняў гурт "Litesound", у два разы (!) апярэдзіўшы Ланскую.
Адзін з замежных назіральнікаў, аўтар і стваральнік найбольш аўтарытэтнага рускамоўнага сайта аб "Еўрабачанні" esckaz.com Андрэй Міхееў, наадварот, не выключае, што галасаванне адбылося "адносна сумленна": "Упэўнены, што Ланская выйграла па галасаванні журы. А "Лайтсаўнд", каб не стваралі канкурэнцыю, паставілі на 3 ці 4 месца. Прыплюсаваўшы галасаванне гледачоў, дзе, скажам, "Лайтсаўнд" першыя, а Ланская — другая, атрымліваем пераможцу — Ланскую. Пра тое, што паедзе на "Еўрабачанне" менавіта яна, ведалі ўсе, прычым даўно, таму на канцэрт выходзілі, не здагадваючыся, а ўжо ведаючы пра вынікі. Чаму не байкатавалі конкурс увогуле? Бо акрамя перамогі ёсць і іншыя мэты ўдзелу ў "Еўрафэсце", а мінусаў у такім байкоце значна больш, чым плюсоў".
Рэдактар музычнага вяшчання радыё "Мір" Юрый Цароў цалкам згодны з несправядлівасцю адміністрацыйнага рэсурсу пераможцы, але перакананы, што сёлета ўвогуле не было розніцы, каго адпраўляць на "Еўрабачанне": "Музыка — гэта прадукт МОДЫ. Калі яна модная, яе будуць гатовы набыць за грошы, незалежна ад таго, у магазіне ці ў інтэрнэце. Праверыць песню на адпаведнасць еўрапейскім тэндэнцыям проста: дасылаеш на радыёстанцыі і бачыш — узялі ці не. Калі пачалі круціць — усё, трапілі ў плыню, калі не — значыць, у кансерваторыі штосьці не тое. Гэтая работа мусіць весціся задоўга да беларускага адбору, а не падчас яго. І пакуль хто-небудзь не напіша сапраўды модную песню, усё адно, хто паедзе ад нас на "Еўрабачанне".
Суб'ектыўна
Сёлетняе "шоу" з пачатку і да канца выклікала дэжа вю, як і ў гады росквіту Пятра Ялфімава, Анжалікі Агурбаш і Руслана Аляхно: усё загадзя вядома, але ўсе чамусьці ўпарта робяць выгляд, што ім цікава. Сама ж арганізацыя — з бясконцым пераносам фінальнага канцэрта, незразумелым папярэднім адборам і непразрыстай схемай галасавання — падобная на тое, як роўна 50 год назад у Германіі адкрываўся першы ў свеце секс-шоп. Зроблена гэта было наўмысна напярэдадні Каляд, каб бюргеры не звярнулі ўвагу, а там і змірыліся з крамольным магазінам. Так і з "Еўрафэстам": у Дзень усіх закаханых, напрыканцы рабочага дня, зусім не ў прайм-тайм у многіх беларусаў дакладна знайшліся больш важныя справы, чым дзве гадзіны глядзець праплачаны цырк.
Тым больш што вялізнае пафаснае мерапрыемства з гучнай назвай "Нацыянальны адбор на "Еўрабачанне" сёлета як ніколі аказаўся гульнёй у падкіднога дурня. Прычым на гэты раз, здаецца, дурнямі сталі ўсе мы — гледачы, артысты, запрошаныя і мясцовыя журналісты, а пераможцам — чалавек, які асабіста на мерапрыемства не з'явіўся.
Да ведама
Беларусь удзельнічае ў "Еўрабачанні" з 2004 года. Найлепшым вынікам для нас стала 6 месца ў фінале Дзмітрыя Калдуна ў 2007 годзе, найгоршым — 23 месца ў паўфінале 2006 года Паліны Смолавай.
Паводле жараб'ёўкі, прадстаўніца Беларусі Алёна Ланская выступіць на "Еўрабачанні-2012" у Баку ў першым паўфінале 24 мая.
Алёна Ланская (па пашпарце Ляпохіна) нарадзілася 7 верасня 1985 года ў Магілёве. Закончыла Магілёўскі эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж і Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. З'яўляецца лаўрэатам музычных конкурсаў "Сарандэў-2008" (Балгарыя), "Кубак Еўропы-2009" (Расія), пераможцай "Atlantic Breeze-2010". Апошнім часам лёс таксама балуе Ланскую: спачатку грын-пры "Славянскага базару ў Віцебску-2011", пасля — званне заслужанай артысткі Беларусі.
МІЖ ТЫМ
У "сіроткі, якая дасягнула фіналу ўласным талентам", паводле версіі Асіповіцкага райана, сапраўды няма маці - яна памерла неўзабаве пасля пераезду дачкі ў Мінск, - а вось тата Алены Ланской-Ляпохінай, поўны сіл і здаровы, гэтак жа як старэйшая сястра і пляменніца спявачкі, жыве ў Магілёве.
Вікторыя ПРАКАПОВІЧ
* * *
Лукашэнка даручыў разабрацца, за каго галасавалі на "Еўрафэсце"?
Створаная спецыяльная камісія, якая мусіць высветліць, наколькі аб'ектыўна быў вызначаны пераможца гэтага конкурса.
Пра гэта паведамляе cа спасылкай на крыніцы ў Белтэлерадыёкампаніі. Нібыта, кіраўнік дзяржавы адрэагаваў на неадназначную рэакцыю на абвешчаныя вынікі "Еўрафэста", пераможцай якога абвесцілі Алену Ланскую.
У спецкамісію ўвайшлі прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, у тым ліку і спецыялісты па абароне інфармацыі. Свае высновы камісія мусіць паведаміць Аляксандру Лукашэнку ў бліжэйшыя дні.Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |